Он радуется тому, что может помочь людям

11:00 / 27.04.2013
“Выцягнуць” на размову вадзіцеля Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Уладзіміра Вацлававіча Паршутовіча, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару, ніяк не атрымлівалася. У рэйс ён выязджае вельмі рана і вяртаецца гэтак жа позна, цэлы дзень калясіць па вялікіх і маленькіх вёсачках раёна. І ўсё ж сустрэча адбылася, праўда, падчас гэтых літаральна некалькіх хвілін ён увесь час паглядваў на гадзіннік і перажываў, што спозніцца на працу.

Нарадзіўся Уладзімір Вацлававіч Паршутовіч у вёсцы Голацк Пухавіцкага раёна ў вялікай сям’і. Акрамя яго, у сям’і падрастала яшчэ пяцёра дзяцей. Таму з маленства хлопчык быў прывучаны да працы. Мог дапамагчы па гаспадарцы і маці, і бацьку.
А потым сям’я пераехала на радзіму бацькі – у Філіпаны. У мясцовай школе хлопчык і пачаў спасцігаць азы навукі. Потым была Варнянская школа, пасля якой юнак падаў дакументы ў Свірскае СПТВ-17. Шчыра кажучы, да тэхнікі Валодзю цягнула заўсёды. З дзяцінства ён круціўся каля бацькі, разам з ім хадзіў на работу, таму выбар будучай прафесіі быў цалкам апраўданы.
Папрацаваць пасля вучылішча хлопец не паспеў – прызвалі ў армію. А пасля службы Уладзімір Вацлававіч уладкаваўся рабочым у падсобны цэх калгаса “Чырвоны кастрычнік”. Але цяга да тэхнікі перамагла – і з 1989 года Уладзімір Вацлававіч працуе вадзіцелем. Пачынаў з Лідскай аўтакалоны, тады яна існавала як асобнае падраздзяленне, аўтамабілі якой абслугоўвалі райспажыўкааперацыю – Валодзя стаў развозіць тавар з аптова-гандлёвай базы райспажыўтаварыства па магазінах.
Дарэчы, сваю жонку Уладзімір якраз і сустрэў падчас адной з такіх паездак. Маладая настаўніца замежнай мовы Іаланта Мар’янаўна жыла тады ў Спондах і працавала ў мясцовай школе. Валодзя прывёз у магазін тавар, а Іаланта прыйшла сюды за прадуктамі. Маладыя людзі пазнаёміліся, пачалі сустракацца, а праз год пажаніліся. Разам выгадавалі трох сыноў, якія сёння радуюць маці і бацьку сваімі поспехамі і дасягненнямі. Старэйшы, Руслан, працуе ў Астравецкім лясніцтве. Сярэдні, Артур, вучыцца ў Вільнюсе на інжынера-механіка, а малодшы, Райманд, служыць у арміі.
Аднойчы вадзіцель адной з аўталавак захварэў, і кіраўніцтва прапанавала Уладзіміру Вацлававічу яго падмяніць. Валодзя згадзіўся. Спачатку развозіў толькі хлеб, потым узяў крыху тавару. Спалучыць прафесіі атрымалася. Ды вадзіцель аўталаўкі ў хуткім часе паправіўся, і Валодзя вярнуўся на былое месца працы. Праўда, потым ён яшчэ не раз падмяняў вадзіцеляў аўталавак, калі тыя ішлі ў адпачынак.
І з цягам часу кіраўніцтва раённага спажывецкага таварыства, убачыўшы зацікаўленасць Уладзіміра да работы і гандлёвай сферы, прапанавала яму пасаду кладаўшчыка на аптова-гандлёвай базе.
– Гэта быў, напэўна, самы складаны час за ўсю маю працоўную дзейнасць, – прызнаецца Уладзімір Вацлававіч. – Па натуры я чалавек таварыскі, мне падабаецца сустракацца з людзьмі, размаўляць з імі, а тут кожны дзень – як па інструкцыі: атрымаў тавар, распісаў па магазінах, раздаў яго. Але тым не менш затрымаўся я ў кладаўшчыках ажно на шэсць гадоў. І працаваў, здаецца, нядрэнна, нават узнагароды атрымліваў, – расказвае Уладзімір Вацлававіч.
Але як толькі ў распажыўтаварыства прыйшла новенькая аўталаўка, Уладзімір Вацлававіч папрасіўся на яе вадзіцелем. А яму прапанавалі прайсці атэстацыю і стаць яшчэ прадаўцом аўталаўкі. Уладзімір згадзіўся адразу ж.
І вось ужо сем гадоў ён не толькі “круціць баранку”, але і прадае тавар пакупнікам, якія кожны дзень чакаюць яго ў розных вёсках Астравеччыны, і якія за гэты час сталі яму, як родныя.
– Праца мне падабаецца. Увогуле, для мяне лепшая работа – гэта зносіны з людзьмі. За дзень я наведваю 9-10 вёсак, праязджаю прыблізна 160 кіламетраў. Здаецца, нямнога – але ў кожнай мяне чакаюць людзі, – гаворыць Уладзімір Вацлававіч.
Дарэчы, многія з пакупнікоў, якіх абслугоўвае Уладзімір Вацлававіч, лічаць, што, калі ў вёску прыязджае аўталаўка, то ў магазіне патрэбы няма,– за сем гадоў яны ўжо прывыклі да свайго вадзіцеля-прадаўца і любяць яго, бо ведаюць, што ў аўталаўцы можна не толькі купіць свежыя прадукты, але і заказаць іншы неабходны ў гаспадарцы тавар. І Уладзімір заўсёды стараецца выканаць іх просьбу.
– Я не магу падвесці чалавека – ведаю, што мяне чакаюць. Таму, калі нехта з жыхароў просіць прывезці нейкі тавар, адразу тэлефаную на базу і заказваю, каб у бліжэйшы час даставіць яго пакупніку. Не магу не апраўдаць іх давер. А калі псуецца машына, “кручу” яе да ночы, каб назаўтра зноў выехаць у рэйс.
Асноўная праблема, з якой сёння сутыкаецца вадзіцель, – дарогі. Зіма палохае снегам, і, як вынік, нерасчышчанымі дарогамі, а вясной і восенню асноўная праблема – гразь. З-за гэтага вадзіцелю часта даводзіцца губляць час. Пакуль прыедзе трактар, расчысціць дарогу ад снегу ці выцягне машыну з балоцістай гразі, людзі ў суседняй вёсцы чакаюць…
Вольны час, калі такі з’яўляецца ў Уладзіміра Вацлававіча, ён зноў жа траціць на машыны – уласную і дзяржаўную. Корпацца ў іх ён можа і днём, і ноччу. А летам Уладзімір Вацлававіч любіць хадзіць у грыбы і ягады, падарожнічаць. Раней, калі дзеці былі меншыя, яны з сям’ёй часта “калясілі” па Беларусі. Цяпер сыны павырасталі і падарожнічаюць
самі. А Уладзімір Вацлававіч з жонкай Іалантай Мар’янаўнай выхадныя ўсё часцей праводзяць дома.
За добрасумленную працу Уладзімір Вацлававіч не раз быў узнагароджаны граматамі рознага ўзроўню, а ў мінулым годзе яго імя і партрэт рашэннем Астравецкага райвыканкама былі занесены на раённую Дошку гонару.


«Людзей, якія старанна выконваюць свае абавязкі і годныя быць занесены на Дошку гонару, вельмі шмат. Таму апісаць тыя пачуцці мне складана. Канешне, узрадаваўся, але адначасова і засаромеўся. Сям’я ўзрадавалася за мяне таксама. Часта чую ад пакупнікоў, што бачылі мяне на раённай Дошцы гонару – яны мной ганарацца. А я больш за ўсё радуюся таму, што магу дапамагчы людзям», – падводзіць вынік нашай размовы Уладзімір Вацлававіч.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.