"Не хачу лепшага лёсу – мне і гэты цалкам да душы!"

16:00 / 01.05.2013
1
Здавалася б, ну якая мне розніца?! Ніякага дачынення, акрамя выкліканай працоўнымі абавязкамі кароткай сустрэчы… А вось жа кожны раз, праходзячы ля раённай Дошкі гонару, не магу не радавацца: якая яна ўсё ж прыгажуня! Я пра жанчыну са шматзначным імем Вера. Пра лепшую свінарку СВК “Варняны” Веру Чаславаўну Гарбачэўскую. Гэта ж трэба такой нарадзіцца – носік, вусны, ідэальныя абрысы твару!..

Так думалася да сустрэчы, да моманту знаёмства…
А перакінуліся некалькімі сказамі, і прыйшло разуменне: не вусны і нават не ідэальныя абрысы робяць гэтую жанчыну прыгажуняй. Сакрэт яе абаяння – шчаслівае жыццё, кожнай хвілінцы якога яна ўмее радавацца з дзявоцкай непасрэднасцю. І зусім не баіцца прызнацца: “Не хачу лепшага лёсу – мне і гэты цалкам да душы!”.
Тады, у юнацтве, над ёй кпілі нават сяброўкі. А маці, назіраючы за яе добраахвотнай “схімай”, засмучана падціскала вусны. І сапраўды, хіба ж так можна?! Ні на танцы, ні ў кіно, ні з сяброўкамі на вечарыну. Хлопца яна, бачыце, з арміі чакае! Ды гэты хлопец вернецца і ў твой бок глянуць палянуецца – колькі такіх прыкладаў навокал!
Вера слухала і недаўменна паціскала плячыма: гэта ў іншых так, у тых, хто кахае не ўсур’ёз. А ў іх з Ванем каханне сапраўднае. Такое ў жыцці здараецца толькі раз. І то, калі вельмі пашчасціць. Ім вось пашчасціла – трэба толькі дачакацца. А гэта яна, Вера, умее!
Забягаючы наперад, зазначым: чакаць Ваню Веры давялося сем гадоў. Ну гэта калі лічыць у цэлым: два гады сяброўства ў школе, адзін – пасля школы, тры гады – Ванін марфлот, і яшчэ год яны сустракаліся да таго моманту, пакуль нарэшце вырашылі пажаніцца.
…З родных Харонжышкаў (Ашмянскі раён) дзяўчына, атрымаўшы ў 1982 годзе атэстат сталасці, як і большасць яе равесніц, накіравалася ў Вільнюс. Уладкавалася ліцейшчыцай на завод паліўнай аппаратуры – вылівала запчасткі для мясарубак. Бягом на працу, а яшчэ больш спешна – вечарам дадому, дзе часцей за ўсё яе чакала пісьмо ад марачка. Акуратненька надарваць канверт, дастаць лісток, пакрыты бісерам да камяка ў горле знаёмых літар, прыхаваўшыся ад цікаўных вачэй суседак за занавескай, чытаць і перачытваць, смакуючы кожнае слоўца, стараючыся ўгадаць настрой, дадумаць нявыказанае... А потым дастаць з шуфляды сшытак ў клетку, разагнуць яго скобы, пакласці двайны ліст ўпоперак і пачаць са слоў, ад якіх гатова разарвацца дзявочае сэрца: “Ванечка, любы! Як жа бязмерна я па табе сумую…”
Тры гады… Тры гумовыя “цягнучкі”… Аднойчы яны ўсё ж скончыліся, і “…марак ўразвалачку сышоў на бераг, нібыта ён адкрыў 500 амерык…” Калі б нават Вера яго не кахала, убачыўшы Ваню ў марацкіх “клёшах” з да бляску надраенай бляхай, у бесказырцы набакір і цяльняшцы фасону “марская гвардыя не тоне”– яна абавязкова без памяці закахалася б! Але паколькі яе сэрца і так непадзельна належала Вані, дзяўчыне засталося толькі ўткнуцца ў каўнер яго бушлата, каб схаваць вільготныя ад шчасця вочкі…
Жыць яны сталі ў Вільнюсе. Ваня таксама ўладкаваўся на завод. Але ў горадзе яму не падабалася – шумна, пыльна, шматлюдна. “Мы з табой, Верачка, вясковыя людзі, – не раз казаў ён жонцы. – Навошта нам гэтыя святлафоры і пешаходныя пераходы? Нашым нагам прывычней гуляць па мураўцы”.
Калі прыйшоў час Верачкінага дэкрэтнага адпачынку, Гарбачэўскія махнулі рукой на чаргу на кватэру, у якой “прастаялі” некалькі год, і пераехалі ў Малі. Вера стала даяркай, Ваня – качагарам. А яшчэ ў мясцовай школе ён пачаў весці ўрокі працы. Праўленне гаспадаркі выдзеліла маладой сям’і кватэру ў “доміках”, як кажуць мальскія людзі – гэта значыць, у адным з двухпавярховых катэджаў.
Праз некалькі гадоў яны (зноў жа ўдваіх) уладкаваліся на працу на Варнянскі свінакомплекс. У цэх адкорму, на ўваходзе ў які свінкі важаць 40 кілаграмаў, а на выхадзе – усе 100 і нават больш. На дваіх у Веры і Івана Гарбачэўскіх амаль тры тысячы ружовахвостых. А гэта значыць, што кожнаму з даглядчыкаў за дзень трэба перацягаць на тачцы па 5 тон спецыяльна зваранай кашы. І парадак у памяшканні падтрымліваць ідэальны.
Раніца ў свінарніку не асабліва адрозніваецца ад раніцы, да прыкладу, у піянерскім лагеры – яна пачынаецца з пад’ёму. Даглядчыкі падымаюць свіней, каб вызначыць іх стан, выявіць захварэўшых за ноч, прымусіць іх прабегчыся, каб нагулялі апетыт. Адны са свінароў падымаюць свіней крыкам, другія – бразгаюць якой-небудзь жалязякай. А Гарбачэўскія будзяць сваіх гадаванцаў… песняй.
Калі начальнік комплексу ўпершыню пачуў вясёлыя спевы, якія даносіліся з адкормачніка, ён панёсся туды ледзь не бягом. Падазрона глянуў на Івана, потым на Веру… Прынюхаўся… Дзіўна – цвярозыя. “Што гэта за песні?” – не ўтрымаўся, спытаў. “Ад паўнаты жыцця, – засмяяліся даглядчыкі. – Ад звычайнай радасці жыць”…
Гарбачэўскія наогул любяць спяваць.


– Як тут не заспяваеш, калі ў суседстве з табой жыве заслужаны работнік культуры, музыкант і спявачка Данута Блашкевіч! – смяецца Вера Чаславащна. –“Домікі” жывуць дружна – сумесныя шашлыкі або проста пасядзелкі звычайна заканчваюцца песнямі. Жыхары Маляў ужо паспелі прывыкнуць і нярэдка нават просяць: “Нешта вас даўно не чуваць. Паспявалі б, павесялілі б нам сэрцы”.


Дзеці Веры і Івана (іх у Гарбачэўскіх – тройца) таксама артыстычныя: Кацярына (памятаеце?) стала пераможцай першага раённага конкурсу “Зоркавы дождж”, Вікторыя ўдзельнічала ў конкурсе “Міс Астравеччына”. Любіць паспяваць і сын Юрый.
Дарэчы, амаль усе яны жывуць у адной кватэры: Вера, Іван, дачка Каця, яе муж і пяцігадовы сынок, сын Юрый, а яшчэ дарослы пляменнік. І не цесна. Хоць, прызнаецца Вера Чаславаўна, з узростам стамляцца яна стала больш. Але працоўных подзвігаў на хатняй ніве ад яе ніхто і не чакае. Стамілася? Ляж і адпачні – усё належнае і без цябе зробіцца. Іван не прызнае традыцыйнага падзелу сямейных абавязкаў на мужчынскія і жаночыя – ён сам і бялізну можа выдатна памыць, і пірог спячы, і ў кватэры парадак навесці. А супы – гэта прызнае і сама Вера Чаславаўна – у Івана атрымліваюцца куды смачнейшыя, чым у яе самой. Нездарма дачка Вікторыя, якая вучыцца ў інстытуце культуры, калі ўзнікае нейкая кулінарная замінка, тэлефануе бацьку:”Татка, а як суп з фрыкадэлькамі зварыць?” І за асабістай парадай (у маладых свае праблемы!) дзеці часта звяртаюцца да Івана.


У жыцця многа прыемных момантаў, – гаворыць Вера Чаславаўна. – Адзін з самых-самых – гэта калі твае дзеці кажуць табе: “Марым знайсці такое каханне, як у вас з татам”. Значыць, тыя сем гадоў майго чакання былі недарэмнымі.


А што тычыцца высокіх працоўных паказчыкаў, Вера Чаславаўна недаўменна паціскае плячыма:


– Я ўжо і сама пра гэта думала – чаму ў нас з Іванам прывагі большыя? Працуем, як усе. Аднолькавай кашай кормім сваіх свіней. Можа, гэта яны ад песень шпарчэй растуць?..


-------------------
Ганна ЧАКУР.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.