Сын не свайго часу

09:05 / 04.10.2010

Аляксандр Лявонцьевіч цяжка ўздыхнуў і закрыў апошнюю старонку сямейнага фотаальбома, у якім да гэтага ці не гадзіну перабіраў каржакаватымі пальцамі пажоўклыя здымкі, падносіў іх да блізарукіх вачэй, углядваўся, беспаспяхова намагаючыся знайсці хоць адну са сваёй выявай.
—Не любіў я фатаграфавацца, – падняў ён на мяне свае стомленыя блакітныя вочы. – Ведаеце, колькі людзей загінула толькі з-за таго, што на фотакартцы апынуліся побач не з тым, з кім трэба?





Яго не назавеш сынам свайго часу. Хутчэй наадварот -- ён апярэдзіў свой час. І хоць падобных яму жыццё не песціла – ён не сагнуўся, не зламаўся, не скарыўся. Захаваў сваю думку, сваё меркаванне, свой погляд на рэчы, на гісторыю. Падчас спрэчны, падчас смелы, нечаканы. Прынамсі, для людзей яго пакалення, Роўда мае права на асабістае меркаванне, на ўласную ацэнку гісторыі, таму што сам з’яўляецца часткай гэтай гісторыі.
Але вось я сяджу насупраць чалавека, які нарадзіўся пры Леніне, жыў і ваяваў пры Сталіне, вучыў дзяцей пры Хрушчове і Брэжневе, стараюся не ўпусціць ніводнага яго слова – але замест расповеду аб гераічным мінулым мушу выслухоўваць доўгае, падрабязнае апісанне нейкага адміністрацыйнага будынка ў яго вёсцы, пабудаванага яшчэ за “польскім часам” і зусім не разумею сэнсу гэтага расказу.
Аднак не ўсё так проста. І ўспамін пра двухпавярховы цагляны будынак з фундаментам у рост чалавека з часанага каменя таксама не выпадковы. За ім – боль і неразуменне, уласцівыя сапраўднаму гаспадару, па прычыне неразумнага знішчэння гэтага дома ў гады вайны. Рашэнне аб яго спаленні, нічым не абгрунтаванае, было прынята на яго вачах, у доме яго бацькі перад самым вызваленнем. Ніколі ў ім не мясціліся ні паліцыя, ні ваенны гарнізон. І ў стратэгічным плане будынак не ўяўляў ніякай небяспекі. Аднак партызаны так вырашылі – і за адну ноч ад яго засталося толькі папялішча.
“Не разумею”, — паціскае плячыма Аляксандр Лявонцьевіч.
Не разумее, не прымае сэрцам ён многае з таго, што бачыў, што перажыў.
Калі пачалася калектывізацыя і ў сялян сталі забіраць – абагульняць — тое, што яны нажывалі, зберагалі, прымнажалі, не шкадуючы сіл, не адно пакаленне.
“Мужыкі з многім маглі пагадзіцца, многае прыняць, але толькі не адабранне коней! Што гаспадарка без каня? Пустое месца!”
Яго бацькі былі простымі сялянамі. Жылі ў невялікай вёсцы – 4 двары – паблізу Мядзела. Сям’я, нават па сённяшніх мерках, невялікая – бацька, маці і двое дзяцей. Жылі з зямлі. Яе хоць і не шмат было, але на ўласны хлеб хапала. Ну, а каб зарабіць на масла, трэба было ісці на паклон да пана, таму што выгадаваць кароўку без яго дапамогі было немагчыма – сенакос толькі на яго землях. Той, праўда, не скупіўся і выдзяляў яго шчодра. Зразумела, з пэўнай умовай: воз сена сабе, воз -- яму. Ды яшчэ дзень працы ў месяц у яго гаспадарцы. Яна, дарэчы, была зусім не дармовай -- сем пудоў збожжа ў месяц. На святы – па паўтара пуда якаснай мукі. Праца жанчын і ўвогуле грашыма аплачвалася.
Так -- не бедна і не багата – і жылі.
Прывычны ўклад жыцця пачаў руйнавацца 17 верасня 1939 года.
“Я у той дзень быў па нейкіх справах у Мядзелі. Вяртаюся дадому – і бачу вайскоўцаў з чырвонымі зоркамі на фуражках, ваенную тэхніку. Ніхто падобнага не чакаў. Адкуль мы тады маглі ведаць, што ў свеце робіцца? Газет не было, радыё толькі ў пана, ды яшчэ, напэўна, у ксяндза і настаўніцы.”
Чырвонаармейцы напачатку паводзілі сябе падкрэслена асцярожна і адасоблена. Любых стасункаў з мясцовым насельніцтвам пазбягалі. Нават ад пачастункаў адмаўляліся. Толькі калі хто кошык яблыкаў прама ў машыну паставіць, падарунак прымалі.
З прыходам новай улады жыццё не магло не змяніцца. Калгасы, праўда, перад вайной удалося арганізаваць толькі ў двух вёсках – затое з’явіліся новыя павіннасці па будаўніцтву аэрадромаў, якія сталі актыўна ўзводзіцца ў прыгранічных раёнах. І плаціць за гэту работу, канешне, ніхто не збіраўся. Але наракаць не выпадала – у адзін момант можна было апынуцца далёка ад роднага дома.
“Перад вайной сапраўды было шмат шпіёнаў і дыверсантаў… Знешне яны нічым не адрозніваліся ад мясцовых жыхароў. І ўсё ж штосьці ледзь прыкметнае ў касцюме, тканіне, з якой ён пашыты, папярос, якія яны курылі, выдавала ў іх чужынцаў. Некаторых мы потым, пасля прыходу гітлераўцаў, убачылі ўжо ў новым акружэнні”.
Пакуль сапраўдныя ворагі амаль свабодна разгульвалі па гарадах і вёсках, махавік рэпрэсій падмінаў пад сябе звычайных сялян, настаўнікаў, урачоў, свяшчэннікаў…
“Гэта было вельмі проста – расправіцца з чалавекам. Досыць утраіх напісаць заяву – і ўсё: быў чалавек – і няма.”
Напэўна, тады ў ім і выпрацавалася асцярожнасць у стасунках з людзьмі. Своеасаблівы сацыяльны інстынкт самазахавання. Які, праўда, не меў нічога агульнага з паралізуючым страхам. Яго чалавечая сутнасць заставалася непарушнай. Так было і ў тую ноч, калі ў пакой, дзе ён, сакратар аддзела народнай адукацыі, жыў з калегам і сябрам, без стуку ўвайшлі людзі. У цемры тыцнулі пальцам: “Збірайся!” “Я?” -- перапытаў Роўда. “Не ты – ён!” – адказаў незнаёмы голас.
На наступны дзень ён пайшоў да загадчыка аддзела, які яшчэ з’яўляўся і дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР: “Вы яго ведаеце і я яго ведаю! Ён не вораг!”
Рызыкаваў? Канешне! Але па-іншаму не мог…
Дзень 22 чэрвеня 1941 года выдаўся сонечным, пагодлівым. Моладзь вырашыла скарыстаць яго для адпачынку на прыродзе. Не паспелі выбрацца за вёску, як участковага ўпаўнаважанага, які быў сярод іх, тэрмінова выклікалі ў сельсавет. Неўзабаве ён вярнуўся і паведаміў страшную навіну: “Вайна”.
У той жа дзень была сфарміравана валасная мабілізацыйная камісія, працаваць у якой было даручана і Роўду.
За два дні паспелі сфарміраваць некалькі груп і адправіць у Мінск. А на трэці аднекуль прыехалі ваенныя. Агледзеліся наўкол, распыталі што адбываецца, пераглянуліся між сабой – і загадалі, не марудзячы, распусціць людзей, што прыйшлі на зборны пункт, па дамах. Часу на іх адпраўку ўжо не было. Праз некалькі гадзін у мястэчку з’явіліся немцы…
“Гэты час, калі Савецкая ўлада адступіла на ўсход, а новая яшчэ не з’явілася, быў не самым лепшым. Шок, апусташэнне, бязуладдзе… Людзі кінуліся рабаваць тое, што не паспелі вывезці. Найперш пазабіралі дадому калгасную жывёлу. Затым чарга дайшла да інвентару, потым – да крамаў. Бралі ўсё, нічым не грэбуючы. У Мядзелі разрабавалі прадуктовую базу. Начальства спачатку хацела неяк перашкодзіць, а потым махнула рукой: не немцам жа пакідаць?!”
Устанаўленне “новага парадку” пачалося з фарміравання паліцэйскіх гарнізонаў. Некага дзеля гэтай мэты немцы прывезлі з сабой, некаторых ахвотнікаў знайшлі на месцы, а каго і прымусілі. Праўда, парадак новых гаспадароў якраз цікавіў менш за ўсё. Галоўнае прызначэнне паліцыі заключалася ў забеспячэнні бесперапынных паставак у Германію хатняй жывёлы: кароў, коней, свіней…
“Пакуль не ўзніклі партызанскія атрады, паліцыянты адчувалі сябе досыць свабодна і бяспечна. Але пасля таго, як у лесе быў расстраляны першы абоз, настрой іх змяніўся.”
Аднойчы ноччу, позняй восенню, у дом Роўдаў асцярожна пастукалі. Тады ніхто не пытаў, што за госць прыйшоў, таму што паліцаі маглі назвацца партызанамі, а партызаны – паліцаямі і сурова спытаць гаспадара, каго ён на самай справе чакаў? Вось і бацька, запаліўшы лучыну, моўчкі адчыніў дзверы.
Парог пераступілі двое. Старэйшы, з папахай на галаве і бялюткім падваратнічком, адразу прысеў за стол. Другі, у вайсковым шынялі без пагон, з вінтоўкай у руках, прыпыніўся ля дзвярэй. Бездакорны знешні выгляд начных гасцей якраз і выклікаў падазрэнне гаспадара.
—Вы з якой паліцыі будзеце? – адразу вырашыў ён расставіць кропкі над “і”.
—Мы не з паліцыі. Мы – партызаны, – адказаў старэйшы.
Падмацаваўшыся няхітрай сялянскай ежай, госці папрасілі белай тканіны. Маці прынесла рольку даматканага палатна.
—Гэта таксама зброя, -- прамовіў малодшы і сунуў яго пад паху. Як высветлілася, белая тканіна была патрэбна партызанам для маскіровачных халатаў.
—А ты чаму не ў партызанах? – старэйшы ўпёрся пранізлівым позіркам у Аляксандра.-- Пойдзеш з намі!
—Так вось, адразу? – замяўся той. – Дайце хоць сабрацца. Прыйдзіце праз тыдзень, ці скажыце дарогу – сам прыйду.
Крыху павагаўшыся, начныя госці вырашылі маладога хлопца з сабой не забіраць. Ён спатрэбіўся ім тут, у вёсцы – неабходную інфармацыю здабыць, прадукты нарыхтаваць.
А на фронт Аляксандр Лявонцьевіч трапіў ужо пасля вызвалення Беларусі.
“Напачатку, пасля мабілізацыі, вядома, прайшоў дэталёвую праверку. Усе яе праходзілі, хто жыў на акупіраванай тэрыторыі: Хто? Што? Чым займаўся? Каму служыў?”
Пасля праверкі юнака накіравалі ва Уладзімір для навучання. Рыхтавалі з яго артылерыста, але найбольшыя страты ў вайну цярпела пяхота. Туды ён і трапіў, калі прыбыў у 136-ты Віцебскі Чырвонасцяжны полк 3-га Беларускага фронту, што побач з Докшыцамi. А ўжо там яго залічылі другім нумарам кулямётнага разліку. Тая яшчэ служба! Пастаянная мішэнь для варожых снайпераў.
“Кулямётныя стужкі вырабляліся са звычайнага брызенту. Матэрыял мяккі, таму надзейна патрон не фіксаваў. Трапіць стужка ў ваду ці гразь – кулю абавязкова ў ствале заклініць. Пакуль кулямёт не разбярэш – ваяваць не будзеш. А фашысты тым часам ва ўсю стараюцца. Здаецца, зросся б з зямлёй!”
Пачынаць вайну Роўду выпала ва Усходняй Прусіі, пад Кенігсбергам. Гэты кавалак зямлі немцы ператварылі ў сапраўдную цытадэль і трымаліся за яго з безвыходным азвярэннем асуджаных на верную пагібель людзей.
“Роўнае, як стол, поле. Ні дрэўца, ні кусціка. Усё як на далоні — мышы няма дзе схавацца. Мы ж атрымалі загад замацавацца на перадавой, на адной з высотак, пасярод гэтага поля. Немцы б’юць амаль бесперапынна. Снег чорны ад разрываў і гары.
Неяк дабраліся да месца, занялі пазіцыю. Ды пад агнём праціўніка пераблыталі месцы! Я лёг на месца першага нумара, а ён – на маё. Амаль у тое ж імгненне адчуў моцны ўдар у левае плячо — нібы абухом ударылі – і цёплыя ручайкі, якія пакаціліся па целу ўніз. Праз хвіліну ўпаў мёртвым мой першы нумар. А неўзабаве ад кулямётнага разліку з пяці чалавек у жывых застаўся толькі я. Так за некалькі імгненняў з намі расправіўся нямецкі снайпер.”
Куля, якая трапіла ў Роўду, аказалася “сляпой”. Гэта значыць, застрала ў целе – крыху вышэй сэрца. Не паспеў, відаць, снайпер яшчэ прыстраляцца, калі ўзяў на мушку рускага кулямётчыка. Хоць і цэліў у самае сэрца.
Сцякаючы крывёй, дабраўся да тылавых пазіцый. Адтуль параненага адправілі ў медсанбат. Ваенны ўрач узяў было ў рукі скальпель і намерыўся вымаць кулю, але нечакана перадумаў і адправіў Аляксандра Лявонцьевіча ў шпіталь, што знаходзіўся ў Каўнасе.
“Прывезлі мяне туды. Паклалі ў палату. Амаль пустую. Заснуў. А калі прачнуўся, першае, што ўбачыў – яшчэ адзін ложак над галавой. А над ім яшчэ адзін. І так ва ўсёй палаце. І на ўсіх – параненыя. Такой была цана штурму Кенігсберга”.
У Каўнасе таксама не адважыліся на аперацыю. Аб прычыне Роўда даведаўся, калі прыбыў у наступны шпіталь, на гэты раз – у Казань. Там доктар яму і паведаміла сумную навіну. Аперыраваць давядзецца сустаў. Будзе рука пасля гэтага працаваць, як і раней, ці ператворыцца ў плётку – аднаму Богу вядома. А так, без аперацыі – валасы не прычэшаш, дык хоць папяросу да вуснаў данясеш. На тым і пастанавілі.
Там жа ў Казані сустрэў Аляксандр Лявонцьевіч Роўда Перамогу.
Пасля шпіталя вярнуўся дадому, на Мядзельшчыну.
Перакладваць паперкі ў аддзеле не хацелася. Хоць прапанавалі яму пасаду інспектара школ дарослых павышанага ўзроўню. А калі гаварыць проста – школ для непісьменных. Адукацыя дазваляла – ажно 7 класаў паспеў закончыць да вайны – таму і папрасіўся ў школу настаўнікам.
Іх і да вайны было не шмат, а ў вайну немцы і тыя спалілі. Таму першая навучальная ўстанова, у якой давялося працаваць Аляксандру Лявонцьевічу, месцілася ў адным з пакояў звычайнага сялянскага дома. Сяк-так, на пару з настаўніцай, адмылі яго, мужыкі змайстравалі парты – пачаліся заняткі.
“Па праўдзе кажучы, аб прафесіі настаўніка ніколі нават не марыў. І хто яго ведае, каб не Савецкая ўлада, то займаўся б, напэўна, сельскай гаспадаркай. Ці кавалём стаў. Была ў мяне да гэтай справы ахвота. Але сталася так, як сталася…”
Сваёй першай зарплаты маладому настаўніку хапіла ажно… на кошык бульбы. Асабліва па тым не бедаваў – не аднаму яму цяжка было. Ды за дзецьмі, школьнымі клопатамі, падрыхтоўкай да заняткаў неяк і не да сумных думак было.
У пачатку 50-х Роўду накіравалі ў вёску Караняты тагачаснага Свірскага раёна.
“Памятаю, быў у гэтай школе цудоўнейшы клас! Сёмы. 14 вучняў і ўсе, як на падбор – разумныя, старанныя! Толькі ў аднаго чамусьці не ладзілася з матэматыкай. Дырэктар школы, яна ж настаўніца матэматыкі, настойвала на тым, каб не дапускаць яго да экзаменаў. Колькі мне каштавала сіл, каб пераканаць яе! Урэшце дабіўся свайго! Здаў ён неяк тую матэматыку. А пасля школы паступіў у чыгуначны тэхнікум! Я потым сказаў дырэктару: “А мы ж маглі ўсё жыццё хлопцу паламаць!”
Там жа ў Каранятах Аляксандр Лявонцьевіч закахаўся ў прыгожую дзяўчыну, фельчара мясцовага ФАПу. Неўзабаве маладыя людзі згулялі вяселле. Толькі вось будаваць уласную сям’ю ў пакоі чужога дома – не самае вялікае шчасце.
—Не паліце моцна печ – разваліцца! – бурчэла гаспадыня.
“А як хлеб спекчы, печ не напаліўшы? Карацей кажучы, сталі мы шукаць уласнае жыллё. А тут яшчэ школу Караняцкую закрылі. Так і перабраліся мы ў Газу”.
У школе гэтай вёскі адпрацаваў Аляксандр Лявонцьевіч ажно 30 гадоў. Выкладаў біялогію, даглядаў разам з вучнямі за школьным агародам. Ды так, што не было ні аднаго года, каб школьная сталоўка засталася без уласнай гародніны!
У 1991 годзе, пасля 46-ці гадоў бесперапыннай педагагічнай працы, пайшоў на пенсію. Праўда, са “спазненнем” на 10 год – не мог развітацца са школай. Не ўяўляў свайго жыцця без урокаў, вучняў, калег па працы… Першыя гады пасля выхаду на пенсію ногі самі ішлі да школы.
“Ведаю, што няма там для мяне ніякага клопату, ніякай патрэбы… А прайсці міма не магу…”
Потым прайшоў час – і сцяжынка да школы зарасла сама сабой. А зараз няма ўжо і школы…


Аляксандр Лявонцьевіч паклаў альбомы з фотакарткамі ў шафу. Акуратна прычыніў дзверцы, задумаўся, нібы нешта ўспамінаючы, і сказаў:
—За 46 гадоў працы я ні разу не ўдарыў свайго вучня. Нават за вуха не пацягнуў!
—Няўжо ў вас ніколі не было непаслухмяных вучняў? – не замарудзіў удакладніць я.
—Былі, канешне! – усміхнуўся Аляксандр Лявонцьевіч. – Але крыўдзіць дзяцей я лічыў ніжэй свайго гонару. А разгільдзяям звычайна гаварыў: хай беражэ цябе Бог ад працы настаўніка!


Эдуард СВІРЫД.