Па аператыўных зводках міліцыі

08:50 / 03.03.2011
П’яная галава…

На мінулым тыдні, як паведаміла фельчар “хуткай дапамогі”, у цэнтральную раённую бальніцу быў дастаўлены грамадзянін 1963 года нараджэння з колата-рэзанай ранай.
На момант здарэння пацярпеўшы знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Урачы ў яго, акрамя ўжо названай раны ў вобласці грудной клеткі, адзначылі  пашкоджанні скуры галавы.
Пры якіх абставінах мужчына атрымаў гэтыя раны, высвятляюць супрацоўнікі міліцыі.



За паўлітра – пратакол

Нягледзячы на тое, што апошнім часам вялікіх продажаў самагонкі супрацоўнікамі міліцыі не зарэгістравана, некалькі гандляроў “гарэлкай хатняй вытворчасці” ўсё ж папаліся “на вока” Феміды.
20 лютага каля 22.00 у райцэнтры была затрымана непрацуючая жанчына 1983 года нараджэння, якая мела пры сабе паўлітра самагонкі. Падчас праверкі было ўстаноўлена, што яе астраўчанка набыла ў пенсіянеркі 1955 года нараджэння.
22 лютага каля 20.40 у доме брыгадзіра будаўнічай брыгады МПМК-158 на вуліцы Набярэжнай было знойдзена і канфіскавана паўлітра саматужнай гарэлкі. Будаўнік прызнаўся, што набыў яе ў пенсіянера з вуліцы Валадарскага. Пры аглядзе домаўладання прадаўца было знойдзена яшчэ паўлітра.
У той жа дзень у 19.45 у двары дома №6 па вуліцы Валадарскага быў спынены рабочы Астравецкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, у якога было знойдзена 0,5 літра самагонкі, якую, з яго слоў, ён набыў у невядомага.
Супраць усіх незаконапаслухмяных грамадзян складзены адміністрацыйныя пратаколы.


Антон Чык.