Милиция сообщает...

16:21 / 12.07.2012
2
Думай з кім п’еш

Звычайна на прыгоды многіх людзей цягне пасля лішняй стопкі гарэлкі, калі і мора па калена, і розум нараджае самыя розныя планы па здабычы хаця б яшчэ адной бутэлькі.
Так сталася і ў гэты раз, калі раней судзімы жыхар Астраўца 1991 года нараджэння сумесна выпіваў з работнікам ЧУП “СтройДэкс” з Бабруйска ў здымаемай ім кватэры. Не вытрымаўшы спакусы, астраўчанін украў у свайго сабутыльніка мабільны тэлефон, адзенне і сонечныя акуляры.
Ды толькі хуткае рэагаванне супрацоўнікаў міліцыі не дазволіла астраўчаніну “пагуляць” за кошт суседа.



Канікулы ўдаліся

Кожны школьнік марыць за час летніх канікулаў хоць крыху зарабіць “кішэнных” грошай. Але часам некаторыя з іх выбіраюць для гэтага не зусім законны шлях.
Так вучань 11 класа з Астраўца вырашыў летам папрацаваць рознарабочым у цэху прадпрыемства “Цімбертрэйдэкспарт”. Напэўна, усё было б добра, калі б на гэтым жа прадпрыемстве не праходзіў практыку студэнт смаргонскага ліцэя. Менавіта ў студэнта і вырашыў школьнік “падбрыць” флэш-прайгравальнік з флэшкартай.
Але міліцыянеры хутка знайшлі злодзея, і зараз юнак чакае пастановы суда.



Што пакінем дзецям?

Заклік “Усё лепшае дзецям!” на справе часта толькі словамі і застаецца. Што рабіць з такімі бацькамі, якія ледзь-ледзь для сябе знаходзяць грошы, зусім не маючы іх на ўтрыманне дзяцей?
У праваахоўных органаў да такіх даўжнікоў пазіцыя адназначная: дабівацца праўды праз суд. І вось чарговая крымінальная справа была ўзбуджана супраць рабочага фермерскай гаспадаркі “Астравецкая”, які забыўся, калі апошні раз адлічваў грошы на ўтрыманне дзяцей.



Такія госці

Народная мудрасць сцвярджае: “Нязваны госць – горшы за татарына”. А бываюць яшчэ такія госці, за якімі толькі вока ды вока трэба.
Вось такі візіцёр і завітаў “на агеньчык” да знаёмых. Непрацуючы юнак 1987 года нараджэння ўжо быў раней судзімы, але гэтая школа жыцця, відаць, прайшла міма, бо хлопец зноў узяўся за старое. За той час, што юнак “гасцяваў” – ён сцягнуў электрычны лобзік “Кінпоу”.



Аўтааматары-злодзеі

Што ні кажы, а цяга да чатырохколых сяброў ёсць у кожнага чалавека. Галоўнае, каб яна не пераходзіла за мяжу закона.
26 чэрвеня ў Астравецкім аддзеле ўнутраных спраў была ўзбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу з незачыненага трактара-пагрузчыка “ТО-18”, які належыць ДРБУ-159 аўтамагнітолы “ДжіВіСі” і фм-мадулятара. Крадзеж адбыўся з 22 па 26 чэрвеня, калі трактар знаходзіўся на неахоўваемай, часткова агароджанай тэрыторыі дарожна-рамонтнага прадпрыемства.
У гэты ж дзень была ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа ў адносінах да палявода СВК “Міхалішкі” 1977 года нараджэння. Гэты мужчына 22 чэрвеня каля 12.00 угнаў з неахоўваемай тэрыторыі фермы ў вёсцы Маркуны аўтамабіль “ВАЗ-21063”, які належыць загадчыцы гэтай фермы. Праз некалькі гадзін нарад аховы знайшоў машыну на дарозе непадалёк ад вёскі Міхалішкі і перадаў аўтатранспарт гаспадыні.


Мікалай Халецкі.
Антон ЧЫК.



В качестве иллюстрации фото взято с сайта tv.crimea.com