Дырыжор узорнага аркестра або квінтэт Антановічаў

09:14 / 25.04.2011

Не ведаю чаму… Я бачыла гэта толькі ў старым кіно… Але моўнае спалучэнне “духавы аркестр” асацыіруецца ў мяне з незнаёмым паркам. Дагледжаным, з акуратнымі дарожкамі, што бягуць усе ў адным накірунку – да амфітэатра. Цэлы дзень у паветры, на клумбах, у садах бушаваў май, а пад вечар стаміўся – скруціўся абараначкам ля веснічак амфітэатра і назірае, як пад гукі духавога аркестра кружацца ў старадаўнім вальсе шчаслівыя пары. На зямлі мір і спакой. І ўсё самае лепшае – яшчэ наперадзе…


Колькі сябе памятаю, столькі ў Астраўцы існаваў духавы аркестр. Праўда, раней (хай не пакрыўдзяцца на мяне яго былыя музыканты) яго рэпертуар абмяжоўваўся трыма мелодыямі. Дакладней, трыма маршамі: пахавальным, святочным і тушам (падчас атрымання грамат і ўзнагарод).
Духавы аркестр ёсць у нас і сёння. Прычым ён не толькі вырас колькасна – цяпер у ім удзельнічаюць 18 чалавек ва ўзросце ад 10 да 62 гадоў, непараўнальна больш значны рост калектыву назіраецца ў якасным накірунку. У рэпертуары аркестра самыя розныя мелодыі: гімны, маршы, цэрыманійная музыка, папулярныя класічныя творы, п’есы сучасных кампазітараў (у тым ліку і беларускіх – Ханка, Лучанка…), эстрадныя песні.
Недасведчаны ў музыцы чалавек (прыкладна майго ўзроўню) разважае так: дастаткова дзе-небудзь у бібліятэцы раздабыць ноты, размножыць іх на ўсіх музыкантаў, сабрацца разам і – льецца новая песня.
А яна, аказваецца, пальецца толькі пасля таго, як Аляксандр Мікалаевіч Антановіч, дырыжор аркестра, распіша мелодыю па інструментах, а потым, пасля таго, як кожны з музыкантаў вывучыць сваю партыю, збярэ іх разам з дапамогай вечнай, як свет, палітыкі “бізуна і перніка”, аб’яднае гучанне розных інструментаў у адну агульную мелодыю – і толькі тады загучыць сапраўдная музыка…
Аляксандр Мікалаевіч родам з Навагрудскага раёна. У 1986 годзе ён закончыў Лідскае музычнае вучылішча па класе баяна і разам (ці ўслед?) са сваёй жонкай (маёй аднакласніцай – ну як пры аказіі не пахваліцца?!) Галінай прыехаў у Астравец. Пачаў працаваць у адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю – выкладаць у музычнай школе баян.
Але недзе ў глыбіні яго творчай натуры жыла незадаволенасць. Недарэалізаванасць. Таму што жыла яна не толькі баянам – з дзяцінства Аляксандр Мікалаевіч іграў у духавым аркестры. Спачатку ў сваёй вёсцы, потым – у вучылішчы. І пры ўсёй любові да баянных кнопачак, з дапамогай якіх аднолькава паспяхова можна нарадзіць і какафонію, і гармонію, музыканту хацелася ў літаральным сэнсе ўдыхнуць у музыку ўласную душу. Зрабіць гэта, як вядома, найлягчэй праз духавы інструмент.
Вышэйшую музычную адукацыю ён атрымліваў ужо па класе трубы.
І аднойчы Аляксандр Мікалаевіч (не без ваганняў) стаў кіраўніком аркестра.


Мара кіраўніка духавога аркестра:
– Самы час падумаць пра новыя касцюмы для музыкантаў – старыя ўжо дыхаюць на ладан. Што тычыцца рэпертуару, тут праблем няма – заканчваю апрацоўку новай мелодыі. Якой? Пакуль сакрэт. А яшчэ… Эх, набыць бы строі для дзяўчат! Падабраць дзяўчынак з добрым музычным слыхам, навучыць іх азам ігры на барабане і апрануць у прыгожыя касцюмы! Некалі аркестр нашай вёскі маршыраваў па вуліцах у суправаджэнні барабаншчыц… Ды і сёння ў многіх калектывах такое практыкуецца. Дарэчы, гэта не толькі відовішчна, але яшчэ і дае аркестрантам магчымасць перадыхнуць, таму што, які б вялікі аб’ём лёгкіх у музыканта ні быў, усё ж запас яго трываласці мае свае межы. Асабліва калі іграць даводзіцца, машыруючы па вуліцах.
Думаецца, вялікіх праблем з падборам юных барабаншчыц няма – тым больш, што пры школе мастацтваў працуе яшчэ і харэаграфічны клас. Вось толькі на набыццё касцюмаў патрэбны сродкі… Зрэшты, не такія ўжо і вялікія.


–Не адразу, – усміхаецца ён. – Спачатку мы проста ігралі разам. Хіба рознародную кампанію, апранутую па прынцыпу “хто што мае” можна лічыць аркестрам? А потым тагачасная кіраўніца раённай культуры Данута Францаўна Чарнушэвіч, як тады казалі, “прабіла” нам касцюмы…
І форма дала штуршок зместу – хаця звычайна бывае наадварот. Касцюмы патрабавалі ад калектыва вызначанага ўзроўню майстэрства – праз карпатлівую працу гэты ўзровень скарыўся музыкантам. Але ж не стаяць на месцы! Хіба цікава іграць тры маршы?
Мелодыя за мелодыяй, песня за песняй – рэпертуар аркестра духавых музычных інструментаў няўхільна рос і ўскладняўся.
–Проста нам самім стала цікава, – паціскае плячыма дырыжор. – А калі ёсць агульны інтарэс, ёсць і развіццё.
Як вынік: у 2002 годзе духавы аркестр Астравецкай школы мастацтваў атрымаў званне “Узорны калектыў”. А гэта ўжо, пагадзіцеся, абавязвае. Тут ужо, як у Уолта Уітмена, скрозь церні пойдзеш да зорак. А можа, і вышэй…
За амаль трыццаць гадоў, на працягу якіх Аляксандр Мікалаевіч выкладае ў Астравецкай школе мастацтваў, яго выпускнікамі сталі больш за 100 хлопчыкаў і дзяўчынак. Большасць, вядома, хлопцы – на духавых інструментах дзяўчаты іграюць хіба што ў фільме “У джазе толькі дзяўчаты». Знакамітым на ўвесь свет музыкантам ніхто з іх не стаў, але 11 чалавек вырашылі пайсці па слядах свайго настаўніка – звязаць уласнае жыццё з музыкай. А гэта – ужо шмат.


Гонар кіраўніка духавога аркестра:
– Гонар для настаўніка – яго вучні. Канешне, кожны з нас употайкі марыць сустрэць свайго “Моцарта”. На жаль, геніі нараджаюцца вельмі рэдка. Але ў кожным чалавеку ёсць Божая іскра, раздзьмухаць якую – прэрагатыва настаўніка.
Гонар для настаўніка, калі яго выхаванцы перамагаюць на прэстыжных конкурсах. Як гэта было 28 сакавіка, калі Андрэй Шэміс (барытон-горн)на абласным конкурсе ў Лідзе атрымаў дыплом ІІІ ступені, а Аляксандр Клімашэўскі заняў чацвёртае месца.
Гонар для настаўніка – гэта калі твае вучні вырашаюць прадоўжыць тваю справу, пайсці ў накірунку, які падказаў ім ты. На жаль, працаўнікі культурнай нівы не могуць пахваліцца сваімі зарплатамі, а сучасная моладзь адмаўляецца працаваць за ўмоўныя грошы. Мае вучні так і гавораць: “Быць дырыжорам духавога аркестра вельмі цікава – пайшоў бы з задавальненнем. Але пры такіх вялізных нагрузках – і такая маленькая зарплата! Не, слуга пакорны…”


Музыкантамі сталі і абедзьве дачкі Аляксандра Мікалаевіча і Галіны Іосіфаўны.
Лідскае музычнае вучылішча сям’я Антановічаў з поўным на тое правам можа называць сваёй alma mater (даслоўны пераклад з лацінскай мовы – “кормячая маці”) – яго закончылі ўсе: маці, бацька і абедзве дачкі. Кацярына і Вераніка – піяністкі. Пасля музвучылішча Вераніка закончыла Мінскі педуніверсітэт, факультэт сусветнай мастацкай культуры – жыве і працуе ў Слоніме. Акрамя высока прафесійнай ігры на піяніна яна яшчэ і моцны харавік. Вераніка нават спявае ў царкоўным хоры.
Кацярына закончыла кансерваторыю па класе фартэпіяна. Выкладала спачатку ў Маладзечанскім музвучылішчы, потым пераехала ў Мінск – дае ўрокі музыкі ў вучылішчы імя Глінкі і адной з музычных школ сталіцы. Дарэчы, Уладзімір, муж Кацярыны – таксама піяніст.
Толькі адзін чалавек у сям’і – Андрэй, муж Веранікі, не мае музычнай адукацыі – ён ваенны.
–Андрэй вельмі шкадуе, што ў свой час не закончыў хаця б музычную школу, – гаворыць Галіна Іосіфаўна. – Тым больш, што ў яго выдатны музычны слых і моцны прыгожы голас. Але ён самастойна навучыўся іграць на гітары, так што цяпер – таксама музыкант.
Калі разам збіраюцца пяць музыкантаў… Напэўна, замаўкае нават будзільнік – уся кватэра аддаецца на водкуп музыцы?
–Бог з вамі! – адхрышчваецца ад маіх сентэцый Галіна Іосіфаўна. – У нашай кватэры пануе цішыня – ні тэлевізара, ні радыё. Перанасычэнне гукамі – гэта прафесійная асаблівасць прафесіі музыканта. Калі цэлы дзень ты вымушаны жыць сярод гукаў, вечарам табе хочацца толькі аднаго – цішыні. Абсалютнай і шчыльнай.
–Калі мы збіраемся ўсёй сям’ёй, мы рэдка музыцыруем, – працягвае тэму Аляксандр Мікалаевіч. – Як гэта ні дзіўна гучыць, спявае найчасцей менавіта Андрэй. І акампаніруе сабе на гітары. У яго лірычны голас, які прыемна слухаць. А мы… Мы вельмі шмат размаўляем. Агульныя інтарэсы спрыяюць размове. На нашым баку – вопыт, і мы з радасцю дзелімся сваімі здабыткамі. На баку нашых дзяцей – больш сучасная адукацыя: новыя методыкі, падыход да навучання наогул. Упэўнены, нашы размовы – своеасаблівы працяг навучання. Навучання, якое не мае права спыніцца роўна датуль, пакуль ты лічыш сябе настаўнікам.


Ганна ЧАКУР.