Человек, который болеет сценой

11:31 / 21.06.2017
1

QYh2_OhQPWQ.jpgДзяніса Шыманца, выпускніка Варнянскай школы, памятаюць як надзвычай вясёлага, пазітыўнага хлопца, які з першай хвіліны і першага жарту можа стаць душой кампаніі. Не адно школьнае мерапрыемтване праходзіла без удзелу Дзяніса. Таму, не кідаючыся ад адной справы да другой, ён абраў адну. І не памыліўся. Не прагадаў хлопец і з выбарам вучэбнай установы каледж мастацтваў у Гродне. І вось сёння ён ужо прафесійны рэжысёр, арганізатар святаў, загадчык Мірнаўскага дома культуры, што ў Баранавіцкім раёне, і вядучы дзіцячай тэлевізійнай праграмы на тэлеканале “Інтэкс”.

Дзяніс, складваецца ўражанне, што ты заўсёды ведаў, чаго хацеў, і ўсё ў выніку так сталася. Як атрымалася, што твой прафесійны шлях  такі прамы?

 –  Я ўпэўнены, што выбіраць трэба тое, ад чаго загараюцца вочы і што вельмі падабаецца. Для мяне гэта творчасць, сцэна, арганізацыя весялосці. Я зразумеў, што мне гэта блізка яшчэ ў школьныя гады: з вялікім задавальненнем наведваў Варнянскі дом культуры – мне падабалася не проста хадзіць на мерапрыемствы, але і прымаць у іх удзел. Менавіта тады я захварэў сцэнай.

Раскажы, калі ласка, як праходзіла твая вучоба ў каледжы мастацтваў? Чым займаліся?

Па спецыяльнасці я рэжысёр народных абрадаў і свят, арганізатар культурна-дасугавай дзейнасці. Мы спявалі, танцавалі, гралі на музычных інструментах, вывучалі народня абрады і святы, вучыліся акцёрскаму майстэрству. Карацей, час праводзілі вельмі цікава і займальна.

Вучыцца было не цяжка, бо справа, якая табе падабаецца, не можа абцяжарваць. Студэнцкі рух мне вельмі падабаўся - і жыццё ў інтэрнаце, і непасрэдна вучэбны працэс. Выходзячы з інтэрната на вучобу, я вяртаўся як з дома  дадому.

У каледжы я сустрэў і сваю будучую жонку Дар'ю, з ёй мы разам з першага курса.

– Дарэчы, наконт вашага з Дар’яй вяселля: у сацыяльных сетках разыйшліся фотаздымкі, дзе вы з жонкай у традыцыйных беларускіх строях. Як і чаму прыйшло рашэнне зрабіць ухіл на беларускасць?

feCArF47tag.jpg Гэту ідэю прапанавала мая цешча. Мы з Дашай з радасцю пагадзіліся. Я люблю нашу беларускую культуру, мову. Гэта любоў перадалася ад мамы - яна яе выкладала. Ну і, вядома, як і кожная пара, мы хацелі зрабіць сваё вяселле цікавым і незвычайным. Дарэчы, вяселле ў нас было ў міжнародны дзень сям'і - 15 мая.

Наколькі цяжка абжыцца на новым месцы, у іншай мясцовасці?

Вялікіх пераменаў я не чакаў, бо размеркаванне мы з жонкай атрымалі ў адзін і той жа рэгіён. І гэта было для нас самым галоўным, а астатнія цяжкасці можна пераадолець. Цяпер мы разам працуем.

Ці былі думкі вярнуцца на Астравеччыну?

Па родных мясцінах, вядома, сумаваў, але Баранавічы сталі мне таксама роднымі. Пра наш край я не забываю – калі падрасце дачка, вельмі хачу ёй паказаць Астравеччыну.

З тваім прыходам у Дом культуры адбыліся істотныя змены: больш мерапрыемстваў, акцый, прасоўванне ў сацыяльных сетках. Якія накірункі вы абіраеце ў працы?

– Мы адкрылі тэатральныя гурткі для дзяцей і дарослых, танцавальны гурток па ўсходніх танцах. Праводзім шмат конкурсаў і розыгрышаў. Стварылі новыя аматарскія аб'яднанні: “Мы - адна сям'я” для дзяцей-сірот, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і клуб па інтарэсах “Натхненне” для людзей пенсійнага ўзросту. Лічу, што менавіта гэтым катэгорыям грамадзян патрэбна больш увагі.

Асабліва мне па душы займацца дабрачыннымі мерапрыемствамі. Радуюць ўсмешкі дзяцей, бо яны – самыя шчырыя гледачы, якія заўсёды скажуць праўду!

– Раскажы, калі ласка, як прыйшла ідэя стварыць дзіцячую тэлепраграму?

Калі я стаў бацькам, то пачаў глядзець на ўсё па-іншаму: задумваюся пра тое, якія кнігі буду чытаць з дачкой, якія мультфільмы і дзіцячыя перадачы глядзець. Таму і ўзнікла ідэя рабіць нешта для дзетак і пра дзетак. Тэлеперадача называецца “Дзеткі-непаседкі” і складаецца з трох рубрык: мы расказваем пра таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, паказваем іх творчасць, віншуем імяніннікаў. Здымаем кожны тыдзень па адным, а то і па два выпускі.

– Табе толькі  22 гады, а ты ўжо даволі паспяховы і ў прафесійнай дзейнасці, і сем’янінам паспеў стаць. Гэта задуманая жыццёвая пазіцыя – браць ад жыцця па-максімуму і паспяваць як мага больш альбо проста лёс?

– Мне не толькі 22 гады, а ўжо 22! Жыццё ў нас адно, і ўзяць усё, што трэба, – вось наша задача. Я рады таму, што ў мяне ёсць цяпер, але спыняцца нельга, трэба заўсёды ўдасканальвацца, прыдумваць нешта новае, выкладвацца на сто адсоткаў. Карацей, рабіць сваё жыццё больш маляўнічым, разнастайным і цікавым.

Творчая прафесія вымагае пастаянных пошукаў цікавых ідэй і небанальных рашэнняў. Дзе браць натхненне?

– Маё натхненне – гэта мая сям'я! Як гаворыцца, адна галава добра, а дзве лепш, а калі ў сям'і ёсць дзве галавы, якія думаюць у адным накірунку і робяць адну агульную справу, то гэта асабліва матывуе. І разуменне, што дома цябе чакаюць, заўсёды акрыляе, асабліва калі моцна стамляешся.

– Якія далейшыя творчыя планы?

– Не стаяць на месцы і развівацца. Хачу адкрыць уласнае святочнае агенства, набраць добрую ініцыятыўную каманду творчых людзей і перайсці на новы ўзровень арганізацыі святаў і правядзення вольнага часу.

Эмілія КОМАР

Фота з уласнага архіва Д.Шыманца

Текст: Главный администратор