Гаспадары жалезнай павуціны

18:52 / 30.07.2010
3
Цяжка ўявіць сучаснае жыццё без вакзалаў, цягнікоў, грукату колаў і доўгіх гудкоў лакаматыва – вешчуна расставанняў і сустрэч. Мяне, як, здаецца, і многіх, заварожвае язда на цягніках: за вокнамі мільгаюць лясы, палі, паўстанкі, бягуць наўздагон аблокі. Але гэта ўсё толькі рамантыка. Пераадольваць самыя вялікія адлегласці, сустракацца з роднымі, сябрамі, якія жывуць далёка ад вас, наведваць дарагія сэрцу ці зусім невядомыя мясціны, перавозіць важныя і патрэбныя грузы – усё становіцца магчымым дзякуючы рабоце чыгуначнікаў, якія заўтра адзначаюць сваё прафесійнае свята. З гэтай нагоды мы вырашылі завітаць на чыгуначную станцыю “Гудагай”, каб бліжэй пазнаёміцца з нашымі мясцовымі героямі свята і з работай станцыі ў цэлым.

Больш за ўсё станцыя ганарыцца тым, што мае статус прыгранічнай, і на будынку вакзала развяваецца Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Гэта – твар нашай краіны, першая мясціна, якую бачаць замежныя госці, калі ўязджаюць на тэрыторыю рэспублікі. І ад першага ўражання ў многім залежыць іх далейшыя адносіны да нашай краіны.


А для таго, каб гэтае ўражанне было прыемным, зроблена нямала. Завяршыўся капітальны рамонт будынка вакзала – абноўлены не толькі знешні выгляд, але і ўнутранае “убранне” памяшкання: папрыгажэлі прасторная зала чакання, білетныя касы, пункт абмену валют. Акрамя таго, зроблены капітальны рамонт будынка электрычнай цэнтралізацыі, пабудавана службова-тэхнічнае памяшканне, дзе размясціліся пагранічнікі, мытнікі, міліцыя, ветэрынарная служба, з’явілася новая кацельня, добраўпарадкавана прывакзальная тэрыторыя.
– За год выкананы вялікі аб’ём работ, – расказвае намеснік начальніка станцыі А.Г. Дарашкевіч. – Немалаважна, што мы палепшылі ўмовы працы работнікаў, правялі каналізацыю, падключылі цэнтральнае ацяпленне. З’явіліся пакоі для прыёму ежы, патрэбу ў якіх асабліва адчувалі зменныя работнікі.
З новаўвядзенняў: з 1 ліпеня пачаў дзейнічаць санітарна-эпідэміялагічны кантроль на мяжы Мытнага Саюза. Увогуле, тое, што станцыя прыгранічная, адбіваецца і на рабоце чыгуначнікаў. З аднаго боку, узнікаюць некаторыя цяжкасці, а з другога – гэта робіць службу цікавай і разнастайнай.
Кожны дзень на станцыю прыбывае каля 60 пасажырскіх і грузавых цягнікоў. Ажыццяўляецца пагрузка нашай прадукцыі і выгрузка тавараў для арганізацый раёна. У асенні перыяд пагрузка ўзрастае за кошт сельскагаспадарчай прадукцыі – у асноўным цукровых буракоў і збожжа, якія адпраўляюцца ў Гарадзею і Скідаль. Калі гаварыць мовай лічбаў, то за бягучы год пагрузка склала 398 вагонаў, а выгрузка – 853 вагоны. Франты выгрузкі даволі вялікія за кошт будаўнічых матэрыялаў, якія ідуць на будаўніцтва піянернай базы будучай АЭС. А адпраўляюцца ад нас у асноўным лесаматэрыялы. З уводам піянернай базы ў строй плануецца адкрыць 6 новых пуцей для грузавых перавозак.
Але што ж мы ўсё пра станцыю? Найвялікшая каштоўнасць любой арганізацыі – людзі. Штат работнікаў станцыі невялікі – 16 чалавек, але гэта дружны і зладжаны калектыў, многія адпрацавалі тут амаль усё сваё жыццё. Аргументы, якія работнікі прыводзяць на карысць прафесіі чыгуначніка, – найперш стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Што ні кажыце, а прафесія гэтая запатрабавана ва ўсе часы.
З 2002 года станцыю ўзначальвае Валянціна Аляксееўна Бенахомская. Працаваць сюды яна прыйшла ў 1992 годзе пасля заканчэння Аршанскага тэхнікума па спецыяльнасці “Эксплуатацыя чыгункі”. Чым прывабіла яе прафесія чыгуначніка? “Можа, таму што жылі мы каля чыгуначнай станцыі, і я любіла глядзець на цягнікі, якія імчаліся з хуткасцю ветру і знікалі за гарызонтам”, – кажа Валянціна Аляксееўна.
Падначаленых у Валянціны Аляксееўны пятнаццаць – чатыры дзяжурныя па станцыі, пяць білетных касіраў, чатыры работнікі таварнай канторы і два станцыйныя рабочыя.
Быць дзяжурным па станцыі – вельмі адказная работа, якая патрабуе вялікай уважлівасці. Асабліва калі пры парушэнні нармальнай работы ўстройстваў даводзіцца аддаваць загады паяздам. Да прыкладу, калі закрываецца пуць і арганізуецца рух цягнікоў па аднаму пуці, дзяжурнаму трэба падабраць расклад так, каб яны не сутыкнуліся. А адным націскам на кнопку пульта дзяжурны па станцыі адкрывае і закрывае сігналы і пераводзіць стрэлкі. Аказваецца, ужо з 1985 года няма дзяжурных стрэлачных пастоў, а ўсё электрыфікавана і стрэлкі ўключаны ў ЭЦ. А зараз яшчэ ўвялі сістэму аўтаматычнай ідэнтыфікацыі рухомага саставу, якая счытвае, колькі вагонаў прайшло ў бок Літоўскай Рэспублікі і назад. Сістэма гэта апрацоўвае толькі 50 працэнтаў паяздоў, а другую палову дзяжурны ўводзіць у камп’ютэр уручную, што значна ўскладняе яго работу.
Падчас майго наведвання на станцыі ў таварнай канторы працавалі Людміла Іосіфаўна Вафіна і Лілія Віктараўна Царэвіч. У іх шмат абавязкаў, асноўныя з якіх – гэта кантроль за прытрымліваннем тэхнічных умоў пагрузкі і выгрузкі, а таксама афармленне дакументаў.
А парадак і чысціня на станцыі – справа рук Яніны Іванаўны Мальдзіс і Наталлі Фадзееўны Дарашкявічус, якія клапоцяцца пра тое, каб і работнікам, і пасажырам было прыемна працаваць ці чакаць свой цягнік.
Работы на чыгунцы нямала, а з перспектывай будаўніцтва АЭС стане яшчэ больш – павялічыцца колькасць і пасажыраў, і грузаў.
А пакуль пажадаем усім работнікам чыгуначнай станцыі толькі зялёнага святла на іх працоўным і асабістым шляху!


Вольга ШОЎКУН.


Аляксандр Генрыхавіч Дарашкевіч, намеснік начальніка станцыі, у 1986 годзе скончыў Вільнюскі тэхнікум па спецыяльнасці “Кіраванне працэсамі перавозак на чыгуначнай станцыі” з адзнакай. Пытанне аб выбары прафесіі нават не стаяла: бацька Аляксандра быў чыгуначнікам у Вільнюсе, часта браў дапытлівага хлопчыка з сабой на работу. Здараліся і зусім шчаслівыя дні, калі маленькага Аляксандра бралі ў кабіну машыніста. А нядаўна Аляксандр Генрыхавіч звяртаўся ў Вільнюскі архіў і даведаўся, што яго прадзед працаваў стрэлачнікам у Новавільні. “Гэта покліч душы”, – так кажа Аляксандр, які ўжо пятнаццаць гадоў працуе на станцыі “Гудагай”. Работу сваю ён любіць і памяняць яе ні за што б не згадзіўся.



Відаць, у чыгуначнікаў развіта “сямейнасць” у выбары прафесіі. Марына Новікава, білетны касір на станцыі “Гудагай”, пайшла па слядах маці, якая таксама працуе на чыгунцы. Пасля заканчэння Аршанскага тэхнікума Марына ўладкавалася на працу на станцыю — і вось ужо тры гады адпраўляе пасажыраў у розныя куткі Беларусі і за яе межы. Зарэкамендавала сябе як адказны і ветлівы чалавек. Ёй падабаюцца пастаянныя зносіны з людзьмі. А чыгунка яе вабіла яшчэ з дзяцінства.



Вацлаў Вацлававіч Бароўка – прафесіянал са стажам, працуе на станцыі амаль 25 гадоў. Вучыўся ў тэхшколе ў Баранавічах, працаваў дзяжурным стрэлачнага паста ў Баранавічах, Солах. А потым быў прыняты на работу ў Гудагай дзяжурным па станцыі. У распараджэнні Вацлава Вацлававіча – пульт з мноствам кнопак: пераводзіць стрэлкі, адкрываць-закрываць сігналы, кіраваць аўтаномным генератарам, шэраг кнопак, якія задзейнічаны пры пазаштатных сітуацыях. “А вось зараз да нас набліжаецца цеплавоз”, – паказвае мне дзяжурны чырвоную стрэлку на пульце. А з увядзеннем сістэмы аўтаматычнай ідэнтыфікацыі рухомага саставу трэба глядзець не толькі за пультам, але і за камп’ютэрам. Галоўнае, лічыць Вацлаў Вацлававіч, — быць вельмі ўважлівым.