Праскоўя Клімаўна Мікалаева з вёскі Мікшаны адзначыла сваё 100-годдзе

14:10 / 21.09.2010

Жыццё чалавека, прынамсі, яго працягласць – велічыня адносная. Нехта жыве, як гарыць – і пакідае пасля сябе, як камета, яркі след добрых і прыгожых спраў. А іншы, здаецца, ужо нараджаецца пенсіянерам і адно толькі скардзіцца на жыццё, крэкча, квокча – ні блізкім ад такога радасці, ні сабе карысці…


Праскоўя Клімаўна Мікалаева жыццё пражыла насычанае, цяжкае і цікавае. Усё ў ім умясцілася: і каханне, і замужжа, і нараджэнне дзяцей, і вайна, якая зруйнавала яе родную Смаленшчыну ўшчэнт, і смерць мужа, і спроба немцаў вывезці яе з малымі дзецьмі ў Германію. Якая закончылася тым, што аселі Мікалаевы на Астравеччыне… Беларуская зямля стала для іх другой радзімай, а Мікшаны, дзе пабудавала хаціну ўдава, – роднай вёскай.
Усё яе жыццё ўспамінаць – памяці не хопіць, а кнігу пісаць – шматтомны раман атрымаецца. Бо днямі Праскоўя Клімаўна адзначыла свой стогадовы юбілей.
Для свайго ўзросту гэта яшчэ рухавая жанчына – прынамсі, як жартуе яе дачка Ганна Пятроўна, якая жыве разам з ёй, маці ходзіць па двару з адной кавенькай, а дачка – з дзвюма. За сваё жыццё Праскоўя Клімаўна ні разу не ляжала ў бальніцы. А цяпер, калі дактары прыходзяць да іх у дом, пытаецца толькі адно: ці прывезлі яе смерць? Кажа, што зажылася на гэтым свеце, хоча ўжо “дамоў”…
Але Бог кожнаму дае свой адрэзак шляху, які трэба прайсці – Праскоўя Клімаўна па сваім яшчэ крочыць, хоць і з вялікімі цяжкасцямі, абапіраючыся на кіёк.
Каб павіншаваць маці са стогадовым юбілеем, прыехаў з Карэліі сын. Унучка, якая жыве ў Астраўцы і на плячах якой знаходзіцца догляд за дзвюма старымі жанчынамі – стогадовай бабуляй і 72-гадовай маці – у Мікшанах не госць, гэта яе стараннямі дагледжаны адзінокія жанчыны.
А ў дзень юбілею да Праскоўі Клімаўны завіталі і ганаровыя госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч, начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Часлава Эдуардаўна Кандратовіч, старшыня савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт, старшыня Гудагайскага сельскага Савета Марыя Іванаўна Безляповіч, прадстаўнікі СВК “Гудагай – рабоце ў калгасе жанчына аддала шмат гадоў свайго жыцця. Усе – з кветкамі, з падарункамі, з цёплымі пажаданнямі…
Дык “сто лят” вам, Праскоўя Клімаўна!


Ніна АЛЯКСЕЕВА.