В каждый свой приезд он навещает родную школу

16:00 / 23.04.2013
1
У музеі Гудагайскай сярэдняй школы “Зямля гудагайская” прайшла сустрэча са знакамітым земляком – прафесарам некалькіх вышэйшых навучальных устаноў Санкт-Пецярбурга, гісторыкам і сацыёлагам, аўтарам шматлікіх навуковых работ, палкоўнікам у адстаўцы Святаславам Станіслававічам Бразевічам.

На радзіме Святаслаў Станіслававіч бывае не так часта, як яму хацелася б, але ў кожны свой прыезд абавязкова стараецца наведаць родную школу. Праўда, той школы, у якой ён калісьці вучыўся, ужо няма – там даўно ўжо жылы дом. Але ў сценах новай пра Святаслава Станіслававіча таксама помняць – у школьным музеі сабрана шмат інфармацыі пра гэтага таленавітага, цікавага чалавека. Тут захоўваюцца яго ўласныя рэчы і выдадзеныя ім кнігі, падораныя школьнаму музею.
Кожную такую сустрэчу з нецярпеннем чакаюць вучні і настаўнікі. Чакае яе і Святаслаў Станіслававіч. І кожны год прыязджае ў школу не з пустымі рукамі.
На гэты раз сустрэча са Святаславам Станіслававічам і яго жонкай Людмілай Іванаўнай пачалася з экскурсіі па музеі. За той час, што госць не быў у школе – а прайшло ўжо амаль пяць гадоў – музей папоўніўся новымі экспанатамі і артэфактамі. І таму дзяўчаткі-экскурсаводы расказалі пра тыя змены, што адбыліся ў школе і ў музеі, і яшчэ раз нагадалі Святаславу Станіслававічу пра гісторыю школы і слынных землякоў, якімі багата гудагайская зямля.
Сустрэча прадоўжылася ва ўтульным кабінеце, дзе сабраліся старэйшыя вучні, якія літаральна засыпалі Святаслава Станіслававіча пытанямі.
…Святаслаў “пазнаёміўся” з Гудагаем у 1964 годзе, калі сям’я хлопчыка пераехала сюды з Гураў.
– У параўнанні з ціхімі Гурамі і гэткімі ж Гурскай і Альгінянскай школамі, дзе я вучыўся, у Гудагаі была цывілізацыя, – з усмешкай узгадвае Святаслаў Станіслававіч. – Ужо адно тое, што тут адзін за адным прабягалі цягнікі, настройвала на больш хуткі лад жыцця.
Тады ён нарадавацца не мог, што будзе жыць у вялікім пасёлку – прынамсі, такім ён здаваўся хлопчыку. А вось цяпер, наадварот, на памяць Святаславу Станіслававічу чамусьці часцей прыходзяць згадкі пра Гурскую школу, дзе маленькага хлопчыка вучыла маці і дзе ў адным класе займаліся вучні розных узростаў, пра родны дом і ціхую вёсачку...
Вучыцца хлопчыку падабалася заўсёды і ўсюды. Таму, калі ў 5 класе у школу прыехалі карэспандэнты з папулярнай піянерскай газеты, у іх поле зроку трапіў менавіта Святаслаў. У газеце выйшаў артыкул “Слава крочыць па мерыдыяне” – напэўна, ужо тады запалілася якрая зорачка гэтага таленавітага чалавека. З таго часу Святаславу Станіслававічу не раз даводзілася быць героем журналісцкіх матэрыялаў.
Ды і сам ён за сваё жыццё напісаў сотні артыкулаў, стаў укладальнікам многіх падручнікаў па вучэбных дысцыплінах, якія цяпер ён выкладае ва ўніверсітэтах Санкт-Пецярбурга.
Па першай адукацыі Святаслаў Станіслававіч вайсковец – закончыў Данецкае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча інжынерных войск сувязі. Праз шэсць гадоў службы трапіў у Ленінград – і вырашыў прадоўжыць вучобу, падаў дакументы ў Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт на гістарычны факультэт. Пасля закончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі. Менавіта ва ўніверсітэце ён захапіўся сацыялогіяй – на той час паліталогія і сацыялогія сталі вельмі папулярнымі навукамі. І за чатыры гады Святаслаў Станіслававіч паспеў не толькі закончыць факультэт сацыялогіі, але і абараніць доктарскую дысертацыю. Праз два гады ён – прафесар тэорыі і гісторыі сацыялогіі Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта.
І як за такі кароткі тэрмін можна было ўсё паспець?
– Усё вельмі проста, – адказвае Святаслаў Станіслававіч. – Каб чагосьці дасягнуць, трэба старанна працаваць. Так і рабіў. Днём працаваў і служыў, а ноччу зноў настойліва працаваў над сабой.
Святаслаў Станіслававіч і сёння не адпачывае, нягледзячы на тое, што ў 2001 годзе ў званні палкоўніка пайшоў у запас і, здавалася б, мог бы адпачыць, цалкам прысвяціць сябе сям’і. Наадварот, ён лічыць, што цяпер пачалося больш цікавае жыццё. Сёння Святаслаў Станіслававіч выкладае ў трох вышэйшых навучальных установах, чытае спецкурсы, адзін з якіх – “Ваенная сацыялогія” – эксклюзіўны, працуе над зборнікамі, манаграфіямі, вучэбнымі дапаможнікамі.
Святаслаў Станіслававіч і Людміла Іванаўна выгадавалі двух сыноў. Старэйшы Ігар закончыў тры вышэйшыя навучальныя ўстановы. Малодшы Дзіма пайшоў па слядах бацькі – заняўся сацыялогіяй. Сёння ён ужо абараніў кандыдацкую дысертацыю, працуе ў дзвюх ВНУ. Бацькі ганарацца сваімі сынамі, якіх заўсёды выхоўвалі на ўласным прыкладзе і з перакананнем, што, каб чагосьці дасягнуць, трэба вучыцца.
Сустрэча са знакамітым земляком праляцела вельмі хутка. За гэты час Святаслаў Станіслававіч не раз нагадаў, што жадаў бы бачыць сваіх землякоў – школьнікаў і настаўнікаў Гудагайскай школы – у сябе ў гасцях.
На памяць аб сустрэчы прафесар падарыў школьнаму музею некалькі вучэбных дапаможнікаў, уласныя дакументы і ўзнагароды, дыскі пра выдатныя мясціны Санкт-Пецярбурга.
А школьнікі ў сваю чаргу падарылі знакамітаму земляку буклеты аб Астравецкім раёне і школьным музеі “Зямля гудагайская”.



Бліц-апытанне

Святаслаў Станіслававіч – чалавек заняты. Нават калі прыязджае на радзіму, часу ў яго катастрафічна не хапае. Не было яго і на доўгія размовы. Затое госць згадзіўся адказаць на некалькі кароткіх пытанняў, якія характарызуюць яго.
– Вы шчаслівы чалавек?
– Так!
– Вы заўсёды гаворыце тое, што думаеце?
– Канешне!
– Верыце ў шанцаванне?
– Так!
– Як вы лічыце, што нельга прабачыць?
– Здрады!
– Калі б у вас быў адзін мільён еўра, на што б вы яго растрацілі?
– На падарожжы.
– Ці ёсць у вас кнігі, якія вы любіце перачытваць?
– Свае.
– Ад чаго вы стамляецеся?
– Ад беспрацоўя і гультайства.
– Ці ёсць у вас любімы занятак?
– Асноўная работа не пакідае часу на любімыя заняткі. А вось адпачываць люблю на дачы і на прыродзе.
– Ці бывае ў вас дрэнны настрой?
– Калі заняты работай, на гэта не стае часу.
– Якім вам бачыцца будучыня вашых дзяцей і ўнукаў?
– Старт у іх добры, спадзяюся, што і ўся жыццёвая дыстанцыя будзе такой жа добрай і светлай. Галоўнае – каб гэтаму садзейнічалі знешнія абставіны.
– Ці бываеце вы незадаволены сабой?
– Канешне.
– А сям’ёй?
– Ніколі!
Вы ведаеце свой радавод?
– На жаль, час ужо ўпушчаны. Калі жыла радня і была магчымасць распытаць – не хапала часу. Цяпер аднавіць штосьці складана. Спрабаваў заняцца сваім радаводам, калі рыхтаваўся да дысертацыі. Працаваў з дакументамі ў архівах, з’явіліся некаторыя зачэпкі, але развіць іх не атрымалася.
– Ці любіце вы танцаваць, спяваць?
– Танцаваць любіў. Праўда, даўно, у маладосці. А цяпер люблю слухаць музыку. Якую? Розную, залежыць ад настрою.
– А што б пажадалі сваім землякам, вучням і настаўнікам Гудагайскай школы?
– Шчасця, поспехаў, здароўя і радасці.


--------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.