Ирина Волчек: "Главное - всесторонне развиваться!"

07:00 / 16.10.2012

– Ірына Анатольеўна, а можна я “Кацяня” сыграю? Разочак... І песеньку пра паравозік. І яшчэ тую, другую.
– Ты ўсё сыграла па пяць разоў. Твой урок закончыўся 40 хвілін назад. І праз пяць хвілін другая дзяўчынка павінна сесці за раяль…
– Дык за пяць хвілін я “Кацяня” паспею… І палоўку песенькі пра паравозік…
– Добра, іграй, – здаецца выкладчыца. І тут жа дадае: – Ножкі! Як ты паставіла ножкі. І расслаб правую ручку…
Пасля “Кацяняці”, песенькі пра паравозік і “той, другой” дзяўчынка нарэшце з відавочнай неахвотай развітваецца.
Забягаючы наперад, скажу, што на працягу нашай кароткай размовы з Ірынай Анатольеўнай яна яшчэ двойчы адкрывала дзверы і без гуку, аднымі вуснамі прасіла: “А можа, яшчэ разок “Кацяня”?..
– Вось вам яркая дэманстрацыя таго, наколькі таленты чалавека перадаюцца нашчадкам, нават праз пакаленне, – смеючыся, тлумачыць сітуацыю выкладчыца. – Гэтая дзяўчынка – унучка Кляпцова. Пачала займацца ў школе мастацтваў толькі з пачатку гэтага навучальнага года. І вось вынік: усё схоплівае яшчэ ў паветры і гатова займацца музыкай да ночы…
Сітуацыя, зрэшты, не ўнікальная. Прынамсі, для самой Ірыны Анатольеўны – яе выкладчыцы музыкі таксама даводзілася заканчваць заняткі насуперак Ірынінаму: “А можна яшчэ..”.


Ірына Анатольеўна Волчак нарадзілася і вырасла ў Казахстане, куды яе мама, карэнная градзенчанка, прыехала ў свой час “падымаць цаліну”.
Тое, што Бог узнагародзіў дзяўчынку цудоўным голасам, дарослыя заўважылі вельмі хутка. Але ў іх гарадку не было музычнай школы… І быць бы таленту нерэалізаваным, калі б не дапамаглі непрыемнасці.
– Я расла хваравітым дзіцём, – расказвае Ірына Анатольеўна. – На думку дактароў, мне не падыходзіў суровы клімат паўночнага Казахстана. Сітуацыю можна было паправіць адзіным шляхам – мяне адправілі ў Ташкент да мамінай сястры. Вельмі хутка цётачка адвяла мяне ў музычную школу.
Праз два гады, калі дзяўчынка канчаткова выздаравела, яна вярнулася дадому. Але сваё далейшае жыццё ўжо не ўяўляла без музыкі. Фартэпіяна і вакалам Ірына стала займацца ў мясцовым Доме піянераў. Потым было Какчатаўскае музычнае вучылішча, пасля заканчэння якога вырашыла наведаць радзіму маці – Беларусь.
Наведала. З першага погляду ўлюбілася ў яе шматквецце і, каб застацца, паступіла ў педагагічны інстытут імя Максіма Танка. На факультэт “Музыка і спевы”.
– Як і кожнае дзіця “з голасам”, мяне рана пачалі выкарыстоўваць у якасці самадзейнай артысткі, – гаворыць Ірына Анатольеўна. – І я з радасцю спявала немудрагелістыя дзіцячыя песенькі. Але куды больш мне падабалася спяваць у хоры. Гэта свайго роду брацтва аднадумцаў. Ты не адзін: плячо сябра – вось яно, і вось, і вось… Разам, падтрымліваючы адзін аднаго, мы можам пакарыць самыя высокія музычныя вяршыні.
У Астравецкай музычнай школе, у якой Ірына Анатольеўна стала працаваць пасля замужаства, ёй прапанавалі кіраўніцтва хорам. Згадзілася з радасцю. Узялася за работу з азартам. І поспехі не прымусілі сябе чакаць. Неўзабаве “Ветразь” атрымаў званне “Узорны калектыў”.
А яшчэ яна выкладае фартэпіяна. За амаль трыццаць гадоў дзясяткі пальчыкаў прабеглі па клавішах яе інструмента. Для адных яе вучняў гэта было хіба што экскурсіяй у свет музыкі, для другіх перарасло ў любоў, а для трэціх стала жыццёвым выбарам.
– Часамі прыходзіцца чуць ад бацькоў: “Няма ў нашага сына таленту да музыкі, дык няхай лепш займаецца матэматыкай, у якой ён дока. Усё роўна ў музыцы нічога не даб’ецца”, – дзеліцца сваімі думкамі выкладчыца. – Але ж зуісм не абавязкова, каб дабіваўся, лічу я. Галоўнае, каб развіваўся ўсебакова. Мае талент да матэматыкі – няхай становіцца матэматыкам. Але і свет музыкі хай не будзе для яго чужой краінай. Эйнштэйн, да прыкладу, іграў на скрыпцы…


Ганна ЧАКУР.