Генрих Волчек: "Творческим людям нужен импульс"

10:30 / 16.10.2012
1

Можам апранацца ў кітайскія лахманы, ездзіць на нямецкіх легкавушках, глядзець японскія тэлевізары і ў польскіх каструлях гатаваць перуанскую спаржу. Але культура ў нас павінна быць усё ж свая – інакш мы страцім права называцца народам.
Сярод тых, хто ў нашым раёне стаіць на варце беларускай культуры, хто не толькі аберагае яе, але актыўна прапагандуе і ўсебакова развівае – выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў, якая складаецца з базавай Астравецкай і чатырох яе філіяльных падраздзяленняў: Міхалішкаўскага, Варнянскага, Гервяцкага і Кямелішкаўскага.
Штогод цэлая армія юных прыхільнікаў мастацтва штурмуе сцены гэтай аб’яднанай школы ў жаданні, няхай сабе першапачаткова і неўсвядомленным, далучыцца да скарбніцы сусветнай і, што не менш важна, роднай беларускай культуры.
Школа працуе ў чатырох асноўных накірунках: музычнае, якое падраздзяляецца на класы ў залежнасці ад абраных інструментаў: баян, акардэон, фатрэпіяна, скрыпка, цымбалы, домра, труба, гітара; вакальнае – хор і індывідуальны вакал; мастацкае і харэаграфічнае.
А кіруе гэтай гучнагалосай і рухомай, нібы вялізны лясны мурашнік, гаспадаркай дырэктар раённай школы мастацтваў Генрых Францавіч Волчак, які напярэдадні прафесійнага свята ветліва згадзіўся адказаць на некалькі нашых пытанняў.


– Генрых Францавіч, мяркуючы па геаграфічным (па тэрыторыі ўсяго раёна) размяшчэнні школы і яе філіялаў, магчымасць развіваць у сабе мастацкія таленты ёсць ва ўсіх дзяцей Астравеччыны…
– Безумоўна. Асабліва калі мець на ўвазе, што акрамя чатырох філіялаў, у раёне працуюць яшчэ і так званыя класы: у Мальскім выкладаюцца цымбалы, фатрэпіяна і харавыя спевы; у Гудагайскім – баян, акардэон і таксама спевы; у Альхоўцы – баян, акардэон, фартэпіяна; у Рытані – харэаграфію і фартэпіяна.
– У такім разе прывядзіце, калі ласка, асноўныя лічбы: колькі дзяцей займаецца ў аб’яднанай школе? Якія аддзяленні карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў рабят? І колькі выкладчыкаў працуе ва ўстанове?
– Новы навучальны год у нас распачалі 502 выхаванцы, асноўная колькасць якіх займаецца ў музычным і харавым класах. Але і нашы адносна новыя сферы дзейнасці – харэаграфія і мастацтва з кожным годам становяцца ўсё больш папулярнымі. Мяркуйце самі: харэаграфічны клас у раёне наведваюць 87 дзяцей, мастацкі – 53. А што тычыцца штатнага раскладу, то на сённяшні дзень ён складаецца з 54-х выкладчыкаў.
– Які пачатак – творчы ці педагагічны – на вашу думку, павінен прэваліраваць у выкладанні музыкі?
– Абодва пачаткі ў добрым выкладчыку павінны гарманічна спалучацца. Таму што геніяльныя музыканты далёка не заўсёды ў стане ў даступнай форме растлумачыць пачынаючаму нават азы музычнай адукацыі. Яны жывуць у музыцы і дзеля музыкі, яны – небажыхары. Але і на “голай” педагогіцы выкладчык музыкі таксама “не выедзе” – ён павінен падзяліцца сваім натхненнем з вучнем, заразіць (ці зарадзіць?) яго любоўю да мастацтва.
– Неяк давялося пачуць, як адна маці ўгаворвала сваё дзіця паступаць у музвучылішча. “Гэта ж такая халяўная работа, – прыводзіла яна асноўны аргумент. – Пасадзіў перад сабой вучня, і няхай ён пілікае, а ты – хоць манікюр наводзь…”
– З поўнай гарантыяй магу сказаць, што сама гэтая жанчына ніколі не займалася ў музычнай школе. Інакш яна б ведала, колькі працы і ўласнага сэрца ўкладае ў кожнага свайго вучня настаўнік музыкі. Вядома, не кожны з яго падапечных у стане прыняць гэта, таму што гэта – таксама праца… Але выкладчыкі стараюцца працаваць без агрэхаў.
– Падмацуйце вышэйсказанае лічбамі – колькі выпускнікоў раённай школы мастацтваў у далейшым звязвае сваё жыццё са светам мастацтва?
– Сёлета ва ўстановы культуры паступілі адзінаццаць нашых выпускнікоў, у тым ліку сем навучэнцаў Астравецкай школы, адзін – Гервяцкай і тры – Кямелішкаўскай. Прычым дзевяць з адзінаццаці чалавек выбралі музычную адукацыю, а два – мастацкую.
Яшчэ адным сведчаннем паспяховай працы нашага калектыву лічу шматлікія граматы і дыпломы, якія нашы навучэнцы прывезлі з конкурсаў самых розых узроўняў – ад абласнога да міжнароднага.
– І ўсё ж “ізюмінка” школы, прынамсі, для нас, слухачоў, – гэта музычныя калектывы, якія створаны і дзейнічаюць на базе школы, – яны не проста даўно і моцна палюбіліся публіцы, але і заваявалі ганаровыя званні на прафесійным узроўні…
– У першую чаргу гэта, ансамбль народнай музыкі “Скарбніца” пад кіраўніцтвам Надзеі Паўлаўны Шарэйка, у які аб’ядналіся выкладчыкі школы, і які ў 2008 годзе ўжо ў трэці раз пацвердзіў ганаровае званне “народнага”. Ёсць яшчэ тры “ўзорныя” дзіцячыя калектывы: дзіцячы хор “Ветразь”, якім кіруе Ірына Анатольеўна Волчак, дзіцячы духавы аркестр – кіраўнік Аляксандр Мікалаевіч Антановіч – і Міхалішкаўская фальклёрная група “Міхалінка”, якой паспяхова кіруе Святлана Чаславаўна Шаблінская.
– На апошнім справаздачным канцэрце школы сапраўдным адкрыццём для гледачоў стала выступленне новай інструментальнай групы, у якую аб’ядналіся маладыя выкладчыцы школы…
– Група называецца “Ін-кварта”, што можна перакласці як “Учатырох”. Скрыпка, цымбалы, акардэон і гітара – мне таксама падабаецца гучанне і рэпертуар новага калектыву.
– А як нараджаюцца падобныя калектывы ў вашай школе? Ад каго зыходзіць ініцыятыва?
– Чэсна?
– Калі можна…
– Ад мяне. Працую на пасадзе дырэктара 25-ы год, і яшчэ ні разу не было выпадку, каб хто-небудзь прыйшоў і сказаў: “Мы стварылі новы калектыў”. Творчым людзям патрэбны першаштуршок, імпульс, які б дапамог ім аб’яднацца. А далей ужо новы калектыў дзейнічае па ўласным сцэнарыі – репертуар і манеру выканання яны выбіраюць самі.
– Генрых Францавіч, нашых чытачоў цікавіць яшчэ адзін бок дзейнасці раённай школы мастацтваў – арганізацыя канцэртаў. На працягу многіх гадоў вы актыўна запрашалі на сваю школьную сцэну беларускіх прафесіянальных музыкантаў і спевакоў – астравецкія аматары класічнай музыкі атрымлівалі ад падобных канцэртаў сапраўдную асалоду… У апошнія гады колькасць падобных выступленняў рэзка скарацілася. Чаму?
– Таму што ў сувязі з пераходам у новы будынак мы пазбавіліся гэтай самай “школьнай сцэны”. Аднак – не магу не падзяліцца радасцю – рамонт новай глядзельнай залы практычна завершаны. Засталося ўстанавіць апаратуру. Яе адкрыццё, дарэчы, плануем зрабіць святочным. Магчыма, запросім каго-небудзь з прафесіяналаў…
– Співакова ці Башмета?
– Зыходзячы з магчымасці выплаціць ганарар за выступленне хутчэй – Бахмета (смяецца)…
– Дарэчы, пра знакамітасці… У нашым раёне ёсць некалькі агульнапрызнаных самадзейных кампазітараў, але яны не працуюць у школе мастацтваў. Няўжо сярод вашых супрацоўнікаў няма такіх, хто піша ўласную музыку?
– Ёсць. Усе. Кожны выкладчык музыкі непазбежна становіцца кампазітарам – ужо хоць бы таму, што для сваіх вучняў вымушаны апрацоўваць тыя ці іншыя творы. А якую тытанічную работу выконваюць кіраўнікі калектываў, робячы пераклад музыкі для аркестра або хору! Некаторыя выкладчыкі нашай школы даўно могуць выдаваць зборнікі сваіх твораў – замест гэтага перад канцэртам яны просяць не называць іх прозвішча ў якасці аўтара музыкі або апрацоўкі. Такія вось – таленавітыя і сціплыя…
– А ў вашым творчым нататніку шмат уласных бемоляў і дыезаў?
– У асабістай сціпласці я ні чым не адрозніваюся ад калектыву…
– Добра, у такім разе раскажыце, чаму вы некалі, яшчэ ў якасці вучня ўстановы, якую сёння ўзначальваеце, выбралі менавіта баян?
– Таму што гэта цудоўны інструмент. Хоць на той момант выбар на карысць баяна вызначыў яго кошт – на пакупку баяна бацькі вымушаны былі збіраць грошы на працягу двух гадоў, так што пра фартэпіяна можна было хіба што марыць.
– Акрамя вас, у вашай сям’і былі музыканты?
– Як вам сказаць… Калі мне нарэшце купілі баян, першым яго асвоіў бацька – двое сутак не еў-не спаў, пакуль на слых не падабраў песні “Наш сусед” і “Лада”. Да таго часу, зазначу, яму не даводзілася трымаць у руках які-небудзь з музычных інструментаў. Так што пры іншым жыццёвым раскладзе бацька, напэўна, мог бы стаць нядрэнным музыканатам. А тады… Пад канец другога дня мама пачала паглядваць на тату з выразнай трывогай за яго душэўны стан.
– Ага! Значыць, усё ж такі гены… Дарэчы, у вашай Астравецкай школе мастацтваў генетыка збояў не дае – многія выкладчыкі “прыстрасцілі” сваіх нашчадкаў да сваёй любімай справы…
– І гэта не можа не радаваць! У Антановічаў абедзве дачкі выкладаюць музыку, у Надзеі Паўлаўны Шарэйка – дачка, у Марыі Рыгораўны Жэбіт – дачка і сын, у нас з Ірынай Анатольеўнай – дачка… Што можа быць для бацькоў больш прыемным, чым тое, што іх дзеці абралі падобны жыццёвы шлях?!
– Генрых Францавіч, ведаю, што ў вас будзе магчымасць непасрэдна павіншаваць калег і выхаванцаў школы з надыходзячым прафесіянальным святам – Днём работніка культуры. Але давайце пашырым аўдыторыю – у рэшце рэшт, культура так ці інакш тычыцца кожнага з нас, звычайных людзей, якія даўно забыліся (ці ніколі не ведалі?), на якой рысцы нотнага стану пішацца “ля” – і павіншуем усіх…
– З задавальненнем… Віншую!!! А пажадаць хачу, у першую чаргу, здароўя, з якога пачынаецца ўсё. Аптымізму. Любові да прафесіі. Жадання кожны дзень адкрываць для сябе нешта новае. А дзецям – каб вочкі з гадамі толькі разгараліся. Каб музыка, жывапіс, прыгожыя рухі сталі неаддымнай часткай вашага цікавага і добрага жыцця.


-----------------------------------
Гутарыла Ганна ЧАКУР.