Дзесяць гадоў лідскія прадпрымальнікі “спансіравалі” сталічнага махляра

15:51 / 09.09.2011

З 30-гадовым Андрэем Багдановічам лёс звёў аднаго з лідскіх перавозчыкаў на аўтастаянцы па вуліцы Бабруйская ў Мінску яшчэ ў студзені 2000 года. Мінчанін тады намякнуў: не хочаш мець праблем з супрацоўнікамі транспартнай інспекцыі па Мінску і Мінскай вобласці – плаці. І лідчанін плаціў – з упамянутага 2000 года па лістапад 2008 года. Плаціў як беларускімі рублямі, так і доларамі. У цэлым ён палажыў у кішэню махляру амаль што 8,5 мільёна рублёў.
Другі лідчанін разлічваўся толькі валютай. За пяцігодку – з лістапада 2005 года па 12 ліпеня 2010 года – аддаў мінчаніну 3480 долараў.
Перыядычна траплялі пад прыцэл махляра і іншыя перавозчыкі. Стаўкі былі аднолькавымі – 100 долараў у месяц. А разлік праходзіў у аўтамабілі “Рэно-Меган-Сцэнік”. Менавіта ў ім супрацоўнікамі УКДБ па Гродзенскай вобласці і быў затрыманы Багдановіч пры перадачы яму 80 долараў.
Як выяснілася ў ходзе следства, Андрэй Багдановіч ніякіх адносін да транспартнай інспекцыі не меў, ён толькі намякаў, што пры дапамозе хабару зможа ўладзіць любыя пытанні. І перавозчыкі амаль 10 гадоў клявалі на гэтага жыўца.
Андрэй Багдановіч судом Лідскага раёна прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама яму давядзецца расстацца з незаконна атрыманым абагачэннем, якое пойдзе ў даход дзяржавы.
А лідскім перавозчыкам варта задумацца: калі працаваць добрасумленна, тады і праверак баяцца не варта, і на вудачку махляру не трапіш.


Прэс-служба УКДБ РБ па Гродзенскай вобласці.