"Аэрадром" прыпіскі Вацлава Колышкі – Дзягенева

09:31 / 06.10.2017
7776

У  дзягенеўскага  хлапчука Вацлава Колышкі  была высокая мара:  узнімацца ў неба на самалёце ці  на верталёце, любавацца адтуль хараством роднай зямлі, пабачыць розныя гарады, а можа, і краіны. Бацькі здзіўляліся, але не пярэчылі: няхай сабе  дзеці – у сям’і іх было чацвёра – уладкоўваюцца ў горадзе. Бо што  тут чакала  маладых у тыя далёкія  60-я – праца ў калгасе за «палачкі»?  

Ды не так проста было выбрацца: вяскоўцам не выдавалі пашпартоў. Вацлаву дапамог тагачасны загадчык раённага аддзела адукацыі Расціслаў Арсенцьевіч Герт. Ён накіраваў учарашняга адзінаццацікласніка настаўнічаць на Ашмяншчыну – выкладаць у Жураўскай васьмігодцы  працоў-нае навучанне і фізкультуру. А там дадалі і ўрокі фізікі.  Дырэктар цешыўся: яшчэ адзін у школе настаўнік-мужчына будзе. – атрымае пашпарт, паступіць у педінтытут. Ажэніцца. Усёзнайкі-настаўніцы далажылі, што  іх фізрук ужо прыглядзеўся да  маладзенькай бібліятэкаркі Ядзі, запіскі ёй праз меншую сястру перадае… 

F_01.jpg

Але ў Вацлава былі іншыя планы. Адпрацаваўшы год, ён падаў дакументы ў Мінскае вышэйшае ракетнае вучылішча. Аднак «зрэзаўся» на экзамене па рускай мове.  Не разгубіўся, хуценька перакінуў дакументы ў Выбаргскае авіятэхнічнае вучылішча грамадзянскай авіяцыі, што ў Ленінградскай вобласці, паспяхова вытрымаў іспыты – і паступіў. 
І пачалося насычанае курсанцкае жыццё. Праўда, юначае сэрца маркоцілася ў расстанні з каханай. Не жадаючы трываць разлуку, на другім курсе прапанаваў Ядвізе руку і сэрца. Ажаніліся. 
Тэорыю Вацлаў з аднакашнікамі замацоўваў практыкай на вучэбных аэрадромах. 
– Пасля другога курса адправілі на летнія зборы. Начальства паведаміла:  будзем удзельнічаць у вайсковых вучэннях, на якія прыедзе высокі госць – тройчы Герой Савецкага Саюза Іван Мікітавіч Кажадуб… Узрадаваліся: пазнаёмімся з чалавекам-легендай, – успамінае Вацлаў Станіслававіч. – Пабачыцца з ім, пагутарыць – запаветнае жаданне. Не атрымалася. «Грамадзянскім няма чаго рабіць на вайсковых вучэннях», – выдаў вердыкт герой – і нас адправілі ў іншае месца. Так і прасядзелі ў лесе да канца збораў…

F_03.jpg

Уладальнік дыплома з адзнакай, новаспечаны авіятэхнік Вацлаў Колышка меў права выбару месца  працы. Вырашылі з Ядзяй: едзем у  Мінск –  бліжэй да родных.
– Усіх халасцякоў адразу пасялілі ў інтэрнаце, а мне, сямейнаму, сын у нас ужо быў, сказалі шукаць жыллё самастойна. Давялося здымаць кватэру.
Пяць гадоў лятаў у складзе экіпажа самалёта АН-2, затым на верталётах К-15, К-18. Працавалі на Гомельшчыне, абслугоўвалі нафта-разведку. А ў 1972 годзе здарылася камандзіроўка ў Маскву на перападрыхтоўку, – асвойваць больш сучасныя верталёты К-32. 

F_04.jpg

– Там пазнаёміўся з хлопцамі з Мурманскага авіяатрада. 
Яны і агітавалі пераехаць на Поўнач. У горадзе Апатыты  пабудавалі новы аэрапорт, вось-вось будзе здадзены 9-павярховы дом. Не замарудзіш з пераездам – атрымаеш кватэру. Напісаў я заяву аб прыёме на працу, вярнуўся дадому – і забыўся. А тут   – тэлеграма: «Тэрмінова прыязджай. Паспееш да канца месяца – атрымаеш кватэру».
У Мінску адпускаць дасведчанага  спецыяліста не хацелі. Аднак ў Вацлава Станіслававіча быў важкі аргумент: там даюць жыллё. І Колышкі выехалі на Поўнач. І ніколькі аб тым не пашкадавалі. 
– Працавалі ў асноўным з геола­гамі ў тундры, на Кольскім паўвостраве шукалі радовішчы карысных выкапняў. Быў на Дыксане, на мысе Чалюскіна – самай паўночнай мацярыковай кропцы Еўразіі. Запомніўся домік з каменю, у якім быў запас прадуктаў, цыгарэт – на ўсялякі аварыйны выпадак. Агароджа вакол дамка не давала прабрацца  ўнутр белым мядзве­дзям – надта ж яны да згушчонкі ласыя. Разнеслі б хатку ўшчэнт, калі б залезлі.
– Давялося працаваць з экіпажам ледакола «Сібір», на той час  самага магутнага ў Саюзе, – працягвае аповед Вацлаў Станіслававіч. –  Махіна, скажу я вам! У шматлікіх адсеках і памяшканнях заблудзіцца можна. Верталёты базіраваліся проста на палубе, з яе ж і ў паветра ўзнімаліся. Шукалі трэшчыны ў таўшчэзным, да 3 метраў, лёдзе; накіроўвалі ледакол – ён сваім магутным кілем  ламаў лёд, прабіваў канал, па якім ішлі караваны суднаў. Часам ледакол спыняўся, канал хутка  падмярзаў, і «ў госці» наведваліся умкі – белыя мядзведзі. З камбузаў адходы звычайна выкідваліся за борт, і мядзведзі заўсёды знаходзілі сабе пажыву. І белыя прыгажуны-пясцы наведваліся.

F_02.jpg

Даводзілася  Вацлаву Станісла­вавічу  лятаць і з паляўнічымі – на прамысловы адстрэл аленяў, ласёў  у тундры. Наглядзеўся, як бясчынствавалі браканьеры на магутных снегаходах «Буран», і спыніць іх было немагчыма…
Быў у верталётнай практыцы ў Вацлава Станіслававіча  яшчэ адзін цікавы эпізод. Летам яны часта выконвалі санзаданні: дастаўлялі хворых з дальніх пасёлкаў у гарадскую бальніцу. З аднаго такога рэйсу экіпаж вярнуўся з папаўненнем – жанчына нарадзіла дзіцятка  ў верталёце…
Без году чвэрць веку адпрацаваў Вацлаў Станіслававіч на Поўначы. А тут «ліхія 90-я» накацілі. Распаўся СССР, стала ліхаманіць літаральна ўсе галіны эканомікі.  У авіяатрадзе людзі па некалькі месяцаў не атрымлівалі зарплаты. Народ выжываў, як мог. Вацлаў Станіслававіч вырашыў паспрабаваць сябе ў бізнесе – арганізаваў кааператыў па рэалізацыі камп’ю­тарных гульняў. Тавар хутка знайшоў пакупніка, справа наладзілася, у сям’і з’явіўся  даход. Аднак паралельна абмяркоўвалася ідэя вярнуцца ў Беларусь. Тым больш, было куды: бацькоўская хата ў Дзягеневе пуставала, патрабавала догляду. А тут  Ядвіга Тамашаўна на  заслужаны адпачынак выйшла, як належала жыхаркам Поўначы, – у 50 гадоў. Да сваіх пенсійных 55 Вацлаў Станіслававіч дапрацоўваць не стаў, прыйшлося дабіраць стаж у Беларусі. 

F_05.jpg

Колышкі энергічна  ўзяліся даводзіць да ладу родную сядзібу: паднялі на новы падмурак хату, пашалявалі, пафарбавалі. Вацлаў Станіслававіч правёў усе гарадскія выгоды: вадаправод, каналізацыю, устанавіў ванну, бойлер. Ядвіга Тамашаўна навяла ўтульнасць у пакоях, парадак у агародзе і кветніку.
– Гаспадарку развялі немаленькую: свіней, козаў, індакачак,  – з усмешкай успамінае Вацлаў Станіслававіч. – Усё патрабавала клопату, працы. І мы  стараліся – на радасць сабе і ўнуку Уладзіславу…
У гаспадара рукі залатыя, з электронікай быў «на ты». І павезлі да яго на рамонт з усёй акругі тэлевізары, радыёпрыёмнікі і нават камп’ютары тагачасныя. 
А потым прыйшла бяда: цяжка захварэла  жонка. Вацлаў Ста­ніслававіч усе сілы і час скіраваў на дапамогу каханай. Ядвіга Тамашаўна была цікавым чалавекам:  шмат чытала, мела шырокае кола інтарэсаў. Яны пражылі разам амаль паўвека, спадзяваліся адзначыць залатое вяселле. Даражылі кожнай хвілінай, праведзенай побач,  нават  у «Аднакласніках» зарэгістраваліся разам – актыўна стасаваліся з даўнімі сябрамі з Апатытаў і з землякамі. Але два гады таму верная спадарожніца жыцця  адышла ў лепшы свет. У памяць аб ёй на панадворку і ў кветніку буяюць вяргіні, флоксы, лілейнікі…
Часта прыязджае праведаць дзя­дулю ўнук. Скончыўшы школу ў Апатытах, працягваць вучобу Уладзіслаў пажадаў у Мінску. Скончыў недзяржаўны інстытут кіравання, застаўся працаваць у сталіцы – займаецца камп’ютарным дызайнам. 
Вацлаў Станіслававіч стараецца не паддавацца адзіноце: прыязджае ў Астравец на гарадскія святы, актыўна  стасуецца ў сацыяльных сетках з сябрамі і родзічамі. Цікавіцца дасягненнямі сучаснай авіяцыі. Устанавіў на доме дзве спадарожнікавыя антэны, і цяпер на экране хатняга  кінатэатра адлюстроўваецца ўвесь вялікі свет.

Таіса СЯМЁНАВА.

Фота з сямейнага архіва Колышкаў.

Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений

Яндекс.Метрика