Гады – далікатныя струны…

13:59 / 10.08.2010

Пакаленне франтавікоў за цвёрдасць духу і волі, стойкасць перад жыццёвымі нягодамі і выпрабаваннямі параўноўваюць з крэмнем. Мажліва, у дачыненні да жанчын гэтае вызначэнне не зусім дакладнае, і ўсё ж...


Чаго-чаго, а нягод на долю ўкраінскай дзяўчыны Ганны Сывун выпала з гакам. Ледзь споўнілася восем гадкоў – страціла маці. Дзяцей у сям’і было чацвёра, Аня па старшынстве – другая, самая работніца ў хаце і нянька для малодшых. Хаця ўвесь цяжар працы ў вясковай гаспадарцы ёй, вядома ж, быў не па сілах... Неўзабаве ў хаце з’явілася чужая жанчына, якую мужаў “вывадак” зусім не радаваў. А калі нарадзіліся свае двое дзяцей, падчаркі ўвогуле сталі лішнімі ратамі. Час жа быў галодны – канец 20-х – пачатак 30-х гадоў. І па нейкай злой волі найбольш моцны галадамор пракаціўся якраз па “хлебных” абласцях Украіны, у лік якіх уваходзіла і Чаркаская...
Ганначка добра вучылася ў школе і хацела стаць настаўніцай. Мара споўнілася – яна скончыла педагагічны тэхнікум у Умані і па накіраванні апынулася ў горадзе Тульчыне тае ж вобласці. Шмат пазней Ганна Афоньеўна са смехам расказвала дачцэ і ўнучцы, таксама настаўніцам, як збянтэжылася, ступіўшы першы раз у свой першы клас, калі на маладзенькую “вчытэльку” ўтаропіліся 45 пар цікаўных вачанят...
Працавала дзяўчына з захапленнем, з невялікіх настаўніцкіх заробкаў памагала малодшым сёстрам – каб таксама вывучыліся, знайшлі справу па душы.
Усё б напэўна так і сталася, каб не праклятая вайна... У родным Ганніным сяле Гуляйка неўзабаве з’явіліся фашысцкія акупанты, пачалі вывозіць моладзь у Нямеччыну. У гэты жорсткі “хапун” трапіла і адна з яе сясцёр – Лізавета.
Ганне ўдалося эвакуіравацца разам з сям’ёй цёткі, у якой муж быў савецкім афіцэрам. Таму выязджалі яны як сям’я вайскоўца. Да гэтай пары памятае Ганна Афоньеўна страшэнную бамбёжку, якая напаткала іх эшалон на пераправе праз Днепр. Сотні людзей знайшлі сваё апошняе супакаенне на рачным дне, а ім цудам пашанцавала ўратавацца. Апынуліся спачатку на Кубані, затым — у Грузіі. У красавіку 1942 года Тбіліскім гарваенкаматам Аня была прызвана на фронт.
Дзе найбольш патрэбны дзяўчаты на вайне? У санбатах, войсках сувязі, зенітных, проціпаветранай абароны. Іменна ў ППА і трапіла Ганна – у 5-ы полк войск назірання, апавяшчэння і сувязі (ВНАС).Уся граніца СССР тады была падзелена на квадраты, у кожным – кропка, дзе знаходзілася падраздзяленне, якое назірала за паветранай прасторай, адсочвала палёты самалётаў, сваіх і чужых. Прычым, дзяўчаты павінны былі ведаць маркі самалётаў усіх памежных краін, па бачных элементах, гуку матора вызначыць яго прыналежнасць – нямецкі, турэцкі, рускі? – напрамак руху, і далажыць камандаванню...
Прыняўшы прысягу, Аня Сывун атрымала першае салдацкае званне – яфрэйтар і назначэнне – начальнікам паста, які размяшчаўся высока ў гарах, спачатку ў Грузіі, потым – у Арменіі.
—Размяшчаліся назіральніцы ўдалечыні ад населеных пунктаў, — каб не трывожыць матулю ўспамінамі, ролю расказчыцы бярэ на сябе дачка, Галіна Мікалаеўна. – У палку служылі дзяўчаты розных нацыянальнасцяў – рускія, украінкі, грузінкі, армянкі, яўрэйкі. Жылі як дружная сям’я – памагалі адна адной, выручалі ў складаную мінуту. З асаблівай цеплынёй узгадвала мама сваю баявую сяброўку грузінку Аграфену Гелашвілі.
Побыт быў па-франтавому сціплы: палаткі, вада з горных ручаёў і рачулак. Па хлеб спускаліся ў бліжэйшае сяло, дзе была пякарня, іншыя прадукты дастаўлялі таксама адтуль. З асабістых рэчаў – усё, што запісана ў армейскай кніжцы: адна баваўняная спадніца, дзве пары ніжняй бялізны, пара просценькіх баваўняных панчох, берэт, боты – на халодную пару года, чаравікі – на цёплы час. Увесь няхітры скарб разам з алавянымі лыжкай і кубкам, свабодна ўмяшчаліся ў рэчмяшку...
Ганне Афоньеўне пашчасціла ўцалець і нават атрымаць дзве баявыя ўзнагароды — медалі “За абарону Каўказа” (за асабіста выяўлены варожы самалёт, якому нашы знішчальнікі не далі даляцець да цэлі) і “За перамогу над Германіяй”. Ужо ў мірны час да іх далучыліся ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені і шматлікія юбілейныя медалі, сярод якіх – адзін у гонар 60-годдзя вызвалення Украіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў...
На франтавых дарогах сустрэла яна сваё каханне – Мікалая Махалава. Іх жыццёвыя дарогі зышліся разам у Беларусі. Мікалаю Сямёнавічу, як сувязісту, давялося пакачаваць па гарадах і раёнах – Махалавы жылі спачатку ў Маладзечне, потым у Іўі і нарэшце аселі ў Астраўцы. Каля дзесяці гадоў – да самай пенсіі – Ганна Афоньеўна працавала ў лясгасе бухгалтарам-касірам, старэйшае пакаленне лесаводаў памятае яе – стараннага работніка, сціплага і добразычлівага чалавека, актывістку грамадскага жыцця. І таму кіраўніцтва ўстановы не абышло ўвагай ганаровы юбілей ветэрана – прыехала з віншаваннямі, кветкамі і падарункам. А яшчэ раней – напярэдадні 65-годдзя Вялікай Перамогі – абнавіла агароджу перад яе домам, адрамантавала калодзеж.
Многая лета вам, шаноўная Ганна Афоньеўна!


Фота з архіва Г.А. Махалавай.
Таіса СЯМЁНАВА.