Нашы землякі ў свеце: Святаслаў Бразевіч

09:47 / 25.04.2011
1
Святаслаў Станіслававіч Бразевіч (24.2.1954, в. Чэрнішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобласці).

Расійскі вучоны ў галіне сацыялогіі. Доктар сацыялагічных навук (1997), кандыдат гістарычных навук (1993), прафесар (1999), палкоўнік запасу. Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы, сапраўдны член Нацыянальнай акадэміі ювеналогіі, Балтыйскай педагагічнай акадэміі, Санкт-Пецярбургскай акадэміі кіравання персаналам.


Выхоўвала С. Бразевіча маці, якая была настаўніцай пачатковых класаў. Юнак закончыў Гудагайскую васьмігодку і Астравецкую сярэднюю школу. Затым служыў у складзе савецкіх войскаў у Германіі. Закончыў Данецкае вышэйшае ваенна-палітычные вучылішча інжынерных войскаў і войскаў сувязі (1977), гістарычны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1988). У 1977 – 1986 г.г. служыў на розных пасадах у воінскіх часцях Узброеных Сіл СССР. У 1986 – 1993 г.г. – выкладчык, старшы выкладчык кафедры грамадскіх навук Ленінградскага, потым Санкт-Пецярбургскага вышэйшага інжынерна-будаўнічага вучылішча імя А. Камароўскага. У 1993 - 2001 г.г. – намеснік начальніка кафедры гуманітарных і сацыяльна-эканамічных дысцыплін Ваенна-інжынернага тэхнічнага ўніверсітэта. У 2001 – 2004 г.г. прафесар кафедры кіравання персаналам Санкт-Пецярбургскай акадэміі кіравання і эканомікі. З 2004 г. загадчык кафедры сацыялогіі і кіравання персаналам факультэта сацыяльнага кіравання Санкт-Пецярбургскай акадэміі кіравання і эканомікі. Член дысертацыйных саветаў па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па сацыялагічных навуках пры Санкт-Пецярбугскім дзяржаўным універсітэце і Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце эканомікі і фінансаў.
Кола навуковых зацікаўленасцей С. Бразевіча: удзельныя сяляне Санкт-Пецярбургскай губерні ў канцы ХVІІІ – ХІХ ст., ваенная сацыялогія ў Расіі ў сярэдзіне ХІХ – пачатку ХХ ст., сацыялогія кіравання, гісторыя сацыялогіі, ваенная сацыялогія. Ён аўтар навуковага праекта “Сістэма і спосабы забеспячэння сацыяльнай бяспекі насельніцтва Санкт-Пецярбурга”, складальнік шэрагу праграм па вывучэнню ўмоў працы і прэстыжу работнікаў сацыяльнай сферы, аўтар методык фарміравання і прагназавання асноўных паказчыкаў рынка працы Санкт-Пецярбурга. Аўтар манаграфій і падручнікаў “Ваенная сацыялогія ў Расіі: ідэі, праблемы, вопыт” (СПб., 1997), “Ювеналогія і ювенальная палітыка ў ХХІ стагоддзі: вопыт комплекснага міждысцыплінарнага даследавання” С Пб., 2004), “Сацыялогія” (М., 2005), “Кіраванне якасцю жыцця” (СПб., 2006), “Гісторыя сацыялогіі” (СПб., 2006), “Гісторыя сацыялогіі (СПб., 2006), “Праблемы сацыяльнай работы з моладдзю” (СПб., 2006) і інш.
Узнагароджаны медалямі СССР і Расійскай Федэрацыі.


Марыя ВАСІЛЁНАК, пас. Гудагай.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ.