У аздараўленчага лагера "Ластаўка" – новы дырэктар

13:24 / 27.05.2011

Дзіцячы аздараўленчы лагер “Ластаўка” – адзіная ўстанова падобнага тыпу ў нашым раёне. Сёлета ў летніку новы дырэктар –  Вольга Георгіеўна Варанко. І напярэдадні сезону адпачынку мы папрасілі яе адказаць на некалькі пытанняў.


– Давайце пазнаёмімся. Раскажыце крыху пра сябе.
– Амаль два гады назад я закончыла філфак Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта і пасля размеркавання прыехала ў Астравецкі раён. У Гродне, ды і ў Навагрудку, адкуль я родам, мяне нічога не трымала, і таму я з радасцю паехала сюды. Мяне накіравалі ў Варнянскі прытулак. Неяк, чытаючы раённую газету, я ўбачыла аб’яву, што аддзелу адукацыі патрабуецца дырэктар у лагер “Ластаўка” – і вырашыла паспрабаваць.
– Як рашыліся на такую адказную пасаду?
– З дзяцінства мне падабалася ездзіць у лагер. Падчас вучобы ў Гродна  таксама некалькі разоў працавала важатай. У лагеры – зусім іншае жыццё. Так, у школе – цікава, працаваць з дзецьмі ў прытулку – гэта таксама добра. А летнік – гэта зусім іншае. Я вельмі ўдзячна, што кіраўніцтва аддзела адукацыі падтрымала маю кандыдатуру, нягледзячы на маладосць. Цяпер мне вельмі хочацца дабіцца, каб дзеці з задавальненнем ехалі ў летнік.
– Як вы ацэньваеце  спадчыну, што вам дасталася?
– Падобная ўстанова – адзіная ў  нашым раёне і  яна павінна развівацца. Канешне, аб’ём работ там вялікі, і тым не менш я веру, што ў “Ластаўкі” ёсць будучыня. Як установа адукацыі, яна існуе толькі другі год, і  зразумела, пакуль што нам складана.
– У мінулым годзе ў кіраўніцтва аддзела адукацыі было шмат планаў па добраўпарадкаванню “Ластаўкі”. Ці ўдалося што-небудзь зрабіць з задуманага?
– Мне складана гаварыць пра тое, што было зроблена, а што – не. Я прыступіла да работы толькі ў лютым, і асноўнай задачай для мяне  было  зрабіць у летніку неабходны касметычны рамонт. А як толькі закончыцца аздараўленчы сезон, мы сплануем задачы на наступны – і пачнём іх ажыццяўляць.
– Што  ўжо паспелі зрабіць сёлета?
– Асноўным для нас сёлета было ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Тут нам падтрымку аказаў райвыканкам – з раённага бюджэту было выдзелена 60 мільёнаў рублёў. Мы змаглі закупіць тэхналагічнае абсталяванне на харчблок – мыйныя ванны, бульбачыстку, гароднінарэзку, стэлаж. Я ўжо казала – зрабілі касметычны рамонт усіх памяшканняў. У гэтым нам дапамагалі школы раёна. Так, напрыклад, за харчблокам і сталовай  замацавана гімназія №1, адміністрацыйны корпус – за СШ №1, клуб – за Гудагайскай школай, метадычны цэнтр – за Варнянскім НПК,  клумбы даглядаюць Дайлідская і Мальская школы, астатнія  замацаваны за спальнымі карпусамі. Ужо сёлета ў адным з карпусоў сцены і столь мы абабілі гіпсакардонам. У наступным годзе будзем працягваць работы па добраўпарадкаванню.
Я ўдзячна ўсім спецыялістам аддзела адукацыі за падтрымку – мяне разумеюць і дапамагаюць. Калі сутыкаешся з праблемамі ўпершыню – цяжка, а калі адчуваеш, што твае просьбы пачуты, за плячамі вырастаюць крылы, і хочацца працаваць, планаваць і ажыццяўляць задуманае.
Словы ўдзячнасці мне хацелася б таксама  выказаць калектывам ДРБУ-159, ЖКГ, ПМС і  лясгаса і іх кіраўнікам Д.П. Куліну,  А.Б. Стурлісу, В.С. Вянгроўскаму і Р.М. Доўгаму, якія згадзіліся дапамагчы ў добраўпарадкаванні тэрыторыі. Зразумела, што адны мы нічога зрабіць не зможам, і будзем звяртацца па дапамогу ў іншыя арганізацыі – і вельмі хочацца, каб яны нам не адмовілі.
– Каманду аднадумцаў вы ўжо сабралі?
– У аддзеле адукацыі ёсць банк дадзеных настаўнікаў, якія могуць і хочуць працаваць з дзецьмі. Праведзены сур’ёзны адбор педагагічных кадраў – і таму летам праблем узнікнуць не павінна. Хаця, калі папрацаваць у летнік будуць прасіцца студэнты навучальных устаноў, – калі ласка. Першая змена кадрамі ўжо амаль укамплектавана, цяпер педагогі праходзяць медыцынскі агляд.
– Як будзе арганізаваны адпачынак дзяцей у “Ластаўцы” сёлета?
– Як і ў мінулыя гады,  важнейшым аспектам стане арганізацыя выхаваўчай работы і вольнага часу дзяцей. Вялікая ўвага будзе ўдзелена распрацоўцы плана работы на ўсе чатыры змены з улікам узроставых, псіхалагічных і фізіялагічных асаблівасцей дзяцей. Як і раней, мы будзем запрашаць спецыялістаў аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, аўтамабільнай інспекцыі, Чырвонага Крыжа, таварыства выратавальнікаў на вадзе і грамадскія аб’яднанні БРСМ і БРПА, аддзелы моладзі і спорту і турызму райвыканкама.
Запланаваны выезды на Янаўскае вадасховішча, будуць арганізаваны экскурсіі па раёну і за яго межы.
Спадзяюся, што пры такой арганізацыі ў нас усё атрымаецца: дзеці не толькі добра адпачнуць, але і паправяць здароўе. А бацькі будуць задаволены!
– Дзякуй за гутарку. Поспехаў і плёну вам у такой складанай справе, як адпачынак дзяцей.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.