Чым займаецца атрад хуткага рэагавання, расказалі яго лідары

09:20 / 14.02.2019

Больш за год назад па ініцыятыве Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ў Астраўцы быў створаны першы раённы добраахвотны атрад хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.

Nir-6A4OPmk.jpg

Што адбылося за гэты час у жыцці атрада, з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца і якімі якасцямі павінен валодаць валанцёр – пра гэта і не толькі мы распыталіся ў камандзіра атрада Вадзіма Лебядзевіча і яго намесніка Алега Драгана.

– Чым займаецца атрад хуткага рэагавання?

Вадзім Лебядзевіч: Асноўны накірунак нашай дзейнасці – добраахвотная і хуткая дапамога ў самых розных складаных сітуацыях. Некаторыя памылкова атаясамліваюць надзвычайныя здарэнні толькі са стыхійнымі бедствамі накшталт землятрусаў ці паводак – але гэта не так. Пошук прапаўшага чалавека, дапамога на масавых мерапрыемствах, раздача цёп­лай гарбаты ў мароз ці проста суправаджэнне дадому незнаёмага чалавека, якому раптам стала дрэнна, – у жыцці хапае момантаў, дзе патрабуецца дапамога нераўнадушных людзей. З гэтай мэтай і ствараюцца доб­раахвотныя атрады Чырвонага Крыжа. Добрых спраў шмат не бывае. 

Алег Драган: Мы – не прос­та група эктрэмалаў-аматараў. Пасля стварэння атрада валанцёры прайшлі курс па аказанні першай дапамогі і псіхасацыяльнай падтрымкі. Дарэчы, не трэба блытаць  яе з першай медыцынскай дапамогай. Мы не медыкі, не можам рабіць аперацыі, зашываць раны – але ўмеем накласці шыну ці правільна даставіць пацярпелага на месца, куды прыедзе «хуткая дапамога».

c174g1-S6Os.jpg

– У атрада ёсць назва?

Вадзім Лебядзевіч: Канешне! Доўга не маглі выбраць – варыянтаў было шмат, але ўсе не «чаплялі». Нарэшце прыдумалі: «Чырвоныя крылы» – гэта пераклікаецца з Чырвоным Крыжам, і слова «крылы» сведчыць, што мы заўсёды гатовы хутка прыйсці на дапамогу.

– Што найбольш запомнілася за першы год вашай дзей­насці?

Вадзім Лебядзевіч: Практычна ўсё. Пошукі прапаўшага мужчыны, калі разам з супрацоўнікамі міліцыі прачэсвалі лес, разумеючы, што ад тваёй пільнасці і ўвагі залежыць жыццё чалавека. Раздача гарачай гарбаты ў Астраўцы на Вадохрышча і падчас моцных маразоў на пункце пропуску «Каменны Лог», калі вадзіцелі  па некалькі дзён стаялі ў чарзе на Дзяржаўнай мяжы. Гэта нашы сустрэчы, на якіх абмяркоўваем планы і адшліфоўваем свае навыкі, праводзім вучэнні. Дарэчы, у нас ёсць свой штаб, які знаходзіцца ў канферэнс-зале СШ №1 – за прадастаўленае памяшканне дзякуй дырэктару школы Марыне Кутовіч. 

Алег Драган: Мне асабліва запомнілася, калі летам падчас спякоты на тым жа пункце пропуску «Камены Лог» раздавалі ваду: за тры дні – паўтары тоны. Многія вадзіцелі спачатку не верылі, што гэта бясплатна. Затое пасля так дзякавалі – столькі цёплых пажаданняў я нават на дзень нараджэння не чуў.

ex8KAK3Grik.jpg

– Вы сказалі пра вучэнні. Як часта іх праводзіце і ў якім фармаце?

Вадзім Лебядзевіч: Раз у два месяцы збіраемся дакладна, а калі патрэбна – і часцей. Дзелімся інфармацыяй, адпрацоўваем свае дзеянні ў розных сітуацыях. Атрыманыя веды могуць спатрэбіцца ў любы момант. Напрыклад, у час адпачынку на возеры камусьці стала дрэнна – і пакуль іншыя выклікаюць «хуткую», я ведаю, як аказаць першую дапамогу да яе прыезду. Тое ж тычыцца іншых непрадбачаных здарэнняў. Таму і патрэбна праводзіць вучэнні, каб не губляць навыкі. Яшчэ лепш, калі вучэнні стануць выязнымі і сумеснымі з іншымі атрадамі – такія планы ёсць. А Алегу ў мінулым годзе пашчасціла трапіць на трохдзённыя міжнародныя вучэнні!

Алег Драган: І гэта было крута! Вучэнні праходзілі пад Барысавам, на базе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Там былі валанцёры з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Украіны, Беларусі, Ірана, Балгарыі і іншых краін. Нас хуценька ўвялі ў курс справы – і пачаліся практычныя заняткі. Усіх падзялілі на атрады, мяне прызначылі камандзірам аднаго з іх. Са мной у камандзе былі валанцёры з Літвы і Беларусі – працаваць з імі было адно задавальненне. Вучэнні праходзілі кругласутачна: мы выконвалі заданні па выратаванні пацярпелых людзей. Спалі па дзве-тры гадзіны і ні хвіліны не сядзелі без справы. Мне вельмі спадабалася! Гэта нерэальна карысны вопыт і магчымасць пазнаёміцца з валанцёрамі з іншых краін. Лічу, кожны член нашай каманды абавязкова павінен пабываць на такіх вучэннях.

1_FclH2xzWQ.jpg

– Якім павінен быць валанцёр атрада хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі? 

Вадзім Лебядзевіч: Мы не «бэтмэны», што прыйшлі выратаваць свет, і не шукальнікі славы, якія хочуць прыцягнуць да сябе ўвагу. Мы – звычайныя людзі, таму да валанцёра нашага атрада не прад’яўляецца звышпатрабаванняў. Галоўнае – шчырае жаданне дапамагаць і магчымасць гэта рабіць. Да нас многія звяртаюцца – маўляў, хачу быць валанцёрам, але мяне не адпускаюць з работы. Або трэба дзяжурыць на мерапрыемстве вечарам, а ў чалавека «сямейныя абставіны». Калі вы сапраўды хочаце стаць  валанцёрам, то павінны ведаць, што давядзецца выязджаць на месца здарэння і пасля працы, і на выхадных і рабіць гэта абсалютна бескарысна. Мы існуём на энтузіязме і жаданні рабіць доб­рыя справы – у гэтым сутнасць дабрачыннага атрада. 
Планаў у нас шмат і нам патрэбны аднадумцы. Таму, калі ёсць жаданне далучыцца да атрада, – калі ласка, мы вас чакаем!

Алег Драган: Мне пашанцавала з начальнікам фірмы, дзе працую, – ён усё разумее і падтрымлі­вае маю валанцёрскую дзейнасць. Але ёсць доб­рая прыказка: хто хоча, шукае магчымасці, хто не хоча – шукае прычыны. Пасля аднаго выпадку стараюся жыць па прынцыпе: калі можна дапамагчы – дапамажы! Рукі-ногі ёсць, галава на плячах, а гэта ўжо нямала. Колькі людзей адшукалі, дзякуючы валанцёрам, колькі пацярпелых вы­ратавалі з-пад руін. Канешне, у нас не такія маштабы, але маленькія ўчынкі – запарука вялікай справы. 

946f23be6098cd243142f1fb8f0537ac на первую.jpg


Текст: