Хозяйка "гитарного" класса Островецкой школы искусств

16:00 / 18.10.2012
«Я гитару настрою на лирический лад

И знакомой тропинкой пойду в звездопад.

Быть счастливой, как песня, попрошу я её,

И гитара взорвётся, как сердце моё…»

Чамусьці да гітары ў людзей – прынамсі, у майго пакалення – асаблівыя адносіны. Нібы недзе там, у вузенькай прасторы паміж двума лістамі фанеры жыве яе душа, з якой можна размаўляць, якой можна даверыць свае сакрэты і нават папрасіць парады. Нездарма барды спяваюць свае балады пад акампанемент менавіта гітары…


– Канешне, у нас з гітарай асаблівыя адносіны, – гаворыць гаспадыня “гітарнага” класа школы мастацтваў Аксана Уладзіміраўна Сяўко. – І душа ў яе сапраўды ёсць – яна жыве ў трымценні струн, гаворыць праз гукі, якія нараджаюцца пад пальцамі музыканта. Але не толькі гітара – размаўляць можна з кожным інструментам. Калі ты яго адчуваеш, вядома. І калі гатовы адкрыць насустрач ягонай сваю душу…
– Напэўна, задача выкладчыка музыкі не толькі ў тым, каб навучыць хлопчыкаў і дзяўчынак тэхнічным прыёмам ігры і нотнай грамаце, – працягвае Аксана Уладзіміраўна. – Дапамагчы адчуць інструмент па-сапраўднаму, падказаць алфавіт мовы, на якой можна размаўляць з гітарай, баянам, домрай… – вось задача настаўніка музыкі. Хоць гэта, вядома, у ідэале. Насамрэч далёка не кожны вучань марыць размаўляць з іншымі, ды і сам з сабой, праз музычны інструмент. Некаторым сапраўды патрэбны толькі тэхнічныя прыёмы і нотная грамата. У любым выпадку выкладчык музыкі павінен знайсці цэнтр судакранання, своеасаблівую сярэдзіну паміж сваім жаданнем даваць і гатоўнасцю вучня засвойваць…
Прафесія “выкладчык музыкі” складаецца з двух слоў і, напэўна, таму не можа выяўляцца толькі ў выкладанні. Другая яе палоўка – уладарная спадарыня Музыка – рана ці позна прымусіць схіліцца ў паклоне перад яе тронам.
– Выкладанне і музыка – гэта розныя грані нашай прафесіі, – згаджаецца Аксана Уладзіміраўна. – І засяродзіцца адзіна на першым – страціць палоўку самога сябе, заблукаць на жыццёвай сцежцы, перастаць расці.
Напэўна, таму выкладчыкі школы мастацтваў з такой радасцю і аб’ядноўваюцца ў музычныя калектывы – каб “расці” разам.
У інструментальную групу “Ін-кварта” (“Учатырох”) аб’ядналіся Алена Аляксандраўна Капылова (цымбалы), Ірына Эдуардаўна Валэйка (акардэон), Вольга Мікалаеўна Гапоненка (скрыпка) і Аксана Уладзіміраўна Сяўко (гітара). Паспрабавалі – і атрымалася неяк адразу. Нібы ігралі разам заўсёды. І першае ж выступленне ўдзячныя слухачы сустрэлі гарачымі апладысментамі.
Сакрэт цудоўнага гучання “Ін-кварта” – у адоранасці яе музыкантаў. У іх жыццёвай пазіцыі – дзяліцца багаццем уласных душ, ва ўменні аб’ядноўваць іх у адну агульную душу, імя якой “МУЗЫКА”. І аддаваць, аддаваць, аддаваць слухачам гукі, эмоцыі, святло… Аддаваць, каб знаходзіць новыя – на іншым, кожны раз больш высокім узроўні…


-------------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.