Владимир Авдей. Жизнь посвященная дороге

09:01 / 30.10.2012

Многія ў дзяцінстве мараць аб адной прафесіі, але шляхі лёсу часам непрадказальныя – і далейшая кар’ера цалкам адрозніваецца ад блакітных дзіцячых мар. А Уладзімір Сцяпанавіч Аўдзей, вадзіцель аўтамабільнага парка №4, яшчэ хлопчыкам марыў прысвяціць жыццё бясконцай стужцы дарогі і пад гул матора круціць руль, накіроўваючыся да новых і бяскрайніх гарызонтаў. Так і атрымалася.


Адразу пасля школы малады хлопец з Трокенікаў паступіў у Навагрудак вучыцца на слесара-мантажніка. Аднак працаваць па спецыяльнасці яму амаль не давялося. У Варнянскую сельгастэхніку, дзе Уладзімір Сцяпанавіч праходзіў практыку, яго ўзялі вадзіцелем. Тут і адбываліся яго першыя крокі ў прафесію, якой ён прысвяціў усё жыццё.
У арміі Уладзімір Сцяпанавіч служыў у Астрахані ў ракетных войсках. Але і там ён быў вадзіцелем – вазіў камандзіра часці.
– Служыць было цікава, – дзеліцца ўспамінамі Уладзімір Сцяпанавіч. – Я ніколі не сядзеў на месцы, заўсёды ездзіў куды-небудзь з камбатам. Ды і ў водпуск ён мяне адпускаў – у той час, як іншыя па тры гады адслужылі і дадому ні разу не з’ездзілі. Шчасціла мне па жыцці…
Пасля службы Уладзімір Сцяпанавіч вярнуўся на радзіму і ўладкаваўся вадзіцелем у аўтапарк №4. З таго часу – а прайшло ўжо 44 гады! – іншых запісаў у працоўнай кніжцы не было.
– На работу мяне браў тагачасны дырэктар Іван Пятровіч Еўтуховіч, – расказвае Уладзімір Сцяпанавіч. – Увогуле я павінен быў застацца ў Трокеніках у калгасе і там рабіць сабе пашпарт. Але хацеў працаваць у Астраўцы. Вось Іван Пятровіч мне і кажа: “Адпрацуеш 3 гады, і я дам табе даведку для прапіскі ў Астраўцы”. А я выпаліў: “Адпрацую 10 гадоў!” Калі сказаў – трэба было слова стрымаць. А там, дзе дзесяць гадоў, там і дваццаць, і сорак... Я ўсё жыццё ў аўтапарку – ён для мяне стаў родным, ды і я для яго – свой. І хоць былі іншыя прапановы, ды не ў маім характары нешта мяняць, кідацца ў розныя бакі, шукаючы, дзе лепш. Тым больш, што я ўжо на пенсіі 5 гадоў. Але хацелася б падзякаваць дырэктару Аляксандру Васільевічу Жуку за тое, што дае мне магчымасць яшчэ папрацаваць. Кажа, што пакуль ёсць сілы і энергія – працуй. А энергіі ў мяне хапае, я ўвогуле не магу сядзець на месцы – прывык усё жыццё знаходзіцца ў руху. Дома я ж зачахну...
Кіраўніцтва таксама вельмі цэніць Уладзіміра Сцяпанавіча за неацэнны вопыт, прафесіяналізм і дысцыплінаванасць. Яму заўсёды давяраюць самую адказную работу і новы транспарт, таму што ведаюць: гэты вадзіцель ніколі не падвядзе. Зараз мужчына задзейнічаны на падвозцы супрацоўнікаў прадстаўніцтва “НІАЭП” да месца будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Расіяне таксама задаволены работай Уладзіміра Сцяпанавіча і адносяцца да яго з павагай. Здараецца, што вечарам ім трэба ехаць па неадкладных справах – і варта толькі патэлефанаваць Уладзіміру Сцяпанавічу, як ён ужо праз пяць хвілін гатовы адправіцца ў шлях.
Рамонтам аўтобусаў Уладзімір Сцяпанавіч займаецца сам – нікому не давярае гэтую справу. Кажа, што яму трэба самому ўсё перамацаць і ўстараніць непаладкі – толькі тады ён адчувае сябе ўпэўнена ў дарозе.
– Люблю я тэхніку, з дзяцінства з ёй знайшоў “агульную мову”, – кажа Уладзімір Сцяпанавіч. – У школе ў мяне быў свой веласіпед, затым – мапед, матацыклы “Мінск”, “Іж”, “Днепр”. У аўтапарку як перадавіку вытворчасці мне далі “Жыгулі” другой мадэлі. Пазней я іх змяніў на шостую мадэль, на якой ужо езджу 27 гадоў. Ніхто не верыць, што можна столькі ездзіць на адной машыне, і раяць купіць іншамарку. Не, мае “Жыгулі” будуць мне служыць, пакуль я жывы! Ды і жонка мяне падтрымлівае, кажа: “Колькі з табой езджу, ніколі машына нас не падводзіла”. А колькі тэхнікі я асвоіў за сваю працоўную дзейнасць – КАЗы, ПАЗы, ЛАЗы, “Турысты”, “Ікарусы”... Зараз у мяне мікрааўтобус “Люблін”. Але больш за ўсё мне падабаліся “Ікарусы” – грузныя, цяжкія, адчуваеш, на чым едзеш. На кожным аўтобусе я пракалясіў прыкладна па 700 тысяч кіламетраў. Зяць смяецца: маўляў, колькі б разоў ужо вакол свету аб’ездзіў? Ну, вакол свету не давялося, але ў часы Савецкага Саюза пападарожнічаць атрымалася. Тады школы, арганізацыі часта заказвалі аўтобусы для паездак у Маскву, Ленінград, Кіеў, Калінінград. Да слова, Ленінград я ведаў лепш за які іншы горад. Тры гады ездзіў у Польшчу ад Смаргонскага экскурсбюро.
Быць вадзіцелем для Уладзіміра Сцяпанавіча – гэта прызванне, наканаванае зверху. Ды што казаць – ён нават сваё каханне сустрэў у дарозе. Галіна Вікенцьеўна ездзіла з вёскі Навасёлкі на работу ў Астравец, на гэтым маршруце якраз працаваў Уладзімір Сцяпанавіч. Мужчына адразу ўпадабаў прыгажуню, маладыя людзі пазнаёміліся і ў хуткім часе ўжо не ўяўлялі жыццё адзін без аднаго.
– Жонка ў мяне вельмі добрая, гаспадарлівая, – кажа Уладзімір Сцяпанавіч. – Я ніколі не адпраўляўся ў рэйс без смачнага абеду, прыгатаванага клапатлівымі рукамі Галіны Вікенцьеўны. І ўся гаспадарка на ёй – я ж з ранку ў рэйс паеду і толькі позна вечарам вярнуся. А як на Польшчу ездзіў, дык мяне ўвогуле тыднямі ў хаце не было. А яна і дома парадак навядзе, і ў агародзе ўсё цвіце, буяе. Выхаваннем дзяцей таксама займалася ў асноўным Галіна Вікенцьеўна. А дзеці ў нас талковыя, ніколі слова ўпоперак не сказалі. У абодвух вышэйшая адукацыя, дачка Алена працуе выкладчыкам у Маладзечне, сын Сяргей – у сталіцы галоўным інжынерам. Ёсць у нас унучка і два ўнукі. Самаму маленькаму, Арсеньчыку – толькі 3 месяцы, але ён да бабулі з дзядулем ужо два разы прыязджаў. Дзеці і ўнукі – наша галоўнае багацце.
Свой вольны час Уладзімір Сцяпанавіч прысвячае клопатам па доме: у водпуску трэба то агароджу парамантаваць, то падфарбаваць што-небудзь, ды і ў агародзе спраў заўсёды хапае. Калі ж мужчына зачыняецца ў сваім гаражы, то яго можна і цэлы дзень у хаце не ўбачыць – там ён у сваёй стыхіі. І свайго чатырохколавага сябра да ладу давядзе, а калі прыязджаюць дзеці, то і сынаву ды зяцеву машыны праверыць.
– Шчаслівы я чалавек, – дзеліцца Уладзімір Сцяпанавіч. – Я прысвяціў сваё жыццё машынам, да якіх мяне цягне, нібы магнітам. Прыемна, што, нягледзячы на ўзрост, я яшчэ патрэбны пасажырам. І сям’я ў мяне цудоўная. Толькі жыві і радуйся! А пра што мару? Галоўнае, каб дзеці прыязджалі і ўнукі наведвалі. Што яшчэ трэба?


--------------------------------------------------------------------
Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.