Стоматолог Александр Шовкун из Островца одержал победу на республиканском конкурсе профессионального мастерства

17:00 / 30.10.2013
10
З перамогай вярнуўся з рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства па тэрапеўтычнай стаматалогіі ўрач-стаматолаг Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Алегавіч Шоўкун.

Стаць урачом Аляксандр Шоўкун марыў з дзяцінства. Чым бліжэй прыбліжалася дата заканчэння школы і выбару прафесійнай сцежкі, тым больш сцвярджалася яго ўпэўненасць у правільнасці свайго рашэння. Праўда, са спецыялізацыяй Саша вызначыцца не мог. Вось тут на дапамогу і прыйшоў галоўны ўрач раённай бальніцы Валянцін Ігнатавіч Тачоны.
Калі Аляксандр Шоўкун звярнуўся да галоўнага ўрача з просьбай даць накіраванне для паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт, той прапанаваў выбраць стаматалогію. Доўга не разважаючы, юнак згадзіўся – і паступіў ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Гады вучобы праляцелі хутка – і ў 2006 годзе Аляксандр Алегавіч вярнуўся ў Астравец.
Талент маладога ўрача і яго імкненне працаваць пацыенты заўважылі адразу ж. Не засталося гэта па-за ўвагай і ўрачоў-калег. Вельмі хутка таленавіты стаматолаг заваяваў аўтарытэт. Сёння за парадай да яго звяртаюцца нават вопытныя ўрачы. А ў чэрвені бягучага года талент і майстэрства Аляксандра Алегавіча заўважылі і ў вобласці – тады падчас абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства ён быў прызнаны лепшым стаматолагам Гродзенскай вобласці.
У рэспубліканскім конкурсе прымалі ўдзел 8 спецыялістаў з усіх абласцей Беларусі і горада Мінска. Конкурс праходзіў на базе рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклінікі ў два этапы. Падчас першага, тэарэтычнага, урачам давялося прайсці тэсціраванне па ўсіх раздзелах стаматалогіі. А практычным этапам стала эстэтычная рэстаўрацыя зуба з дапамогай сучасных матэрыялаў.
У адрозненне ад абласнога этапу, на які можна было прывезці сваіх пацыентаў, тут іх выбар ажыццяўляўся метадам жараб’ёўкі. Да астравецкага стаматолага на прыём «прыйшла» таксама ўрач – праўда, тэрапеўт з Мінска.
Аляксандр Алегавіч вельмі хутка знайшоў агульную мову са сваёй хворай – і лячэнне пайшло. На гэты раз асістэнтам Аляксандра Шоўкуна быў выпускнік Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, выхадзец з Астравеччыны, які цяпер праходзіць інтэрнатуру ў Гродзенскай стаматалагічнай паліклініцы, Андрэй Кардзіс.
Андрэй у падобным конкурсе ўдзельнічаў упершыню, але асісціраваць яму ўжо даводзілася неаднойчы, і таму дапамагчы Аляксандру ён рашыўся адразу ж. І на гэты раз тандэм двух таленавітых урачоў прывёў да цудоўнага выніку.


– Я не ставіў перад сабой мэту перамагчы. Праграмай максімум для мяне было трапіць у тройку лідараў, – усміхаецца Аляксандр Алегавіч.


Падвядзенне вынікаў конкурсу праходзіла ў той жа дзень. Аляксандр Алегавіч нават не адразу зразумеў, што менавіта ён стаў пераможцам. Паверыў у гэта, калі ўбачыў загадчыцу стаматалагічнага аддзялення Астравецкай раённай бальніцы Ірыну Баляславаўну Смаль, на вачах якой былі слёзы радасці, і пачуў ад яе словы віншавання.


«Я была ўпэўнена ў перамозе Аляксандра Алегавіча. І чакала гэтага моманту, – расказвае загадчыца стаматалагічнага аддзялення Ірына Баляславаўна Смаль. – Пасля яго перамогі ў абласным этапе стала зразумела, што ў нашага ўрача ёсць усе шансы стаць лепшым у рэспубліцы. Канешне, яму прыйшлося прыкласці для гэтага шмат намаганняў, і мы вельмі задаволены, што ён аказаўся мацнейшым за сваіх сапернікаў».


– Я ўдзячны за падтрымку і разуменне пры падрыхтоўцы да конкурсу галоўнаму ўрачу бальніцы Валянціну Ігнатавічу Тачонаму і загадчыцы нашага аддзялення Ірыне Баляславаўне Смаль, якія забяспечылі неабходныя ўмовы для добрай работы. І, канешне, я ўдзячны ўсім маім пацыентам, якія «хварэлі» за мяне падчас конкурсу, жадалі мне поспеху і ўдачы,– гаворыць Аляксандр Алегавіч. – Сёння ўзровень аказання стаматалагічнай дапамогі ў Астраўцы не адрозніваецца ад стаматалагічных клінік у Мінску. Для гэтага ў астравецкіх стаматолагаў ёсць усё: добрыя камплекты інструментаў і сучасныя матэрыялы. І конкурс яшчэ раз пацвердзіў гэта.


Узнагароджванне лепшых стаматолагаў рэспублікі прайшло падчас Першага Беларускага міжнароднага стаматалагічнага кангрэсу. Ва ўрачыстай абстаноўцы астравецкі стаматолаг Аляксандр Алегавіч Шоўкун быў узнагароджаны Дыпломам пераможцы, тэлевізарам і каштоўнымі падарункамі ад генеральнага спонсара конкурсу «3М ESPE», сусветнага лідара па вытворчасці стаматалагічных матэрыялаў.


– І што цяпер? – задаю пытанне, якое цікавіла мяне з першага дня, калі я даведалася пра перамогу і майго стаматолага.


– Буду працягваць працаваць, удасканальваць сваё майстэрства, – гаворыць Аляксандр Шоўкун. – У мяне была магчымасць вярнуцца ў Мінск пасля адпрацоўкі ў Астраўцы. Прынамсі, паралельна з Астраўцом я шэсць гадоў працаваў у сталіцы… І пераканаўся, што прафесійна расці можна і ў Астраўцы, асабліва з улікам перспектыў развіцця нашага горада.


Цяпер у Аляксандра Алегавіча з’явілася магчымасць прадставіць Беларусь на Міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства, які ў наступным годзе пройдзе на Украіне.
Пажадаем яму поспехаў!


------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.