Орден Матери для Елены Рабковской

20:00 / 16.10.2012

Наступнай гераіняй нашага праекта, які прысвечаны жанчынам, што ўзнагароджаны ордэнам Маці, стала шматдзетная маці, якая жыве ў Трокеніках, – Алена Віктараўна Рабкоўская. Гэтую дзяржаўную ўзнагароду Алена Віктараўна атрымала ў мінулым годзе за выхаванне пяці дзяцей.


Сёння пяць маленькіх, але яркіх сонейкаў – Вадзім, Эла, Кірыл, Мікіта і Дар’я – саграваюць сямейнае гняздзечка сям’і Рабкоўскіх.
А пачалося ўсё 14 гадоў назад, калі маладая дзяўчына Алена разам са сваёй сяброўкай вырашыла з’ездзіць на дыскатэку ў Рытань. Менавіта там яна і пазнаёмілася з Пятром. І амаль адразу ж хлопец і дзяўчына зразумелі, што сустрэлі свой лёс.
Праз нейкі час справілі вяселле і пасяліліся ў доме бабулі ў Нікрашунах. Тут і нарадзіўся першынец Рабкоўскіх – Вадзім. Сёння старэйшы сын ужо вучыцца ў 8 класе і марыць у будучым стаць добрым футбалістам. Пачатак мары ўжо пакладзены – хлопец актыўна наведвае секцыю па футболе і ўдзельнічае ў спаборніцтвах. А ў вольны ад урокаў і трэніровак час ён дапамагае маці па гаспадарцы.
Эла – шасцікласніца. Дзяўчынка – галоўная памочніца мамы па доме. Прыбраць у пакоях, прыгледзець за малодшымі дзецьмі – гэта яе абавязак. На свае захапленні Эла таксама знаходзіць час – займаецца бісерапляценнем і наведвае танцавальны гурток.
Кірыл сёлета пайшоў у чацвёрты клас. Любімы ўрок хлопчыка – фізічная культура. Хаця ён з задавальненнем займаецца і матэматыкай, і англійскай мовай, але больш за ўсё любіць гуляць у камп’ютарныя гульні.
Мікіта – другакласнік. Яго Алена і Пётр прывезлі ўжо ў новы дом, які праўленне калгаса выдзеліла маладой шматдзетнай сям’і ў Трокеніках.
– У Нікрашунах нам падабалася. Спакойна, утульна, прыгожа… Але, як і заўсёды ў жыцці, былі і мінусы, якіх хацелася пазбегнуць. І таму, калі нам прапанавалі жыллё ў Трокеніках, не раздумваючы, згадзіліся. Побач – школа, дзіцячы садок, магазін, усяго гэтага вельмі не хапала ў Нікрашунах.
Мікіта – памочнік таты. Ён хоць сёння гатовы сесці за руль татавага “Джон Дзіра” і з радасцю расказвае, як катаўся з татам на трактары. А потым дадае: “Вырасту і буду, як тата, працаваць на “Джон Дзіры” – поле араць, баранаваць, бульбу садзіць. А, можа, на камбайн пайду працаваць – жыта буду жаць…”
Пасля Мікіты ў Рабкоўскіх “знайшлася” яшчэ адна дачушка – Дар’я. Даша прыйшла на гэты свет якраз напярэдадні Дня маці, чым нямала ўсцешыла Алену Віктараўну. Дзяўчынка – любіміца ўсёй сям’і, і кожны стараецца зрабіць для яе нешта прыемнае. Даша – маленькая модніца, яна ўсім дэманструе сваю сумачку з некалькімі памадамі і прыгожыя сукенкі, якія ёй купілі мама і тата.
Алена Віктараўна і Пётр Віктаравіч самі таксама нарадзіліся ў шматдзетных сем’ях. Але пра тое, каб стварыць шматдзетную сям’ю, пасля вяселля нават не задумваліся. Цяпер жа нават уявіць сябе без сваіх хлочыкаў і дзяўчынак ужо не могуць.
Зразумела, што мама праводзіць з дзецьмі значную частку часу. Тата – асноўны здабытчык у сям’і, працуе ў калгасе. І таму з раніцы да позняга вечара ён на рабоце.
Мама ж цяпер знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за малодшай Дашай, таму менавіта на яе плечы ўскладзена амаль уся работа па гаспадарцы – а гэта свінні, цялушка, агарод, кветнік, і ў доме работы не менш – наварыць есці, вымыць бялізну, прыбраць у хаце. А яшчэ – кветкі. Іх у доме вельмі шмат. Вялікія прыгожыя вазоны ўпрыгожваюць усе пакоі Рабкоўскіх. Для Алены Віктараўны – гэта аддушына, на якую яна заўсёды стараецца знайсці час.
Дом, які напачатку здаваўся вялікім і прасторным, цяпер для шматдзетнай сям’і стаў цеснаватым. Але з раніцы да вечара, нягледзячы на розныя перапетыі жыцця, тут пануе шчасце, любоў і радасць, створаныя працавітымі рукамі ўсіх членаў сям”і.


----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.