Са склада Астравецкага райспажыўтаварыства выкрадзена адзенне на суму 5 мільярдаў рублёў

07:22 / 21.09.2011
КРАДЗЕЖ ГОДА?

Менавіта так можна назваць зладзейскі “налёт” – па-іншаму назваць гэтую падзею складана – у ноч на нядзелю на склад Астравецкага райспажыўтаварыства.
Каля 23 гадзін 17 верасня трое невядомых залезлі на тэрыторыю складоў Астравецкага райспажыўтаварыства, дзе яны звязалі вартаўніка гэтай арганізацыі. Пасля гэтага злодзеі перапілілі дужкі двух навясных замкоў і спакойна вынеслі са склада жаночае і дзіцячае адзенне, якое раней было канфіскавана Ашмянскай мытняй, на суму каля 5 мільярдаў рублёў.
Міліцыяй па гэтай справе вядзецца следства.



ХОЦЬ НЕ АЛІЎКАВАЕ І НЕ СЛАНЕЧНІКАВАЕ…

На мінулым тыдні была ўзбуджана крымінальная справа, у якой нанесены ўрон перавышае шасцізначную лічбу.
12 верасня ўзбуджана справа па факту крадзяжу ў перыяд з 1 жніўня па 1 верасня з расшыральнага бака трансфарматарнай падстанцыі ашмянскіх электрычных сетак у вёсцы Міхалішкі 600 кілаграмаў маторнага масла маркі “Nitro 11GX” на агульную суму 4 мільёны 380 тысяч рублёў.
Міліцыяй па гэтай справе вядзецца следства.



РАСПУСЦІЛІ РУКІ

Адстойваючы сваю кропку гледжання, мужчыны павінны памятаць аб тым, што часам лепш змаўчаць, чым аргументаваць сваю правату кулакамі.
Аб гэтым забыўся работнік СВК “Варняны”, жыхар вёскі Клонішкі 1960 года нараджэння, які падчас сваркі са сваёй непрацуючай сужыцелькай 1969 года нараджэння пабіў апошнюю. Зараз мужчына будзе тлумачыць у судзе, што ён хацеў даказаць.
5 верасня ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа ў адносінах да жыхара вёскі Палушы 1956 года нараджэння, які 17 жніўня ўдарыў нажом сваю жонку, чым прычыніў ёй лёгкія цялесныя пашкоджанні.



ГВАЛТАЎНІКА ЧАКАЕ СУД

Наступнае паведамленне павінна заставіць прызадумацца тых, хто лёгка адпускае сваіх дзяцей пагуляць ці забывае папярэдзіць іх не сядаць у аўтамабілі да незнаёмцаў.
Так, 8 жніўня каля 12 гадзін у лясным масіве ў салоне свайго аўтамабіля каля вёскі Гелюны непрацуючы жыхар вёскі Альхоўка 1985 года нараджэння, згвалтаваў дзяўчыну 1997 года нараджэння, вучаніцу 9-га класа.
Супраць мужчыны была ўзбуджана крымінальная справа па артыкулу 167 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, па выніках якой ён, хутчэй за ўсё, адправіцца ў месцы не вельмі аддаленыя, дзе асабліва “любяць” падобных злачынцаў.



А КАРТКА – ЧУЖАЯ

Што робяць звычайныя людзі, калі знаходзяць чужую рэч? Адносяць яе ў міліцыю ці даюць аб’яву ў газету. А вось жыхар Астраўца вырашыў зэканоміць.
13 верасня вечарам хлопец 1993 года нараджэння пад’ехаў на запраўку, дзе вырашыў “заправіцца” па максімуму. Для расплаты ён выкарыстаў банкаўскую картку, якую ў той дзень згубіла жанчына 1988 года нараджэння. “Зэканоміў” хлопец 800 тысяч рублёў.
Ды толькі вось астравецкія міліцыянеры хутка “вылічылі” і картку, і самога астраўчаніна.



“ПРЭМ’ЕР” ПАПЛЫЎ…

Ох, і любяць нашы цыгарэты за мяжой! Так любяць, што гатовы плаціць любыя грошы нашым кантрабандыстам, толькі б дастаць мясцовага тытуню.
І вось 16 верасня каля 1 гадзіны ночы ваеннаслужачымі часці 2044 сумесна з аддзеламі па бяспецы эканамічных злачынстваў Астравецкага аддзела ўнутраных спраў і інспекцыяй па падатках і зборах па Астравецкаму раёну былі знойдзены і канфіскаваны 14 тысяч пачак цыгарэт “Прэм’ер” вытворчасці і з акцызнымі маркамі Беларусі, якія злачынцы спрабавалі сплавіць па рацэ Вілія ў суседнюю краіну.
Агульны кошт канфіскаванага тавару склаў 28 мільёнаў 700 тысяч рублёў.



І ПАМЫЦЦА, І ВЫПІЦЬ МОЖНА

Часцей за ўсё вялікія чаны з бражкай мясцовыя самагоншчыкі хаваюць па лясах. А вось маленькія міні-заводы супрацоўнікі міліцыі звычайна адшукваюць у хлявах, лазнях і гаражах.
Чарговым вытворцам “смачнага і недарагога” стаў жыхар вёскі Быстрыца 1960 года нараджэння, у лазні якога падчас прафілактычных мерапрыемстваў быў знойдзены самагонны апарат.
Зарабіць на сваім міні-заводзе мужчына не паспеў – яго вялікія планы былі разбураны супрацоўнікамі міліцыі.


Антон ЧЫК.