Бульбяная авантура: тавар прадаў, грошы прысвоіў...

11:47 / 17.08.2011

Частка 1.



Схаваць канцы не ўдалося

Калі ў сельгаспрадпрыемстве даспявае ўраджай, ставіцца задача ўбраць яго без страт, апрыходаваць дакументальна, закласці на захоўванне ў адпаведнасці з тэхналогіяй, выгадна для гаспадаркі (і на законнай падставе) рэалізаваць.
Апрыходаванне пярвічных уліковых дакументаў адбываецца па распрацаванай методыцы. Да прыкладу, на полі ўбіраюць бульбу. Калі кузаў напаўняецца клубнямі, брыгадзір абавязаны зрабіць адпаведную адзнаку ў рэестры вадзіцеля. Потым вадзіцель вязе бульбу на вагавую, дзе груз узважваецца, што знаходзіць сваю адзнаку ў накладной і кнізе складскога ўліку. Рэалізацыя сельгаспрадукцыі таксама павінна суправаджацца адпаведнымі дакументамі.
Але кіраўнік аднаго з СВК Смаргонскага раёна мінулай восенню падчас рэалізацыі бульбы, вырашчанай на палях сельгаспрадпрыемства, вырашыў прымяніць сваю персанальную схему ўліку і рэалізацыі прадукцыі. У выніку грошы за прададзеную бульбу (48 мільёнаў рублёў) пайшлі не на рахунак гаспадаркі, а ў кішэню старшыні гэтага СВК. Вось толькі схаваць канцы спрытнюгу не ўдалося. Намаганнямі Лідскага міжраённага камітэта дзяржкантролю гэтая справа была раскрыта.


Частка 2.
“Ударныя будні” адказных асобаў

29 верасня. У гэты дзень у СВК бульбу капалі ў двух месцах: у адным з урочышчаў і на няўлічаным (!) у гаспадарцы ўчастку. Выкапаныя 2,2 тоны бульбы вадзіцель СВК перавёз у сховішча і яму за гэта па пуцявым лісце была налічана зарплата. Але сам груз адказнымі асобамі аформлены не быў: бульбу выкапалі, перавезлі – і з гэтага моманту яна як бы перастала існаваць. Бухгалтар патлумачыла гэты факт так: “Я проста па няўважлівасці не выпісала пярвічны ўліковы дакумент”.
9 кастрычніка. Два вадзіцелі СВК за гэты дзень перавезлі з палёў гаспадаркі 24,5 тоны бульбы. Як і ў папярэднім выпадку, за перавозку ім заплацілі, але паступленне бульбы ў сховішча ніяк не аформілі. Варта дадаць, што на ўборцы бульбы ў гаспадарцы ў гэты дзень працавалі работнікі службы занятасці, якім была налічана зарплата і зроблены разлік бульбай. Галоўны аграном гаспадаркі пазней патлумачыў: “Мне было дадзена вуснае распараджэнне старшыні СВК не прыходаваць бульбу за гэты дзень”.
У выніку за 29 верасня і 9 кастрычніка СВК занізіў валавы збор бульбы на 26,7 тоны. Адпаведна знізілася і яе ўраджайнасць – на 13 цэнтнераў з гектара.
21 і 22 верасня. У гэты дзень старшыня ўбіраў бульбу на сваім участку. Для гэтага былі прыцягнуты работнікі Смаргонскай ЦРБ. Кіраўнік СВК даў указанне вадзіцелю аўтобуса, куды прывезці “гарадскіх” капачоў. Выкарыстанне аўтобуса ў асабістых мэтах каштавала гаспадарцы 200 тысяч рублёў.
19,25 і 28 верасня. Далей – болей. Распачалася рэалізацыя бульбы, купля-продаж якой ажыццяўляліся, насуперак патрабаванням заканадаўства, без афармлення неабходных дакументаў – СВК рэалізоўваў бульбу за наяўны разлік неўстаноўленым асобам. Асобы вывозілі яго з гаспадаркі фурамі, а да фураў бульбу пастаўлялі вадзіцелі СВК.
Так, згодна з пуцявым лістом 19 верасня вадзіцель перавёз для загрузкі фуры 24 тоны буйной бульбы, а 28-га – 20 тон. Другі вадзіцель у гэтыя дні перавёз яшчэ 20 тон. Абодва атрымалі зарплату. Каб разлічыцца з работнікамі, якія затарвалі клубні, старшыня дастаў больш як 500 тысяч рублёў з уласнай кішэні. Відаць, адрознення паміж уласнымі і чужымі грашыма ў яго не існавала.
Для таго, каб схаваць канцы, старшыня СВК, галоўныя бухгалтар і аграном аформілі падложныя дакументы, але…


Частка 3.
Радком Крымінальнага кодэкса

У выніку праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці СВК былі ўстаноўлены парушэнні бухгалтарскага ўліку вытворчасці раслінаводчай прадукцыі, унясенне сфальсікаваных звестак у пярвічныя ўліковыя дакументы і скажэнне статыстычнай справаздачнасці, парушэнне працоўнай дысцыпліны, а таксама парушэнні пры прыёме наяўных грашовых сродкаў падчас рэалізацыі тавараў.
Згодна з пастановай Смаргонскай пракуратуры кіраўнік гаспадаркі, з’яўляючыся службовай асобай і злоўжываючы сваім службовым становішчам, рэалізаваў староннім асобам бульбу, якая належала СВК, а выручаныя за яе продаж грошы ў памеры 48 мільёнаў рублёў прысвоіў.
Па матэрыялах праверкі Камітэта дзяржкантролю ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула “Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі КК РБ. Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў.


І. ЛАПУЦЬ, намеснік старшыні Лідскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.