Сделать жизнь интересной и яркой

18:00 / 22.04.2013
Поспех – выдатны стымул. Праведзены ўпершыню і так ўдала раённы фестываль творчасці ветэранаў працы не проста прадэманстраваў узоры высокага выканаўчага і мастацкага майстэрства, але і выявіў невычэрпны патэнцыял крэатыву ў людзей “залатога” ўзросту. І – абудзіў у многіх прагу дзейнасці.

Пры раённым савеце ветэранаў склалася група завадатараў на чале з надзвычай ініцыятыўным чалавекам – Данутай Францаўнай Чарнушэвіч, якая і стварыла клуб “Актыўнае даўгалецце”. У Дануты Францаўны багаты вопыт арганізацыі падобных камерных мерапрыемстваў – яе “Гасцёўня” дзейнічае пры раённай бібліятэцы ўжо каторы год. А цяпер чытальня гасцінна прыняла ў сваіх сценах і ветэранскі клуб.
Першае пасяджэнне прымеркавалі да Сусветнага дня здароўя – бо што яшчэ найбольш турбуе сёння людзей старэйшых пакаленняў? Душа ж яшчэ маладая, прагне актыўнай дзейнасці, а фізічных сіл часам нестае… Як іх умацаваць і надаўжэй захаваць – зрабіць сапраўды залатой сваю восень (45-59 гадоў – сярэдні ўзрост), бадзёрай – зіму (60-75 гадоў – пажылы) і з задавальненнем ад жыцця перайсці ў шэрагі доўгажыхароў?
Размову на гэтую тэму распачала, як і належыць, урач – Ванда Міхайлаўна Аўлас. Выдатны спецыяліст-афтальмолаг, яна актыўна цікавіцца іншымі аспектамі захавання здароўя ў пажылым узросце, таму змагла паведаміць аднаклубнікам шмат карыснага і цікавага. А яе асабістае крэда – не заганяць сябе ў рамкі чатырох “Т”: тапкі, тахта, тэлевізар, тлушч. Ва ўсім захоўваць меру, нават у грашах. Адчуваеце гумар? Ён жа дапамагае нам жыць!
А затым і іншыя госці ажывіліся, пачалі распавядаць, як яны змагаюцца з узроставымі немачамі і стараюцца не паддавацца старасці. Медсястра Галіна Архіпаўна Вайцяхоўская штогод засявае палову агарода лекавымі раслінамі і можа па памяці выдаць з дзясятак рэцэптаў гаючай гарбаты, цікавіцца нетрадыцыйнай медыцынай і ахвотна паказала некалькі прыёмаў самамасажу. Настаўніца Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч усё жыццё працавала і зараз час дарма не бавіць – шчыруе на ніве музейнай справы. Яе жыццёвае правіла такое: калі цябе пакрыўдзілі, павярніся і адыйдзі у бок. Заўтра ўсё стане на свае месцы – крыўдзіцель выбачыцца і крыўда забудзецца. А не выбачыцца – такой бяды! Колішнія выхвальніца дзіцячага садка Любоў Аляксееўна Падалянчык і настаўніца матэматыкі, а па сумяшчальніцтву – лірык Марыя Паўлаўна Леановіч спаўна рэалізуюць сваё хобі – стасункі з лесам, аб назіраннях за зялёным сябрам могуць распавядаць гадзінамі. Іх калега Алена Чаславаўна Русецкая і інжынер-будаўнік Ніна Станіславаўна Марыняк – прызнаныя майстры-кветкаводы, чые сядзібы – сапраўдныя эдэмскія куточкі. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, усур’ёз захапіўся садаводствам Леанід Уладзіміравіч Батура, рознымі самаробкамі – Ніна Арсеньеўна Шчэрбань. Ірына Антонаўна Стэх ажыццявіла сваю даўнюю мару – спяваць на сцэне, выступае з хорам “Польскае рэха Астраўца”, а Ларыса Аляксандраўна Мартынава спрабуе сілы і голас ў аўтарскай песні. Вольга Міхайлаўна Зарэцкая паспяхова асвоіла камп’ютар і актыўна стасуецца ў сацыяльных сетках. Ёсць у клубе і рыбакі, і майстрыхі-вязальшчыцы ды вышывальшчыцы…
Дэвіз ветэранскага клуба – “Спяшайцеся рабіць дабро” – знайшоў разуменне і падтрымку ў кіраўніка раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольгі Іосіфаўны Руднік, і яна прапанавала распрацаваць сумесны праект у падтрымку ветэранскіх ініцыятыў – арганізацыі самадапамогі (прыклады ужо ёсць), культурнага адпачынку ветэранаў, правядзення клубнай работы. Як бачым, перад раённай і пярвічнымі ветэранскімі арганізацыямі адкрываюцца прывабныя перспектывы ў агульнай карыснай справе – зрабіць жыццё людзей шаноўнага ўзросту цікавым і яркім.


--------------------------
Таіса СЯМЁНАВА.


Фота з сайта e-quilibrium.ru.