Криминальная обстановка на Островетчине

20:00 / 24.07.2012
1
НЕЗАКОННАЕ КІНО

Не па сваім непасрэдным прызначэнні выкарыстоўваў мабільны тэлефон непрацуючы астраўчанін 1991 года нараджэння, за што і паплаціўся.


Раённым аддзелам Следчага камітэта была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да гэтага маладога чалавека. Ён вечарам 6 чэрвеня, знаходзячыся ў гасцях на часова знятай кватэры, зняў на мабільны тэлефон і дэманстраваў пасля знаёмым відэаролік парнаграфічнага характару.
Зараз гора-аператар знаходзіцца пад вартай.



П’ЯНАМУ ЗАКОН НЕ ПІСАНЫ

Нягледзячы на сур’ёзныя папярэджванні, двойчы на адны і тыя ж “граблі” наступіў нядаўна жыхар Ліпнішак.

Вечарам 29 чэрвеня ён у нецвярозым стане знаходзіўся за рулём аўтамабіля “Дэа-Маціз”. Больш таго: у мужчыны не было правоў, і ён ужо быў аштрафаваны за паездку ў стане алкагольнага ап’янення. Тым не менш гэта гора-вадзіцеля не спыніла. Зараз у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа.



ДЗЕЦІ – ПА БАРАБАНЕ?

Папаўняецца спіс несумленных матуль.


9 ліпеня раённым аддзелам Следчага камітэта была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах жыхаркі Бялькішак 1983 года нараджэння, якая ўхіляецца ад выплаты сродкаў на ўтрыманне сваіх дзяцей.



НІ КАНЯ, НІ ЗЛОДЗЕЯ

Сучасныя злодзеі не грэбуюць нічым – крадуць не толькі грошы і каштоўныя рэчы, але і жыўнасць.


Вось і жывёлавод СВК “Міхалішкі” пасля ночы на 18 чэрвеня не знайшоў на прысядзібным участку ў вёсцы Ласі свайго каня.
Зараз па гэтым факце вядзецца следства.



ВАРНЯНСКІ ДУЭТ “МЕТАЛІСТАЎ”

А вось непрацуючы дуэт злодзеяў з Варнян паквапіўся на метал.


Яны вырашылі далёка не хадзіць і задумалі ажыццявіць “чорную справу” ў сваёй жа вёсцы. У выніку, вечарам 30 чэрвеня з двара дома аднавяскоўкі-пенсіянеркі былі ўкрадзены 6 металічных слупоў. Аднак злодзеі былі знойдзены, і зараз у адносінах да іх узбуджана крымінальная справа.



ДУРМАН-ТРАВА

Буйную партыю пасаджанага маку выявілі нядаўна супрацоўнікі праваахоўных органаў.


На прысядзібным участку жыхара Слабодкі 1974 года нараджэння міліцыянеры знайшлі гэтую “дурманную” расліну, агульная вага якой склала 45 кілаграмаў. Мак быў скошаны і спалены.



ПАДЗАРАБІЎ…

Падчас летніх канікул вучань Варонскай школы, які скончыў 9 класаў, вырашыў падзарабіць. Ды толькі не пайшоў у лес ягады ці лісічкі збіраць – яму хацелася “лёгкага хлеба”.


Вечарам 17 ліпеня юнак пранікнуў у незамкнёны жылы дом сваёй аднавяскоўкі і ўкраў адтуль 1 580 000 рублёў. І тым самым сапсаваў сабе не толькі канікулы, але і жыццё. У адносінах да хлопца ўзбуджана крымінальная справа.



“НАПІЛАВАЎ” НА КРЫМІНАЛ

Яшчэ адзін злодзей паплаціўся за шкодную звычку браць чужыя рэчы без дазволу.


Супрацоўнікамі праваахоўных органаў было ўстаноўлена, што знікненне бензапілы “Штыль” і тэлескапічных вудачак, якія былі ўкрадзены з берага Янаўскага вадасховішча ў пачатку ліпеня – справа рук непрацуючага жыхара Бялькішак.
Украдзенае вернута, а злодзею прыйдзецца адказваць за здзейсненае па законе.



НОВЫЯ ЗНАХОДКІ

Чарговую партыю самагоннай брагі знайшлі супрацоўнікі міліцыі падчас правядзення прафілактычных мерапрыемстваў.


У драўлянай прыбудове да дома, які належыць непрацуючай жыхарцы вёскі Гінкішкі 1964 года нараджэння, было знойдзена 400 літраў брагі для вырабу самагону.
У выніку ў адносінах да жанчыны быў складзены адміністрацыйны пратакол, а самагонная брага знішчана.



Мікалай ХАЛЕЦКІ,

Марына БАРОК.