Полвека - с "Астравецкай праўдай"

07:15 / 06.05.2013

Прывітанне, “Астравецкая праўда”!
З Днём друку цябе і ўсіх тваіх супрацоўнікаў!


…Даўно гэта было, амаль паўвека таму. Першы нумар “АП” нам уручыла паштальён Галанава. Яна нас, Леановічаў, толькі што прыехаўшых на працу ў Астравец, падпісала на “раёнку”. А 1 верасня з рук Галанавай мы ўпершыню атрымалі новую для нас газету “Астравецкую праўду”. З той пары я не расстаюся з ёю. У жніўні споўніцца пяцьдзесят гадоў, як я чакаю яе прыходу.
Многа розных выданняў выпісвалі мы тады. Часу не хапала, каб перачытаць усе маладзёжныя газеты, прафесійныя, розныя часопісы. Наша пакаленне было самым чытаючым у тую пару. Але час праляцеў, узрост сказаў сваё далікатнае слова – многія выданні адпалі. А вось “раёнка” засталася на ўсё жыццё. Да таго ж цяпер яна – мая адзіная надзейная сяброўка ў Астраўцы. Родзічаў у нас тут ніколі не было. А галоўныя для мяне, самыя блізкія людзі адышлі ўжо ў нябыт. Вось і чакаю цяпер кожную сераду і суботу яе, самую любімую і дарагую, як блізкага чалавека.
Дзякуючы газеце, я ведаю аб навінах раёна, Астраўца, якія былі, якія будуць. Сустракаюцца паведамленні аб суседніх раёнах. Навіны па краіне, за мяжою таксама надрукаваны ў нашай “раёнцы”. Хіба ж можна яе не чытаць? Рэклама і сумныя звесткі ў чорных рамках – некралогі тут жа. Хто нарадзіўся, пашлюбаваўся – радасна, як жа без гэтага? І цудоўныя падарожжы – нібы сама вандруеш з журналістамі. Конкурсы. А во – свет захапленняў – без яго сумна жылося б. І абавязкова – мір з Богам знойдзецца тут. І яшчэ – “Альфа і амега” – школьныя навіны. Як цудоўна! Навіны будаўніцтва АЭС…
Чатырнаццаць гадоў мы пражылі з рэдакцыяй па суседству, вокны ў вокны. Прачыналася і кожную раніцу бачыла праз акно, праз скверык, доўгі будынак рэдакцыі. Пры мне ён пачаў будавацца. У сценах гэтай новабудоўлі надвячоркамі гулялі ў хованкі маладыя настаўнікі. Цяпер – гэта будынак нашай бібліятэкі.
Тут над выданнем газеты “АП” чаравалі рэдактары, журналісты… Тут яна і друкавалася. Тут працавалі мая суседка і прыяцелька Тамара Даўляш і сястра яе мужа Марыя Кувалдзіна. Ад іх я чула аповеды аб працы і жыцці працаўнікоў нашай газеты.
З нагоды вашага прафесійнага свята, паважаныя рэдактары, журналісты і ўсе працаўнікі “Астравецкай праўды”, віншую вас з Днём друку, жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, плённай працы! Дзякую за газету, якую вы выдаеце.


--------------------------
Марыя ЛЕАНОВІЧ.