Неизвестные вандалы попытались уничтожить в Островце 11 молодых лип

15:17 / 15.05.2012
2

Раніца першай майскай нядзелі, радасная, светлая і цёплая, была сапсавана паведамленнем: на алеі па вуліцы Валадарскага зламаны маладзенькія ліпкі. Не адна, не дзве – адзінаццаць з дваццаці, пасаджаных тут у мінулым годзе. Не выпадкова ці незнарок: раны на дрэўцах сведчаць — нечыя дужыя рукі настойліва гнулі-круцілі кожную ліпку адну за другой, пакуль яны не схілілі свае зялёныя галоўкі пад уздзеяннем дурной сілы, не абцяжаранай прысутнасцю нават зачаткаў інтэлекту. Напярэдадні Дня Перамогі Астраўцу і яго жыхарам, якія шчыра любяць свой горад, была нанесена балючая рана.


…Іх садзілі год назад. Калі ўздоўж вуліцы Валадарскага ад павароту на падатковую інспекцыю і амаль што да магазіна “Кулінарыя” з’явіўся рад кволых дрэўцаў, усе радаваліся і любаваліся навасёламі, кожны дзень паглядвалі на іх з надзеяй: толькі б прыжыліся малышкі, толькі б даспадобы прыйшлося ім новае месца жыхарства. Здаецца, вуліца толькі і чакала іх, настолькі прыгожа і арганічна яны ўліліся ў яе ландшафт. Прахожыя з замілаваннем назіралі за дрэўцамі, якія нясмела распускалі свае першыя лісточкі, радаваліся, што ўсе яны прыжыліся. А сёлета маладзенькія ліпкі дружна зазелянелі, прыбраліся ў ярка-зялёныя сарафанчыкі ў чаканні майскіх свят. Гараджане марылі, што хутка, праз год-другі, яны зацвітуць – і тады Астравец будзе патанаць у водары ліпавай квецені…


Хто, чаму, за што, навошта захацеў знішчыць маладзенькія дрэўцы, якія дарылі людзям прыгажосць і асалоду – і разам нанёс рану ўсяму гораду, усім яго жыхарам, у каго ёсць душа? Напэўна, гэтыя пытанні задаваў сабе кожны, хто бачыў загубленыя ліпкі… Хто бачыў сарваныя і кінутыя на асфальт на цэнтральнай плошчы галоўкі цюльпанаў… “Варонкі” ад скрадзеных ля помніка воінам-вызваліцелям дэкаратыўных туй…


Але нармальнаму чалавеку, напэўна, немагчыма зразумець логіку вандала – як немагчыма зразумець, чаму істота, якая завецца чалавекам, істотай разумнай, высокаразвітай, забівае безабароннае і нявіннае дзіця.


Якім павінна быць пакаранне для тых, хто ўчыніў такое?


“Рукі ім, гадам, трэба павыкручваць”, — гэта я чула ад выпадковых прахожых у тую сумную нядзельную раніцу.


“Схадзіце ў храм, грэшнікі, і папрасіце ў Бога прабачэння за свой вялікі грэх”, — параіла ім жыхарка Астраўца Марыя Леановіч, якая даслала ў рэдакцыю поўны душэўнага болю ліст пасля гэтага вар’яцкага здарэння.


“Тот, кто сломал молодые липы по улице Володарского, признай свою вину и извинись – иначе природа накажет тебя”, – гэта адзін з каментарыяў на сайце нашай газеты.


…Камунальнікі паспрабавалі палячыць параненыя ліпы – хочацца спадзявацца, што дрэўцы, хоць бы тыя з іх, у якіх раны былі менш цяжкія, змогуць загоіць наступствы сустрэчы з вандаламі і ачуняць.


А міліцыя шукае тых, хто ўчыніў гэтае злачынства, якое не пакінула раўнадушным, напэўна, нікога. Іх чакае прадугледжанае пэўным артыкулам Крымінальнага ці Грамадзянскага кодэкса пакаранне – у адпаведнасці з літарай закону. І нашмат большае, чым штраф ці нават пазбаўленне волі – суд людскі і Божы. Хочацца спадзявацца, што і ўласнага сумлення – хоць наўрад ці гэтыя так званыя людзі  ведаюць, што гэта такое. Калі няма галавы, сэрца і душы – то адкуль жа ўзяцца сумленню?


Калі стануць вядомы іх прозвішчы, мы паведамім пра гэта сваім чытачам. Каб людзі ведалі, хто аб’явіў вайну роднаму гораду напярэдадні Дня Перамогі і тое, як завуць манкуртаў і як яны выглядаюць…


І незалежна ад таго, якое пакаранне ім прызначыць суд, скажу шчыра – мне было б страшна апынуцца на іх месцы ў гэты момант…



Ніна РЫБІК.

Просім усіх,  каму што-небудзь вядома пра асоб, якія зламалі маладыя ліпы па вуліцы Валадарскага, паведаміць па тэлефонах +375293204489, 80297869350.