У гасцёўні "Астравецкай праўды" начальнік пагранічнай заставы Ігар Мельнік

14:13 / 03.06.2011

Сёння ў гасцях у «Астравецкай праўды» вельмі цікавы і не менш энергічны чалавек – начальнік пагранічнай заставы “Лоша”  старшы лейтэнант Ігар Іванавіч МЕЛЬНІК.


– Для пачатку два сказы аб сабе…
Ігар Іванавіч задумаўся… Але на дапамогу прыйшла жонка Таццяна.
– Вельмі добры сем’янін, які бязмежна любіць сваю маленькую дачушку Владу, верны, адданы муж. Большую частку жыцця Ігара займае служба не толькі на словах, але і на справе. Можна сказаць, ён жыве арміяй. Ну і ў кампаніі ён – натуральная запальнічка.
–  Ці павінен салдат альбо афіцэр імкнуцца стаць генералам?
– Безумоўна. Як сцвярджае вядомая прымаўка: “Дрэнны той салдат, што не марыць стаць генералам”. У любога ваеннага чалавека павінен прысутнічаць здаровы кар’ерызм, але на першае месца заўсёды патрэбна ставіць чалавечыя адносіны.
– Што, на ваш погляд, адрознівае беларускага афіцэра ад чалавека неваеннага?
– Абавязак і прысяга перад радзімай, свядомасць, выхаваная на багатай ваеннай гісторыі і не менш багатых воінскіх традыцыях.
– Пабываўшы на вашай заставе, адразу адзначаеш: салдаты любяць і паважаюць свайго начальніка. Як вы думаеце, чаму?
– Я думаю, што ўсё вельмі проста. Салдат – такая ж асоба, як і астатнія людзі, і ім нельга пагарджаць ні ў якім разе. Да нас прыходзяць служыць юнакі, якім па васямнаццаць гадоў альбо крыху больш,  але якія яшчэ не маюць жыццёвага вопыту. Радзіма і бацькі даверылі нам іх на выхаванне, і мы абавязаны вярнуць іх дамоў здаровымі і фізічна, і маральна-псіхалагічна. Пагэтаму камандзір заўсёды першым павінен паказваць прыклад чалавечнасці і маральнай устойлівасці.
– У дзяцінстве хлапчукі звычайна мараць служыць у ВДВ альбо спецназе. Якая мара была ў вас?
– Я заўсёды ведаў, што стану ваенным. Усе родзічы-мужчыны па мацярынскай лініі ваенныя, і пра службу ў арміі я ведаў не толькі з кніг і кінафільмаў. Мне падабалася ў дзяцінстве прафесія ваеннага доктара. А што датычыцца ВДВ, то ў старэйшых класах я таксама марыў пра гэты род войск. Але лёс распарадзіўся такім чынам, што я закончыў юрыдычны каледж, і мяне прызвалі на службу ў пагранічнікі. Адслужыўшы там год,  паступіў у ваенную акадэмію на факультэт пагранічных войск.
– У якім выпадку сапраўдны мужчына мае права пусціць слязу? Ці толькі тады, як абірае цыбулю?
– На мой погляд,  толькі сапраўдны мужчына і можа пусціць слязу. Гэта не паказчык слабасці ці нікчэмнасці чалавека, а паказчык яго духоўнага складу, выхавання, каштоўнасных арыенціраў. У жыцці, культуры, мастацтве, адносінах паміж людзьмі ёсць многа розных рэчаў, якія не дазваляюць заставацца раўнадушнымі. А вось як чалавек рэагуе на тое, што зачапіла за жывое, – яго справа.
– Якую маральную якасць вы будзеце выхоўваць у сваёй дачкі Влады ў першую чаргу?
– Чуласць і самастойнасць. Бацькі заўсёды хочуць, каб іх дзеці выраслі добрымі і годнымі людзьмі.
– Як адпачывае ад ваеннай службы і расслабляецца старшы лейтэнант Мельнік?
–Як правіла, адпачываць у поўным сэнсе гэтага слова атрымліваецца толькі ў адпачынку – служба ёсць служба, і пагэтаму заўсёды патрэбна быць напагатове. Наогул мы з Таняй любім праводзіць час на прыродзе, купацца, пасядзець каля кастра, паспяваць песні пад гітару, пачытаць цікавую кнігу. У вольны час займаюся спортам. На цяперашні момант рыхтуюся да выканання нарматыву майстра спорту па гіравому спорту. Яшчэ мне падабаецца армрэстлінг.
З дзяцінства займаюся збіральніцтвам  воінскай атрыбутыкі і лічу, што ўжо маю годную калекцыю, якую і паказаць не сорамна.
– Ваша жонка таксама пагранічнік. Хто ў сям’і аддае загады?
– У сем’ях ваенных ёсць адно няпісанае правіла: жонка заўсёды на адно званне вышэй за мужа. У нашай сям’і ўсё на роўных, і кожны мае права на свой пункт гледжання.
Але галава сям’і – усё ж такі я…
– Вы і Таццяна ўжо дастаткова добра вывучылі адзін аднаго. На вашу думку, які ваш учынак каханая жонка не зразумела б ніколі?
Старшы лейтэнант задумаўся, але Таццяна не разгубілася:
– Пайшоў да другой і не развітаўся…
Абое ўсміхнуліся і закахана паглядзелі адзін на другога.


Вельмі прыемнае ўражанне засталося аб сям’і Мельнікаў. І, думаецца, пакуль у нас ёсць такія начальнікі пагранічных застаў, а ў іх –такія знаходлівыя жонкі, граніца наша будзе на надзейным і  моцным замку.


Андрэй ПАМЕЦЬКА.