Повторное нарушение обойдется недешево

10:50 / 02.08.2012

Для ўзмацнення барацьбы з парушэннямі правілаў дарожнага руху Законам ад 17.07.2006 Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь быў дапоўнены артыкулам 317-1, які ўстанавіў крымінальную адказнасць за паўторнае, пасля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення. Першапачаткова прыняцце гэтага закона сыграла прыкметную прафілактычную ролю. Аднак у апошні час зноў узрасла тэндэнцыя да росту гэтага віду правапарушэнняў.


Па ч.1 арт.317-1 КК за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення асноўным пакараннем з’яўляецца пазбаўленне права займаць пэўныя пасады і штраф. Прычым штраф складае не менш за 300 базавых велічынь (сёння гэта 30 мільёнаў рублёў).


Па ч.2 арт.317-1 КК такія ж дзеянні, здзейсненыя раней судзімай асобай, караюцца ўжо штрафам у памеры ад 300 да тысячы базавых велічынь. Акрамя гэтага, прадугледжана пакаранне ў выглядзе абмежавання ці пазбаўлення волі да 2 гадоў.


Напрыклад, грамадзянін, які быў асуджаны 16 лютага мінулага года па ч.1 арт.317-1 КК да 5 гадоў пазбаўлення права кіравання транспартам са штрафам у памеры 250 базавых велічынь, ужо вечарам 21 лістапада ехаў на аўтамабілі “Сітраен” па Астраўцы зноў у нецвярозым стане. За што і паплаціўся – быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.


Ад праходжання медыцынскага агляду на выяўленне стану алкагольнага ап’янення мужчына адмовіўся. Аднак гэта яму не дапамагло.


Судом Астравецкага раёна 2 лютага гэтага года гэты грамадзянін быў прызнаны вінаватым у адмове ад праходжання ва ўстаноўленым парадку праверкі (агляду) на прадмет вызначэння стану алкагольнага ап’янення, здзейсненае асобай, раней судзімай за злачынства, прадугледжанае артыкулам 317-1 КК. З улікам неадбытага раней тэрміну пакарання яму назначаны год і 6 месяцаў пазбаўлення волі з пазбаўленнем правоў на 5 гадоў.


Дзейным сродкам папярэджання злачынстваў, здзейсненых у нецвярозым стане за рулём аўтамабіляў, стала канфіскацыя ў правапарушальнікаў транспарту, тым больш, што ў рамках дзеючага заканадаўства гэта магчыма ў парадку выканання прыгавору.


У заключэнне хочацца адзначыць, што медыцынскія службы эксперыментальна ўстанавілі, што пры ўтрыманні 0,05% алкаголю ў крыві верагоднасць дарожна-транспартнага здарэння павышаецца ў 5 разоў, а пры 1% – у 25 разоў, бо ў чалавека парушаецца каардынацыя рухаў, запавольваецца рэакцыя, паніжаецца вастрыня зроку. У выніку вадзіцель дапускае памылкі ў ацэнцы дарожнай абстаноўкі, хуткасці, дыстанцыі. Максімальная канцэнтрацыя алкаголю ў крыві дасягаецца праз паўтары гадзіны пасля яго прыёму. Стан ап’янення значна ўзмацняецца, калі адначасова са спіртнымі напоямі былі прынятыя абязбольваючыя, псіхатропныя і іншыя лекавыя прэпараты. Цікава, што танізуючыя напіткі, у прыватнасці, кава, запавольваюць, а не паскараюць вывад алкаголю з арганізма, у выніку чаго працвярэжванне адбываецца больш павольна.



А. ДЗЯМЕШЧЫК, старшыня суда Астравецкага раёна.

Фота ўзята з сайта www.nazarovo-online.ru