Сладкие и оригинальные подарки к любому празднику

15:30 / 23.02.2013
1
Аня нарадзілася і вырасла ў вёсцы, але ўвесь час марыла жыць у вялікім горадзе. І мара яе ажыццявілася. Канешне, не па ўзмаху чароўнай палачкі, але ўсё ж збылася. Да гэтага часу Аня паспела закончыць школу, атрымаць прафесію і ўладкавацца на працу. І нават сустрэла таго самага адзінага і любага, за якога выйшла замуж – і стала Ганнай Фраловай.

Менавіта тады мара Ані і споўнілася – яна ўгаварыла свайго мужа Дзіму пераехаць у Мінск. І маладыя людзі адправіліся ў горад мары дзяўчыны ў пошуках шчасця.
Знялі кватэру, уладкаваліся на працу. У вольны час, якога было не вельмі шмат – Аня вучылася на завочным аддзяленні Беларускага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта – бліжэй знаёміліся са славутымі мясцінамі горада і радавалісжыццю.
Але прайшло некалькі гадоў, Аня закончыла вучобу і вольнага часу стала больш. Дзіма ж увесь час прападаў на рабоце – і дзяўчыне ўсё часцей і часцей даводзілася быць дома адной. Вельмі хутка тэлевізар надакучыў – Аню пачала даймаць нуда.
Менавіта Дзіма і падказаў ёй: “Займіся чым-небудзь, знайдзі сабе хобі”. Ідэя прыйшлася дзяўчыне даспадобы. На наступны дзень на зайшла ў пошукавік у інтэрнэце і з надзеяй набрала запаветныя словы “хобі для дзяўчыны”.
І роўненькія радочкі на экране пачалі выдаваць спосабы баўлення вольнага часу: вязанне пруткамі, вязанне кручком, вышыўка, бісерапляценне, работа з глінай… Спасылкі сыпаліся адна за адной, Аня стала выбіраць.
“Не, гэта не падыходзіць, а гэта не падабаецца, і гэта я не люблю – спрабавала некалі ў школе і вязаць, і вышываць, і нават шыць. Нічога путнага з гэтага не атрымалася,” – сама сябе ўпэўнівала Аня.
І раптам адзін з надпісаў прымусіў на імгненне затрымацца. “Букеты з цукерак – гэта нешта незвычайнае. Можа, паглядзець,” – спачаткузасумнявалася Аня – але ў той жа момант “клікнула” мышкай.
Убачанае ўсхвалявала, зацікавіла і Аня ўсур’ёз занялася праглядам спасылак. Штосьці падабалася, іншае – не. “А можа, паспрабаваць?” – падумала дзяўчына. Тым больш, што нагода для вырабу такога незвычайнага падарунка, якім бы мог стаць букет з цукерак, была – набліжаўся дзень нараджэння пляменніцы.
На наступны дзень дзяўчына адправілася ў падарожжа па магазінах. Купіла некалькі відаў цукера упаковачную і гафрыравану паперу, клей, шпажкі і іншы неабходныя прылады. І вечарам засела за работу.
Пляменніцы Аня вырашыла зрабіць караблік. На шчасце першы блін не аказаўся комам. Падарунак спадабаўся дзяўчынцы, яе бацькам, сваякам і знаёмым. Ён яшчэ вельмі доўга стаяў на паліцы як упрыгожванне – ніхто не адважваўся браць з яго цукеркі, каб не сапсаваць знешні выгляд.
Пасля першай удалай спробы Аня пачала рабіць букеты з цукерак для сябе, а потым і для сваіх сяброў, знаёмых.
– Пагадзіцеся, нашмат прыемней узяць цукерку з букета, чым проста са стала, ці нават з вазы для цукерак, – упэўнена дзяўчына. – Я ніколі не раблю два аднолькавыя букеты. У кожным з іх свая “ізюмінка”: розныя цукеркі, розныя аб’ёмы. І вядома, больш прыгожа прыйсці ў госці з такім вось салодкім букетам, чым са звычайным пачкам цукерак.
А летам Аня з мужам вярнуліся на радзіму. Цяпер ужо Дзіма, якому заўсёды больш даспадобы былі вясковыя прасторы, змог угаварыць сваю жонку вярнуцца на Астравеччыну.
І пытанне з працаўладкаваннем, а потым і з баўленнем вольнага часу ўзнікла зноў. Аня ўладкавалася ў прыватную фірму галоўным бухгалтарам. А па вечарах вырашыла заняцца набытым у Мінску хобі, якое цяпер значыць для яе нешта большае – для гэтага дзяўчына і зарэгістравалася ў падатковай інспекцыі ў якасці рамесніцы. А яе прыгожыя букеты з цукерак цяпер могуць парадаваць любога жыхара нашага раёна.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.