Они не представляют своей жизни без сельского хозяйства

09:00 / 18.11.2014
Мудрасці вучыць жыццё – і праца


Вадзіцель СВК “Варняны” Уладзімір Карлавіч Грынцэвіч з той катэгорыі людзей, якія жывуць па прынцыпу: трэба адносіцца да людзей так, як хочаш, каб яны адносіліся да цябе. Ён не кіруецца ў жыцці ілжэкаштоўнасцямі, якія падпарадкавалі сабе многіх, а прыслухоўваецца да свайго сумлення. Як сапраўдны сем’янін, потам і мазалём зарабляе грошы і забяспечвае бязбеднае жыццё сваім блізкім. І пацвярджэнне таму – упэўненасць жонкі, што яна – за мужам, а дзеці – за бацькам.

Аднавяскоўцы ведаюць Уладзіміра як чалавека, які, варта папрасіць, адразу прыйдзе на дапамогу без роспытаў і нараканняў на адсутнасць часу. Калегі па працы жартам гавораць: “Каб у гаспадарцы было хоць пяць такіх працаўнікоў, як Грынцэвіч, больш вадзіцеляў і не трэба”, – а, як вядома, у кожным жарце ёсць доля праўды.

Вытокі гэтай працаздольнасці, простай жыццёвай мудрасці, якую зараз многія ў сваім жыцці замянілі на халодны разлік, бяруць свой пачатак з дзяцінства, з хутара Кудра, якога зараз, на жаль, няма на карце Астравеччыны, але які жыве ў сэрцы Уладзіміра Карлавіча:

– Нас у бацькоў было двое – я і старэйшы брат. Жылі, як і ўсе людзі, з зямлі і сваёй гаспадаркі. Бацькі працавалі ў калгасе: маці, Паліна Міхайлаўна – даяркай, а бацька Карл Дамінікавіч – трактарыстам. Я вучыўся ў Шульніцкай школе, а потым хадзіў у Гозскую. Але больш чакаў, калі скончацца заняткі, каб бегчы на ферму і дапамагчы маці. Тады ж не было ні даільных апаратаў, ні кормараздатчыкаў – усё рабілі ўручную. За мной былі замацаваны тры рагулі, якіх я штодзень даіў.

Калі Уладзімір закончыў сем класаў, бацькі пераехалі ў Варону. Хлопцу давялося змяніць не толькі месца жыхарства, але і школу. З восьмага класа, акрамя школьных урокаў, хлопцаў і дзяўчат чакалі заняткі ў Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце. Уладзік пайшоў вучыцца на трактарыста не толькі таму, што хацелася быць падобным на бацьку – самастойным, дужым, але і запатрабаваным: ну а як жа на ферме без трактарыста! Сваю ролю адыгралі матчыны словы: “Веды, сынок, за плячамі не насіць, потым – як знойдзеш”.

І праўда – неўзабаве знайшоў… працу. У 1981 годзе Уладзімір прыйшоў працаваць у варонскі калгас імя Карла Маркса. “Неапёраны” і малады, ён адразу трапіў на ўборку – гарачую пару для кожнай гаспадаркі. Нічога, справіўся, бо, па яго меркаванні, работы баіцца толькі гультай. А пасля былі шафёрскія курсы ў Ашмянскай ДСААФ, два гады арміі…

– Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў калгас. Іншай работы для сябе не ўяўляю – прывык да калгаса, пагэтаму і працую да гэтай пары шафёрам, – расказвае Уладзімір Карлавіч. – А работы ў сельскай гаспадарцы хапае круглы год. Зараз сілас падвозім на фермы. Потым важу ў Чыжоўшчызну сянаж – і так цэлы дзень. Дзесьці пасля шасці гадзін вечара вяртаюся дадому. Жонка таксама прыходзіць у гэты час. Яна працуе заатэхнікам на свінакомплексе. Дзеці выраслі: сын працуе праграмістам у СВК “Гудагай”, а дачка вучыцца ў Мінскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка.

Уладзімір Карлавіч, напэўна, з-за сваёй сціпласці прамаўчаў аб працоўных перамогах. У мінулым годзе на адвозцы збожжа варнянскі вадзіцель заняў першае месца ў раёне: на сваім МАЗе ён перавёз 3861 тону. А сёлетнія 3364 тоны, перавезеныя і з апошнімі сонечнымі промнямі, і ў вечаровай шэрані, прынеслі вадзіцелю трэцяе месца ў раёне. І то толькі з-за таго, што сёлета, у адрозненне ад мінулых гадоў, у залік не ішоў рапс.

На маё правакацыйнае пытанне – няўжо ніколі не хацелася махнуць рукой на сельскую гаспадарку і падацца, напрыклад, у больш прыбытковыя “дальнабойшчыкі”?  – Уладзімір Карлавіч адказаў проста і шчыра:

– Некаму ж і ў калгасе трэба рабіць... Ёсць ураджай і праца – і мы атрымліваем не горшыя грошы, чым тыя “дальнабойшчыкі”. Галоўнае – працаваць… На маім вяку змяніліся ўжо пяць кіраўнікоў калгаса. Адны хваляць аднаго старшыню, другія – іншага. Мне ўсе аднолькава добрыя. Калі сваю справу робіш добрасумленна, ад кіраўніцтва нараканняў не будзе. Калі лайдачыш, вядома, цябе ніхто не пагладзіць па галаве. Усё залежыць ад цябе самога і тваёй працы.

І з гэтай жыццёвай мудрасцю – што ў сваіх няўдачах мы часта вінавацім не сябе, а іншых калег, начальства, суседзяў – не паспрачаешся.


«Салаўіны» маналог Валянціны


У чым перавага вясковых жыхароў перад гарадскімі? У тым, што яны не ведаюць навамодных слоў “дэпрэсія”, “тэрапія”, “эфект мегаполісу”. Ім проста не стае часу на гэтыя пустыя “разумнасці” з-за работы, якая, вядома, на вёсцы не заканчваецца ніколі. Так і аператар машыннага даення малочна-

таварнай фермы “Супраненты” Валянціна Станіславаўна Салавей: абыдзецца па гаспадарцы, зробіць справы па дому – і бяжыць да сваіх рагулек, якія ўжо амаль дваццаць гадоў раздзяляюць са сваёй гаспадыняй і радасці, і гора…

Аб сваім жыцці расказвае сама Валянціна Станіславаўна:

– Амаль дваццаць гадоў я працую даяркай. Мне адзінай з аператараў машыннага даення, што працуюць на нашай ферме, прысвоены першы разрад, ва ўсіх астатніх дзяўчат – другі. Два гады да пенсіі па выслузе гадоў засталося – найдаўжэй працую. Кожную раніцу ў сем гадзін прыходжу на ферму. Пасля таго як накармлю рагулек і вады ім напушчу, рыхтуюся да дойкі. Кожнай карове трэба вымя памыць, уручную сцадзіць першы струменьчык малака. Калі ў якой-небудзь жывёлы заўважаем масціт, то яе малако зліваем у іншую ёмістасць. Пасля дойкі мыем апарат і выганяем кароў на прагулку. Гэта робіцца не толькі дзеля таго, каб яны падыхалі паветрам і пад сонечным святлом пабылі, але і каб мы маглі ўбачыць, якая з іх “у ахоце”. Затым дадойваем навацельных кароў.

У кожнай даяркі ёсць “дзяжурны дзень”. Я дзяжуру ў пяты дзень. Трэба даглядзець кароў, якія на расцёле, прыняць, калі трэба, цялё. Малышы знаходзяцца пад нашай апекай на працягу дваццаці дзён. Кожнага бычка або цялушку трэба напаіць тры разы ў дзень. На выпойванне адной галавы адведзены тры літры малака Ды і, акрамя гэтага, хапае спраў: падчысціць, пілавіння падсыпаць, падрыхтаваць камбікорм да наступнага кармлення…

Акрамя “дзяжурнага дня”, ёсць у нас на ферме і санітарны: кожную сераду мы грунтоўна мыем малакаправодныя трубы, бачкі – словам, усё абсталяванне…

Я з мясцовых: нарадзілася ў Супранентах. У бацькоў нас было трое: я – адзіная дачка і яшчэ два сыны. Мама працавала кладаўшчыцай, а тата муку малоў. Мы дапамагалі бацькам і на працы, і дома. Гаспадарку ў той час вялікую трымалі – не тое, што цяпер. Вунь колькі кароў раней у вёсцы было! А зараз? Сэрца сціскаецца ад болю, што столькі закінутых хат у Супранентах, амаль не чуваць на вуліцы дзіцячых галасоў. Выязджаюць маладыя з вёскі ў пошуках лепшай долі…

У свой час я таксама выехала ў Вільнюс. А калі бацькоў трэба было даглядзець, вярнулася назад. Каму ж глядзець, калі не дачцэ? Так і засталася. Замуж выйшла. Сыночак у нас нарадзіўся. Не паспелі азірнуцца, як і вырас. Зараз у Мінску вучыцца ў архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме. Перажываю за яго… Але не прападзе хлопец, ён і ў школе добра вучыўся, і ўсюды выступаў: у КВЗ удзельнічаў, на кожным свяце быў задзейнічаны. Заўсёды чакаю прыезду сыночка. Паўлік – мая радасць і надзея.


Араты


Скончылася жніво, падышла да свайго завяршэння ўборка кармоў. Зямля, якая, здаецца, яшчэ ўчора ўскормлівала сонечныя кукурузныя пачаткі і салодкія клубні буракоў, сілкавала іх і налівала сокамі, зараз рыхтуецца да зімовага сну. Пад напорам вострага і бліскучага плуга яна падатліва ператвараецца ў бязмежнае ворыва. Зробіш крок – і нага па шчыкалатку правальваецца ў пульхную глебу...

А тварэц гэтай метамарфозы – трактарыст-машыніст СВК “Гервяты” Анджэй Мар’янавіч Ясевіч.

На магутным зялёным “Джон Дзіры” мужчына заворвае поле ля вёскі Гродзі. А зімой ён перасядзе на невялікі трактар, каб да ферм і малочна-таварных комплексаў падвозіць салому, вывозіць арганіку – словам, падтрымліваць заведзены здавён уклад зімняга ўтрымання жывёл.

– Нарадзіўся я ў Вільнюсе, але гадаваўся на Астравеччыне, бо тата родам з Яцын. Пасля заканчэння 8 класа Чэхскай школы... вучыўся ў Камарова. Атрымаў спецыяльнасць  трактарыста-машыніста і адразу пайшоў працаваць у калгас. Тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Алесяй. Яна таксама працуе ў СВК “Гервяты” – загадчыцай склада. У нас падрастае дачушка Іаланта. У 2008 годзе мы атрымалі калгасны домік. Трымаем невялікую гаспадарку… Пра што яшчэ марыць варта?


Хлеб Леаніда Юргелянца


Большасць людзей, не занятых у сельскай гаспадарцы, аддаюць перавагу адпачынку летам. Ну як жа: можна, калі дазваляюць сродкі, пагрэцца пад паўднёвым сонейкам, паплаваць у возеры ці падзарабіць грошай на зборы ягад ці грыбоў.

А вось адпачынак у механізатараў, вадзіцеляў, аграномаў прыпадае на познюю восень або зіму. Лета, як правіла, – у прамым і пераносным сэнсе – гарачая пара для аграрыяў. Таму што кожнае зярнятка, сабранае з “залатых” палёў, зімой ляжа на стол духмяным, крамяным хлебам.

Механізатар РУП “Саўгас “Падольскі” Леанід Мечыслававіч Юргелянец – з тых людзей, дзякуючы якім мы маем хлеб і да хлеба. Калі ў канторы сказалі, што Леанід Мечыслававіч зараз знаходзіцца ў адпачынку, крыху разгубілася: куды ехаць, дзе шукаць? Дарма! Як вы думаеце, дзе мы сустрэліся з механізатарам? Не, не дома – у майстэрні: Леаніда Мечыслававіча я застала за мыццём свайго вернага “каня” – трактара.

– Паглядзіце: як новенькі, – паказвае свайго працоўнага сябра механізатар. – І што з таго, што я ў адпачынку?! Тэхніка патрабуе догляду. Будзеш дрэнна глядзець – хутка не будзеш мець. Не кожны малады механізатар так глядзіць свайго “каня”, як я. Магчыма, пагэтаму ён мне і аддзячвае? Нягледзячы на тое што трактар я атрымаў не новы, працую на ім ужо дзесяць гадоў. А да гэтага пятнаццаць гадоў ездзіў на легкавіках...

Такую беражлівасць, і не толькі да тэхнікі, а да ўсяго ў жыцці, Леаніду Мечыслававічу, як і яго чацвярым братам і двум сёстрам, прывілі бацькі. У тыя часы шматдзетная сям’я не была дзівам, амаль у кожнай хаце гадавалася трое-чацвёра, а то і больш дзяцей. Пераборлівымі ім быць не даводзілася: прыгатаваны мамай абед дзеці размяталі імгненна. Але Юргелянцы не толькі дружна елі – гэтак жа і працавалі: дзяўчаты дапамагалі маці па дому і хатняй гаспадарцы, а хлопцы – на ферме. Бацька працаваў жывёлаводам, пагэтаму і кіраваў сямейным мужчынскім “падрадам”: адзін пасе цялят, другі носіць салому, трэці растрасае яе ў загарадцы…

З таго часу мінула шмат гадоў: усе дзеці Юргелянцаў ужо абзавяліся сваімі сем’ямі. Дочкі выехалі ў Літву, а чатыры сыны засталіся на радзіме, на Астравеччыне, і ўсе чацвёра стала аселі ў Рытані. Па слядах бацькі, у сельскую гаспадарку, пайшлі два сыны.

– Я прывык да калгаса – гэта, напэўна, у крыві. Ніколі не думаў змяніць прафесію. Хто, калі не я, будзе збожжа вазіць і кармы? – тлумачыць механізатар. – Сёлета на ўборцы за месяц у мяне была 31 пуцёўка – гэта значыць, штодня без адпачынку і выхадных, за рулём. Я перавёз 1600 тон збожжа і 4000 тон зялёнай кукурузнай масы. На свой хлеб скардзіцца не даводзіцца. За сумленную працу і кіраўніцтва саўгаса ўхваляе: тры гады запар я ездзіў у Астравец на раённае свята работнікаў сельскай гаспадаркі. Некаторыя, напэўна, зайздросцяць, пабуркваюць: “Чаму гэта ўсё ты?”. А я адказваю: “Працуй – і ты паедзеш”. Шкада, што зімой работы мала. У майстэрнях “да розуму” будзем даводзіць тэхніку. Добры гаспадар загадзя рыхтуецца да сяўбы.

Добрага гаспадара відаць здалёк – Леанід Мечыслававіч менавіта з такіх. Усё жыццё ён з жонкай трымае вялікую гаспадарку. Але сёлета кармоў мужчына на зіму не нарыхтоўваў – яшчэ з мінулага года застаўся паўтарагадовы запас. Прыйдуць Каляды, і Леанід Мечыслававіч купку духмянага сена прынясе ў хату, рассцеле яго пад абрусам. За адным сталом збярэцца ўся вялікая сям’я – трое дзяцей ужо са сваімі сем’ямі абавязкова прыедуць да бацькоў у Рытань…


-------------------------------

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.