Анастасия Климашевская: "Народная песня сегодня в моде"

10:00 / 17.10.2012

Анастасію Клімашэўскую я неаднойчы бачыла на сцэне. Яна часта выступае з эстраднымі нумарамі. Але найбольш, на мой погляд, ёй удаюцца народныя песні. Яе моцны глыбокі голас прымушае залу заміраць, і ў гэтай цішыні неўзабаве пачынаеш адчуваць, як квітнее Насціна душа, што жыве ў песні.


– Насця, раскажыце, калі ў вас з’явілася любоў да музыкі?
– У нашай сям’і добра спяваў толькі мой дзядуля Мар’ян. Можа, ад яго мне і перадаліся вакальныя здольнасці? А зразумела я, што хачу займацца музыкай, у 4 класе, калі да нас у клуб прыйшла працаваць малады спецыяліст Вольга Валадзько і адвезла спяваючых дзяўчынак, у тым ліку і мяне, у Астравец да Аляксандра Пятровіча Альховіка на праслухоўванне. Той ацаніў мае вакальныя здольнасці – і з таго часу я стала ездзіць да яго на заняткі. Менавіта тады я рабіла свае першыя крокі ў музыцы, выступала на сцэне, удзельнічала ў розных мерапрыемствах.
– І якія дзіцячыя ўспаміны аб сцэне ў вас засталіся?
– Я заўсёды хвалявалася, калі выходзіла на сцэну. Хаця, прызнаюся, гэтае хваляванне ёсць і сёння. Аднак пасля выступлення апаноўвалі зусім іншыя пачуцці: гонар за сябе, што змагла справіцца са сваім страхам, выйсці на сцэну і добра праспяваць.
– Хто былі вашы настаўнікі? У каго і чаму вы вучыліся?
– Першым настаўнікам, як я ўжо казала, быў Аляксандр Пятровіч, які прывіў мне любоў да музыкі. Аднак поўнасцю раскрыла мяне мой педагог ва ўніверсітэце Ларыса Мікалаеўна Рыжкова. Яна заўсёды гаварыла, што я – складаная студэнтка, бо я была заціснутай і замкнутай. Але яна працягвала змагацца з гэтымі маімі “комплексамі”, і з цягам часу ёй удалося мяне разняволіць. Тое, што я ўяўляю сабой сёння, злеплена Ларысай Мікалаеўнай.
– А бацькі былі не супраць той прафесіі, якую вы для сябе выбралі? Самі не шкадуеце, што не сталі юрыстам ці эканамістам?
– Бацькі не ўплывалі на мой выбар – сваю будучыню я выбірала сама. Мама поўнасцю мяне падтрымала, а тата крыху засмуціўся, бо хацеў, каб я стала настаўніцай. Сама ж я ні аб чым не шкадую – ну хіба што крышачку, і то толькі з-за фінансавага боку справы. А так адчуваю, што я – на сваім месцы. Мне падабаецца наш дружны і вясёлы калектыў, наша жыццё напоўнена творчасцю, і мы ніколі не стаім на месцы, а знаходзімся ў пастаянным пошуку.
– Якія ўспаміны засталіся аб студэнцкім жыцці?
– Універсітэцкія гады былі насычаны творчасцю. Вакальная група “Кроса”, у склад якой я ўваходзіла, вяла актыўнае канцэртнае жыццё. Мы пастаянна ўдзельнічалі ў розных конкурсах, канцэртах – не толькі ў Беларусі, а і за яе межамі. На 4-ым курсе я ўвайшла ў склад вядомага мінскага фальклорнага ансамбля “Ліцвіны”, які працуе пад кіраўніцтвам Уладзіміра Берберава. За час сумеснай работы калектыў стаў для мяне родным. Я і зараз час ад часу езджу з імі выступаць. Гэта – мая аддушына! Я забываю з імі аб усіх сваіх праблемах і адпачываю душой. І для сябе зразумела, што цяжка заўсёды знаходзіцца ў адным месцы – пачынаеш задыхацца. А з’ездзіш з “Ліцвінамі” куды-небудзь выступіць – і вяртаешся дадому натхнёны, з прыўзнятым настроем.
– Наколькі я зразумела, вам найбольш падабаецца народная музыка?
– Калі ва ўніверсітэце выбрала для сябе народныя спевы, я і падумаць не магла, што яны мяне так захопяць. Мяне радуе, што сёння народная музыка стала моднай і сярод моладзі. Паглядзіце, колькі зараз ствараецца гуртоў, якія спяваюць у стылі folk-fusion, які аб’ядноўвае ў сабе розныя музычныя накірункі. І дзякуючы гэтаму беларуская народная песня набывае сучаснае гучанне. Памятаю, як мы з “Ліцвінамі” выступалі ў мінскім начным клубе “Рэактар” – моладзь нас сустракала на “ўра”.
– Як вы падбіраеце песні для свайго рэпертуару?
– Часцей за ўсё шукаю што-небудзь у інтэрнэце, і калі адчуваю, што гэта песня мая – пачынаю яе развучваць.
А ў “Ліцвінах” у нашага кіраўніка, калі ён ездзіў у экспедыцыі па розных кутках Беларусі і збіраў фальклорны матэрыял, засталося шмат запісаў бытавых, абрадавых песень. І мы робім іх апрацоўкі.
– Якія радасці прыносіць творчая прафесія?
– Радасць ад таго, што ты выходзіш на сцэну, і цябе слухаюць. А калі адчуваеш энергетыку гледачоў, бачыш, што ім падабаецца тваё выступленне, як у іх блішчаць вочы, то разумееш, што ўсё – недарэмна. Мы нясём радасць людзям, даём ім магчымасць адпачыць і забыць пра свае клопаты і праблемы. Ад гэтага і нам становіцца прыемна.
– У чым вы знаходзіце крыніцу натхнення?
– У людзях. Яны мяне часта не толькі натхняюць, але і падштурхоўваюць да дзеянняў. Я, дарэчы сказаць, у “Песнях памежжа” не збіралася ўдзельнічаць. А мой калектыў так мяне шчыра ўгаворваў і падбадзёрваў, што я згадзілася – і ў выніку заваявала Гран-пры.
– Якая ўнутраная работа стаіць за выхадам на сцэну? Аб чым вы думаеце, калі спяваеце?
– Я кожны раз хвалююся перад выхадам на сцэну. Аднак лічу, што гэта – нармальна. Пераканана: калі артыст гаворыць, што ніколькі не хвалюецца – ён хітруе. А аб чым думаю на сцэне? Здараецца, калі песня “сырая”, то думаеш і аб словах. Але гэта няправільна. Неабходна расслабіцца, зліцца з песняй – і яна сама пальецца. Так, на “Адной зямлі”, як мне потым расказвалі, падчас майго выступлення два разы “заела” апаратура. Аднак я гэтага нават не заўважыла – я поўнасцю аддалася песні і нічога вакол не бачыла.
– Вы заўсёды адчуваеце гледача?
– Безумоўна. У нас нават існуе выраз: “Цяжкі глядач”. Гэта калі падчас канцэрта ў зале пануе поўная цішыня, ніхто асабліва не апладзіруе, не падтрымлівае і на цябе проста глядзяць дзясяткі вачэй. Такое здараецца, калі, да прыкладу, выступаеш перад ваеннымі. Хутчэй за ўсё, ім падабаецца – аднак яны не прывыклі выражаць свае эмоцыі. Але нам у такім выпадку цяжка выступаць.
Але ёсць і іншага роду цішыня, калі ніхто нават не перашэптваецца, а толькі захоплена слухае – і потым публіка адорвае цябе гарачымі апладысментамі. Вось тады душа спявае! Так, нядаўна мы ездзілі на “Дажынкі” ў Польшчу з “Кямелінай” – і там, прабачце за нясціпласць, выклікалі сапраўдны фурор у публікі. Яны нас сустракалі не проста цёпла – горача! Было вельмі прыемна.
– Давайце пяройдзем ад спраў прафесійных да асабістых. Раскажыце, як вы любіце адпачываць?
– На прыродзе са сваімі блізкімі. Зараз так рэдка ўдаецца бачыцца з імі, што калі з’яўляецца вольная часіна, то хочацца яе прысвяціць толькі ім.
– На што вам не шкада траціць грошы?
– На падарункі сваім родным і сябрам.
– А якога чалавека можаце назваць сваім сябрам?
– Таго, хто прыйдзе табе на дапамогу ў любы момант і ў любы час сутак. І які ніколі не падмане.
– Наколькі я ведаю, вы яшчэ не замужам. Якога мужчыну бачыце побач з сабой?
– У першую чаргу – каханага чалавека. Дарэчы, ён у мяне ўжо ёсць. Але я не магу сказаць, за якія якасці яго кахаю. Мне здаецца, што кахаюць не за штосьці, а насуперак, з усімі недахопамі чалавека.
– Якім бачыце сваё жыццё праз 15-20 гадоў?
– Што тычыцца работы, то для мяне галоўнае не сядзець у кабінеце, а больш выязджаць з канцэртамі, сустракацца з новымі людзьмі. Калі казаць пра асабістае жыццё, то, як любой жанчыне, хочацца, каб у мяне была сям’я і каб мы жылі ў сваім доме.
– Калі не ў Беларусі, то ў якой краіне хацелі б жыць?
– Я была толькі ў Польшчы і Літве, таму асабліва няма з чым параўноўваць. Аднак мне вельмі спадабалася ў Польшчы: і тое, як устроены іх быт, і сам народ – вельмі адкрыты, дружалюбны, эмацыянальны. А краіну, якую б хацела наведаць? Чамусьці мяне прываблівае экзатычная Інданэзія.
– Што для вас шчасце?
– Здароўе і дабрабыт маіх блізкіх. Калі работа прыносіць радасць. А побач – верныя сябры.
– Пра што марыце?
– Пра той самы домік, у якім будзе жыць мая шчаслівая і дружная сям’я.
– Дзякуй за гутарку і – поспехаў!


----------------------------
Вольга ШОЎКУН,
фота аўтара.