Достижения Яськи Дравницкого

09:27 / 10.05.2017

 yaska0.jpg“Мы прыйшлі на гэты свет і жывём на роднай зямлі не ў якой-небудзь пустэльні. Вакол – цудоўная прырода, падараваная нам Богам. А колькі на гэтай зямлі нарадзілася цудоўных людзей, нашых папярэднікаў, якія здабывалі славу сваёй Бацькаўшчыне ва ўсім свеце. Пра многіх мы не ўсё ведаем, некага ўвогуле не ведаем – хоць яны жыццё сваё прысвяцілі, каб былі мы не тутэйшымі, а беларусамі, якія ганарацца сваёй прыналежнасцю да народа з багатай гісторыяй і слаўнымі традыцыямі”.

Такімі словамі пачынаецца кніга Івана Пятровіча Драўніцкага “Прафесар музыкі з Камаяў”, прысвечаная Б.Руткоўскаму. І гэтыя словы як найлепш падыходзяць самому аўтару – беларускаму краязнаўцу, пісьменніку, даследчыку. Яго імя добра вядома на Астравеччыне, Мядзельшчыне, Пастаўшчыне, ды і ва ўсёй Беларусі кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй свайго краю.

Нарадзіўся Іван Пятровіч 6 мая (сімвалічна, што дата нараджэння амаль супадае за Днём друку!) 1932 года ў в.Гвоздавічы Пастаўскага раёна. Закончыў Камайскую сямігодку, дзе беларускую мову і літаратуру выкладаў вядомы празаік і драматург Алесь Рылько, а пазней – Іосіф Быхавец, аўтар краязнаўчай кнігі “Лынтупы і наваколле”. Гэтыя настаўнікі і абудзілі ў хлопчыку схільнасць да педагагічнай працы і любоў да роднага краю.

У час вучобы ў Пастаўскім педвучылішчы Іван Драўніцкі сустракаўся з мастаком, празаікам, апантаным беларусам Язэпам Драздовічам. Затым скончыў курсы выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры пры Аршанскім педінстытуце і факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры Мінскага педінстытута імя Максіма Горкага.

Распачынаў педагагічную дзейнасць Іван Птровіч на Астравеччыне: у 1952-1953 працаваў настаўнікам беларускай і нямецкай моў у Клюшчанскай НСШ, затым быў дырэктарам Вялікастаўпяняцкай школы. А пасля яго накіравалі на Мядзельшчыну дырэктарам Маласырмяжскай і Куцькаўскай НСШ, дзе Драўніцкі працаваў да выхаду на пенсію.

Клюшчанская школа, 1952 г.

Авна Пятровіч настаўнік вышэйшай катэгорыі, выдатнік народнай асветы СССР і БССР, за плённую шматгадовую працу ўзнагароджаны двума медалямі, ганаровымі граматамі, у тым ліку – Вярхоўнага Савета БССР.

Цікаўнасць да мінуўшчыны свайго краю ў Івана Драўніцкага пачалася, калі ён задумаў скласці свой радавод. Другой прычынай стала ідэя выхавання школьнікаў на мясцовым матэрыяле: на творчасці літаратараў – ураджэнцаў Мядзельскага краю. Ён склаў “Літаратурную карту Мядзельшчыны”, а потым пачаў збіраць звесткі пра людзей, якія праславіліся на нейкім іншым попрышчы; пра населеныя пункты, касцёлы, маёнткі; стаў вывучаць фальклор. Прыахвоціў да гэтай справы і школьнікаў – аб’яднаў іх у краязнаўчае згуртаванне “Валошкі”. Іван Пятровіч вучыў школьнікаў разумець народную мудрасць і паэзію, якая жыве ў песнях, легендах і паданнях, – дзеці хадзілі па хатах і запісвалі народную мудрасць, афармлялі альбомы вуснай народнай творчасці, на матэрыялах якіх пазней выйшла кніга “Легенды Нарачанскага краю”.

yaska1.jpg

Разам з юнымі краязнаўцамі наведаў мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю дзеячаў беларускай літаратуры і культуры Мядзельшчыны, Пастаўшчыны і Астравеччыны.

Інфармацыю Драўніцкі здабывае ў архівах Вільнюса, Санкт-Пецярбурга, Мінска, Маладзечна, у музеях, энцыклапедыях, перыядычным друку розных часоў, работах іншых краязнаўцаў, уласных запісах, якія ён называе палявымі дзённікамі – бо ўсё, што чуў цікавага падчас экскурсій і сустрэч з людзьмі, занатоўваў у сшытак.

Шмат даследчых работ Іван Пятровіч прысвяціў Астравеччыне. Ім былі сабраны і падрыхтаваны да друку матэрыялы пра пра жыццё і літаратурную дзейнасць ксяндза Яна Семашкевіча (Янкі Быліны) і ксяндза Канстанціна Стаповіча (Казіміра Сваяка), па гісторыі Жалядскага касцёла, жыццяпіс роду Сволькенаў – уладальнікаў маёнтка Шайкуны.

Драўніцкі, можна сказаць, адкрыў нам імя народнага майстра Вікенція Ягелы са Страчы -- матэрыял пра гэтага народнага ўмельца і многія іншыя матэрыялы ўвайшлі ў кнігу “Памяць. Астравецкі раён.”

Краязнаўчыя матэрыялы па гісторыі нашага раёна часта друкаваліся ў газеце “Астравецкая праўда”. Гэты чалавек адкрыў астраўчанам імёны вынаходнікаў і выпрабавальнікаў парашута братоў Драўніцкіх і літаратара У.Драўніцкага, якія з’ўляюцца яго далёкімі сваякамі. Да слова, Драўніцкія – ганаровы і знакаміты шляхецкі род, які праславіў сябе і сваю радзіму.

Захоўвае Драўніцкі ўспаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У яго фотатэцы  больш за 500 дыяпазітываў з выявамі знакамітых землякоў, якія ён выкарыстоўвае на школьных мерапрыемствах. Па матэрыялах краязнаўцы і пры яго непасрэдным удзеле падрыхтаваны сцэнарыі фальклорна-этнаграфічных вечароў “Бабулін куфэрак”, “Провады зімы”, “Сустрэча песень трох пакаленняў”, “Залаты колас”, “Бярозка”, “Лучынка”, “Купалле” і інш.

yaska.jpg

На рахунку Яські Драўніцкага (так ён падпісвае свае працы) 18 асобных кніг, 7 апавяданняў (“Жоўтыя вяргіні”, “Здань”, “Свянцоныя яйкі” і інш), больш як 30 артыкулаў у навуковых выданнях і больш як 200 – у перыядычным друку. Ён друкаваўся ў “Родным слове”, “Нашай веры”, “Куфэрку віленшчыны”, “Барвах”, “Байраме”, “Нашых каранях”, “Біялогіі”, “Роднай прыродзе”, у калектыўных зборніках “Этика. Методическое пособие для учителей” і “Преподавание этики в школе”, “Беларусь – Японія”, кнігі “Памяць” Астравецкага і Мядзельскага раёнаў. Апошнія кнігі, якія выйшлі з друку, –“Наваколле Сарачанскіх азёр”, “На правабярэжжы Страчы” і “У мядзвежым кутку”. Усе яны прысвечаны Астравеччыне.

“Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім” – вядомы выраз, які я заўсёды ўспрымала даволі скептычна. Але ёсць людзі, якія яму цалкам адпавядаюць. Талент Драўніцкага шматгранны. Ён не толькі нястомны шукальнік даўніны і выдатны педагог, але яшчэ і майстар: дом, дзе жыве і зараз, ён пабудаваў сваімі рукамі.

Акрамя важных краязнаўчых даследванняў і распрацовак, Яська Драўніцкі піша вершы, падбірае да некаторых з іх мелодыі – і цудоўна спявае разам з жонкай Каралінай Мечыславаўнай.

Да Івана Драўніцкага за дапамогай і парадай звяртаюцца многія навукоўцы і даследчыкі. Неаднойчы ён дапамагаў Жыгімонту ў яго “дылетанцкіх падарожжах”. Пра яго друкавалі артыкулы ў цэнтральных і рэгіянальных перыядычных выданнях прафесар А.Мальдзіс, паэт А.Нафрановіч і інш. Тэлеканал “ЛАД” у 2007 годзе зняў мастацка-дакументальны фільм пра краязнаўцу.

Сустрэчы з Іванам Пятровічам заўсёды цікавыя, карысныя і пазнавальныя, бо ён – легенда, прыклад для моладзі.

yaska2.jpg

Маё знаёмства з Яськам Драўніцкім адбылося напачатку 90-х -- і з таго часу мы сябруем. Я лічу яго сваім настаўнікам і натхняльнікам у краязнаўчай справе. Ён вылучае дабрыню: заўсёды вясёлы, усмешлівы, добразычлівы і надзвычай сціплы. Я ні разу не заўважала ў ім ні ганарыстасці, ні зайздрасці да каго-небудзь, не чула ніякіх нараканняў на жыццё. Можа, таму лёс і спрыяе яму, а Бог дае сілы і здароўе. У 85 гадоў Іван Пятровіч па-ранейшаму моцна стаіць на зямлі, ён энергічны, рухавы, поўны творчых планаў і надзей.

Іаланта ВАЛУЕВІЧ

 

Рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда” шчыра віншуе нашага шматгадовага пазаштатнага аўтара з юбілеем з дня нараджэння.

Шаноўны Іван Пятровіч, дзякуй вам за вашы цікавыя даследчыя артыкулы, за шматгадовае супрацоўніцтва з нашай газетай, за мудрасць і шчырасць асабістых стасункаў.

Дай Бог вам добрага здароўя, моцы, энергіі і натхнення на доўгія гады. Чакаем вашых новых лістоў і артыкулаў!

 

 

 

 


Фото: семейный архив