На Астравеччыне ўзрасла злачыннасць сярод падлеткаў

08:28 / 15.11.2011

Разбітае шкло, абрабаваны магазін, пасярэдзіне якога параскіданы разбітыя бутэлькі з-пад спіртнога, разгромленыя прылаўкі, пустая каса… Падобная карціна нагадвае эпізоды з якога-небудзь баевіка, дзе злачынцам звычайна з’яўляецца грознага выгляду мужчына, абросшы шчаціннем. У рэальным жыцці не ўсё так стэрэатыпна. І тым самым злосным рабаўніком часам аказваецца падлетак, якому няма яшчэ і шаснаццаці…


Праблема злачыннасці сярод непаўналетніх застаецца актуальнай і вельмі складанай. Што кіруе імі ў крытычны момант, адназначна сказаць цяжка. Жаданне выпіць, недахоп грошай, спакуслівае “за кампанію”, п’янае “геройства”? Або крыўда, няўвага з боку іншых, жаданне даказаць штосьці, заявіць пра сваё “я”? Псіхолагі сцвярджаюць, што псіхіка і свядомасць у такім узросце вельмі няўстойлівыя і незразумелыя. Падлеткі часта самі не могуць растлумачыць свае ўчынкі. Аднак пераступіць мяжу закона – гэта крок да бездані.
Як прадухіліць правапарушэнні малалетніх, якія прафілактычныя меры праводзяцца і наогул – якая сітуацыя падлеткавай злачыннасці зараз у раёне? З гэтымі і іншымі пытаннямі мы звярнуліся да намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Тарэсы Мар’янаўны Драган.
– Раскажыце, наколькі праблема злачыннасці сярод непаўналетніх актуальна для нашага раёна?
– Падлетак і закон – гэтая тэма была і застаецца актуальнай і балючай адначасова. На жаль, наш раён не з’яўляецца шчаслівым выключэннем і правапарушэнні непаўналетнімі здзяйсняюцца. Зараз на прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама знаходзяцца 50 падлеткаў. Кожны месяц іх наведваюць інспектары, з непаўналетнімі і іх бацькамі праводзяцца гутаркі. Праводзіцца прафілактычная работа і сярод усіх дзяцей. Мы рэгулярна наведваем навучальныя ўстановы раёна, праблема злачыннасці сярод падлеткаў заўсёды гучыць на агульнашкольных бацькоўскіх сходах, на днях інфармавання.
– І наколькі эфектыўная такая прафілактычная работа?
– На працягу апошніх чатырох гадоў усе меры былі дастаткова паспяховымі і давалі станоўчы вынік – у раёне знізілася злачыннасць сярод падлеткаў з 31 выпадку ў 2006 да 6 у 2010 годзе. Аднак па выніках 9 месяцаў 2011 года становішча пагоршылася – колькасць злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх зноў павялічылася. За гэты перыяд было зафіксавана 11 злачынстваў, у якіх прымалі ўдзел 10 падлеткаў. Калі параўноўваць з мінулым годам, то тады было напалову менш – 5 выпадкаў. З усіх злачынстваў гэтага года 10 насілі карыслівы характар – 8 крадзяжоў і 2 рабаўніцтвы. А гэта значыць, што падлеткі павінны былі ведаць, што парушаюць закон і што па галаве іх за гэта не пагладзяць. Зусім іншае пытанне – хто або што натхніла іх на такія “подзвігі”?
– Многія думаюць, што непаўналетнія правапарушальнікі выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечных сем’ях – маўляў, чаго ад іх яшчэ чакаць? Што бачаць дома, тое паўтараюць і самі. Ці так гэта?
– На самой справе такая думка памылковая. У апошні час усё часцей правапарушэнні здзяйсняюць падлеткі менавіта з нармальных сем’яў, дзе ніхто з бацькоў не злоўжывае спіртным, дзе пануе спакойная атмасфера, сярэдні дастатак.
Прывяду прыклад з гэтага года. Падлетак з нармальнай сям’і ўладкаваўся на працу да прыватніка. Жаданне працаваць і падзарабіць грошай, вядома ж, пахвальнае. Аднак юнак працаваў на будаўніцтве аднаго дома – і ў той жа час прыглядваўся да іншага. І ў зручны момант украў адтуль будаўнічыя матэрыялы.
Яшчэ адно злачынства, якое пачыналася, як нявінны ўчынак. Двое падлеткаў вырашылі летам падзарабіць і пайшлі ў лес па ягады і грыбы. Але збіраць лясныя дары – справа цяжкая. Гэта напарнікі зразумелі вельмі хутка і прыдумалі, як можна здабыць “лёгкі хлеб”: яны знаходзілі сапраўдных зборшчыкаў ягад і забіралі ў іх сабранае.
Трэба таксама звярнуць увагу на няпоўныя сем’і, дзе бацькі знаходзяцца ў разводзе і жывуць асобна. Здараецца, маці думае, што дзіця зараз у бацькі, бацька – наадварот, а падлетак у выніку бадзяецца па вуліцы і займаецца невядома чым. Па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема п’янства сярод падлеткаў – у такім стане сёлета непаўналетнія здзейснілі два злачынствы.
– У чым жа прычыны такіх паводзінаў і як гэтага пазбегнуць?
– Прычыны самыя розныя. У нармальных сем’ях, магчыма, у тым, што дарослыя даюць дзецям матэрыяльна неабходнае, але там у дэфіцыце ўвага, клопат і ласка. Ці, наадварот, залішне апякаюць нашчадка і дазваляюць абсалютна ўсё. Або вельмі строга кантралююць і сурова караюць нават за дробную правіннасць – вось дзіця і рэагуе па-свойму, і таксама адмоўна. У сацыяльна небяспечных сем’ях пануюць пастаянныя канфлікты, п’янкі, бойкі, ігнараванне бацькоў, гэта канешне ж, адмоўна ўплывае на дзяцей. Словам, прычын шмат, а вось іх вырашэнне застаецца вострай праблемай. Вядома, настаўнікі, псіхолагі, праваахоўныя органы павінны ўдзельнічаць у выхаванні падлеткаў. Аднак больш за ўсё гэта тычыцца бацькоў. Не трэба забываць пра сваіх дзяцей, ад гэтага залежыць самае галоўнае – іх будучыня. А вось калі пры жывых бацьках дзеці жывуць горш, чым сіроты, гэта нават не праблема, гэта – бяда.


Марына МАЦКЕВІЧ.