Шампіньёны – для прыкрыцця і гашыш ад "Лінкальна"

15:06 / 16.08.2011

5 жніўня ў выніку сумеснага мерапрыемства, праведзенага Смаргонскай пагранічнай групай і Ашмянскай мытняй, была спынена спроба правезці на тэрыторыю Мытнага саюза буйную партыю адзення.


Аператыўная інфармацыя аб мяркуемым кантрабандным перамяшчэнні ў зоне дзейнасці Ашмянскай мытні была атрымана ад пагранічнай службы і паспяхова рэалізавана. Рэфрыжэратар, у якім павінен быў перавозіцца кантрабандны тавар, быў затрыманы ў пункце пропуску “Катлоўка”.
У адпаведнасці з таварасуправаджальнымі дакументамі ў рэфрыжэратары, які накіроўваўся з Літвы ў Расію, перавозіліся шампіньёны. Аднак мытны дагляд паказаў, што грыбы з’яўляюцца толькі таварам прыкрыцця: іх у машыне было ўсяго 4 палеты, якія размяшчаліся непасрэдна за дзвярыма грузавога адсека такім чынам, каб схаваць тое, што знаходзілася далей. Асноўным жа таварам, які не быў заяўлены ў дакументах, з’яўлялася адзенне польскай вытворчасці.
Па факце правапарушэння пачаты адміністрацыйны працэс. Устанаўліваецца дакладная колькасць тавару. Па папярэдніх дадзеных, яго кошт можа скласці некалькі мільёнаў рублёў.


Прэс-служба Ашмянскай мытні.


***


Пагранічнікі Смаргонскай пагрангрупы прыпынілі спробу ўвозу на тэрыторыю нашай краіны буйной партыі наркотыкаў.


6 жніўня ў пункце пропуску “Каменны Лог” пагранічным нарадам з выкарыстаннем службовых сабак у легкавым аўтамабілі “Лінкальн”, які следаваў з Літоўскай Рэспублікі ў Беларусь і за рулём якога знаходзіўся 27-гадовы жыхар Літвы, у ходзе паглыбленага дагляду пад абшыўкай і за спінкамі задніх сядзенняў было знойдзена 8 пакетаў з рэчывам зялёнага колеру расліннага паходжання вагой каля 10 кілаграмаў 730 грамаў. У выніку праведзенай экспертызы было ўстаноўлена, што гэта – гашыш, які адносіцца да наркатычных рэчываў.
Папярэдняя сума ацэнкі кантрабанды ўстанаўліваецца. Па гэтаму факту ўзбуджана крымінальная справа.


Смаргонская пагрангрупа.