Не быў бы то Шэін!

19:10 / 06.10.2017

SHein_00.jpgЗдаецца, гэта было ўчора – хоць на самой справе на календары значыўся 1985 год. Я толькі пераехаў у невядомы мне Астравец з Дзятлава, дзе да гэтага працаваў у раённай газеце «Перамога». Трэба было абжывацца на новым месцы. І, вядома ж, наладжваць кантакты, знаёмствы – без гэтага журналісту ніяк. Пры любым зручным выпадку стараўся як мага больш даведацца пра справы ў тым ці іншым калектыве, пазнаёміцца з працаўнікамі розных устаноў і арганізацый. 

Неяк завітаў у раённы аддзел унутраных спраў – вядома ж, у першую чаргу пастукаўся да намесніка начальніка райаддзела па палітычнай частцы капітана міліцыі Сяргея Віктаравіча Шэіна. Мой новы знаёмы аказаўся не толькі шчырым і адкрытым суразмоўцам, але і вельмі спрактыкаваным у многіх жыццёвых пытаннях чалавекам. Вельмі хутка мы пасябравалі.
Я даведаўся, што Сяргей Віктаравіч таксама, як і я, не мясцовы: ён – карэнны гарадзенец, вельмі любіць Гродна, дзе нарадзіўся і вырас, закончыў гістарычны факультэт універсітэта. І менавіта з Гродна ён звязваў у марах сваю будучыню. Ды нездарма кажуць, што хочаш насмяшыць Бога – раскажы яму пра свае планы.
SHein_03.jpgСа школьнай пары хлопец вызна­чаўся актыўнасцю: як кажуць у Астраўцы, яго «ўсюды было поўна»: і ў мастацкай самадзейнасці, і ў школьных ды ўніверсітэцкіх мерапрыемствах. За любую новую справу Сяргей браўся з ахвотай і адносіўся да яе надзвычай адказна і творча. Больш таго: у кожнай ён станавіўся лідарам.
Першае сур'ёзнае выпрабаванне на сталасць Сяргей Шэін здаваў, калі адправіўся на будоўлю з універсітэцкім будаў­нічым атрадам у якасці яго камісара – гэта была добрая школа жыцця і ўзаемаадносін. А потым пайшлі іншыя жыццёвыя ўніверсітэты. Лёсавызначальным сярод іх стала пасада першага сакратара Астравецкага райкама камсамола.
Арганізатарскія і лідарскія якасці Сяргея Шэіна былі заўважаны яшчэ ў студэнцкія гады. Ён мог знайсці працу ў родным горадзе. Ды нечакана паступіла прапанова паехаць у Астравец, які на той час сапраўды быў «свету канец», і ўзначаліць раённы камітэт камсамола.
– Гэта неабходна для далейшага руху па службовай лесвіцы. Адпрацуеце ў раёне пэўны час, потым магчымы далейшы кар’ерны рост, – такую прапанову, ад якой нельга было адмовіцца, зрабілі маладому спецыялісту прадстаўнікі ўлады.
І Шэін паехаў у Астравец. Цяпер з усмешкай узгадвае, як на першым часе завёў сабе каляндар, у якім закрэсліваў дні астравецкай «ссылкі». Потым дні выкрэсліваліся не кожны вечар, а тыднямі. А затым каляндар некуды знік – і ніхто яго ўжо не шукаў. Забягаючы наперад, скажу, што астравецкая прапіска стала для яго не часовай, а пастаяннай. Тут ён  стаў сваім, прыкіпеў да гэтых мясцін душою і сэрцам, пусціў карані: дом, сад, дзеці і ўнукі, сябры і добрыя справы – усё ў яго, як у сапраўднага мужчыны, у поўным камплекце.

SHein_04.jpg

Работа на пасадзе першага сакра-тара райкама камсамола стала для Сяргея Шэіна выдатнай школай. Хто працаваў з ім, сёння з лёгкай настальгіяй узгадваюць, наколькі насычаным было ў той час жыццё пярвічных камсамольскіх арганізацый, колькі цікавых мерапрыемстваў праводзілася па ініцыятыве райкама і яго першага сакратара.

Аднак час не стаіць на месцы. І асабліва хутка ён бяжыць, калі штодзень знаходзішся ў колавароце спраў. Закончылася камсамольскае юнацтва: Сяргей Віктаравіч перадаў справы пераемніку і стаў працаваць у Варнянскім міжшкольным вучэбна-вытворчым камбінаце.
А ў неўзабаве лёс зноў зрабіў неча­ка­ны паварот: яго запра­сілі на работу ў міліцыю, на па­саду намесніка началь­ніка Астравец­кага РАУС па паліт­часці. Тут вельмі дарэчы аказа­ліся яго дзелавыя якасці, той вопыт, якія набыў і ў студэнцкія гады, і на камсамольскай рабоце.
Давялося ўспом­ніць і камсамольскае юнацтва і зноў пабыць у якасці камісара: Сяргей Шэін у першым зводным атрадзе супрацоўнікаў міліцыі Гродзенскай вобласці нёс службу на ахове правапарадку ў 30-кіламетровай зоне неўзабаве пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
На старонках «Астравецкай праў­ды» ў той час часта друкаваліся матэрыялы аб дзейнасці праваахоўных органаў – Сяргей Віктаравіч падказваў журналістам нямала цікавых тэм, ахвотна дзяліўся інфмармацыяй. Некаторыя з тых матэрыялаў друкаваліся і на старонках рэспубліканскай міліцэйскай газеты «На страже Октября»: карэспандэнцкі пункт Астравецкага РАУС у тыя гады лічыўся адным з лепшых у рэспубліцы…
SHein_02.jpgДы і сам ён мае добрыя журналісцкія здольнасці: не без здзіўлення я даведаўся, што падчас службы ў арміі ў групе савецкіх войск у Германіі Сяргей шмат пісаў у армейскія газеты, пасля дэмабілізацыі хацеў нават паступаць на факультэт журналістыкі, ды не склалася: у лёсу, відаць, былі на яго іншыя планы…
…Праз тры гады я пакінуў Астравец. Але нашы стасункі з Сяргеем Шэіным не перапыніліся. Я ўважліва сачыў за тым, як ідуць справы ў майго сябра, радаваўся, што ён карыстаецца ў райаддзеле міліцыі і ўвогуле ў раёне заслужаным аўтарытэтам. Яго паважалі ветэраны, да яго звярталіся за парадай маладыя супрацоўнікі. Праз некаторы час Сяргей Віктаравіч узначаліў штаб райаддзела, дзе спраў і турбот было непараўнальна больш, чым на папярэдняй пасадзе.
Калі ў званні пад­палкоўніка мілі­цыі ён развітаўся з міліцэйскай службай, пра­цяглы час працаваў на іншых пасадах: загадчыкам аддзела арга­нізацыйна-кадра­вай работы райвыканама, начальнікам аддзела фізкультуры, спор­ту і турызму, на грамадскіх пачатках узна­чальваў райкам праф­саюза работнікаў дзяржаўных устаноў.
Ды і, стаўшы «законным» пенсія­нерам, Сяргей Вікта­равіч па-ранейшаму застаецца ў гушчыні жыцця. Ён узначальвае савет ветэранаў РАУС, з’яўляецца лідарам нефармальнага клуба амаратаў «лёгкай пары», які кожную нядзелю збіраецца ў гарадской лазні, праводзіць гістарычныя даследаванні пра адметныя мясціны стаўшай роднай для яго Астравеччыны – яго артыкулы на гістарычную тэму ахвотна друкуе «Астравецкая праўда»: усё ж юнацкая мара пра журналістыку хоць у сталым узросце, але рэалізавалася!
Восень для Сяргея Шэіна багатая на святы: гэта і дзень нараджэння камсамола, які стаў важнай вехай у яго жыцці, і не менш значны для таварыша падпалкоўніка Дзень савецкай міліцыі – менавіта  10 лістапада адзначае ён сваё асноўнае прафесійнае свята.

SHein_01.jpg

А галоўнае – напрыканцы верасня ў яго дзень нараджэння. І сёлета Сяргею Віктаравічу споўнілася 65 гадоў – хоць, упэўнены, тыя, хто ведае яго, не павераць у значнасць лічбы: ён усё такі ж бадзёры, энергічны, крэатыўны, поўны планаў і задум. 

Думаю, такім ён застанецца і праз дзесяць, і праз дваццаць гадоў – а інакш не быў бы ён Шэіным!

Уладзімір ТОМЧЫК.



Текст: Главный администратор