"Круглый стол" приемных мам Островетчины

17:00 / 22.10.2012
2

Нядаўна ў нашай краіне адзначаўся Дзень маці, калі жанчыны атрымлівалі словы падзякі і шанавання за свой непрыкметны паўсядзённы жыццёвы подзвіг – не палічыце гэтыя словы перабольшваннем (я, канешне, маю на ўвазе сапраўдных маці, а не самак, якія ў сілу сваіх фізіялагічных асаблівасцей здольны пускаць на свет чалавечых дзіцянят, забываючыся пра іх раней, чым яны народзяцца). Бо, несумненна, галоўнае, дадзенае Богам прызначэнне жанчыны – быць маці. Якіх б вышынь у кар’еры ці бізнесе яна ні дасягнула, якія б творы мастацтва ні стварыла, колькі б спраў, добрых ці дрэнных, ні зрабіла – аб тым, наколькі дастойна пражыла жанчына сваё жыццё, будуць меркаваць па тым, якіх дзяцей яна выгадавала.
А калі жанчына выхоўвае не толькі сваіх дзяцей, калі яна рашаецца ўзяць у сям’ю чужых, асірацеўшых па нейкай прычыне, адарваць кавалачак свайго сэрца ад родных і блізкіх і аддаць тым, каму не хапае цяпла і любові – вартасць гэтага паўсядзённага подзвігу павялічваецца шматразова. Калі гэта ўвогуле можна падвергнуць нейкаму вымярэнню…
Рашыцца на такі крок не проста… І самому – не кацяня ж бярэш у хату, а дзіця, маленькага чалавечка, і далей, як бы ні склалася жыццё, табе трэба будзе несці адказнасць за яго – перад грамадствам, перад людзьмі, перад уласным сумленнем, перад Богам, нарэшце… Ды і адносіны грамадства да гэтай высакароднай з’явы, прама скажам, зусім неадназначныя – праўда, я ніяк не магу зразумець, чаму? Чаму людзі, якія не могуць ці не хочуць па розных прычынах самі паспрабаваць даць кавалачак шчасця чужому дзіцяці, у большасці сваёй так насцярожана-крытычна ставяцца да тых, хто знайшоў у сваёй душы гэтае нерастрачанае цяпло і рашыўся аддаць яго тым, хто абдзелены гэтым шчасцем?
Сёлета напярэдадні Дня маці на ўрачысты прыём да старшыні раённага Савета дэпутатаў Валерыя Вацлававіча Барташэвіча былі запрошаны прыёмныя маці – жанчыны, якія ўзялі на выхаванне чужых дзяцей. Пасля таго, як былі сказаны словы віншаванняў, уручаны кветкі і падарункі і першае напружанне ўрачыстасці крыху спала, я папрасіла жанчын, якія міжволі сабраліся ў гэты дзень за своеасаблівым “круглым сталом”, падзяліцца вельмі асабістым – расказаць, як рашыліся яны на такі няпросты крок, як ім жывецца зараз, як складваюцца адносіны паміж роднымі і прыёмнымі дзецьмі, ці даводзілася шкадаваць аб гэтым учынку? І што б яны хацелі сказаць, параіць, ад чаго перасцерагчы тых жанчын, якія толькі вырашаюць для сябе гэтае лёсавызначальнае пытанне: узяць на выхаванне пакінутае дзіця ці не абцяжарваць сябе, не рызыкаваць – і пакінуць усё, як ёсць?
У размове прынялі ўдзел Аксана Зянонаўна Гродзь, Ірына Уладзіміраўна Стаповіч, Ганна Анатольеўна Гродзь, Інэса Чаславаўна Карпіцкая, Валянціна Генрыхаўна Пляско, Ірына Раманаўна Мельгуй, Ірына Паўлаўна Анімуцкая, Ганна Эдвардаўна Лаўрэцкая, Леакадзія Міхайлаўна Івашкевіч, Ганна Андрэеўна Казлоўская, Людміла Францаўна Тумаш, Ірэна Міхайлаўна Пільвінская.


Інэса КАРПІЦКАЯ, Астравец:


– Чаму прыйшло рашэнне, маючы дваіх уласных дзяцей, узяць на выхаванне прыёмных? Напэўна, хацелася зрабіць у жыцці нешта значнае. Ні кар’ера, ні адукацыя, ні самаадукацыя пачуцця самарэалізацыі, разумення, што зрабіў нешта істотнае, сапраўднае, не давалі, здавалася, што ўсё гэта – несур’ёзна.
У маім жыцці быў даволі складаны перыяд, які прывёў да разумення таго, што ўсё ў жыцці трымаецца на вельмі адчувальных шалях: калі нешта прыбыло, то нешта непазбежна страчваецца. Ці, калі казаць інакш, – за ўсё ў жыцці трэба плаціць. І калі мне ў жыцці стала шанцаваць, калі Бог мне даў вельмі важнае і дарагое – я вырашыла, што павінна ў адказ таксама зрабіць нешта значнае, істотнае, дапамагчы некаму… Магчыма, гэта гучыць зусім па-бухгалтарску, але я лічу, што ва ўсім павінен быць баланс.
Так прыйшло рашэнне ўзяць у сям’ю на выхаванне хлопчыка. Вельмі дарэчы прыйшла “Астравецкая праўда”, дзе расказвалася аб траіх дзецях, якія знаходзіліся ў Варнянскім прытулку і чакалі вырашэння свайго далейшага лёсу… Але мы з мужам хацелі ўзяць толькі аднаго – не бачылі магчымасці браць усіх траіх. А потым нам паведамілі, што адну з сястрычак забіралі ў прыёмную сям’ю, а другую, для якой бацькі не знаходзіліся, рыхтавалі для перадачы ў дзіцячы дом. У нейкі момант мы зразумелі, што лёс гэтага дзіцяці залежыць ад нас: вось мы зараз падумаем пра сябе, пра свой хатні і душэўны камфорт – і гэтая дзяўчынка апынецца ў інтэрнаце і, магчыма, ніколі не зведае, што такое сапраўдная сям’я… Таму вырашылі забраць і яе. А калі ўжо прыехалі ў прытулак за абодвума дзецьмі, аказалася, што ад старэйшай дзяўчынкі, якую перш хацелі забраць, адмовіліся. І тады мы рашыліся забраць усіх траіх.
Праблемы ва ўсіх прыёмных сем’ях, мне здаецца, падобныя. Мы неяк ляжалі ў бальніцы з нашымі дзецьмі разам з Аксанай Гродзь, шмат гаварылі на гэтыя агульныя для нас тэмы, мне яе парады вельмі дапамаглі. І бацькам, якія рашаюцца на такі адказны крок, трэба разумець, што яны моцна рызыкуюць, бо ніхто не зможа даць гарантыі, што дзеці вырастуць, як кажуць у народзе, талковымі, што вашы ўкладзеныя ў іх сілы, ваша выхаванне дадуць той вынік, на які вы разлічваеце – зрэшты, такой гарантыі ніхто не дасць і з роднымі дзецьмі. Але ўсе мы спадзяемся, што ў нас атрымаецца… І ў любым выпадку, раз так адбылося – значыць, гэта некаму там, наверсе, было патрэбна…


Аксана ГРОДЗЬ, Астравец:


– У нас з мужам таксама было двое дзяцей, калі прыйшла “Астравецкая праўда” з тым артыкулам, дзе расказвалася пра дзвюх дзяўчынак-сястрычак, якія знаходзіліся ў дзіцячым аддзяленні бальніцы. І рашэнне забраць іх у сям’ю прыйшло неяк адразу, без роздуму і ваганняў. Напэўна, калі б я доўга разважала, вагалася, то так бы і не рашылася. Хоць, зрэшты, думкі такія – узяць на выхаванне пакінутае дзіця – час да часу прыходзілі ў галаву. Але так, не ўсур’ёз. І калі б мне некалі ў маладосці нехта сказаў, што ў мяне будзе шасцёра дзяцей – пасля ў нас нарадзілася яшчэ двое сваіх – нізавошта б не паверыла. Але, напэўна, так трэба было…
Канешне, сёння нам, як, напэўна, і ўсім прыёмным сем’ям, не проста. Усё ж у сям’і – чацвёра падлеткаў, кожны са сваім характарам, са сваімі жаданнямі, “комплексамі”, сваім светапоглядам і спробамі самасцвярджэння. І атрымліваецца не ўсё і не заўсёды так, як хочацца. Але так адбываецца не толькі з прыёмнымі дзецьмі – і з роднымі. Так што я ні аб чым не шкадую.


Ірына МЕЛЬГУЙ, Астравец:


– У маёй мамы была вялікая сям’я – і я марыла пра такую ж. Але мы з братам раслі ўдваіх. Да таго ж брат загінуў маладым… Усё ж правільна кажуць у народзе: адно дзіця – не дзіця. Гэта амаль тое ж самае, што сірата.
Я нарадзіла траіх. Калі старэйшыя дачка і сын выраслі, сталі жыць сваім жыццём, дома засталася адна Ангеліна. Дачка скардзілася: ну чаму я адна? Параіліся мы на сямейным савеце – і вырашылі ўзяць на выхаванне дзіця, якое засталося без бацькоў. Зрэшты, я педагог, усё жыццё выхоўваю чужых дзяцей – чаму хоць аднаму з іх я не магу даць крыху больш, чым можна зрабіць за час працоўнага дня. Тое, чаго яму найбольш не стае і што яму больш за ўсё неабходна, чаго гэтае дзіця не па сваёй волі і не па ўласнай віне пазбаўлена – дом, цяпло, пяшчоту.
Так у нашай сям’і два з паловай гады назад з’явілася Валерыя – якраз на 8-е Сакавіка, гэткі падарунак для ўсіх нас. Мама яе памерла, а бацькі і не было ніколі. Зараз Валерыі ўжо восьмы год, яна вучыцца ў другім класе.
Цяжкасці ў прыёмных сем’ях, як сёння ўжо гаварылі, прыкладна аднолькавыя. Але мы ўсё гаворым, як НАМ складана з гэтымі дзецьмі. А вы ўявіце, як ІМ цяжка ўліцца ў чужую сям’ю, прывыкнуць да ладу жыцця, які ім зусім незнаёмы, да чужых людзей, спасцігнуць тое, што нам і нашым дзецям здаецца элементарным, з чым мы выраслі – а яны гэтага ніколі не бачылі і не ведаюць, што так бывае, што так можа быць… Яны прывыклі жыць у інтэрнаце, дзе ўсё агульнае, абед – па званку, на сталах усё стаіць. Валерыя ж на першым часе не ведала, як адкрыць халадзільнік, што адтуль можна нешта ўзяць і з’есці… І толькі потым – паціху, пакрысе – пачала прывыкаць да жыцця ў сям’і. Я думаю, як бы ні склалася яе жыццё, гэтыя ўрокі яна запомніць.


Ірына АНІМУЦКАЯ, вёска Смілгі:


– А ў нас дык і ваганняў ніякіх не было. Гэтых дзетак, Кіру і Кірыла, нарадзіла наша далёкая родзічка. Калі органы апекі забралі іх ад бяспутнай маці, я ў бальніцы ляжала. Іх аддалі ў прыёмную сям’ю – на паўгода, далі час маці выправіцца. Але ёй не да таго было… Той, першай прыёмнай сям’і, цяжка было, там свае дзеці, а гэтыя ж яшчэ зусім маленькія – два і тры гадкі. Сабраліся мы на сямейную раду з мужам ды з дзецьмі – дочкі ў нас ужо дарослыя, у кожнай свая сям’я, унукі ўжо ў школу ходзяць. І вырашылі: забяром гэтых дзетак. Прыехалі іх паглядзець, а яны стаяць, як тыя грыбочкі… Дзяўчынка да мяне прытулілася і пытае: “Бабуля, ты нас забярэш?” Ну як пасля такога пакінеш?
Мае ўнукі – яны жывуць побач, у Смілгах, адзін у шосты клас ходзіць, другі – у трэці – адразу ж малых прынялі, як родных: апякуюцца імі, шкадуюць. Цяпер вось Кіру з Кірылам у садок аддалі, каб прывыкалі да дзяцей – хутка ж ім у школу, трэці год яны ў нас. Дык гэта ўнукаў абавязак – адвесці іх у садок і назад даставіць.
Так што яны зараз – нашы, і толькі нашы! І нікому мы іх не аддадзім! Мама іхняя не тэлефануе. Мы неяк пазванілі, дык яна адказала, што дзеці – гэта яе памылка маладосці. Ну што ж, памылка дык памылка. А наша ўцеха на старасць гадоў!


Людміла ТУМАШ, вёска Кавалі:


– А я сваю Леначку ў сне ўбачыла…
У нас трое дзяцей было. Дачушка, Анечка, цяжка захварэла – анкалогія. Як мы ні змагаліся, дзе ні шукалі паратунку – не ўратаваў ніхто нашу дзяўчынку. Я хацела пасля таго яшчэ дзіцятка нарадзіць, ды не атрымлівалася. Зараз разумею – Бог мне іншае падрыхтаваў…
Сню я сон: дзяўчынку са стрыжачкай, з “карэечкай”, на Анечку нашу падобная… І пытае: “Калі ж мяне мама забярэ?”
Ксёндз якраз па калядзе хадзіў. Прыйшоў да нас – фотаздымак Анечкі на піяніна ўбачыў. Я плачу… Ён і кажа: “Адпусціце сваю Анечку. Вы яе не вернеце. Дапамажыце іншаму дзіцяці – сёння ж столькі абяздоленых сірот, якім патрэбны бацькі, дом, пяшчота і ласка.”
А тут і газету гэтую прыносяць, з фотаздымкам. І там якраз тая дзяўчынка, што мне прыснілася, з “карэечкай”… У прытулку яна, чакае маму…
На Грамніцы мы з мужам пайшлі ў касцёл, а адтуль адразу паехалі ў Варняны. Дзетак якраз вывелі на прагулку. Нам гэтую дзяўчынку нават не паказвалі – я яе адразу пазнала, хоць і ў шапачцы яна была, стрыжкі не відаць. Ружовенькая такая шапачка, а куртачка – чырвоненькая, як у нашай Анечкі. І сама бледная-бледная, як наша дзіцятка. У мяне адразу сэрца кальнула: наша гэта дзяўчынка, тая самая, што мне прыснілася. Я так разумею, што яна была нам Богам прыгатавана… У яе нават дзень нараджэння ў адзін дзень з нашым старэйшым сынам – 1 сакавіка… Хутка ёй споўніцца восем гадоў.
А летам мы ехалі ў Мінск на цягніку, дык чалавек нейкі падышоў і кажа: “Як жа дачушка на маму падобная – ну проста копія!” Яна і сапраўды падобная…


Ганна ЛАЎРЭЦКАЯ, Астравец:


– Нашай дзяўчынцы зараз тры гадкі, у нас яна паўтара года. Спачатку яе ўзяла ў сям’ю мая дачка. А потым ёй трэба было выходзіць на работу, і я забрала малышку да сябе. Харошая дзяўчынка, усе яе любяць. Мама яе да нас прыходзіць часта, асабліва апошнім часам. Хутка, мусіць, забярэ яе. Ну што ж, яна – маці…


Ірэна ПІЛЬВІНСКАЯ, Астравец:


– У нашай сям’і было пяцёра дзяцей. І я прывыкла, каб навакол было шумна, каб увесь час нешта адбывалася. У нас з мужам двое сыноў, а потым мы вырашылі ўзяць на выхаванне яшчэ аднаго хлопчыка, з прытулку. Потым – яшчэ аднаго. Зараз яны ўсе сябруюць, разам бегаюць на рыбалку, і не разабраць ужо, дзе свае, а дзе прыёмныя.
Так і жывём цяпер – шумна і дружна. Калі ў доме становіцца ціха, мне не па сабе робіцца. Дзеці летам паехалі ў летнік, дык нечага не хапала. Вярнуліся – зразумела, чаго: шуму, іх галасоў, бегатні.


Аксана ГРОДЗЬ:


– Я не ведаю, як гэта можна растлумачыць, але яны, нашы прыёмныя дзеці, з цягам часу і сапраўды становяцца падобнымі на нас. Я нават не кажу пра характар, звычкі – гэта яшчэ неяк можна растлумачыць, а нават чыста знешне. У нас таксама неаднойчы здаралася, што на прыёмных дзяўчынак казалі: “Як яны на вас падобныя!”, думаючы, што гэта нашы родныя. А ў Ані дык Арцём – ну проста яе копія, ніхто не скажа, што ён – не родны, а прыёмны сын!
А ваша Леначка вам, Людміла, напэўна, сапраўды была Богам пасланая: і сон гэты, і нават дзень нараджэння з сынам у адзін дзень. Гэта – знакі лёсу, якія нельга не заўважаць.


Ганна ГРОДЗЬ, Астравец:


– Мы з Аксанай замужам за роднымі братамі. І жывём непадалёк адна ад адной. У многім гэта і сыграла вызначаючую ролю ў маім лёсе.
Так сталася, што сваіх дзяцей у нас з мужам няма. Я неаднойчы думала, каб узяць на выхаванне сірату. Але моцна вагалася, не рашалася. Не была ўпэўнена: ці змагу я даць абяздоленаму дзіцяці тую любоў, клопат, увагу, якія яму патрэбны? Ці здолею справіцца з праблемамі, якія непазбежна ўзнікнуць? Так бы, мусіць, і не рашылася, ды тут умяшаўся, напэўна, сам лёс.
Да Аксаны ішлі сацыяльныя работнікі – яны ж рэгулярна наведваюць сем’і, дзе выхоўваюцца прыёмныя дзеці. Пераблыталі дом, і патрапілі да нашай свякроўкі. І расказалі ёй, што ў бальніцы ляжыць хлопчык, два з паловай гады, якому шукаюць прыёмную сям’ю.
Вечарам я вяртаюся з работы, да мяне прыходзіць Аксана і кажа: “Ну сядай, будзем гаварыць…”


Аксана ГРОДЗЬ:


– Я доўга сумнявалася: расказваць Ані пра гэтага хлопчыка ці не? Яна добра ведае нашу сям’ю, усе радасці і беды, усе праблемы… Я ведала пра яе сумненні і ваганні. Але рашыла: я павінна сказаць, а што рабіць – хай вырашаюць самі.


Ганна ГРОДЗЬ:


– Стала Аксана гаварыць пра гэтага хлопчыка – і ў мяне без дай прычыны разбалелася сэрца. Прыйшоў муж – расказала яму. Кажу: давай сходзім паглядзім, гэта ж нас ні да чаго не абавязвае… А сама думаю: чым жа мяне гэтае дзіця так “зачапіла”, я ж яго нават не бачыла ніколі? Прыехалі ў бальніцу – Арцём на мяне асаблівай увагі не звярнуў. Але яны з мужам адзін на аднаго так глядзелі… Я зразумела: не толькі мяне “зачапіў” да сардэчнага болю гэты хлопчык, мужа – таксама. Наперадзе былі майскія святы, кажу яму: думай… Ён думаў ажно да вечара… “Давай возьмем,” – сказаў урэшце.
Так і вырашылася ўсё – вельмі хутка, хоць да таго былі доўгія ваганні і сумненні. І ў нашай сям’і з’явіўся Арцём – яму на той час было два з паловай гады. А зусім хутка, у снежні, споўніцца дзевяць. Ці даводзілася шкадаваць аб тым спантанным рашэнні? Ну што вы! Ён наш – самы родны, самі дарагі! Аксана праўду гаворыць: ён нават падобны на нас.


Ганна КАЗЛОЎСКАЯ, вёска Міндзяны:


– Нашага прыёмнага сына, Антошку, з бальніцы забраў муж. У нас на той час дачушка ўжо была, пяць месяцаў. А ён неяк прыходзіць – сам не свой. “У бальніцы, – кажа, – хлопчык ляжыць, пакінуты. Два гадкі яму, а ён такі – як травіначка… Давай забяром!”
Ну, паехалі мы ў бальніцу. Дзіця спала, я нават разгледзець яго толкам не змагла. Але муж не мог супакоіцца. Сам аформіў усе дакументы і прывёз Антошку дахаты. Ведаеце, першай маёй рэакцыяй быў шок. Дзіцяці два гады, а ён нічога – ну абсалютна нічога! – не ўмее, толькі есць і спіць. Важыў усяго дзевяць кілаграмаў – маленькі, худзенькі… Мне страшна было: ці змагу я яго выхадзіць, каб ён дагнаў равеснікаў – і ў фізічным, і ў разумовым развіцці? Старалася. За першыя тры месяцы ён набраў тры кілаграмы – гэта была першая наша перамога.
А зараз Антошку ўжо амаль пяць гадоў. А дачушцы – тры. Яны так любяць адзін аднаго! Ён, як старэйшы, аберагае, апякае яе. Зараз вось усе разам чакаем прыбаўлення ў сям’і – яшчэ адну сястрычку. Думаю, Антошка будзе мне памочнікам. Цяпер тата наш увесь час на рабоце, а сынок – мужчына ў доме, гаспадар!


Ірына СТАПОВІЧ, вёска Падольцы:


– А наш Мікітка і ў чатыры гады дзевяць кілаграмаў важыў. І, як і ваш Антошка, не ўмеў нічога. Заморанае дзіця… Ён і сёння ў класе меншы за ўсіх – цяжка навярстаць тое, што ў дзяцінстве не атрымаў. Затое баявы, шустры, вёрткі – і не думала, што такім стане. І з абвостраным пачуццём справядлівасці. Неяк сустрэлі ў горадзе яго бабулю, якраз напярэдадні дня нараджэння Мікіты. І тая паабяцала спячы яму на дзень нараджэння торт. А потым забылася, ці што – не атрымаў Мікітка ні торта, ні віншаванняў… А ён запомніў, чакаў. Пакрыўдзіўся. Кажа мне: я, калі сустрэну бабулю, вітацца з ёй не стану, яна пра мяне не ўспамінае – і я пра яе не буду! І як я яго ні пераконваю, што гэта ўсё роўна твая бабуля, што вітацца абавязкова трэба, стаіць на сваім.
…А Мікітка ў нашай сям’і з’явіўся таксама, можна сказаць, па волі лёсу. Сваіх дзяцей у мяне двое, на той час сын ужо быў дарослы, дачка вучылася ў старэйшых класах. Яна і прынесла вестку пра пакінутага хлопчыка, які чакаў маму ў дзіцячым прытулку. Вырашыла я з’ездзіць, паглядзець… Прыехала – дзіця, як звярок маленькі, ніякага ў нас з ім кантакту. Ну, думаю, не мой гэта хлопчык. І пайшла ўжо была на аўтобус, каб назад ехаць. Ды ўспомніла, што машынку, якую купіла яму ў падарунак, аддаць забылася. Вярнулася – а ён мне насустрач: “Мама!”. Ну ўсё, з таго часу – мама і мама… На ўсё жыццё…


Валянціна ПЛЯСКО, Астравец:


– Жаданне ўзяць на выхаванне пакінутую дзяўчынку ўзнікла ў мяне даўно, яшчэ калі ляжала з сынам у Мінску ў бальніцы – разам з намі там лячылася адна пакінутая малышка. Але, шчыра кажучы, пабаялася: свой хлопчык хворы, дзяўчынку ўзяць з анкалогіяй – ці спраўлюся?
Але думка гэтая не пакідала. Недзе праз два-тры гады цвёрда вырашыла: я павінна гэта зрабіць! І калі даведалася, што ў бальніцы знаходзіцца двухмесячная Вікторыя, адразу ж пайшла паглядзець на яе. Сэрца зашчымела: такое дзіцятка – няўжо так можа быць, каб яно нікому было непатрэбна? На другі раз прыйшлі ў бальніцу з сынам, і ён з першага позірку сказаў: “Мама, давай забяром гэтую дзяўчынку, няхай у мяне будзе сястрычка”.
Так цяпер і жывём утраіх… Вікторыі ўжо тры з паловай гадкі. Яны з сынам вельмі любяць адно аднаго, ён яе абараняе, ахоўвае – сапраўдны мужчына. Хоць нам і не проста, як, напэўна, і ўсім, хто выхоўвае дзяцей, і не толькі прыёмных, усё ж я рада, што рашылася на такі крок – без гэтага маё жыццё і жыццё майго сына было б не поўным, не паўнацэнным.


Леакадзія ІВАШКЕВІЧ, вёска Дайлідкі:


– Ой, я тут, напэўна, самая старэйшая прыёмная маці. Дакладней, бабуля – так мяне называе мой Валодзька.
Я ў дзяцінстве ўсё зайздросціла на вялікія сем’і. Адна ў бацькоў была, а ў суседзяў – пяцёра. Яны пойдуць буракі палоць ці бульбу капаць, раз-раз – і ўсё зрабілі, а мне адной колькі трэба працаваць! І я заўсёды гаварыла, што ў мяне будзе сама мала чацвёра дзяцей!
Трохі не ўгадала – траіх нарадзіла. Але яны неяк вельмі хутка выраслі, раз’ехаліся. Старэйшая дачка ў Мінску, сын – ваенны, малодшая – зусім у Германіі. Унукаў таксама лянуюцца нараджаць. Час ад часу падкідваюць, на лета, дачка яшчэ і сяброўкі малога часам прывязе – але колькі таго лета? Адны мы з дзедам у хаце засталіся… Ды і тое – ён больш на рабоце, а я адна і адна. Пяць гадоў за хворай мамай даглядала, гаспадарку вялікую трымала – тры каровы, свіней. Не прывыкла я без занятку. Потым бабульку суседскую ўзяла пад сваю апеку. А калі яе забралі дзеці ў Ленінград, зусім засумавала… Гусей было развяла, з імі размаўляла. Ды што гусі… Хата вялікая, з усімі выгодамі, а ходзіш па ёй, як па пустэльні…
Разгаварыліся неяк з прадаўшчыцай з магазіна. Я плачу, а яна і кажа:
– Вы б, Міхайлаўна, дзіцятка якое сабе ўзялі з прытулку. А то зусім змарнееце. Я пазваню, калі хочаце.
– Ох, пачакай, – перш спалохалася я. – Я хоць з гаспадаром сваім пагавару.
Раз яму сказала, другі – маўчыць. Ну і я замоўкла. Хоць пра сябе ўжо ўсё вырашыла.
А тут неяк восеньскім вечарам тэлефануюць з прытулку:
– Вы, –кажуць,– дзіця хацелі ўзяць на выхаванне? Ёсць вось тут харошы хлопчык, Валодзя.
– Ды мы, – разгубілася я, – дзяўчынку хацелі…
– Ну дзе ж мы вам возьмем дзяўчынку? – злуюцца там. – Няма дзяўчынак. Бярыце хлопчыка.
– Паехалі, – кажу мужу, – у тыя Варняны, хоць паглядзім, што там за хлопчык.
Прыехалі. Выбягае ён да нас – усміхаецца. Ямачкі на шчочках… Па гадах маім унукам падыходзіць – я такога і хацела. Ну, узялі яго – думалі, пакуль на выхадныя, а там паглядзім, што ды як… Кабана забілі – ён бегае, дапамагае, стараецца…
У панядзелак тэлефануюць з прытулку: “Калі ўжо Валодзю прывезяце назад?”– пытаюцца. Дык якое ж назад – наш ён ужо! “То хоць дакументы аформіце,” –просяць. Ну, аформілі…
А дзецям сваім нічога не кажу –баюся, як паставяцца.
Сын неяк прыехаў.
– А гэта што за хлапец пад нагамі круціцца?
– Ды вось, сынок, узяла я яго з прытулку…
– Ну і добра зрабіла!
Потым дачка з Германіі патэлефанавала, ёй расказала. Яна ўзрадавалася:
– Вось і добра, мама! У нас ужо ў кожнага сваё жыццё. А табе, калі ні пазвоніш, ты ці хворая, ці плачаш, маркоцішся. А так будзеш мець сэнс жыцця.
Так усе мае дзеці, дзякуй ім за разуменне, далі “дабро” – і Валодзя стаў жыць у нас.
І сапраўды – зараз я паздаравела. Цяпер мне хварэць няма калі: добра ці дрэнна сябе адчуваеш, а трэба падымацца, есці зрабіць. Дзіця прыгледзець, у школу выправіць, сустрэць…
На першым часе яму цяжка было, усё трэба было расказаць, навучыць, растлумачыць. А цяпер ужо Валодзя мяне вучыць. Калі не атрымліваецца ў скайп зайсці ці электронную пошту адкрыць, да яго звяртаюся. З унукам яны сябруюць, у Кірыла, як прыедзе, першае пытанне: “Дзе Валодзя?”
За бацькамі, бачу, баліць яго сэрца. На 8 Сакавіка запрашалі мы яго маці. Прыязджала. Павячэралі, начаваць засталася. А ён просіцца: “Бабуля, можна я з мамай буду спаць?” І так да яе прытуліўся, так абняў, усё расказвае, вочкі свецяцца… Усё ж маці ёсць маці. І бацька прыязджаў, калі вызваліўся. Дапамог нам кабана спарадкаваць, хораша так размаўляў, абяцаў забраць Валодзю, вярнуць праз суд. Хлопчык, відаць, моцна на гэта спадзяваўся… Потым, як пагасціў у іх летам, ужо, падобна, не верыць…
Цяпер у Валодзі падлеткавы ўзрост, дык часам бывае і цяжка. Але ўсё роўна, я стараюся падрыхтаваць яго да дарослага жыцця: навучыць апранацца прыгожа, паводзіць сябе. Расказваю, як мару, што ён стане дарослым, ажэніцца, што яму падрыхтавала для самастойнага жыцця, як буду радавацца яго жонцы, няньчыць унукаў…
У вёсцы мяне не разумеюць, кажуць: “Здурэла, мусіць, Лёдзя, на старасць гадоў дзіця ўзяла. І чаго ёй не хапала – грошай, ці што? Дзеці спарадкаваны, усяго ў дастатку. Навошта ёй гэты хлопец?” Што тут каму растлумачыш? Што чалавек, то і розум… А адна старэнькая суседка дык, наадварот, кажа: “Як добра, што ты ўзяла гэтага хлапца! То ж па вуліцы за дзень ніхто не праедзе, не пройдзе. А зараз наш канец аджыў, жвавасць тут нейкая з’явілася: то на веласіпедзе твой хлапчук праедзе, то ў школу пабяжыць, то назад…”


Ніна РЫБІК:


– Што б вы хацелі сказаць, параіць тым жанчынам, якія, магчыма, сёння для сябе вырашаюць тое ж лёсавызначальнае пытанне, якое ў свой час стала перад кожнай з вас: браць на выхаванне чужое дзіця ці не варта?


Аксана ГРОДЗЬ:


– Слухаць сваё сэрца – і больш нікога! І нікога ні аб чым не пытаць. Парайцеся са сваімі дзецьмі, мужам, самымі блізкімі – і рабіце так, як вырашыце. І будзьце гатовы да таго, што ніхто вас не зразумее. Мяне, калі я забірала дзяцей, не падтрымаў ніхто, акрамя маіх родных. Адна сяброўка мне і сёння не можа гэта дараваць і зразумець: чаму я ўзяла гэтых дзяцей?


Інэса КАРПІЦКАЯ:


– І будзьце гатовы да таго, што ў вачах навакольных вы станеце ўдзельнікамі шоу “Без галавы”. На разуменне не разлічвайце – наадварот.


Леакадзія ІВАШКЕВІЧ:


– Канешне, праблемы з прыёмнымі дзецьмі ёсць, і іх нямала. Але ж хіба іх няма са сваімі? Хапае, і ў кожнай сям’і. Часам яны яшчэ большыя...
Калі я падзялілася са сваёй сяброўкай, якая жыве ў Польшчы, тым што ўзяла дзіця і маю цяпер дадатковы клопат, тая адказала вельмі мудра: “Маеш пчолы – то маеш і мёд, маеш дзіця, то маеш і клапот”. І не важна, сваё гэта дзіця ці прыёмнае.


---------------------
Ніна РЫБІК.



АД РЭДАКЦЫІ:


Дванаццаць жанчын, дванаццаць лёсаў, дванаццаць шчырых сэрцаў… І шаснаццаць дзяцей, якім яны падарылі не толькі сваю ласку і любоў, цяпло роднага, а не казённага дома, а, па вялікім рахунку, іншае жыццё. Як бы ні склаўся ў далейшым лёс гэтых дзяцей, у любым выпадку, нават калі яны не стануць тымі і такімі, як сёння мараць іх прыёмныя матулі, яны ўжо не змогуць забыць таго, што зведалі ў гэтых сем’ях. Нават калі захочуць… Гэтыя такія звычайныя і адначасова такія мужныя і высакародныя жанчыны падарылі гэтым дзецям галоўнае – шанс, якога яны па розных прычынах былі пазбаўлены. Шанс на звычайнае прыгожае шчаслівае сямейнае жыццё, дзе заўсёды ў дастатку ежы і яна не хаваецца, дзе ёсць чыстая пасцель, дзе цвітуць кветкі і можна з татам змайстраваць кармушку для птушак, дзе на дзень нараджэння дораць падарункі, а на Новы год прыходзіць Дзед Мароз і выконвае запаветныя жаданні – чамусьці нават добры чараўнік робіць гэта толькі для шчаслівых сямейных дзяцей… Яны падарылі ім часцінку гэтага жыцця, паказалі, што такое бывае не толькі ў кіно…
Вядома, ніхто не можа гарантаваць, што лёс гэтых дзяцей і далейшае жыццё іх матуль будуць шчаслівымі і бязвоблачнымі. Але ўжо за гэты шанс, які яны падарылі сваім прыёмным дзецям, гэтыя жанчыны заслугоўваюць слоў падзякі, прызнання і шанавання.
Нізкі паклон вам, Маці з вялікай літары! І калі шчасце кожнай маці ў дзецях – то дай вам Бог спазнаць яго па поўніцы!