Прапаў чалавек

11:22 / 15.12.2010

Ёсць такі чалавек…


Чарговая заява аб знікненні чалавека паступіла ў Астравецкі аддзел унутраных спраў.
Жыхарка вёскі В. Туроўе звярнулася ў міліцыю па дапамогу: яе сын 1975 года нараджэння, які жыве разам з ёй у хаце, 12 лістапада пайшоў з хаты і да гэтага часу не з’явіўся.
Па гэтым факце праводзіцца праверка.



Будаваць за чужы кошт

Відаць, маразы прымусілі ўзяцца за галаву некаторых грамадзян нашага раёна і яны вырашылі крыху падрамантаваць свае хаты…
Але, каб заняцца гэтай справай, ім папярэдне спатрэбіліся будаўнічыя інструменты, якія яны і сцягнулі ў ноч на 8 снежня са складскога памяшкання, што знаходзіцца непадалёк ад рэчкі Кавалёўка ў Астраўцы.
Міліцыянерамі вядзецца праверка.



Дзеці хочуць есці...

Не толькі ў нас у  раёне ёсць асобы, што не жадаюць плаціць грошы, якія яны завінавацілі сваім дзецям. Паведамленне пра адну такую “маму” прыйшло з Маладзечна.
Як паведаміў начальнік Маладзечанскага РАУС Ю.У. Федарэнка, у вёсцы Лазоўка жыве  жанчына, якая даўно забылася пра тое, што яна вінавата дзяржаве. Ды толькі вось дзяржава не забылася аб гэтым – аб чым кабета можа ў хуткім часе даведацца ў судзе.
Пракурор Астравецкага раёна А.І. Марцінчык дадаў да гэтага спісу яшчэ двух нашых несумленных “татуль”.



І “абуўся”, і “падсілкаваўся”

Лепш позна, чым ніколі – сведчыць народная мудрасць. Але некаторыя рэчы, напрыклад, “візіт” злодзеяў, лепш бы не адбываліся ніколі.
Напэўна, нейкія грамадзяне нашага раёна ўцямілі, што зімой варта ездзіць на новых колах, таму яны “завіталі” на вуліцу Школьную ў Рытані, дзе ўкралі ў жыхара гэтай вёскі дзве пакрышкі да легкавога аўтамабіля. Але гэтага ім падалося мала, і яны прыхапілі з сабой зараднае ўстройства і 20 літраў бензіну.
Міліцыянеры вядуць праверку.


Самагон на Зарэчнай вуліцы…


8 снежня супрацоўнікамі Астравецкага РАУС у райцэнтры быў затрыманы жыхар вуліцы Зарэчнай 1972 года нараджэння, што працуе качагарам у Астравецкім райспажыўтаварыстве, які захоўваў пры сабе паўлітра самагону.
Як паказала папярэдняе следства, гэтую вадкасць мужчына набыў у свайго суседа 1983 года нараджэння, супрацоўніка Астравецкай сельгастэхнікі. Супраць пакупніка і прадаўца складзены адміністрацыйныя пратаколы.


Антон ЧЫК.