Пять специалистов хозяйств ответили на пять вопросов о главном

17:00 / 16.11.2014
Спецыялістам пяці гаспадарак раёна мы задалі пяць пытанняў аб галоўным:

1. Якім выдаўся гэты год – у прафесіі і ў жыцці?

2. Калі прадоўжыць вядомую прыказку “восень – работ восем”, атрымліваецца “зіма – работы няма”. Ці прымяніма гэтая змененая народная мудрасць да вас?

3. Многія людзі, у тым ліку і маладыя, зараз адмаўляюцца ад хатняй гаспадаркі. А вы?

4. Успомніце свой першы працоўны дзень… Калі было цяжэй працаваць: калі толькі пачыналі, ці зараз, калі за плячамі працоўны вопыт і жыццёвы досвед?

5. Ці ўзнікалі думкі змяніць прафесію і што спыніла ад гэтага кроку?


Мар’ян Зыгмундавіч Комар, начальнік участка №1 СВК “Міхалішкі”

1. У цэлым гэты год для нашай гаспадаркі склаўся няблага: ураджайнасцю парадавалі цукровыя буракі, кукуруза… А вось бульба у гэтым годзе ўрадзіла горш, чым у мінулым. За 2014 год, мне здаецца, удалося больш згуртаваць калектыў – гэта дазволіла дасягнуць нядрэнных вытворчых паказчыкаў. Вядома, не ўсё ідэальна. Як і ў любой сферы дзейнасці, у нашай гаспадарцы таксама ёсць свае плюсы і мінусы.

Нічога асаблівага ў маім жыцці за год не адбылося. Як і ва ўсіх людзей: дом-работа-дом.

2. Работы восенню, як кажуць, непачаты край. Зараз заканчваем пераборку бульбы і нарыхтоўваем яе насенне на наступны год. Працягваецца адгрузка цукровых буракоў на Слуцкі цукровы камбінат. Вялікая ўвага ў гаспадарцы надаецца падрыхтоўцы да зімне-стойлавага ўтрымання жывёлы: на сённяшні дзень цалкам сфарміравана кармавая база. А зімой трэба будзе падвозіць кармы да малочна-таварных комплексаў і ферм, займацца ўцяпленнем ферм і выдаленнем арганікі. Работы ў сельскай гаспадарцы хапае круглы год.

3. У падсобнай гаспадарцы ў мяне ёсць карова, два кабанчыкі і куры. А маладзейшыя цяпер нічога не трымаюць на сваіх падворках. Усе імкнуцца “ўціснуцца” на”атамку”. Думаюць: заробім грошы, а ў калгас заўсёды паспеем вярнуцца. Мне здаецца, што праз некалькі гадоў, калі будзе завершана будаўніцтва Беларускай АЭС, многія спецыялісты вернуцца на ранейшае месца працы. У любым выпадку працалюбівага і прыстойнага маладога чалавека мы заўсёды возьмем да сябе на працу.

4. Да гэтай пасады я 19 гадоў працаваў шафёрам у СВК “Міхалішкі”. Тады перада мной стаяла больш простая задача: зрабіў сваю работу – і спі спакойна, бо за ўсё адказваеш сам. А зараз на пасадзе начальніка ўчастка я адказваю не толькі за сябе, але і за работу падначаленых.

5. І ў думках ніколі не было, каб пакінуць сельскую гаспадарку. З пятнаццаці гадоў я працаваў на зямлі і дапамагаў бацькам падымаць калгасны лён, акучваць бульбу, праполваць буракі. Мне быў месяц, калі бацькі пераехалі ў Міхалішкі. Лічу, што нарадзіўся тут. Як вядома, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся.


Валянцін Пятровіч Кулеўскі, начальнік кансервавага цэху СВК “Гервяты”

1. Гэты год выдаўся не горшы, чым астатнія. Але, напэўна, маглі і лепш спрацаваць. У СВК “Гервяты” самыя высокія паказчыкі ў вытворчасці тушонкі прыпалі на 2013 год – 450 тысяч бляшанак. За дзесяць месяцаў бягучага года кансервавы цэх выпусціў 320 тысяч бляшанак. Да заканчэння 2014 года плануем павялічыць гэту лічбу яшчэ на 80 тысяч банак… Год на год не прыходзіцца.

У жыцці нічога асаблівага за гэты год не здарылася. Мы з жонкай выгадавалі траіх дзяцей – усе яны, дарэчы, закончылі школу з залатымі медалямі. А ў мінулым годзе стаў дзедам. Пагэтаму заўсёды рады, калі  прыязджаюць дзеці і прывозяць любімую ўнучку Аляксандру.

2. Выслоўе, што зімой работы няма, не тычыцца вытворчага працэсу на кансервавым цэху. У халоднае надвор’е лягчэй працаваць з мясам. У нас маленькі халадзільнік, пагэтаму ў летні перыяд мы не можам перапрацоўваць вялікую колькасць мяса. Пік вытворчасці тушонкі прыпадае на перыяд ад лістапада да красавіка. А летам людзі ідуць працаваць на трактары, на сушылку – колькасць работнікаў памяншаецца ўдвая. Напрыклад, сёлета з 19 чалавек, занятых на вытворчасці, у кансервавым цэху летам працавала толькі дзесяць. Пагэтаму “гарачая пара” ў нас адназначна прыпадае на зіму.

3. Мы жывём у прыватным доме. Нават хлеў ёсць... Але гаспадарку не трымаем. Жывёла патрабуе пастаяннага догляду. А так можам спакойна на два дні паехаць да дзяцей у Мінск і не перажываць.

4. Свой першы працоўны дзень я запомніў на ўсё жыццё. 1 кастрычніка 1978 года прыехаў па размеркаванні на Астравеччыну. Старшыня калгаса Андрэй Андрэевіч Галагаеў сустрэў мяне, павёў у свой кабінет і паказаў на гумовыя боты.

– Абувайся, на майстэрню паедзем, – кажа мне Андрэй Андрэевіч.

Прыехалі – а паўсюль гразь, вада стаіць. Вельмі слатлівая і дажджлівая восень тады выдалася. Не паспеў зрабіць некалькі крокаў, як бот засмактала. “Баявое хрышчэнне” прайшоў! (Усміхаецца). Такой восені, як 36 гадоў назад, больш не ўспомню. Суцэльная залева! Бульбу ўжо скапалі, а палова зерня яшчэ ў полі стаяла.

5. Змяніць прафесію хацелася толькі на працягу першых пяці гадоў. Думаў: “Паеду я адсюль”. А як ажаніўся, так і застаўся ў Гервятах. Дваццаць тры гады адпрацаваў інжынерам. Пасля ўзначаліў мукамольны цэх, а калі яго аб’ядналі з кансервавым, мяне прызначылі начальнікам. З гэтага часу і працую тут.


Алена Станіславаўна Бразевіч, намеснік старшыні СВК “Варняны” па жывёлагадоўлі

1. Гэты год выдаўся неблагім: усё задуманае збылося. З мужам гадуем двух дачушак, скардзіцца не выпадае.

А вось у прафесійным жыцці ёсць змены. Некалькі гадоў я працавала ў СВК “Варняны”, а пасля звольнілася. Перажывала, што пайшла з кааператыва, таму што моцна прыкіпела і да калектыву, і да работы. Часта  тэлефанавала сваім дзяўчатам. Надоўга мяне не хапіла: у чэрвені гэтага года вярнулася. Здаецца, і не было гэтага перапынку!

Я магу па памяці назваць эканамічныя паказчыкі і лічбы мінулых гадоў. (Усміхаецца). У свінагадоўлі за дзесяць месяцаў пагалоўе жывёлы склала 15229 свіней (+481). Надоі малака з адной каровы сёлета ў параўнанні з 2013 годам павялічыліся на 140 літраў. Аднак пакуль “мінусуем” з сярэднесутачным прывесам жывёлы. Мне здаецца, што і на свінагадоўчым комплексе, і на малочна-таварных фермах і комплексах усе людзі знаходзяцца на сваіх месцах. Працаваць у жывёлагадоўлі цікава. Нават маладыя спецыялісты, калі ўцягваюцца ў працу, не зважаюць увагі на ненармаваны рабочы графік і іншыя цяжкасці.

2. У жывёлагадоўлі “восем работ” і зімой, і восенню, і вясной, і летам. Жывёла патрабуе пастаяннага догляду. Карову трэба і падаіць, і накарміць, і падаслаць ёй… Ну як можна не выйсці на работу, калі цябе чакаюць жывыя істоты? Адна даглядчыца дазваляла сабе такія паводзіны, і яе ў хуткім часе перавялі ў паляводы.

3. Я жыву ў Астраўцы, пагэтаму займаюся гаспадаркай толькі на працы. У СВК “Варняны” кожнаму работніку штомесяц выдзяляюць 200 тысяч рублёў на мяса, а калі абое працуюць у кааператыве, атрымліваецца нядрэнная сума. Работнікам свінагадоўчага комплексу забаронена трымаць на сваіх падворках свіней, пагэтаму, акрамя гэтай дапамогі, яны яшчэ штомесяц атрымліваюць свініны на 300 тысяч рублёў.

4. Пасля заканчэння Віцебскай ветэрынарнай акадэміі ў якасці заатэхніка-селекцыянера прыйшла на працу ў  СВК імя Гашкевіча. Спачатку было складана, таму што мая тэарэтычная падрыхтоўка моцна адрознівалася ад практыкі. А зараз не адчуваю асаблівых цяжкасцей. Мне здаецца, у нас склаўся добры калектыў: і спецыялісты, і ветэрынарныя ўрачы, і жывёлаводы спраўляюцца са сваімі абавязкамі.

5. У сельскай гаспадарцы я працую з 2006 года. Думкі змяніць прафесію перыядычна ўзнікаюць, але розум перамагае. Акрамя жывёлагадоўлі, нідзе сябе больш не бачу. Высокія паказчыкі і па надоях малака, і прыросту пагалоўя, і выхаду цялят пачынаюцца з любові. Я ж люблю сваю работу ўсім сэрцам.


Іосіф Станіслававіч Матвейчык, намеснік старшыні СВК “Гудагай” па ідэалагічнай рабоце, па сумяшчальніцтву – юрысконсульт

1. З гэтага года я працую па сумяшчальніцтву. Калега, які адказваў за ідэалагічную работу, падаўся ў прыватны бізнес. На маю долю выпала прыватызацыя жылля. Да прыкладу, у мінулым годзе работнікамі кааператыва прыватызавалася толькі 27 жылых дамоў, а да канца 2014 года гэта лічба павялічылася на 38.

У жыцці ўсё складваецца добра. Я – дзядуля траіх унукаў – Вадзіма, Сафіі, Дзімы. Яны з задавальненнем прыязджаюць са сталіцы да нас на канікулы.

2. Мая работа не залежыць ад пары года. Стараюся аднолькава добра працаваць і восенню, і зімой, і летам. На парадку дня зараз продаж жылля працаўнікам кааператыва. Як вядома, рабіць гэта дазволена да 2016 года, а працэс афармлення дакументацыі дастаткова працяглы. Хочацца дапамагчы людзям. Таксама я адказваю за ідэалагічную работу і ўзначальваю камітэт па барацьбе з п’янствам.

3. З жонкай мы жывём у Астраўцы ў кватэры. Напэўна, трымалі б хатнюю гаспадарку, калі б жылі не ў горадзе, а ў вёсцы. Затое маем невялікі ўчастак, на якім кожны год садзім агарод. І гэта не з-за патрэбы, а таму што не можам без зямлі… І я, і жонка родам з вёскі.

4. Адчуваліся невялікія праблемы з тэндэрамі па дзяржзакупках. Давялося заняцца прафесійным самаразвіццём: пашукаць патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце, прыняць удзел у адпаведных семінарах. Дапамог добры багаж ведаў па складанні кантрактаў і іскаў.

5. У сельскай гаспадарцы я працую са студзеня 2013 года. Да 32 гадоў міліцэйскага стажу дадайце 2 гады работы ў СВК “Гудагай” – хопіць на дваіх. Прыемна, што мне прадставілася магчымасць папрацаваць пасля адстаўкі. Са мной заключаны кантракт на тры гады, і мне ў радасць цяперашняя работа.


Андрэй Іванавіч Ску рат, намеснік дырэктара па раслінаводству РУП “Саўгас  “Падольскі”

1. Сёлета я атрымаў падарунак ад кіраўніцтва саўгаса – не на Новы год, а летам, падчас завяршэння жніва: да гэтага працаваў загадчыкам участка №3, а два месяцы назад мяне прызначылі намеснікам дырэктара па раслінаводству. Гэта больш адказная пасада.

Што за год змянілася ў жыцці? Дзякуй Богу, усё добра – няхай так і застаецца надалей.

2. Такога не бывае, каб зімой работы не было. Вядома, што самы працаёмкі і напружаны перыяд у кожнай гаспадарцы прыпадае на канец лета, калі пачынаецца абмалот збожжавых культур, і завяршаецца позняй восенню з уборкай буракоў і кукурузы. А ўжо зімой, калі ў полі няма работы для механізатараў, надыходзіць час для дакументацыі. Трэба ж за некалькі месяцаў спланаваць, што, дзе і ў якой колькасці сеяць вясной, паклапаціцца аб нарыхтоўцы ўгнаенняў да пачатку пасяўной. Звычайна ў лютым я браў адпачынак, а зараз на новай пасадзе не ведаю, ці змагу гэта рабіць.

3. У мяне вялікая сям’я. З жонкай Ірынай гадуем сына Іллю і дачок Марыю і Варвару. Жонка, дарэчы, таксама працуе ў саўгасе памочнікам загадчыка фермы. Мы жывём у Кямелішках у прыватным доме, пагэтаму, вядома ж, трымаем хатнюю гаспадарку: ёсць і карова, і свінні, і куры, і гусі, а таксама агарод на 10 сотак. А як на вёсцы без гэтага? Вядома, летам даводзіцца цяжка, таму што з раніцы да позняга вечара я прападаю на працы.

4. Свой першы працоўны дзень і не ўспомню. Пачынаў працаваць у СВК “Кямелішкі”. Тады за мной быў замацаваны адзін па сённяшніх мерках невялікі ўчастак. А зараз, калі аб’ядналі гаспадаркі, за дзень паспяваеш толькі аб’ехаць палі, і то не ўсе. Большая гаспадарка – болей праблем. Пагэтаму, мне здаецца, раней было прасцей працаваць, чым зараз.

5. За пятнаццаць гадоў работы ў СВК “Кямелішкі” і саўгасе “Падольскім” ніводнага разу не ўзнікала думка кінуць гаспадарку і падацца працаваць у іншую галіну. Вядома, за гэты час усялякае здаралася: даводзілася спрачацца і са спецыялістамі, і з механізатарамі – гэта нармальны працоўны працэс. Аднак нам заўсёды ўдавалася прыйсці да агульнага рашэння.


--------------------------

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.