Граніца "дабро" не дала

09:30 / 28.09.2011

Выгаднае геаграфічнае становішча Беларусі заўсёды цанілі яе госці. Яна суседнічае як з дзяржавамі Еўрасаюза, так і з Расійскай Федэрацыяй. На жаль, перспектывы гэтага геаграфічнага становішча даўно ацанілі і злачынцы, якія нашу краіну разглядаюць як зону для транзітнага перамяшчэння наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.


Нядаўна Бераставіцкі суд Гродзенскай вобласці вынес суровы прысуд двум замежным жыхарам 1969 і 1980 года нараджэння – дзевяць гадоў калоніі ўзмоцненнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Мужчыну, які займаў кіруючую пасаду ў сваім рэгіёне, тэрмінова спатрэбілася значная сума грошай. Выхад з сітуацыі яму падказаў беспрацоўны, які нядаўна быў у Галандыі і пазнаёміўся там з мясцовым жыхаром. Галандзец прапанаваў сваю дапамогу ў забеспячэнні наркотыкамі – марыхуанай, якая свабодна прадаецца ў іх краіне, – па прымальнаму кошту.
План дзеянняў хутка “саспеў” у галовах таварышаў: у галандскім горадзе Бергене яны набываюць максімальную колькасць “траўкі”, вязуць яе ў Расію, і прадаюць па больш высокаму кошту. Прадчуванне лёгкай нажывы ўскружыла галовы “героям”, і яны хутка падрыхтаваліся да “турыстычнай вандроўкі”: вызначыліся, дзе зробяць схованку, сабралі ўсе зберажэнні – 16 тысяч еўра і 2 тысячы долараў. Не забыліся і пра электронныя шалі для ўзважвання марыхуаны, і пра курыльную трубку для дэгустацыі.
У Галандыі прадпрымальнікі сустрэліся з наркагандляром, які прапанаваў мужчынам у дадатак больш моцныя стымулятары – сінтэтычныя наркотыкі. У выніку беларусы набылі 5 кілаграмаў марыхуаны, тысячу таблетак экстазі і кілаграм амфетаміну ў парашку. Пакупнікі ўпакавалі тавар у некалькі пластоў поліэтылену, абматалі скотчам і надзейна схавалі ў кола аўтамабіля, а “драбнату” – какаін, амфетамін, гашыш і таблеткі, якія ўтрымліваюць небяспечнае псіхатропнае рэчыва хлорфенілпіперазін – расклалі па кішэнях.
Пры ўездзе на тэрыторыю Беларусі мужчыны наўмысна выбралі спрошчаную форму перасячэння мяжы – “зялёны” канал, нават не здагадваючыся, што за іх аўтамабілем ужо даўно ўстаноўлена назіранне.
Падчас паглыбленнага дагляду аўтамабіля мужчыны рознымі шляхамі спрабавалі адцягнуць увагу пагранічнікаў ад запаснога кола, але з дапамогай рэнтгенапарата схованка ўсё ж была знойдзена. Сябры-“дылеры” адразу пачалі адмаўляць свой удзел у злачынстве, але “выкруціцца” ў іх не атрымалася – аператыўная група валодала доказамі, якія былі атрыманы ад расійскіх калег – дыск з аўдыёзапісамі тэлефонных размоў наркагандляроў.
А канчатковую кропку ў справе наркадылераў паставіў суд.
Відавочна, што барацьба з распаўсюджваннем забаронненых наркатычных сродкаў, кантроль за іх перамяшчэннем не могуць даць эфектыўнасці без наладжаннага міжнароднага супрацоўніцтва. Такая ўзаемасувязь дае канкрэтныя станоўчыя вынікі: двухбаковыя і шматбаковыя пагадненні аб супрацоўніцтве заключаны нашай краінай з усімі дзяржавамі СНД, а таксама з Ізраілем, Польшчай, Балгарыяй, Латвіяй, Літвой, Кітаем і іншымі краінамі.


Прэс-служба УКДБ Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці.