Галоўны ўрач Астравецкай бальніцы: вехі жыцця

15:52 / 28.05.2010

Ля былой туберкулёзнай бальніцы ў Каменцы растуць дзве бярозкі. Стоячы між стройных беластволых прыгажунь, Валянцін Ігнатавіч Тачоны выразна адчувае, які імклівы бег часу. Здаецца, яшчэ ўчора, у першы год сваёй працы на Астравеччыне, ён разам з сябрам пасадзіў гэтыя дрэўцы. А вунь якія яны вымахалі! Не дзіва – 36 гадоў прайшло… Як адзін дзень.
Так і жыццё яго непрыкметна падкралася да шасцідзесяцігадовай мяжы. Шэсць дзесяткаў гадоў праляцелі, прамільгнулі – і схлынулі, нібы сон, нібы шэсць кароткіх імгненняў, нібы знічка ў начным небе…


Радзіма
Іншае дрэўца вырвеш з коранем, упіхнеш у зямлю на новым месцы – і прыжывецца яно, забуяе неўзабаве лісцем і кветкамі. А другое, нібы дзіця, даглядаеш, паліваеш штодня, і без толку – засохне.


Як тое дрэўца, без сваіх каранёў Тачоны жыць не можа. Гродзеншчына для яго не проста радзіма. Па вялікаму рахунку, нідзе больш ён і не жыў. Тут вучыўся, тут закахаўся, усё жыццё працаваў. І нарадзіўся, канешне, таксама тут, у слонімскіх Рышчыцах.
Сёння гэта адзін з гарадскіх раёнаў, а ў яго дзяцінстве Рышчыцы былі звычайнай вёскай. Дом Тачоных, які бацька будаваў сваімі рукамі, стаяў на самым яе ўскрайку, на беразе маляўнічай Шчары.
Накупаўся ў яе водах Валянцін удосталь. Толькі купанне тое некалькі адрознівалася ад звычайнай хлапчуковай забавы.
Сям’я трымала кароўку, а за кормам для яе трэба было выпраўляцца на супрацлеглы бераг. Там прыватнікам дазвалялася абкошваць няўдобіцы, да якіх у калгаса не даходзілі рукі. Вось Валік з маці і пераплывалі на другі бераг, каб сярпамі нажаць для карміцелькі травы. Там надзімалі камеру ад трактара “Беларус”, якую заўсёды бралі з сабой, грузілі на яе корм і цягнулі назад, нібы бурлакі баржу. Свежая трава і без таго вагу мела добрую, а па дарозе яшчэ і намакала. Ды выйсця іншага не было – сколатымі, зрэзанымі асакой рукамі хапалі яе сын з маці і валаклі па стромкім беразе да хлява…
Хоць і пражыў ужо Валянцін Ігнатавіч на Астравеччыне некалькі разоў па столькі, колькі паспеў пажыць ў Рышчыцах, хоць даўно лічыць Астравец сваёй другой радзімай, душа яго па ранейшаму рвецца да бацькоўскага парога. Не такі блізкі свет – Слонім. Але выязджае ён туды – і часу не заўважае. А зваротны шлях падаецца вечнасцю.
Усё яму там блізкае, знаёмае і памятнае: кожная сцяжынка ў лесе, кожная травінка ў полі…
А яшчэ сябры, родная школа, настаўнікі. Гэта — нулявы мерыдыян яго жыцця. Аснова асноў. Куды б ні скіроўваў яго лёс, перш-наперш, у думках сувымяраў ён адлегласць ад новага месца да Рышчыцаў. Каб не страціць нешта вельмі важнае, каб не адарвацца далёка ад роднага кута, ад маці…






Роспач
Калі Валянцін Ігнатавіч быў яшчэ хлапчуком, маці захварэла. Захварэла цяжка. З падазрэннем на страшную хваробу яе паклалі ў бальніцу. Дзіцячае сэрца разрывалася на часткі ад крыўды і роспачы, усведамлення ўласнага бяссілля. Схаваўшыся далей ад старонніх вачэй, ён даваў волю пачуццям. Тады ж Валянцін цвёрда вырашыў, што ўсё сваё далейшае жыццё прысвеціць медыцыне.





Як ні дзіўна, маці выбар сына не ўхваліла. Мажліва, не хацела яго ад сябе далёка адпускаць, магчыма, з вышыні пражытых гадоў бачыла і разумела, наколькі гэта цяжкі крыж – адказнасць за жыццё чалавека.
Выдатна зразумеў гэта і сам Валянцін Ігнатавіч. Асабліва ў першы год сваёй працы на Астравеччыне.
Маладому фтызіятру дасталася надзвычай цяжкая спадчына. Гэта потым, на мяжы 80-х гадоў, цаной неймаверных намаганняў захворванні туберкулёзам у раёне удалося звесці ледзь не да нуля. А у пачатку прафесійнай кар’еры Тачонага кожная палата туббальніцы была запоўнена хворымі з найцяжэйшай, адкрытай формай гэтай хваробы. Не будзем у дэталях апісваць, што адбывалася, калі ў амаль дашчэнту «з’едзеных» туберкулёзам лёгкіх пацыента разрываўся чарговы крывяносны сасуд. Не прывядзі Гасподзь нікому тое ні перажыць, ні хоць бы ўбачыць. Для доктара ж гэта былі звычайныя працоўныя будні, сэнс і змест паўсядзённай працы.
І не толькі працы. Тут жа, пры бальніцы ён жыў са сваёй сям’ёй. Да таго часу, пакуль страшная хвароба не запатрабавала ў якасці ахвяры яго сына. Свайго першынца Валянцін Ігнатавіч выратаваў. Як выратаваў ад вернай смерці яшчэ дзесяткі, сотні сваіх пацыентаў.
Але ўсё гэта будзе потым, а ў далёкім 1967 годзе новаспечаны выпускнік сярэдняй школы рыхтаваўся да рэалізацыі сваёй мары – паступлення ў Гродзенскі медыцынскі інстытут.


Шчасце
Маці даведалася аб выбары сына толькі тады, калі ён ужо знаходзіўся ў цягніку на Гродна. Менавіта такое развіццё падзей прадугледжваў тайны план, распрацаваны родзічамі. Таму што самае большае, на што пагадзілася мама, – гэта на паступленне сына ў медыцынскае вучылішча. Па той простай прычыне, што знаходзілася яно ў Слоніме. Але ў Валянціна былі больш амбіцыёзныя планы. Калі паступаць, то адразу ў інстытут!


Увесь апошні год хлопец старанна рыхтаваўся – штудзіраваў профільныя прадметы, дадаткова кансультаваўся ў настаўнікаў, набываў патрэбную вучэбную літаратуру. Праца не прапала дарэмна. З першым экзаменам па біялогіі абітурыент справіўся на выдатна! Другім іспытам была хімія. І трэба ж здарыцца такому шчасцю – у дадатак да тых ведаў, што былі якраз па гэтаму пытанню, ён вычытаў адказ у часопісе «Навука і жыццё» літаральна напярэдадні! На адным дыханні расказаў усё выкладчыку, чым нямала таго ўзрадаваў, і ўжо прыгатаваўся было да выдатнай адзнакі, як у аўдыторыю зайшоў правяраючы.
— Выдатныя веды, кажыце? – перапытаў ён экзаменатара і коса паглядзеў на юнака. – А назавіце мне, малады чалавек, формулу буры…
Гэта было тое, што пазней у народным фальклоры атрымала назву экзамена без блату. Формулу буры Тачоны не ведаў. Затое потым запомніў яе на ўсё жыццё.
А здаць экзамен па мове яму дапамог… Ленін!
У той год краіна святкавала 70-ці годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Такое важнае ідэалагічнае мерапрыемства, як школьныя экзамены, ясная справа, не магло абыйсціся без раскрыцця вобраза правадыра сусветнага пралетарыяту. «Ленин – жил, Ленин – жив, Ленин будет жить!» – такую тэму школьнага сачынення прапанавалі ў той год выпускнікам сярэдніх школ краіны. А на экзамене ў інстытуце будучыя медыкі атрымалі самы сапраўдны падарунак – сачыненне на тэму “Ленин живее всех живых!». З арфаграфіяй Валянцін Тачоны ніколі бяды не меў, а ўсё астатняе было, што называецца, справай тэхнікі.
Паступленне ў інстытут было момантам яго самага сапраўднага шчасця. Да Валянціна нікому ў родзе гэтая вяршыня не скаралася. І хоць вучыцца было няпроста, хоць па начах прыходзілася падзарабляць вартаўніком у туберкулёзнай бальніцы, каб хоць неяк зменшыць ціск свайго навучання на бюджэт звычайнай сялянскай сям’і, ён адчуваў сябе самым шчаслівым на свеце.
Валянцін Ігнатавіч увогуле лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Так, дарога яго не была абсыпана пялёсткамі руж. Але заўсёды побач былі верныя, надзейныя людзі – сям’я, сябры, калегі… А злога ён не трымае ў сваёй памяці.


Крыўда
Калі вясковая пацанва збіраецца разам, а душа прагне прыгод, знайсці іх на сваю галаву – пара дробязяў. Эфектны феерверк, задуманы рышчыцкімі хлапчукамі, нечакана абярнуўся спаленым суседскім сараем. Старэйшы Тачоны не стаў доўга разважаць над спрадвечным рускім пытаннем “хто вінаваты?”, а што рабіць, ён і так ведаў: трэба прызнавацца. Бацькоўская дзяжка старанна выканала сваю работу. Хоць і быў ён каля таго феерверка з боку прыпёку, і ідэя была не яго – сваё атрымаў…


Тая дзіцячая крыўда хутка забылася і засталіся аб ёй у толькі вясёлыя ўспаміны.
Тачоны ўвогуле чалавек не крыўдлівы. Злое ў памяці не трымае і ў сэрцы не захоўвае. Гоніць прэч. Толькі вось з людской чэрствасцю, абыякавасцю, нічым неапраўданай жорсткасцю прымірыцца не можа. На жаль, з гэтым яму прыходзіцца сутыкацца ледзь не кожны дзень. У Астраўцы кожны ведае, што галоўны ўрач не з тых, хто “пераводзіць стрэлкі” на падначаленых. Хутчэй наадварот – свядома прымае ўдар на сябе і пры тым знаходзіць сілы заставацца чалавекам ураўнаважаным, чулым, спагадлівым. Як у яго гэта атрымліваецца? Сам Валянцін Ігнатавіч сцвярджае, што энергіяй падпітваецца ад зямлі, прыроды, ад сваіх кветак. Яго службовы кабінет сапраўды нагадвае аранжэрэю. І толькі абмежаванасць плошчы стрымлівае яе далейшае пашырэнне.
На дачы раслін яшчэ больш. Мае доктар адну “слабасць” – завёўшы адну кветку, імкнецца сабраць усе гатункі. Адных толькі касачоў каля сарака відаў вырасціў! Вось так, з роднай зямліцы, сілы да жыцця, працы і здабывае.


Каханне
Валянцін Ігнатавіч і Людміла Аляксееўна пазнаёміліся ў абставінах, далёкіх ад рамантычных. Нібы адчуваючы за гэта сваю віну, лёс паспяшаўся выправіць памылку і ў наступны раз звёў разам маладых людзей на сямейнай урачыстасці агульнага сябра.


Маладой настаўніцы будучы ўрач прыглянуўся адразу. Найперш сваёй ураўнаважанасцю, інтэлігентнасцю, уважлівасцю. Адна бяда – Валянцін вучыўся стацыянарна, а Людміла – завочна. Але адлегласць – каханню не перашкода. Праз тры гады пасля знаёмства маладая пара стварыла сям’ю. Калі б не гэтая акалічнасць ды яшчэ не беларуская філалогія, якую спасцігала Людміла Аляксееўна ў інстытуце, лячыць бы людзей Валянціну Ігнатавічу недзе ў ваколіцах Чыты ці Хабараўска. Праўда, замест расійскай глыбінкі сям’я ў выніку апынулася ў глыбінцы Гродзенскай вобласці. І хто яго ведае, што было лепей?
У той далёкі 1974 год на Астравеччыне разгарэлася эпідэмія яшчуру. Каранцін. Транспарт сюды не хадзіў. Дзякуй Богу, хоць самалёт свае рэйсы з Гродна ажыццяўляў рэгулярна. Першым да месца прызначэння дабраўся Валянцін Ігнатавіч. Жонка прыехала ў Астравец некалькі пазней і настолькі ўразілася ўбачаным, што адразу захварэла. Гарадок ёй падаўся невялікім, недагледжаным. Нармальнага жылля няма, месца працы для яе знайшлося толькі ў вячэрняй школе.
З Каменкі да пасёлка – амаль 5 кіламетраў. Пачатак заняткаў – у 19 гадзін, заканчэнне ў 23. Незайздроснае шчасце для маладога педагога, жонкі і маці. Муж кожны вечар спачатку праводзіў Людмілу Аляксееўну да месца працы, а затым сустракаў.
Па характару яны ўвогуле людзі розныя. Валянцін Ігнатавіч – сталы, разважлівы, нешматслоўны. Прынамсі, знешне. Людміла Аляксееўна наадварот – няўрымслівая, непаседлівая, гаманлівая.
Калі мужу ў чарговы раз прапаноўвалі новае месца працы, яна была гатова хоць у той жа дзень сарвацца з месца і выправіцца ў дарогу. Ён жа нязменна адказваў: “Мяне і тут усё задавальняе!”
Калі выхоўвалі сыноў, Людміла Аляксееўна, прафесійны педагог, магла “ўзброіцца” і непедагагічнымі сродкамі. Бацьку ж дастаткова было некалькіх хвілін, каб дзеці яго выдатна зразумелі з паўслова.
Нават рэдкія сваркі ў гэтай сям’і, па шчыраму і напалову сур’ёзнаму прызнанню гаспадыні, адбываліся выключна па ініцыятыве толькі адной палавінкі – не будзем удакладняць, якой…
Напэўна, такое спалучэнне характараў у выніку і змацавала, нібы два полюсы магніту, гэту цудоўную, дружную сям’ю, якая вельмі хутка справіць свой 40-гадовы юбілей.
А вось незвычайная шчырасць, клапатлівасць, спагадлівасць заўсёды былі ўласцівы ім абодвум.


Жыццё
Валянцін Ігнатавіч ужо двойчы дзед. Нармальны дзед, які песціць сваіх унука і ўнучку і гадзінамі можа пра іх расказваць.


Сыны хоць і “здрадзілі” Гродзеншчыне, але далёка ад бацькоўскага парога не ад’ехалі. Зрэшты, людзі ваенныя месца службы не выбіраюць. Сыны з бацькам на сувязі штодня. Як бацька – са сваёй маці.
Ён хацеў стаць урачом дзеля таго, каб яна жыла, і пасля таго, як здзейсніў задуманае, у маці ніколі не было іншага доктара, акрамя сына. На радасць дзяцей, унукаў і праўнукаў, акружаная любоўю і клопатам, яна перасягнула 80-гадовы юбілей свайго жыцця.
Напярэдадні свайго ўласнага юбілею Валянцін Ігнатавіч атрымаў віншавальную паштоўку ад свайго былога кіраўніка, загадчыка абласнога аддзела аховы здароўя, настаўніка па жыцці і прафесіі – Фёдара Антонавіча Багдановіча. “Выдатна памятаю той дзень, калі падпісаў загад аб вашым прызначэнні галоўным урачом – і ніколькі не шкадую аб прынятым рашэнні”, – напісаў у сваім віншаванні калега.
Апраўдаць спадзяванні, здзейсніць задуманае, быць патрэбным …
Ці не ёсць гэта тое, дзеля чаго і варта жыць? Проста жыць…


Эдуард СВІРЫД.