Прафесіяналы: Андрэй Ствол з СВК "Міхалішкі"

08:43 / 18.04.2011

Трымацца сваіх каранёў галоўнага агранома і намесніка старшыні СВК “Міхалішкі” абавязвае нават фамілія – Ствол. Такая ж грунтоўная, трывалая, важкая, як і сам Андрэй Іосіфавіч.


Знешне ён пакідае ўражання чалавека нешматслоўнага. “Не пустазвон”, — гэта якраз пра яго. Кожнае слова – па справе. Хоць пажартаваць, адгукнуцца на трапны гумар шчырай усмешкай яго таксама прымушаць не трэба.
Мара звязаць сваё жыццё з працай на зямлі з’явілася яшчэ ў школе. Выбар здольнага юнака зразумелі не ўсе. Апошнія дзесяцігоддзі сельская гаспадарка маладых не вельмі вабіць. Не тое, што ў сярэдзіне 80-х мінулага стагоддзя. Што казаць, калі большая частка аднакурснікаў Андрэя Іосіфавіча, нягледзячы на дыплом, ад ролі “маладога агранома” катэгарычна адмовілася.
Ды і тое праўда, што толькі ў песні гэта прафесія бачыцца рамантычнай. А на самой справе хлеб агранома зусім незайздросны. Выхадных, апроч зімы, няма. Працоўны дзень, як у той прымаўцы: “адсюль і да заходу сонца”. Асабліва ў пасяўную. Ды яшчэ на ўборачнай. І “крыху” восенню. Карацей, акурат да “белых мух” і атрымліваецца.
“Некаму ж трэба на зямлі працаваць”, -- сціпла адказвае на пытанне, нашто яму патрэбна такая доля, Андрэй Іосіфавіч.
Ён нарадзіўся ў Міхалішках, закончыў мясцовую школу, у міхалішкаўскім СВК праходзіў вытворчую практыку, сюды ж вярнуўся пасля ўніверсітэта. З 2005 года выконвае абавязкі галоўнага агранома. З 2008-га — намеснік старшыні сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва.
У гаспадарцы яго паважаюць ужо за тое, што ён – свой. Тут нарадзіўся, тут і прыгадзіўся. Не дачаснік. Ніхто не можа кінуць яму ў вочы ці за вочы, што вось, маўляў, прыехаў сумніўны аўтарытэт зарабіць і прасунуцца далей па кар’ернай лесвіцы.
Зразумела, не толькі “мясцовыя карані” садзейнічаюць аўтарытэту Андрэя Іосіфавіча. Найперш ён – прафесіянал. Адукаваны і адказны. Нягледзячы на маладосць, выдатна ведае сваю справу. У гэтым сэнсе яму пашчасціла на добрых кіраўнікоў і настаўнікаў. Прыйшоў у кааператыў пры Аляксею Сцяпанавічу Шафарэвічу. Зараз працуе разам з Аляксандрам Іванавічам Чаплінскім. Абодва – гаспадары ад зямлі. У абодвух ёсць што пераняць і чаму павучыцца. І ёсць каму. Прага да ведаў, працы была ўласціва Ствалу заўсёды. Гэта сямейнае, ад бацькоў.
Даспадобы людзям і стыль яго зносін – спакойны і дзелавы. Хоць, як заўважыў сам Андрэй Іосіфавіч, стаўленне да працы падначаленых яму работнікаў далёка не заўсёды спрыяе роўным і лагодным адносінам. Таму і не жадаючы іншым часам і пяройдзеш на павышаны тон. Аднак гэта не правіла, а хутчэй выключэнне.
Да ўласнага службовага росту Ствол адносіцца спакойна. Як да працы. Як да абавязкаў, якія некаму трэба выконваць. Хоць і зазначае, што быць кіраўніком сёння – вельмі вялікая, адказная і клопатная справа. Тое, што ў 6 раніцы – ужо на працы, а дома толькі пасля 22-х – у разлік як бы і не бярэцца. Усе ў аднолькавых умовах – і намеснік, і старшыня, і той жа механізатар на сяўбе.
Адказнасці ён таксама не баіцца. Дакладней, яна яму ўжо не ў навіну. Неаднойчы падчас адсутнасці старшыні выконваў абавязкі кіраўніка гаспадаркі. Зразумела, стараўся не падвесці.
Хвалюе Ствала іншае. Тое, што сучаснаму кіраўніку сельскагаспадарчага прадпрыемства неабходна вырашаць шэраг складаных, невытлумачальных, а часам і зусім недарэчных пытанняў.
Напрыклад, як ні намагаецца, не можа зразумець аграном, які добра ведае цану працы, чаму звычайны манітор да камп’ютара ў трактары каштуе 14 мільёнаў рублёў?!
А колькі сёння каштуюць запасныя часткі?! А як растуць цэны на паліва?! Вось і выходзіць, што набіўшае аскоміну параўнанне кошту літра малака і літра саляркі, па-ранейшаму прымушае кіраўніка засяроджвацца не столькі на вытворчых пытаннях, колькі на вырашэнні падобных несуразных галаваломак. Колькі ні гавары, колькі ні спрачайся аб іх, а жыць, працаваць, сеяць трэба.
Аб сваіх асабістых поспехах галоўны аграном і намеснік альбо не жадае гаварыць увогуле, альбо разважае аб іх выключна ў кантэксце дзейнасці ўсяго калектыву.
А яе выніковасць, што называецца, на вачах – з зацятага аўтсайдэра СВК “Міхалішкі” стаў адным з лідараў раёна. Спачатку гэта ўспрымалася як выпадковасць. Затым – як удалы збег абставін. Пасля “зычліўцы” сталі шукаць у высокіх паказчыках гаспадаркі нейкія падводныя плыні…
Сёння ж паспяховасць кааператыва стала нормай. Сказаць, што няма ў тым заслугі Андрэя Іосіфавіча Ствала, які вось ужо шосты год узначальвае раслінаводчую галіну кааператыва, будзе несправядлівым і няправільным.
Адзінае, аб чым да гэтага часу не паклапаціўся малады аграном, дык гэта аб сваім асабістым жыцці. Сэрца працавітага, адукаванага, выхаванага мужчыны, які ніколі не курыў, не ўжывае алкаголю, не мае матэрыяльных праблем – пакуль яшчэ свабоднае. Па сённяшнім часе – поўная бязглуздзіца!
Будзем спадзявацца – часовая…


Эдуард ІВАНАЎ.