Иван Ковальчук активно работает и в 85!

17:45 / 28.01.2013

Ведаю, што ў многіх людзей з надыходам пенсійнага ўзросту пачынаецца дэпрэсія. Здаецца, ёсць яшчэ сілы і жаданне працаваць, і страшна апынуцца “за бортам” актыўнага грамадскага жыцця, ды і дадатковы “матэрыяльны стымул” для небагатага пенсійнага бюджэту важная падтрымка – але ж ці пакінуць на працы, ці прадоўжаць кантракт?


Перад Іванам Васільевічам Кавальчуком такая праблема, здаецца, ніколі не стаяла. І калі б існавала “Кніга рэкордаў Астравеччыны”, гэты чалавек, напэўна, туды б абавязкова быў занесены. Не ведаю дакладна, ці ёсць яшчэ ў нашым раёне чалавек, які ў свае 85 гадоў – а менавіта столькі споўнілася днямі Івану Васільевічу – яшчэ актыўна працуе, і кіраўніцтва кожны год просіць яго не пакідаць працу? Мне здаецца, што гэта – з’ява ўнікальная.
Івана Васільевіча Кавал ьчука , які працуе ветэрынарным урачом у СВК “Варняны”, не проста “трымаюць” на працы – ён і маладым сёння паказвае прыклады адносін да сваёй справы, ведаў, разумення сітуацыі. Што называецца, дай бог усім мець такі розум і столькі энергіі – і не толькі ў 85 гадоў, многім маладым да ўзроўню Івана Васільевіча – яшчэ цягнуцца і цягнуцца.
Пастаянныя чытачы “Астравецкай праўды” са стажам, магчыма, памятаюць і яго артыкулы, якія ў 90-я гады і пачатку двухтысячных часта з’яўляліся на старонках раённай газеты. Яны вызначаліся не толькі спецыяльнымі ўрачэбнымі рэкамендацыямі па той ці іншай праблеме ці хваробе жывёлы, але і шырокім, рознабаковым аналізам сітуацыі, яе веданнем знутры, парадамі па пераадоленні. Іван Васільевіч доўгі час быў адным з актыўных пазаштатных аўтараў газеты, і працаваць з ім было лёгка і плённа – нават калі па нейкай прычыне матэрыял скарачаўся ці ўвогуле не выходзіў, ён заўсёды з разуменнем ставіўся да таго, што ў рэдакцыі могуць быць свае праблемы, свая палітыка і стратэгія. Але і пасля таго, як Іван Васільевіч перастаў дасылаць нам свае артыкулы, ён застаўся нашым адданым сябрам – пастаянным падпісчыкам і верным прыхільнікам, за што мы яму вельмі ўдзячны.
І ў гэтыя святочныя дні, калі ветэрана, які ўвесь час “на пасту”, віншуюць з юбілеем родныя і блізкія, калегі, сябры і знаёмыя, мы, калектыў рэдакцыі, таксама далучаемся да гэтага хору віншаванняў і ўдзячных слоў.
І “юнаку, што абдумвае жыццё і вырашае: рабіць бы жыццё з каго”, можам параіць: вучыцеся любові да сваёй справы, да людзей, да жыцця, аптымізму і бадзёрасці, моцы духу ў Івана Васільевіча Кавальчука.


-----------------
Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.