Знаёмцеся: дырэктар Астравецкай гімназіі №1 Ірына Антонаўна Лях

15:26 / 03.10.2011
Замест візітнай карткі

Дырэктар адзінай у раёне гімназіі. Выкладчык хіміі і біялогіі з 26-гадовым стажам. Жонка. Маці дваіх дзяцей-студэнтаў. Яе партрэт занесены на раённую Дошку гонару. Гэта ўсё пра яе, Ірыну Антонаўну Лях, з якой напярэдадні Дня настаўніка мы паспрабуем пазнаёміць нашых чытачоў бліжэй.


— Ірына Антонаўна, да нядаўняга часу ўсе ведалі вас як цудоўнага выкладчыка хіміі і біялогіі, якая рыхтавала пераможцаў раённых і абласных алімпіяд па гэтых прадметах, чые вучні лёгка паступалі на абраныя спецыяльнасці. І раптам – дырэктар гімназіі, першай і пакуль адзінай падобнай навучальнай установы ў нашым раёне. Цяпер, калі ўжо ёсць вопыт работы і ў той, і ў іншай іпастасі, скажыце, што вам бліжэй, што больш падабаецца?
— Ведаеце, у мяне жыццёвае крэда: калі ўжо ўзяўся за нешта, то справу трэба рабіць добра. І даводзіць яе да канца. Пагэтаму я не магу сказаць, што нешта мне падабаецца больш, а нешта – менш.
Мне вельмі падабалася працаваць настаўніцай. Разглядзець у вучні нешта глыбока схаванае – талент, здольнасць, схільнасць, і затым дапамагчы гэтаму развіцца, бачыць, як з “жаўтаротых птушанят” вырастаюць не без тваёй дапамогі асобы са сваім характарам, светапоглядам, як яны становяцца ўсё больш дарослымі, самастойнымі, дасягаюць поспехаў – гэта такая радасць!
Але і работа адміністратара мне таксама падабаецца, хоць яна і вельмі складаная. Перш за ўсё таму, што гэта – работа з людзьмі. Калектыў у нас вялікі – у гімназіі працуе 74 педагогі, і кожны – са сваім характарам, уласнай сістэмай каштоўнасцей. Да кожнага трэба знайсці падыход, перш за ўсё – зразумець, а затым, калі трэба, — дапамагчы.
І праца па пераўтварэнні нашай гімназіі ў навучальную ўстанову, якая поўнасцю, і знешне, і ўнутрана, будзе адпавядаць сваёй назве, — гэта таксама вельмі цікава.
— А як усё пачыналася? Якім быў шлях ад маленькай дзяўчынкі Ірачкі да настаўніцы, а затым – да дырэктара гімназіі Ірыны Антонаўны?
— Нарадзілася я на Міншчыне, на легендарнай Стаўбцоўшчыне, апетай Якубам Коласам – цудоўныя дубравы, бацька-Нёман… У знакамітай Налібоцкай пушчы, у вялікай вёсцы Налібокі – на той час у нашай школе вучылася 500 дзяцей! Мама нас са старэйшым братам гадавала адна – бацька загінуў у аварыі, калі мне было толькі паўгода, а брату – два гадкі. Як і ўсе вясковыя дзеці, да працы мы былі прывучаны з маленства: паспявалі ў школе добра вучыцца, і маме дапамагаць.
У школе ў нас было моцна развітае школьнае лясніцтва. А яшчэ ўплыў маладой таленавітай настаўніцы біялогіі… Ды, напэўна, у нашым лясным краі і немагчыма было не захапіцца ўсім, што звязана з прыродай. “Захварэлі” білогіяй і хіміяй і я, і брат. Толькі вось шлях сабе выбралі розны: ён пасля школы паступіў у медыцынскі ўніверсітэт, а я пайшла ў тагачасны педагагічны інстытут імя Максіма Горкага на факультэт прыродазнаўчых навук на аддзяленне хіміі і біялогіі.
На размеркаванні ішла адной з першых – у мяне ў дыпломе было толькі некалькі чацвёрак. Папрасілася, вядома ж, на радзіму, у Стаўбцоўскі раён – дзе можа быць лепш? Год працавала настаўніцай хіміі і біялогіі ў школе з вялікай і прыгожай вёсцы Вішнявец – ужо тады, у 80-я, там быў праведзены прыродны газ, будавалася жыллё, у школе вучылася шмат дзяцей. Затым мяне прызначылі намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце.
Ну а затым – усё, як звычайна: каханне, замужжа… Муж, карэнны мінчанін, таксама быў апантаны прыродай, вельмі любіў лес, таму і паступіў у тэхналагічны інстытут, пасля заканчэння якога яго накіравалі ў маю родную вёску Налібокі памочнікам ляснічага – там мы і пазнаёміліся на танцах. Пасля вяселля і я вярнулася на радзіму, у сваю родную школу – толькі ўжо намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.
А потым чарговы зігзаг лёсу: у 1991 годзе мужа пераводзяць на работу ў Астравецкі лясгас. Ох, як не хацелася мне сюды ехаць… Там – радзіма, уся радня, усё знаёмае і любімае да драбніц, а тут… Што ўяўляў сабой Астравец пачатку дзевяностых, памятаюць, думаю, усе… Але мая мудрая мама сказала: “Ты – жонка, і павінна ехаць за мужам”.
Работы па спецыяльнасці на новым месцы мне спачатку не знайшлося, прапанавалі пасаду выхавальніка групы падоўжанага дня ў СШ №1. Ну выхавальнікам дык выхавальнікам – усё роўна ж у школе, з дзецьмі. Пазней, калі Ганна Мацвееўна Новікава выйшла на заслужаны адпачынак, стала зноў выкладаць хімію і біялогію, была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. А пасля на базе СШ №2 стварылі першую ў раёне гімназію і нам прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе на пасаду выкладчыка. Так я перайшла ў гімназію. А ў 2009 годзе мяне прызначылі яе дырэктарам.
Але тое, што мне давялося працаваць на розных пасадах – і выхавальнікам, і настаўнікам, і завучам – сёння, на дырэктарскай пасадзе, вельмі дапамагае: я ведаю ўсю работу, не толькі знешні бок справы, але і “падводныя цячэнні”.
— Пра што марыць дырэктар гімназіі?
— Наша гімназія – не з новапабудаваных устаноў адукацыі, дзе ўсе неабходнае прадугледжана першапачаткова. Усе ведаюць, што раней гэта была звычайная школа, якая да таго ж будавалася, дабудоўвалася, перабудоўвалася… Хочацца, каб з цягам часу яна стала адпавядаць свайму статусу ва ўсіх сэнсах – і па якасці адукацыі, што мы даём вучням, і па ўмовах навучання дзяцей і працы настаўнікаў, і па знешняму абліччу.
Многае нам ужо ўдалося зрабіць. Тэрыторыя гімназіі паступова пераўтвараецца. Нашы госці адзначаюць, як шмат тут з’явілася кветак, дэкаратыўных дрэў – іх ужо больш чым дзве сотні, гэта ў асноўным дапамога Астравецкага лясгаса. Напярэдадні 65-годдзя Вялікай Перамогі залажылі алею славы, стварылі адпаведныя лагатыпы.
А ўвогуле хочацца, каб, ступіўшы на нашу тэрыторыю, людзі адчувалі, што трапілі ў незвычайную, казачную краіну — прыкладна такую, якая створана каля першай школы ў Ашмянах. Мы сябруем з яе дырэктарам, абменьваемся ідэямі, вопытам – хоць і не збіраемся капіраваць суседзяў, з цягам часу ў нас будзе свой твар, і не горшы.
Пераўтвараецца не толькі тэрыторыя, але і будынак гімназіі. Перакрыты дах, заменены вокны, праведзена цеплавая рэабілітацыя, рамонт фасада – усё гэта вялікія затраты раённага бюджэту. Зроблены рамонт на першым паверсе – за гэта вялікі дзякуй старшыні райвыканкама Адаму Дзмітрыевічу Кавальку, які шмат нам дапамагае. Сёння ў нас сучасная спартыўная зала – з душавымі, гарачай вадой, раздзявалкамі, санвузламі, якія адпавядаюць усім неабходным патрабаванням. На чарзе – другі і трэці паверхі, там трэба зрабіць рамонт у калідорах і холах, класы мы ўжо адрамантуем самі. Увогуле, хачу зазначыць, калектыў гімназіі не сядзіць, склаўшы рукі, у чаканні, пакуль нехта нешта зробіць –мы і самі працуем у гэтым напрамку вельмі шмат. Да прыкладу, яшчэ падчас рамонту ў 2008 годзе будаўнікі не давялі да ладу два ганкі – сёлета іх зрабілі нашы людзі. З дапамогай ДРБУ-159 і райсельгастэхнікі абуладкавалі новую баскетбольную пляцоўку. А настаўнікі падсыпалі бегавыя дарожкі, зрабілі яму для скачкоў. Часткова за бюджэтныя сродкі, часткова – за ўласныя. Значна абнавілі спартыўную базу – зрасходавалі на гэта 10 мільёнаў рублёў: набылі новыя баскетбольныя шчыты, тэнісныя сталы, спартыўны інвентар – і сёння па наяўнасці спартыўнай базы наша гімназія займае трэцяе месца ў вобласці. Нашы работнікі ўжо асвоілі многія будаўнічыя спецыяльнасці – самі шпаклююць, грунтуюць, фарбуюць, нават бардзюры ўкладваюць. Кабінеты бухгалтара, працэдурны, класныя памяшканні адрамантавалі самастойна. Вось каб крыху грошай на матэрыялы… Сродкаў ад пазабюджэтнай дзейнасці на гэта не хапае. Хоць мы і зарабляем нямала: у мінулым годзе – 42 мільёны, у гэтым запланавана атрымаць ад пазабюджэтнай дзейнасці 48 мільёнаў. На сённяшні дзень гэты план мы ўжо выканалі на 85 працэнтаў.
Ну а галоўнае, вядома, каб узровень адукаванасці нашых вучняў адпавядаў статусу гімназіі. Нас радуе, што летась сярод выпускнікоў гімназіі было стопрацэнтнае паступленне. Сёлета з 52 выпускнікоў 40 сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў, а іншыя выбралі каледжы не таму, што не змаглі паступіць у ВНУ, а ішлі на гэта, свядома. Сярод нашых вучняў – нямала пераможцаў абласных, рэспубліканскіх алімпіяд, Насця Вайшнаровіч у свой час стала прызёрам міжнароднай. Усё гэта сведчыць, што вынікі нашай працы відаць ужо і сёння, і не без гонару магу сказаць, што ў вобласці наша сельская гімназія лічыцца адной з лепшых. Гэта, вядома, радуе – але мы разумеем, што робім яшчэ толькі першыя крокі да ажыццяўлення мары аб тым, якой павінна стаць наша гімназія.
— Ірына Антонаўна, вы працавалі ў СШ №1, калі было прынята рашэнне аб стварэнні ў Астраўцы гімназіі. Памятаю, тады было шмат спрэчак: ці варта, у горадзе толькі дзве школы, што тут дзяліць… Вашы адносіны да гэтага – тады і цяпер?
— Сапраўды, тады нам, настаўнікам першай школы, было крыху крыўдна, што прынята рашэнне стварыць гімназію на базе другой, а не нашай школы, і размоў самых розных было шмат. Але цяпер я бачу, што гімназія павінна быць, што гэта – найлепшая ўстанова для развіцця таленавітых, адораных дзяцей. Якую б карысць ні прыносілі факультатывы, стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі, усё ж асноўныя веды дзеці атрымліваюць на ўроках – і менавіта ў гімназіях створаны профільныя класы. Цяпер дзеці і бацькі не ў апошні год, а яшчэ ў сярэдніх класах вызначаюць, што ім трэба, да чаго яны маюць схільнасці – філалогія, дакладныя навукі, хімічна-біялагічны накірунак – і паглыблена займаюцца па гэтых прадметах, у гімназіі ёсць такая магчымасць. Так што, як бы хто да гэтага ні адносіўся, менавіта за гімназіямі, я лічу, будучыня.
А першая школа таксама не павінна быць забытая ці закінутая. Там цяпер асноўным накірункам развіцця абрана спартыўнае выхаванне – таксама вельмі важная справа.
— Пры вашай загружанасці адміністрацыйнай работай – ці хапае часу на любімую біялогію і хімію?
— Ну, ёсць жа яшчэ выхадныя… А калі ўвесь час знаходзішся ў такім рытме, то адпачываць у сэнсе “нічога не рабіць” проста немагчыма. І як толькі з’яўляецца вольная хвіліна, хочацца нешта парашаць, паглядзець…
Настаўніку ні ў якім разе нельга спыняцца, пастаянна трэба займацца самаадукацыяй, бо ўсё ж мяняецца вельмі імкліва. Асабліва малекулярная біялогія – тое, што я вучыла ў інстытуце 26 гадоў назад, і тое, што трэба вучням зараз, — гэта ж неба і зямля! І каб даць вучням веды, якія ім спатрэбяцца пры паступленні, для ўдзелу ў алімпіядах, трэба і настаўніку ўвесь час, што называецца, трымаць руку на пульсе. Бо тыя заданні, што некалі ішлі як алімпіядныя, сёння даюцца для звычайных урокаў. На раённую алімпіяду спускаюцца заданні абласных спаборніцтваў, на рэспубліканскія – міжнародных… Праграма ўвесь час ускладняецца. І ўвесь час трэба быць у курсе, бо ты ж – настаўнік. Нешта на курсах павышэння кваліфікацыі возьмеш, нешта – у спецыяльных прадметных часопісах, у адпаведнай літаратуры. А яшчэ нам вельмі дапамагаюць нашы былыя вучні, сённяшнія студэнты – з літаратурай, навінкамі.
Я зараз выкладаю ў 8-9 класах, яны яшчэ толькі пачынаюць рыхтавацца да раённых прадметных алімпіяд, але я ўжо бачу, як гараць у іх вочкі, як ім хочацца… Канешне, мы пастараемся з імі выступіць дастойна.
Увогуле, я люблю займацца з “алімпійцамі”, многія мае вучні былі пераможцамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, не кажучы ўжо пра раённыя – і Наташа Лях, і Андрэй Кардзіс, і Оля Малочка, наша зорка Насця Вайшнаровіч. Канешне, зорачкі вырастаюць і пераходзяць на іншую арбіту – а наша задача шукаць і запальваць новыя, такая настаўніцкая доля… Але гэта і вельмі прыемна.
— А на сям’ю час застаецца?
— Вось з сям’ёй больш складана… Муж мяне ўвесь час раўнуе – але толькі да школы. Работа забірае ўвесь час — і рабочы, і так званы вольны. Але цяпер дзеці вучацца ў Мінску, а муж мяне разумее – ён таксам кіраўнік, дырэктар Смаргонскга лясгаса. Так што дахаты прыходзім кожны са сваім партфелем – і, павячэраўшы, сядаем кожны за свой стол – выконваць “хатнія заданні”.
— Усе канстатуюць, што ў апошні час падае аўтарытэт прафесіі настаўніка. Як вы думаеце, з-за чаго?
— Так, і сапраўды. І на жнівеньскай нарадзе, якую ўжо паспелі ахрысціць настаўніцкім з’здам, у якой прымаў удзел прэзідэнт, размова ішла аб гэтым – аб тым, што ў педагагічныя ВНУ ідуць тыя, хто не змог паступіць у больш прэстыжныя ўніверсітэты. Прапаноўваліся розныя шляхі вырашэння гэтай праблемы: нехта гаварыў аб недастатковай зарплаце, аб неабходнасці ўвесці для настаўнікаў тэст на прафпрыгоднасць. Але я згодна з прэзідэнтам: калі я такая, як ёсць, якую б зарплату мне ні далі, іншай я не стану – ні лепшай, ні разумнейшай.
Мне здаецца, што са старшакласнікамі трэба больш актыўна весці работу па прафесійнай арыентацыі. І прыводзіць ім лепшыя прыклады – сярод настаўнікаў, у тым ліку і ў нашай гімназіі, шмат сапраўдных прафесіяналаў, энтузіястаў, людзей, апантаных сваёй справай. Вось іх прыклад і трэба паказваць, вучыць на ім моладзь. Магчыма, і творчыя сілы, у тым ліку і вы, журналісты, маглі б дапамагчы ў гэтым, канцэнтруючы ўвагу не на нейкіх недахопах, якія, вядома ж, існуюць – як і ўсюды, а на лепшых прадстаўніках нашай прафесіі.
А яшчэ бацькі часта, стараючыся абараніць сваё дзіця, не ўнікаючы асабліва ў сэнс справы, пачынаюць паліваць брудам настаўніка, і нават у прысутнасці дзіцяці – як яму назаўтра ісці на ўрок, слухаць таго настаўніка, выконваць яго заданні? Пагэтаму, мне здаецца, найперш – трэба навучыць бацькоў паважаць настаўніка.
Але настаўнік павінен заслужыць гэтую павагу, а не разлічваць атрымаць яе толькі таму, што ён закончыў педагагічны ўніверсітэт і прыйшоў працаваць у школу. Настаўнік заўсёды на віду: як ён апранаецца, паводзіць сябе, размаўляе з людзьмі, не важна, у школе ці за яе парогам. Пра гэта заўсёды трэба памятаць, калі хочаш, каб людзі цябе паважалі.
А ўвогуле ўсё залежыць ад чалавека. Калі гэта сапраўдны настаўнік, то ўсё ў яго будзе – і павага, і прызнанне. А калі да мяне з заявай на звальненне прыходзіць настаўніца і тлумачыць, што пойдзе працаваць на бензакалонку ці гандляваць бананамі на рынку, бо там плацяць больш, то такую і стрымліваць не варта. Калі настаўнік не паважае сам сябе, сваю прафесію, то як ён можа патрабаваць павагі ад іншых?
Я ў настаўніцкую прафесію прыйшла свядома, па патрабаванню душы, не пабаюся гучнага слова і скажу, што гэта — сапраўды маё прызванне. І якая б зарплата ні была, якія б цяжкасці ні чакалі, я ніколі і нізавошта не здраджу сваёй справе…
— Але ж тым не менш дзецям сваім вы не параілі ісці ў педагагічны – абое, і сын, і дачка – студэнты медыцынскага ўніверсітэта…
— Але і забараняць, калі б яны таго захацелі, не стала б!
Так ужо сталася, што ў нашай сям’і дзве дынастыі – урачоў і педагогаў. І калі збіраемся разам, хочам таго ці не, размова рана ці позна пераходзіць на медыцыну ці педагогіку.
Так, дачка Наташа таксама, як і я некалі, любіла біялогію, Але ёй яна падабалася больш у практычным аспекце: ёй цікава было разабрацца, як што ўладкавана. Яе вабіла да медыцына – і прафесію яна абрала свядома. Цяпер заканчвае медуніверсітэт, будзе хірургам.
А сыну мы з мужам раілі выбраць больш мужчынскую, інжынерную прафесію, магчыма, звязаную з сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі. Але ён таксама аддаў перавагу медыцыне. Ну што ж, затое цяпер няма каму скардзіцца… Хоць вучыцца ў медыцынскіх ВНУ, напэўна, цяжэй, чым у якіх іншых. Там не пажывеш весела “ад сесіі да сесіі”.
— Як вы самі, вашы родныя ўспрынялі вестку аб тым, што вас змясцілі на раённую Дошку гонару?
— Мой старэйшы брат, які працуе ўрачом у Стаўбцоўскай раённай бальніцы, таксама быў занесены на раённую Дошку гонару – у гэтым сэнсе я зноў даганяю яго…
А ўвогуле я лічу, што гэта вялікі гонар і разам з тым — вялікая адказнасць. Магчыма, нават аванс – не так многа яшчэ я зрабіла, каб быць удастоенай такога гонару. Але цяпер яго трэба апраўдваць – пастараюся не падвесці тых, хто ў мяне паверыў і так высока ацаніў маю працу.
— Калі б у вас была магчымасць нешта змяніць у сваім жыцці, што б вы зрабілі?
— Нічога. Мяне ўсё задавальняе, у мяне ўсё добра. Працы іншай я не хачу, гэта тое, што я люблю і ўмею, школа — гэта маё жыццё. Месца жыхарства? Так, некалі, як я ўжо гаварыла, не хацела ехаць у Астравец. А цяпер ён стаў маёй другой радзімай, мне здаецца, што больш прыгожага, зручнага, утульнага месца на зямлі няма – хіба што мая родная Стаўбцоўшчына. Сям’я – мой надзейны тыл, дзе мяне заўсёды зразумеюць, падтрымаюць, парадуюцца са мной і падзеляць непрыемнасці, гэта — маё жаночае шчасце. Так што я ўсім задаволена і магу сказаць, што я – шчаслівы чалавек.


Гутарыла Ніна РЫБІК.