Знаёмцеся: егер са Спондаўшчыны Рыгор Рабянок

13:51 / 23.09.2011
Салдатамі, кажуць, не нараджаюцца… А егерамі?

ПАЧАТАК

Ці ж мог Рыгор Уладзіміравіч застацца абыякавым да палявання, калі нарадзіцца яму выпала ў сям’і патомных паляўнічых?
З малых гадоў хлопчык з захапленнем назіраў, як бацька, Уладзімір Фядосавіч Рабянок, збіраецца ў лес. Да бляску начышчанае ружжо, “металічны” пах пораху, паляўнічы сабака, які ад прадчування блізкасці здабычы гатовы сарвацца з павадка, – усё гэта было так па-мужчынску, так па-даросламу. З нецярпеннем чакаў Рыгорка вяртання быцькі, каб потым, заміраючы ад жаху і захаплення, наблізіцца да іклістай галавы кабана ці да ашчэранай морды здабытага ваўка… Гадзінамі, затаіўшыся за бацькавымі плячыма, мог слухаць квяцістыя расповеды паляўнічых пра іх здарэнні. І колькі сябе памятае, заўсёды прасіўся: “Татка, вазьмі мяне на паляванне. Ну хоць разочак…”
Капля, як кажуць, і камень дзяўбе – Уладзімір Фядосавіч узяў Рыгорку на паляванне, як толькі таму споўнілася трынаццаць гадоў.
–Напэўна, спачатку я паводзіў сябе, як той бацькаў сабака, – смяецца Рыгор Уладзіміравіч. – Гатовы быў сам узяць след. А ў паляванні вельмі важная дысцыплінаванасць. Інакш можна нанесці шкоду і прыродзе, і самому сабе або калегам. Дзякуй Богу, што адразу хапіла розуму ўсвядоміць гэта. Ды і ўлюбіўся я не столькі ў паляванне, колькі ў лес. І любоў гэтая, нягледзячы на гады, ніколькі не аслабла…
І як было не ўлюбіцца, калі навокал буяла разнатраўе, дрэвы навыперадкі цягнулі да сонца свае кроны, лес поўніўся ягадамі, грыбамі, звінеў сотнямі птушыных галасоў – і на ягоных сцежках пакідалі свае незлічоныя кіпцюрастыя сляды лясныя насельнікі…
–Наша Лоеўшчына (Гомельская вобласць – Г.Ч.) у гэтым сэнсе была запаветным краем, – летуценна прыкрывае вочы Рыгор Уладзіміравіч. – Зойдзеш у лес – і выходзіць не хочацца: не наслухацца ягоных песень, не надыхацца водарам, не наглядзецца на краявіды… А потым у раёне правялі татальную меліярацыю, і літаральна за пару гадоў нашы лясы і балотцы зачэзлі, вырадніліся – нібы ніколі і не радавалі людзей сваёй непаўторнай разнастайнасцю. Кажуць, супраць лому няма прыёму – прыйшлося прывыкаць да звыраднення прыроды…
Вядома, Рыгорка не толькі прывыкаў – жыццё нават самага зацятага паляўнічага не вымяраецца лесам. Ён паспеў вырасці, стаць дарослым Рыгорам і нават завёў уласную сям’ю.
А потым здарылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Небяспечная блізкасць ад месца падзей прымусіла маладую сям’ю змяніць месца жыхарства. Тым больш, што на руках у Рабянкоў ужо быў іх першынец.
У 1987 годзе яны пераехалі спачатку ў Камарова, а адтуль – у Страчу.



УСЛЕД ЗА БЫЛОЙ РАДЗІМАЙ

–Прыехалі, а тут… Лоеўшчына, – расказвае Рыгор Уладзіміравіч. – Такая, якой яна была да меліярацыі. З травамі ў пояс. Са звонкімі, поўнымі птушыных песень, грыбоў, ягад, звера лясамі. Глянуў – і душа заўсміхалася!
Рыгор уладкаваўся ў калгас механізатарам. З аднолькавай стараннасцю выконваў усе даручаныя работы, але асабліва любіў касавіцу. І як толькі выдавалася вольная хвіліна, заглушаў свой трактар дзе-небудзь ля ўзлеску, выбіраўся з кабіны, сядаў на свежаскошаны валок – і слухаў… Ды што там! – у самае сэрца ўпітваў багацце гукаў, пахаў, фарбаў прыроды ўнікальнага Спондаўскага краю.
Хто-ніхто пасмейваўся з гэтай ягонай любові да прыроды, толькі Рыгор не зважаў на кпіны. Прырода не толькі дарыла яму радасць – дадавала сіл, у першую чаргу маральных. А яны былі, ох, як патрэбнымі – яго другі сын рос інвалідам першай групы. Даглядаць хворага хлопчыка жонцы неўзабаве стала не па сілах, і Рыгор вымушаны быў звольніцца – аформіцца ў аддзеле сацыяльнага забеспячэння па догляду за сынам.
І хоць клопатаў хапала, ён выкарыстоўваў любую вольную хвіліну, каб пабываць у лесе.
–Грыша – цудоўны грыбнік, – расказвае яго жонка Вераніка Дзмітрыеўна. – Ідзеш з ім па лесе, а ён табе паказвае: вунь там пад імхом сядзіць баравік, і тут ля пянька таксама павінен расці… І яшчэ адным талентам адарыла яго прырода: ён ніколі не блудзіць у лесе. Гляне разок – і нібы сфатаграфуе мясцовасць. Кожны кусцік у памяці трымае. Мяне вось у трох дрэвах перакруці – не выйду, а ён заўжды ведае дарогу.
Вядома ж, ледзь не ў першы ж дзень пераезду на Астравеччыну Рыгор Уладзіміравіч стаў членам Спондаўскай дачы паляўнічых, якая ўваходзіць у склад раённага аддзялення Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. І вельмі хутка заваяваў давер спачатку сваіх таварышаў, а потым – і кіраўніцтва аддзялення.
Аднойчы яму прапанавалі пасаду егера. І Рыгор яе прыняў.



“АЛЁ, ГЭТА ЕГЕР? ВАС НЕПАКОІЦЬ КАБАН…”

Пра пасаду егера ў службовай інструкцыі сказана, што ён павінен “…ажыццяўляць комплекс мерапрыемстваў па ахове лесу і сачыць за рацыянальным яго выкарыстаннем”. Даволі расплыўчатую фармуліроўку службовых абавязкаў Рыгор Уладзіміравіч увасабляе ў цэлы спектр канкрэтных спраў.
Па-першае, ён корміць звяроў. Зімой прабіваецца скрозь снягі, ранняй вясной змагаецца з раскіслымі ляснымі дарогамі – на старэнькай “Ніве” вязе сваім лясным сябрам прысмакі: адходы, што застаюцца пасля ачысткі збожжавых (іх паляўнічыя набываюць у мясцовай гаспадарцы), сена, бульбу-паранку (гэтую найчасцей – з уласнага склепа), падпсаваныя яблыкі… Прывезеныя прысмакі егер кідае не на снег – яго рукамі для ляснога брацтва зладжаны падкормачныя пляцоўкі. З дахам. З яслямі для сена.
“Сябрам… Як жа! – паспрабуе ёрнічаць нехта. – Сёння падкорміць, а заўтра – заб’е. Вось і ўсё сяброўства”.
І не ўгадае. Рыгор Уладзіміравіч адмовіўся ад палявання. Ідучы ў лес выконваць свае егерскія абавязкі, ён ускідвае на плячо сваё ружжо – але гэта больш для парадку. І для падстрахоўкі таксама – каб падранка не пакінулі няўдалыя паляўнічыя або каб паранены звер не напаў. Але звычайна сваё ружжо Рабянок не расчахляе – замест яго ў лесе ён карыстаецца відэакамерай, якую набыў нядаўна. Прыгожыя краявіды, грыбы-“мацакі”, постаці (інакш і не скажаш!) дрэў… А галоўная яго любоў – лясная жывёла.
…Вось стралой праімчала, амаль не датыкаючыся да зямлі, спалоханая казуля... А тут скрозь гушчар прадзіраецца лось, на галаве ў якога свой “гушчар” – разгалінаваныя рогі. А вось там у кустах – адразу і не заўважыш! ¬– прытаілася шматгаловая сям’я: мама-кабаніха і яе дзеткі-парасяткі – паласаценькія, вёрткія. Ім трэба перайсці лясную дарогу – а гэта, аказваецца, для дзікіх кабаноў задача не з простых. Невядома, як можа свіння навучыць сваё патомства, выказваючыся прывычнымі нам тэрмінамі, правілам бяспекі – хутчэй за ўсё тут спрацоўвае голас крыві, стагоддзямі выпрацаваная асцярожнасць, якая ў жывёлы існуе на ўзроўні генаў. Толькі вось так, з разбегу, вывадак дарогу не штурмуе – спачатку сям’я надоўга замірае ў кустах і слухае цішыню, абнюхвае паветра, стараючыся ўлавіць у ім староннія пахі чужынца.
–У кабана слабы зрок, – каменціруе сваё “кіно” егер. – Але затое слых і нюх у яго развіты дасканала – пакуль іншыя ўбачаць небяспеку вачыма, кабан даведаецца пра яе з дапамогай уласнага “пятачка”.
На гэты раз нічога падазронага сям’я не адчула. Усе разам? Ну што вы! Занадта вялікая рызыка. Дарогу перабягае толькі адно парасё – усе астатнія па-ранейшаму нерухома стаяць у кустах. Спакойна? Можна бегчы наступнаму. Дванаццаць парасят і свінаматка пераадольваюць лясную дарогу больш чым за паўгадзіны…
–Для аднаго вывадка такая колькасць парасят не ўласцівая, – кажа Рабянок. – Зашмат. Дзікая свіння не прыводзіць больш чым восем малышоў. Хутчэй за ўсё тут злучаны дзве сям’і. Адна са свінаматак, мабыць, загінула, а другая “ўсынавіла” яе вывадак...
…Яшчэ адной задачай егера з’яўляецца арганізацыя палявання, якая заўсёды пачынаецца з абавязковага інструктажу. Асабліва дакладным ён бывае, калі арганізуецца загоннае паляванне – кожнаму ўдзельніку Рыгор Уладзіміравіч даводзіць яго нумар, сектар абстрэлу і г.д.
–Паляўнічыя – людзі ўважлівыя і акуратныя, – лічыць егер. – Хаця трапляюцца часам і легкаважныя. Заканчваю неяк інструктаж, даю распісацца… Адзін з паляўнічых падыходзіць: “Грыша, а мне куды страляць?” “А перад кім я тут ледзь не гадзіну распінаўся?” – пытаюся. Паціскае плячыма.
Сучасныя паляўнічыя і ўзброены па-сучаснаму. Ружжы ў іх аснашчаны спецыяльнай оптыкай, а для палявання ў цемры – прыборамі начнога бачання.
Ёсць апаратура і для вывучэння распарадку дня кабана. Прычым яна пастаянна ўдасканальваецца. Яе ў Спондаўскую паляўнічую дачу пастаўляюць мінчукі – у сладзе спондаўскага калектыву нямала жыхароў сталіцы. Сярод якіх, дарэчы, ёсць нават дзве жанчыны. Адна ўдзельнічае ў паляўніцтве так, з цікавасці, за кампанію з мужам, а вось другая...
–Ганна Іванаўна Серада здабыла за сезон некалькі кабаноў. Сама. Адна. Яна любіць паляваць з вышкі, – не без гонару за сваю падапечную расказвае Рыгор Уладзіміравіч.
–Грыша зрабіў для яе такую прыгожую вышку, – дапаўняе мужа Вернаіка Дзмітрыеўна. ¬–Яна ўступала ў Спондаўскае таварыства ў маі мінулага года. Дык разам з білетам паляўнічага атрымала персанальную вышку – уцепленую, засланую дыванкамі.
Але вернемся да апаратуры… Спачатку гэта быў спецыяльны будзільнік, які егер устанаўліваў ля кармушкі. Кабаны, прыходзячы на кармленне, закраналі прыстасаванне, яно падала – і стрэлкі будзільніка спынялі ход. Рыгор Уладзіміравіч правяраў расстаўленыя прыстасаванні і ведаў, у колькі гадзін сям’я прыходзіць на кармленне. А свайго распарадку харчавання свінні, аказваецца, прытрымліваюцца амаль нязменна. Прыязджай напярэдадні іх прыходу, ладзь засідку – і здабывай без праблем!
Але навука не стаіць на месцы. І вось ужо новае прыстасаванне прыдумалі вынаходцы. На гэты раз – тэлефон.
З ім у самым пачатку выкарыстання ў егера атрымалася амаль анекдатычная сітуацыя. Паляўнічыя з Мінска прывезлі навінку, паказалі, як карыстацца, разам яны ўстанавілі яе на аддаленай кармавой пляцоўцы... А ноччу зазваніў тэлефон. Рыгор са сну падняў трубку:
–Алё…
У адказ цішыня.
–Алё… Але… Перастаньце забаўляцца… Ноч на двары…
А ў трубцы: трэсь ды чвяк – чвякае нехта. Глянуў егер на экран телефона, каб даведацца, хто звоніць – а там чорным па зялёнаму напісана: кабан. Ну і ўспомніў нарэшце…
–Але ж, Рыгор Уладзіміравіч, – не вытрымліваю і задаю пытане, якое свярбіць на языку ўжо з добрых паўгадзіны.– Столькі прыдумана прыстасаванняў для палявання. Звер жа проста не мае шансаў выжыць…
–Мае. Не драматызуйце, – не згаджаецца ён. – Выдатныя зрок, слых, абанянне. І хуткія ногі. А доказам таму, што лясныя жыхары ўмеюць падмануць і самых вопытных, узброеных суперсучасным абсталяваннем паляўнічых, з’яўляецца той факт, што іх колькасць на тэрыторыі нашай паляўнічай дачы пастаянна ўзрастае.
Дарэчы, улік звера таксама ўваходзіць у абавязкі егера. Па зімовых слядах ён у пачатку года налічыў 60 галоў кабаноў, 50 казуль, 17 ласёў. Заходзілі нават алені. А вось птушак малавата. Не, так званых непажаданых відаў, да якіх адносіцца баклан вялікі, варона, чапля шэрая і інш., хапае, а вось цецярукоў – няшмат. Глушэц наогул не сустракаецца. Рыгор Уладзіміравіч лічыць, што адной з прычын знікнення глушца сталі наступствы колішняга буралому – ураган паваліў шмат лесу, а леснікі яго выпілавалі, пазбавіўшы глушца патаемных месцаў гнездавання. Вось ён і сышоў з тэрыторыі, якую арандуюць спондаўскія паляўнічыя…



БРОНЗАВАЯ ЎЗНАГАРОДА

Па выніках работы за 2010 год егер Спондаўскага паляўнічага таварыства Рыгор Уладзіміравіч Рабянок стаў адным з лепшых у сваёй сістэме ў рэспубліцы. Па суме балаў, сістэма якіх распрацавана міністэрствам экалогіі, Рыгор Уладзіміравіч заняў трэцяе месца ў рэспубліканскім спаборніцтве і быў узнагароджаны граматай і грашовай прэміяй.
–Прыемна, канешне, – усміхаецца ён. – Але зразумейце правільна – я стараюся не дзеля ўзнагароды. Больш таго: я б працаваў, нават калі б мне не плацілі. Проста… Ну як вам растлумачыць… Не грошы галоўнае… Лес, ён… Бывае, падыходжу да кармушкі за дзесяць крокаў, а кабаны, якія на ёй кормяцца, не ўцякаюць – пазнаюць мяне, ці што?.. І маленькія казулькі з позняга вывадку падыходзяць да рук… Хіба можа быць нешта больш радаснае і абавязваючае, чым такі давер?!
Напэўна, не…


Ганна ЧАКУР.