Анатолий Корнелик: "Моя работа - мое увлечение"

08:55 / 07.07.2017

Karnelik.jpgЛес, як і дзіця, патрабуе асаблі­вага клопату. Адны наса­джэнні больш далікатныя, нягледзячы на догляд, яны «капрызяць», іншыя, наадварот, растуць насуперак усім перашкодам і радуюць вока сакавітай зелянінай.  
Роўныя радочкі елак, бяроз, сасёнак, якія некалі апусцілі ў выкапаную мячом Колесава лунку клапатлівыя рукі лесавода, можна лічыць лесам толькі праз сем гадоў. Столькі ж працуе ляснічым Варнянскага лясніцтва Анатоль Андрэевіч Карнэлік, стаж работы якога ў лясной гаспадарцы Астравеччыны складае дваццаць гадоў і чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару. 
Мы сустрэліся з Анатолем Андрэевічам, каб пагутарыць пра шлях у прафесію, працоўныя будні, сям’ю і захапленні.
– Якія шляхі вас прывялі ў лясную гаспадарку?
– Нарадзіўся і гадаваўся я ў Астраўцы. Бываў у лесе толькі падчас ягаднага сезону. Ніхто са сваякоў не працаваў у лясной гаспадарцы. Але я, скончыўшы школу, за кампанію з сябрамі падаў дакументы ў Полацкі лясны тэхнікум. Прайшлі па конкурсе толькі я і Валерый Ключнік, з якім мы працуем разам ужо дваццаць гадоў. 
Пасля заканчэння тэхнікума вяр­нуўся на радзіму, але хутка забралі ў армію. У 1996 годзе, адслужыўшы,  вярнуўся ў Астравец. 
У той час былі папулярнымі прафесіі мытніка, пагранічніка, пажарнага і міліцыянера. Прызнаюся: ва ўсе гэтыя структуры падаваў дакументы – і ўсюды атрымаў станоўчыя адказы. Але ўнутраны голас падказваў: не маё... Так і застаўся ў лясной гаспадарцы, пра што ніколі не шкадаваў. 
– Што вас усё ж такі затрымала?
– Не паверыце: сам не магу зразумець. (Усміхаецца). Жартую, вядома ж. Для мяне праца ляснічага – гэта не проста работа, а яшчэ і захапленне. Адназначна магу сказаць, што шчаслівыя тыя людзі, якія прачынаюцца і ідуць на работу з радасцю. Нічога карыснага, як для самога чалавека, так і для прадпрыемства ці арганізацыі не бу­дзе з прымусу ці пераадольвання сябе. 
– У вашым падначаленні больш за трыццаць чалавек. Які вы кіраўнік?
– Пра гэта трэба пытаць не ў мяне. (Усміхаецца). Для мяне ўсе без выключэння работнікі нашага лясніцва ў першую чаргу – калегі, а толькі потым – падначаленыя. 
Я задаволены, што наш ка­лек­тыў – адна цэльная сістэ­ма. Я ведаю, што калі пайду ў адпачынак ці захварэю, – адладжаны механізм не зламаецца і надзённыя задачы спраўна будуць выконвацца.
Сем гадоў назад я ўзначаліў Варнянскае лясніцтва і паставіў першачарговую задачу: ства­рыць добры і працавіты ка­лектыў. Лічу, што дасягнуў яе. За гэты час калектыў у лясніцтве змяніўся больш чым напалову. Некаторыя «добразычліўцы» даводзілі: маўляў, чалавека «прыбраў», а ў яго – двое дзяцей. Дык я ж узяў на тую ж работу чалавека, які гадуе таксама дваіх дзяцей і пры гэтым – не выпівае! Не разумею, якія могуць быць прэтэнзіі.
– У сучасных рэаліях ляснічы ў большай ступені кіраўнік, гаспадар – ці ляснік?
– Усё вышэй пералічанае. Падчас працы памочнікам ляснічага Астравецкага ляс­ніцт­ва я дасканала вывучыў тэхна­лагічную дакументацыю і нарма­тыўна-прававую базу. Падчас працы ў Варнянскім лясніцтве  зразумеў работу лесніка, майстра лесу...
Увогуле работа працаўнікоў лясной гаспадаркі падпарадкавана сезону. Самы напружаны і адказны для нас  час – вясенне-летні, які лічыцца пажаранебяс­печным. Больш спакойна зімой, калі асноўны клопат – леса­нарыхтоўка. 
З будаўніцтвам на Астравеччыне Беларускай АЭС па тэрыторыі ляснога фонду пракладваліся і будаваліся многія аб’екты інфра­структуры – дарогі, газавая лінія і іншыя. Пры такіх маштабах верагоднасць узнікнення пажаранебяспечных сітуацый вялікая – але мы змаглі іх пазбегнуць.
–  Ці ёсць у вас любімае дрэва?
– Калі верыць гараскопам, на­роджа­ным у сакавіку – а гэта пра мяне, – адпавядае ліпа. Можа гэта  і так: вельмі люблю гэтае дрэва. Па-пер­шае, яна – цудоўны меданос. Па-другое, з водарам і лекавымі ўласцівасцямі ліпавага чаю не можа параўнацца ніякі іншы. Па-трэцяе, ліпа так прыгожа цвіце, што немагчыма больш нічога дадаць.
– У ляснічага, напэўна, і захапленні адпаведныя – паляванне, рыбалка?
– Есць у мяне і вуда, і ружжо – выкарыстоўваю іх толькі ў сваё задавальненне. Як сказаў адзін знаёмы: не дай Бог мець у хаце заядлага паляўнічага ці рыбака. (Усміхаецца).
Калі паўстане пытанне  – выправіцца на рыбалку з сябрамі ці з’ездзіць на адпачынак з сям’ёй на тую ж Нарач – адназначна выберу апошняе.
У апошні час захапіўся настольным тэнісам: выступаю за лясгас на галіновых абласных спаборніцтвах
– Раскажыце пра сваю сям’ю.
– Жонка Таццяна працуе ў гімназіі. Старэйшая дачка Анастасія скончыла шко­лу з залатым медалём і збіра­ецца «штурмаваць» адзін са сталічных універсітэтаў. Ма­лод­шая Ксенія, сёлета паступіла ў гімназію. Для дачушак я імкнуся быць не толькі татам, але сябрам і дарадцам.
– Што вы адчулі, калі даведаліся, што ваш партрэт занесены на раённую Дошку гонару? 
– Спачатку – збянтэжанасць. Я ўдзячны кіраўніцтву раёна і Астравецкага лясгаса за высокую ацэнку маёй працоўнай дзейнасці. Лічу, што занясенне майго партрэта на раённую Дош­ку гонару – аванс, які я буду адпрацоўваць.


Текст:
Фото: Алена Гануліч