Леанард Тапуць у гасцях у землякоў

16:30 / 27.09.2011








– У маленькай радзімы ёсць непаўторная асаблівасць: чым бліжэй да яе пад’язджаеш, тым большае цяпло адчуваеш. А калі нарэшце заходзіш на панадворак бацькоўскага дома… Калі твая рука прывычным (нібы і не развітваўся ніколі) рухам дакранаецца да шурпатай кары дуба, пасаджанага яшчэ прапрадзедам… З зямлі, з неба, з дрэва выпраменьвае энергія такой сілы, што ты маладзееш, напаўняешся яе жыватворнасцю, робішся моцным і нязломным – нібы той прапрадзедаўскі дуб…

Леанард ТАПУЦЬ.


У сямнаццацігадовым узросце дубніцкі хлопчык Лёня Тапуць у пагоні за ўласным лёсам выехаў у “вялікі свет”. З таго часу прайшло пяцьдзесят гадоў. Лёня даўно стаў Леанардам Юльянавічам. Палкоўнікам. Заслужаным выпрабавальнікам касмадрома Байканур. Лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Расіі. Намеснікам начальніка Дэпартамента касмічных выпрабаванняў Расіі. Мужам. Бацькам. Дзядулем. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам у космас стартавала каля тысячы ракет – і тысяча ракет пад яго кіраўніцтвам была пабудавана. Ён аб’ехаў – без перабольшвання – увесь свет. Сустракаўся з фінансавымі “вяршкамі” свету, з палітыкамі, з сусветна вядомымі вучонымі, з касманаўтамі…
І кожны год у самым пачатку верасня Леанард Юльянавіч прыязджаў у вёску Дубнікі Астравецкага раёна. Разам з жонкай Валюшкай (Валянцінай Аляксандраўнай) капаў бульбу на бацькоўскіх “сотках”, нарыхтоўваў дровы, рамантаваў агароджу вакол сядзібы… Так-так, той самы Тапуць – па паўнамоцтвах другая асоба ў расійскім грамадзянскім космасе.
Мог бы, як гэта робяць іншыя, прыслаць бацькам “адчэпны” грашовы перавод: маўляў, у думках я – з вамі, і паехаць адпачываць куды-небудзь на Лазурны бераг. Не, не мог – не з той пароды людзей. Ён – з сапраўдных, з тых, хто не толькі не цураецца ўласных каранёў, а наадварот – беражэ іх і мацуе.
І ў кожны свой прыезд на радзіму Леанард Юльянавіч стараецца пабываць (калі не выпадае, дык хоць бы прайсці побач) у Варнянскай школе. Паразмаўляць з рабятамі, адказаць на іх пытанні, даць парады адносна пошукаў свайго праславутага месца ў жыцці… Сустрэцца з настаўнікамі, у якіх таксама нямала пытанняў…



У ВАРНЯНАХ

Сёлетняя сустрэча ў Варнянскай школе была асаблівай.
Леанард Юльянавіч бадзёра пераступіў парог актавай залы, у якім было цесна ад жадаючых сустрэцца з ім – і ад нечаканасці спыніўся. На імгненне. Каб тут жа прыспешыць крокі. Каб падысці і абняць сваіх былых настаўніц Таццяну Нікіфараўну Волкаву і Алену Іванаўну Зелянеўскую, якіх арганізатары сустрэчы спецыяльна запрасілі ў залу. І яшчэ адна прыемная неспадзяванка чакала маскоўскага госця – на спатканне з ім прыйшлі двое былых аднакласнікаў: Генрых Станіслававіч Сінкевіч, калгасны інжынер, і Хрысціна Рыгораўна Стакун, якая ўсё жыццё адпрацавала ў мясцовым гастраноме.
Яны сустрэліся – і час спыніўся. Ды што там! Пад напорам хвалі ўспамінаў час хутка-хуценька заскакаў у зваротным накірунку. Хвілінка-другая – і ўсе мы разам з героямі сустрэчы перанесліся на палову стагоддзя назад.
І як тут не падзівіцца асаблівасцям настаўніцкай памяці?!
–Ты, Лёня, сядзеў на апошняй парце ў сярэднім радзе, – узгадала Алена Іванаўна. – А побач з табой – Салавей. Той заўсёды марыў стаць лётчыкам – дарэчы, пасля школы ён і стаў ім. А цябе цягнула ў ваенныя. А памятаеш, перад вамі сядзела дзяўчынка? Яна цяпер жыве ў Літве… Я стараюся сачыць за лёсамі былых вучняў – усе яны крыху і мае дзеці…
–А я ў вашым класе не выкладала, – гэта ўжо словы Таццяны Нікіфараўны. – Я ж вучыла малодшыя класы, а вы, калі я прыехала ў Варняны, былі ўжо старшакласнікамі. Тым не менш, зацятага спартсмена Лёню Тапуця мне даводзілася бачыць амаль штодня. “Наматае” на свае старэнькія кеды чарговыя кіламетры прабегу – і да нас у двор: здалёк рапартуе майму мужу, які выкладаў фізкультуру: “Уладзімір Васільевіч, я прабег столькі і столькі “кэмэ” і зусім не задыхаўся!” “А калі не задыхаўся, – аднойчы падлавіла момант я, – дык дапамажы свайму любімаму настаўніку пасынкаваць памідоры!” Пайшоў дапамагаць. Размаўлялі яны паміж сабой пра нешта сваё, спартыўнае, а потым Лёня не вытрымаў: “Ніколі не ажанюся на дзяўчыне, якая будзе прымушаць мяне пасынкаваць памідоры!”
–Пасынкуе! – засмяялася Валянціна Аляксандраўна, жонка Л.Ю. Тапуця. – Як міленькі! На дачы.
–Пасынкую, – з вясёлай бездапаможнасцю развёў рукамі Леанід Юльянавіч. – І нават займаюся праполкай. Але толькі высакарослых культур – на градзе з морквай або пятрушкай пасля мяне засталася б голая зямля.



Аднакласніца Хрысціна Рыгораўна Стакун прынесла з сабой фатаграфіі пяцідзесяцігадовай і нават большай мінуўшчыны. І расказала шмат цікавага пра тыя далёкія часы. Генрых Станіслававіч Сінкевіч, як і большасць хлопцаў з іх класа, таксама марыў стаць ваенным, але, сутыкнуўшыся з “аскезай” жыцця ваенных, адмовіўся ад мары яшчэ на фазе паступлення ў вучылішча. Ён стаў інжынерам і да гэтага часу, нягледзячы на 67-гадовы ўзрост, працуе ў СВК “Варняны”.
–Працаваць, я лічу, – сказаў Леанард Юльянавіч, – трэба да таго часу, пакуль вытрымліваюцца два аспекты тваёй працоўнай дзейнасці. Першы: ты атрымліваеш задавальненне ад працы. Другі: твая дзейнасць патрэбна ўстанове, у якой ты працуеш, і прыносіць карысць і ёй, і радзіме ў цэлым. Калі хаця б адзін з гэтых аспектаў пачынае прабуксоўваць – усё, ідзі на заслужаны адпачынак.
Сёння Леанард Юльянавіч працуе намеснікам генеральнага дырэктара касмічнага праектнага інстытута “ІПРАМАШПРАМ”. Дастаткова заглянуць у інтэрнет, каб даведацца, як шмат ён робіць на новым полі дзейнасці. Энтузіазму – як у маладога. А жадання працаваць – нават больш.
–Як вы лічыце, вы – шчаслівы чалавек? – напрыканцы сустрэчы спытаўся нехта са школьнікаў.
–Канешне! – амаль не раздумваючы, адказаў Леанард Юльянавіч. – У мяне ёсць любімая работа, любімая жоначка, з якой я іду па жыцці вось ужо 45 гадоў, любімы сын, поспехамі якога я ганаруся, і трое (!) любімых унукаў, якія… Я – класічны дзед і пра ўнукаў магу расказваць доўга… Я шчаслівы чалавек ужо хаця б таму, што тады, у далёкім юнацтве, мне пашчасціла не памыліцца з выбарам уласнай жыццёвай дарогі. Гэтага я жадаю вам, рабяты, ад усяго сэрца.



У ГІМНАЗІІ

У гімназію палкоўніка Тапуця запрасіў падпалкоўнік Станіслаў Антонавіч Савіцкі.
Што ж здзіўляцца, што сустрэча пачалася цалкам па-ваеннаму:
–Товарищ полковник, разрешите доложить…
–Здравствуйте, товарищи гимназисты!
–Здрав-жел-тов-полковник!!!
Хаця вельмі хутка – дастаткова было прысесці на пачэснае гасцявое крэсла – строгага палкоўніка не стала: Леанард Юльянавіч расказваў рабятам пра сваё жыццё ў даверлівым і простым тоне. А інфармацыі пры гэтым было – цераз край. Пра тэхнічныя тонкасці запуску ракет, пра асаблівасці менталітэту розных народаў, якія неабходна ўлічваць, калі ты не хочаш быць у пройгрышы пры падпісанні міжнародных дагавораў, нават пра тое, якія жанчыны самыя прыгожыя ў свеце (вядома ж, славянкі, вядома ж, мы)…
–Вы стаіце на парозе дарослага жыцця, – у прыватнасці, сказаў рабятам палкоўнік. – І пры выбары прафесіі пастарайцеся вызначыцца правільна – прыслухайцеся, да чаго імкнецца ваша сэрца. Але пры гэтым абавязкова рэальна ацэньвайце свае магчымасці – не спрабуйце адолець заведама не сваю вышыню, выйсці не на сваю арбіту, таму што падаць бывае і балюча, і крыўдна. І далёка не ў кожнага потым хапае сіл на паўторны ўзлёт…
А яшчэ гімназісты, як гасцінныя гаспадары, запрасілі Леанарда Юльянавіча ў свой музей, па экспазіцыі якога кіраўнік музея Вольга Тадэвушаўна Лябецкая і яе памочніцы, дзяўчынкі старэйшых класаў, арганізавалі цікавую экскурсію. А потым зноў былі пытанні і адказы…


Ганна ЧАКУР.
Фота Алеся ЮРКОЙЦЯ.