Узник фашистских концлагерей Сергей Матвеевич Буренков отметил 80-летний юбилей.

11:00 / 02.06.2017

jubiley2.jpgНа мінулым тыдні вязень фашысцкіх канцлагераў Сяргей Мацвеевіч Буранкоў адзначыў 80-гадовы юбілей.

 Павіншаваць Сяргея Мацвеевіча  з юбілейным днём нараджэння адправіліся старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ірына Фёдараўна Раткевіч і загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Валянцінаўна Сафранкова.

–           Мы жылі ў Смаленскай вобласці. Бацькі толькі пабудавалі новы дом. Абжыцца добра не паспелі, як пачалася Вялікая Айчынная вайна, – расказвае мужчына. – Нас пастаянна бамбілі. Бацька выкапаў зямлянку –   у ёй і даводзілася хавацца ат нямецкіх бамбёжак.

Бяда не прымусіла доўга чакаць – аднойчы ў вёску прыйшлі немцы. Спачатку сабралі маладых юнакоў і дзяўчат – у гэтую групу трапіла і старэйшая сястра Сяргея Мацвеевіча   Марыя.

 І сёння перад яго вачыма ўстае злы позірк  немца і аўтамат, што  выбівае з рук сястры вузялок з ежай і адзеннем, што ёй старалася ўсунуць у рукі  маці.

–           Моладзь адвялі ў адзін бок, дзяцей і старэйшых людзей  –  у другі. Немцы падпалілі нашу  хату, але яна, зробленая з сырога дрэва, не гарэла. Тады яны прывезлі салому і сталі кідаць яе ў вокны, – дрыжачым голасам расказвае Сяргей Мацвеевіч.

Чатырохгадоваму хлопчыку многае прыйшлося перажыць. Ён разам з братамі Васілём і Мікалаем, сястрой Вольгай і бацькамі трапіў спачатку ў канцэнтрацыйны лагер пад Магілёвам, а ў 1943 іх перамясцілі ў  Рэзекне Латвійскай Рэспублікі. Старэйшую сястру  Марыю немцы пагналі ў Германію.

–           Калі нас вызвалялі, адзін з чырвонаармейцаў сказаў бацьку: “Бяры каня і сям’ю   і едзь адсюль. Баі будуць жорскія – можаце загінуць”.

–            І мы вярнуліся на Радзіму. Але  там нас чакала толькі папялішча. Некалькі месяцаў мы пераязджалі з аднаго месца ў другое, пакуль  не дабраліся ў Гудагай. І тут, на шчасце, нам патрапіўся добры чалавек – вадзіцель з Варнян, які  прапанаваў спыніцца ў яго роднай  вёсцы, –  расказвае Сяргей Мацвеевіч.

–            Вядома, пасля вайны ўсе былі бедныя, але да нас добра адносіліся: дапамагалі, хто чым мог. Маці і мы, дзеці,  усё жыццё былі ўдзячны нашым аднавяскоўцам.

Пасля вайны вярнулася  з Германіі Марыя, знайшоўся Васіль – ён  згубіўся ў Латвіі. Жыццё наладзілася.

Сёння Сяргей Мацвеевіч разам з жонкай Вандай Вітольдаўнай радуюцца кожнаму  дню, які праходзіць у міры і спакоі. Разам яны ўжо 57 гадоў. За гэты час выгадавалі сына, выраслі чатыры ўнукі. Што яшчэ трэба для шчаслівых бацькі і маці? Толькі разуменне ў сям’і і ўвага людзей.

jubiley1.jpg

Цёплая размова, успаміны пра мірнае жыццё і гады ваеннага ліхалецця, падарункі ад “Белай Русі” і кветкі ад магазіна “Жасмін” сталі ў той дзень цудоўным сюрпрызам для сям’і Буранковых.

Текст:
Фото: Елена Ярошевич