История семьи Кайрис

18:00 / 22.02.2013
3
Наша жыццё – гэта ланцужок непарыўна спаяных паміж сабой сустрэч і расстанняў, большасць з якіх мы не ў сілах ні прадухіліць, ні прызначыць. Хоць бываюць часам і такія, якія мы ствараем самі. Прынамсі, нам так здаецца, што самі…
Хоць хутчэй за ўсё і яны – толькі частка нябеснага сцэнарыя.

ПЕРАДГІСТОРЫЯ


Расказвае Яніна Зыгмундаўна Змітровіч:
– Наша мама пражыла на свеце больш за 90 гадоў. І не было таго дня, каб не ўзгадала яна пра сваю старэйшую сястру. “Як там наша Юзэфка ў чужых людзях маецца? З маладых гадоў бедная па белым свеце блукае. Каб, здаецца, хоць вочкам глянуць… Хоць бы слоўка пачуць… Ох, сястрыца-сястрыца, ліхія людзі твой лёс паламалі, з каранём тваю сямейку выкарчавалі, на голым месцы вінаватымі зрабілі, пагналі, як стой, у белы свет”, – ражком хусцінкі яна выцірала пякучыя слязінкі. А нам, сваім дзецям, не забывалася паўтараць: “Як памру, абавязкова пахавайце на могілках пад Малямі – у Юзэфкінай зямлі мне мякчэй ляжаць будзе”.
У “Юзэфкінай” – таму што да вайны поле, якое пачынаецца ад сённяшніх гарадскіх могілкаў і цягнецца да Маляў, належала сям’і мамінай сястры Юзэфы.
…Калі на тваіх вачах плача старэнькая маці, і без віны адчуваеш сябе вінаватай. Адчуваеш, а зрабіць нічога не можаш – не па тваіх сілах змяніць мінулае мамінай сям’і. Ды што там сям’і! Тут давялося б змяняць мінулае цэлай краіны, а можа, і не адной…
…Тэлевізійную перадачу “Жди меня” гляджу з самага пачатку яе стварэння. І, што тут тоіцца, з самага ж пачатку карцела напісаць ліст – папрасіць дапамогі ў пошуках дзяцей цёткі Юзэфы, маіх стрыечных братоў. Але, думалася: дзе тая Масква! Там і без нашай – сваіх бед хапае. Усё роўна прабіцца не ўдасца. А вось калі на беларускім тэлебачанні з’явілася свая перадача, тут ужо мы з сястрой Соф’яй не ўтрымаліся – паслалі гісторыю нашай сям’і на “Жди меня” і просьбу дадалі: дапамажыце адшукаць братоў...
Спачатку адказу чакалі з нецярпеннем, але адзін месяц змяняў другі… Прайшоў год, а ніякіх звестак так і не было. Праз паўтара года, калі спадзявацца ўжо, лічы, перасталі, раздаўся званок з тэлебачання.
– У якім радстве вы знаходзіцеся з сям’ёй Кайрысаў, якія жывуць у Англіі? Дзе жылі іх бацькі да вайны? У якім годзе іх вывезлі? Як завуць дзяцей вашай цёткі?
Спрабую адказаць, а язык не слухаецца – нібы зачараваны, паўтарае адно-адзінае пытанне: “Вы іх знайшлі?”
– Пакуль нічога канкрэтна невядома, – пошукі ідуць, але патрэбны дэталі…
А потым званкі пачасцелі – у асобныя дні мне тэлефанавалі па два-тры разы на дзень. То з Масквы, то з Мінска. Усё ўдакладнялі, звяралі, цікавіліся больш падрабязнымі звесткамі.
– Знайшлі? – пытаюся.
– Прабачце, я не валодаю інфармацыяй на гэты конт, – маё нецярпенне зноў і зноў натыкалася на ветлівы, але даволі катэгарычны адказ. – Усё гэта пакуль недакладна. Ну чаго вы плачаце? У вашай гісторыі хутчэй за ўсё будзе добры канец…
Нарэшце прыйшло запрашэнне на здымкі перадачы.
На тэлебачанні мяне, Соф'ю і стрыечнага брата Івана адразу правялі ў спецыяльны пакой, дзе сабраліся такія, як мы, шукальнікі – родных, каханых, сяброў. Кава, гарбата, бутэрброды… А вось каму трэба выйсці – пакурыць ці, да прыкладу, па неадкладнай патрэбе – у адзіночку не выпускаюць, толькі ў прысутнасці супрацоўніка студыі. Дзіўна!
Гэта мы потым дадумаліся, што хутчэй за ўсё недзе ў пакоі паблізу знаходзіліся тыя, каго ўдалося адшукаць. І тэлевізіёншчыкі не хочуць да часу псаваць інтрыгу…
Нарэшце ўсіх паклікалі ў студыю, рассадзілі.






Нас з сястрой запрасілі ў першы рад, прычапілі па мікрафоне. “Знайшлі”, – ёкнула сэрца. Можа, фатакарткі пакажуць? А можа, нават тэлемост наладзяць?.. Ад хвалявання мая галава літаральна “адляцела”. Настолькі, што я ўсур’ёз баялася ўпасці з крэсла.
І вось перадача пачалася. Вядучая, як заўсёды, “пайшла ў людзі” – у адных запыталіся, каго яны шукаюць, у другіх… Дайшла чарга да нас з сястрой. “Шукаем Мар’яна, Яна і Юрэка Кайрысаў, нашых стрыечных братоў”.
– Хвілінку, здаецца, у нас ёсць для вас відэапісьмо…
Словы вядучай такія звычайныя… А сэрца ад іх ухнула некуды ўніз, і людзі, апаратура, студыя – усё раптам знікла. Мы засталіся сам-насам з Юркам і Янам. Мар’яна, як аказалася, ужо больш за дзесяць гадоў не было ў жывых.
З экрана і Ян, і Юрка па чарзе расказвалі, што яны нарадзіліся ў Англіі, а іх бацькі паходзяць з… Польшчы.
– З Беларусі яны паходзяць, – шапчу сабе пад нос. – З сённяшняй Беларусі. Хоць вывозілі ў 39-ым іх, канешне ж, з Польшчы…
А на экране, між тым, слова за словам, кадр за кадрам паўставалі падзеі даўно мінулых часоў…
– Непраўдападобная гісторыя! – па тэлемосце каменціраваў жыццё нашай сям’і галоўны вядучы тэлепраграмы Міхаіл Яфрэмаў. – Годная самай дакладнай экранізацыі…
Нарэшце, экран патух, і прагучала: “Сустракайце, свайго госця!” Просценькія, тысячу разоў чутыя словы, а мае ногі раптам перасталі мяне слухацца…
…Юрэк, аказалася, не прыляцеў – у дзень адлёту ў Каліфорніі выпала рэкордная колькасць снегу, і палёты вымушаны былі часова адмяніць. А вось Ян прыехаў. Высокі, стройны, насуперак усім нашым з сястрой старанным падлікам – пасапраўднаму маладжавы.
Хоць, як ён выглядае, гэта я пазней змагла разгледзець, а спачатку ўсё навокал размылі слёзы – хлынулі проста лавінай. Нібы, нарэшце, прарвалася тая страшэнная крыўда, 74 гады назад нанесеная нашай сям’і…
Там, у студыі, нам так і не ўдалося паразмаўляць – пасля заканчэння перадачы тэлевізіёншчыкі літаральна адцяснілі нас ад брата. Маўляў, прывязём вам яго заўтра – нам трэба зняць урачысты момант сустрэчы…
Мы з сястрой яшчэ паспрабавалі пазмагацца, маўляў, гэта ж наш брат, але “шоу павінна працягвацца” – супрацоўнікі перадачы аказаліся няўмольнымі.
Назаўтра сапраўды прывязлі. Папярэдне патэлефанавалі, у колькі гадзін адбудзецца сустрэча. Мы – сястра Соф’я, стрыечны брат са Смаргоні і я – сустрэлі Яна хлебам-соллю. Паднеслі яго на вытканым яшчэ мамінымі рукамі рушніку. Але і тут паразмаўляць нам не давялося – у тэлеаператараў свае задачы. Амаль адразу нас павезлі ў Хралы, і там ужо Яну давялося несалодка – па задумцы рэжысёра яму даводзілася то выбіраць яйкі з куратніка, то ездзіць на кані, то віламі кідаць салому…
Дадому вярнуліся позна вечарам. Ледзь жывыя ад стомы. І толькі тады, нарэшце, сталі размаўляць. Як? Канешне, па-польску. А як жа інакш? Мы ж застаёмся палякамі незалежна ад таго, у якой краіне жывём…

***


Можа, таму, што ў гісторыі і маёй сям’і ёсць некалькі такіх жа балючых гісторый… Ды што там маёй! Колькі карэнных жыхароў Астравеччыны могуць пахваліцца тым, што іх род падобная горкая чаша абмінула? Вось і я кажу: такіх амаль што няма. Таму і суперажыванне гэтай гісторыі асаблівае – на яе адгукаешся сэрцам.
Іду на сустрэчу з Яняй і Янам, а нутро трымціць, трымціць, трымціць…
…Ян сапраўды высокі і маладжавы – 64 гады ні за што не дасі…
– Хай! – традыцыйна па-англійску вітаецца ён, а далейшая наша размова адбываецца на польскай мове.
– Дома мы размаўлялі па-польску, – тлумачыць ён. – Але гэта было так даўно! Мая жонка – англічанка, так што ў нашым доме гучыць выключна англійская. І, шчыра прызнаюся, што, збіраючыся на сустрэчу, я хваляваўся, ці змагу на сустрэчы ўспомніць хоць некалькі польскіх слоў… Але там, у студыі, Яня загаварыла да мяне па-польску, і здарыўся цуд – матчына мова раптам вярнулася да мяне ў поўным аб’ёме…
Яніна Зыгмундаўна тым часам праводзіць мяне ў вялікі пакой сваёй кватэры – на прысунутым да канапы століку ляжаць фатаграфіі і пацямнелыя лісты старых дакументаў.


ГІСТОРЫЯ


Расказвае Ян Кайрыс:
– Мама не любіла ўспамінаць тыя трагічныя часы. Прынамсі, услых. Хоць у глыбіні сэрца, думаю, так і не змагла іх забыць. Проста яна не хацела перакладаць на нас свой боль. Толькі аднойчы – тады я ўжо






быў дарослым – яна крыху расказала мне. Не ўсё… Толькі пра самае балючае – пра траіх дзяцей, якіх у яе не было магчымасці нават пахаваць. Пра Валянціна, Эдварда і Лёдзю… З усяго, што маме давялося перажыць у тыя страшныя гады, самы нясцерпны боль выклікала менавіта гэтая думка: яна не пахавала сваіх дзяцей, яна не ведае, дзе іх магілкі, ці былі наогул гэтыя магілкі – можа, целцы яе дзетак проста выкінулі на сметнік…
– Давайце па парадку, – прашу я. – У храналагічнай, так бы мовіць, адпаведнасці…
– Тады мая чарга распавядаць, – кажа Яніна Зыгмундаўна. – Янэк пакуль не асабліва ў курсе сямейнай гісторыі.

Расказвае Яніна Змітровіч:
– Бацька Янэка – з Хралоў. З сям’і малазямельнага селяніна. Каб выбрацца з бядоты, хлопцам ён паехаў на заробкі ў Францыю. Мой тата потым расказваў, што Зыгмунд служыў легіянерам у французскім войску. Калі ён падсабраў “капейку”, вярнуўся дадому, на Астравеччыну, і адразу ж выканаў сваю самую запаветную мару – купіў кавалак зямлі. На ўскрайку вёскі Малі. І неўзабаве распачаў будаваць там дом.
А калі прыйшоў час увесці ў новы дом гаспадыню, далёка не адляцеўся – тут жа, у родных Хралах, пасватаўся да Юзэфы з Юркойцяў...
Юзэфа, родная сястра маёй маці, была старэйшай дачкой у вялікай – пяць сёстраў і брат – сям’і. Жылося і так не асабліва наедна, а калі памёр бацька, дык стала і зусім цяжка – усе справы па гаспадарцы ляглі на плечы дзяўчат-падлеткаў (брат быў самым малодшым – яго ўсе шкадавалі). На добрых жаніхоў спадзявацца не даводзілася – не спакуслівым быў дзявоцкі пасаг, і калі да Юзэфы раптам пасватаўся “француз” Зыгмунд Кайрыс, яе родныя палічылі гэта ледзь не цудам.
Ажаніліся. Перабраліся ў свой дом. Працавалі ад цямна да цямна, а стома іх не брала. Не столькі таму, што былі маладымі, сколькі таму, што на сваёй зямлі рабілі – на сваёй жа сілы падвайваюцца.
Прайшоў час, і адзін за адным сыпанулі дзеткі – спачатку сын Мар’ян, потым блізняты Валянцін і Эдвард і, нарэшце, пястушка Лёдзечка – матчына радасць, усёй сям’і пацеха. Жыць бы ды радавацца…
Але ў 1939 годзе прыйшлі саветы і пачаліся рэпрэсіі. Вывазілі тады без асаблівага разбору. Небагатых Кайрысаў дэпартавалі таму, што Зыгмунда, былога французскага легіянера, палічылі патэнцыяльным ворагам народа – мінай запаволенага дзеяння, якую лепш заўчасна абясшкодзіць…
Іх схапілі, хто ў чым быў. На падводзе завезлі ў Гудагай і загрузілі там у цягнік – некалькі дзён стаяў ён на запасным пуці, пакуль з усёй Астравеччыны звозілі “ворагаў народа”.
Наша мама, даведаўшыся, што здарылася, сабрала, што змагла – цёплыя рэчы, кажушкі, хлеб, крупы, бульбу, соль... – і паехала ў Гудагай. Упрасіла неяк канваіраў – з “цялячага” вагона яны выпусцілі Юзэфу. Канваіры ні чым не рызыкавалі – хіба маці можа адрачыся ад уласных дзяцей і ўцячы?! І вядома, яны не памыліліся, Юзэфа ўзяла ўсё, што прывезла сястра. Абняла на развітанне сястру (“Бывай, Гэлечка… Ці давядзецца яшчэ калі-небудзь пабачыцца?”), заплакала да мужа…
Куды іх павезлі, не ведаю. У Сібір, казалі тады. Голад, холад. А ў беднай Юзэфы яшчэ і астма…


У канцы ліпеня 1941 года пасля падпісання савецка-польскай дамовы генерал Андэрс распачаў фарміраванне польскага войска. Для соцен тысяч палякаў, прымусова дэпартаваных у Сібір і Казахстан, у суровых кліматычных умовах, у якіх яны аказаліся без цёплай вопраткі, без ежы, без жылля, без ніякіх сродкаў для існавання… Дзе паміралі тысячамі… Для змардаваных людзей гэта быў шанс ацалець – мужчыны, усе, хто яшчэ мог трымаць у руках ручку, напісалі заяву аб уступленні ў войска Андэрса. Запісаўся і Зыгмунд. Генерал разумеў, што войска ўшчэнт знясіленых голадам людзей не можа быць баяздольным – хіба напаўжывых людзей можна адпраўляць на фронт? Таму ён прыняў рашэнне аб часовым вывадзе сваіх войск у Іран і Ірак. А заадно і пачаў дапамагаць ратаваць сем’і сваіх салдат, якія яшчэ працягвалі пакуты ў ссылцы…


Юзэфе з дзецьмі таксама дазволілі пакінуць месца ссылкі. Зрэшты, без права вяртання дадому. Разам з дзецьмі Юзэфа села ў цягнік. Накірунак руху – Іран. Бліжэй да мужа.
Села-то села, але што яна магла ўзяць з сабой у дарогу – яны ж і так галадалі. Першай памерла дачушка.
Вось, гляньце, Янэк прыёз даведку – яго маці, як рэліквію, захоўвала яе з тых часоў…


Бішкек. Узбекская ССР. Пасведчанне аб смерці ад 19 снежня 1941 года. Кайрысова Лёдзя, дата нараджэння 3 жніўня 1937 года. Месца смерці – дзіцячы ізалятар. Прычына смерці: адзёр (корь) і запаленне лёгкіх.


Праз нейкі час проста ў вагоне ад голаду адзін за адным памерлі блізняты. На нейкім з рэдкіх прыпынкаў цельцы хлопчыкаў проста забралі з рук напаўжывой ад гора і голаду маці. Не толькі ад яе – без ежы і паветра людзі ў вагонах, прыстасаваных для перавозкі жывёлы, паміралі дзясяткамі…
Юзэфа выжыла толькі таму, што пры ёй яшчэ заставаўся Мар’ян, апошняе яе дзіця. Мусіла жыць. Сціснула рэшткі волі ў кулак і выжыла…
У Тэгеране – яшчэ адна старая даведка з англійскага архіва сям’і Кайрыс – ім далі разавы дазвол на праезд у Афрыку. Так яны аказаліся ў Замбіі (ці Зімбабве?), дзе і жылі да 1947 года.


Расказвае Ян Кайрыс:
– Колькі сябе памятаю, усё сваё жыццё мама раз у год высылала ў Афрыку грошы. Не асабліва вялікія – колькі магла. Ужо дарослым я неяк запытаў у яе, каму адрасуюцца гэтыя пераводы? Яна адказала:
– У каталіцкую місію, якая працуе ў Замбіі. Калі б не місіянеры, мы з Мар’янам тады б не выжылі. Яны прытулілі нас, падкармлівалі, чым маглі. Гэта дзякуючы ім, мне пасля таго, што здарылася, удалося застацца з Богам. Не праклінаць, не адрачыся веры, а пастарацца прыняць прынесеную страшную ахвяру, нават калі зразумець яе сэнс я так ніколі і не змагла…
5 лютага 1947 года – вось ягоная заява, датаваная менавіта гэтым чыслом – тата ўступіў добраахвотнікам у так званы Польскі корпус перамяшчэння. Зрабіў ён гэта, думаю, для таго, каб мець магчымасць перавезці сям’ю ў Еўропу.
Прынамсі, менавіта ў 1947 годзе мама з Мар’янам перабраліся ў Англію. Жыць яны сталі ў горадзе Лейстэр. Свой дом? Ну што вы! Некалькі гадоў давялося жыць у агульным бараку – вялізны пакой, нешта кшталту казармы, у якім на ноч кожны свой ложак аддзяляў ад суседніх занавескай. Тым не менш, менавіта там, за адной з занавесак зарадзіўся я (усміхаецца). А на свет прыйшоў у 1949-ым.
У якім стане была ў той час мама, можна меркаваць хоць бы па вось гэтай картцы, аформленай пасля майго нараджэння Лейстэрскім шпіталем Пэнлі Флінт. Мама так і не змагла змірыцца са стратай любімай дачушкі – настолькі, што мяне яна вырашыла запісаць дзяўчынкай, нават дала падвойнае імя – Яніна-Тэрэза. Толькі падчас выпіскі з бальніцы агледзелі гэты падлог і – вось, бачыце, закрэсленае ў персанальнай картцы дзіцяці? – выправілі мае пол і імя. З Яніны-Тэрэзы я стаў Янам-Рышардам. А праз два гады нарадзіўся мой малодшы брат Юрэк.
Напэўна, з зацяжной дэпрэсіі маму змаглі выцягнуць менавіта гэтыя нараджэнні – бясконцыя пялюшкі, недаспаныя ночы… Тут не да рэфлексіі. Хаця перажытая ёй трагедыя так і не адышла ў мінулае. Можа, калі б з двух хлопчыкаў нарадзілася б хоць адна дзяўчынка… Маме так не хапала яе Лёдзечкі…
Не змог пусціць карані ў англійскую глебу і Мар’ян. У 1947 годзе яму было ўжо 13 гадоў. Хлопчык, які пасталеў без пары... На долю якога выпала столькі гора, што хапіла б на трох дарослых… Якому ў чарговы раз давялося вучыць чужую мову, прыстасоўвацца да новых абставін…
Мар’ян так і не змог да канца асімілявацца ў Англіі. Не абзавёўся сям’ёй – так і дажыў сваё жыццё ў бацькоўскім доме. Колькі яго памятаю, ён заўсёды маўчаў. Не глядзеў на свет, а як бы выглядваў з-пад вейкаў. І маўчаў. Ніколі не расказваў, што адбывалася на яго вачах. І толькі аднойчы, калі я, ужо дарослым, запытаўся, як звалі нашых загінуўшых брацікаў і сястрычку, ён адказаў адразу, не задумваючыся. Нібы толькі ўчора размаўляў з імі. Тады гэта мяне здзівіла, сёння – не. Відаць, з гадамі я стаў разумець брата лепш.


ПРАЦЯГ ГІСТОРЫІ


Расказвае Яніна Змітровіч:
– У 1962 годзе, калі ўсе ўжо даўно перасталі спадзявацца на добрае, раптам прыйшоў ліст з Англіі. Не можа быць! Божа, твая воля… Ад Юзэфы!!! Скупымі радкамі тая апісала свае пакуты. Напісала і пра гібель дзяцей. Памятаю, як галасілі мама і яе сёстры, чытаючы гэты ліст…
Завязалася перапіска. У 1965 годзе Юзэфа, якая не магла прыехаць у Беларусь, прапанавала сёстрам спаткацца ў Польшчы – з’ехацца ў дамоўлены час у дом польскай радні. Яны, канешне, з радасцю згадзіліся. Прызначылі дату. Рыхтаваліся, як умелі. Аднаго толькі не ўлічылі сёстры – магутнасці савецкай бюракратыі.
Цэлы месяц у чаканні сёстраў пражыла ў Польшчы Юзэфа, а іх так і не дачакалася – нашай маме пасля доўгай валакіты наогул адмовілі ў выдачы выяздных дакументаў, а сястры, разам з якой яна збіралася ў паездку, выдалі іх ледзь не праз паўгода. Так сустрэча сясцёр ніколі і не адбылася… Працягвалі перапісвацца, пасылалі адна адной фатаграфіі…
Вось гэты альбом Ян прывёз з Англіі. Разгарнула яго і ледзь не страціла прытомнасць – гэта ж нашы фатаграфіі. Сёстры Юзэфы, іх дзеці, унукі – усё акуратна расклеена па старонках, куткі якіх ад частага перагортвання паспелі станчэць. Вось чым жыла цётачка Юзэфа. Вось дзе чэрпала сілы…
Калі сёстры зусім састарэлі, перапіска спынілася. Пасля смерці бацькоў і Мар’яна Ян і Юрэк прадалі бацькоўскі дом – сувязь паміж намі была канчаткова зруйнавана…


АНГЛІЙСКАЕ ЖЫЦЦЁ КАЙРЫСАЎ


Расказвае Ян Кайрыс:
– У 1953 годзе нашай сям’і далі дом. На той момант мне было тры з паловай гады, але і сёння памятаю, як мяне, дзіця барака, уразіла яго прастора.
Тата працаваў на будоўлі, мама была хатняй гаспадыняй. Мар’ян рамантаваў аўтамабілі. Мы з Юркам бегалі ў школу, ганялі на веласіпедзе, лазілі па дрэвах, словам, жылі жыццём звычайных хлопчыкаў. У школе мы размаўлялі па-англійску, дома – строга па-польску.
Праз нейкі час тата, мама і Мар’ян, канешне, сталі разумець англійскую мову, але зрабіць яе сваёй, хатняй, так ніколі і не пагадзіліся – баяліся згубіць сваю польскую тоеснасць.
У Англіі свая сістэма адукацыі – пасля заканчэння чатырох класаў пачатковай школы і здачы адпаведных экзаменаў, вучняў пераводзяць у наступную школу, канкрэтны выбар якой залежыць ад узроўня атрыманых імі, адзнак. Мяне накіравалі ў “слабейшую” школу. Прапаноўвалі пераздаць адзін экзамен і перайсці ў лепшую, але вучоба мяне мала хвалявала – я марыў хутчэй пачаць працаваць. Пераспрабаваў шмат заняткаў: шкліў вокны, рамантаваў машыны на невялікай фабрыцы па выпуску шкарпэтак. Потым уладкаваўся наладчыкам станкоў на адну з фабрык вядомай трыкатажнай фірмы “Coran”. Праз два гады мне прапанавалі стаць майстрам участка. Яшчэ праз два гады – начальнікам цэха, кааб праз нейкі час наогул узначаліць гэтую фабрыку.
Сямнаццаць гадоў працы на імперыю “Coran” – добрая школа. Калі кампанія перастала існаваць, без працы я заставаўся нядоўга – уладкаваўся менеджарам у аналагічнае прадпрыемства. Маркетынг, падпісанне дамоў, вывучэнне рыначнага попыту, арганізацыя вытворчасці найбольш запатрабаванаых трыкатажных вырабаў на фабрыках кампаніі, пастаянныя поўны пералік маіх абавязкаў.
Юрэк пасля пачатковай школы трапіў у лепшую з дзвюх магчымых. Потым ён закончыў Манчэстэрскі ўніверсітэт – стаў фізікам-ядзершчыкам. Займаўся фізікай у Манрэальскім універсітэце ў Канадзе. Потым ажаніўся і пераехаў да жонкі ў Каліфорнію – выкладае фізіку ў адным з універсітэтаў. Дзяцей у іх з жонкай няма.
Спатыкаемся рэдка. Апошні раз сустракаліся… Пачакай це, ага, успомніў: у 2011-ым, у Венецыі. Але сувязі стараемся падтрымліваць – перакідваемся мэйламі, часам тэлефануем адзін аднаму…


РЭІНКАРНАЦЫЯ







Імя маёй жонкі Рэйчал…
Ведаеце, мне трэба было пражыць на свеце даволі доўга, кааб аднойчы змагчы правесці нейкія паралелі паміж сваім жыццём і жыццём маіх бацькоў…
Тата – высокі, мама – маленькая, чарнявая. Тата старэйшы за маму на дванаццаць гадоў. Я – высокі, мая Рэйчал – маленькая, чарнявая. Я старэйшы за яе на дванаццаць гадоў…
Выбіраючы жонку, як і большасць звычайных людзей, кіраваўся пачуццямі, а потым высветлілася: нейкім чынам паўтараю лёс бацькоў…
Мая старэйшая дачка Ніколь, як і мая мама, была цяжарная блізняткамі. На жаль, нешта там пайшло не так – адзін з хлопчыкаў на пэўным этапе цяжарнасці перастаў развівацца, і каб уратаваць хаця б адно дзіця, мёртвы плод выдалілі падчас спецыяльнай аперацыі. У выніку ў мяне ёсць цудоўны ўнучок!
З маёй жонкай Рэйчал (ці гэта ўсё ж са мной?) здарылася яшчэ больш містычная гісторыя. Калі яна зацяжарыла, і я адвёз яе ў шпіталь на абследаванне, урачы нас агарошылі: “Добрая навіна – у вас тройня! Хлопчык, хлопчык і хутчэй за ўсё таксама хлопчык…”
– Ваў! – хорам усклікнулі мы з Рэйчал, а як інакш можна было адрэагаваць на гэткую экстра-навіну?!
Адзначыць важную падзею мы ў той жа вечар вырашылі ў рэстаране. Сядзелі за бакалам віна, падбадзёрвалі адзін аднаго. Маўляў, нічога, справімся і з тройняй – людзі ж спраўляюцца. Жартавалі, што далей можам спаць спакойна – праграма пашыранага аднаўлення выканана…
Нашы трайняты прыйшлі на свет у лютым 1993 года.
Памятаю гэты дзень, нібы ён быў толькі ўчора. Прывёз жонку ў радзільнае аддзяленне, а сам застаўся чакаць вынікаў у агуль най зале. Хвалююся, канешне, гэта ж не жартачкі – нарадзіць адразу траіх. Праз нейкі час да мяне падышла медсястра:
– Віншую, у вас нарадзіўся хлопчык.
Уф! Я злёгку перавёў дыханне. Хоць да канца падзеі яшчэ было далёка…
Літаральна праз хвілін пятнаццаць медсястра з’явілася зноў:
– Віншую! У вас яшчэ адзін хлопчык…
Ну і дзякуй Богу. Абы здаровенькі. Пацярпі яшчэ трошкі, Рэйчал! Яшчэ толькі разок, і ўсё скончыцца. У нас з табой будуць тры хлопчыкі. Яны вырастуць высокімі – як я, і чарнявымі – як ты…
– Містэр Кайрыс, вы так глыбока задумаліся…
Падымаю вочы – перада мной медсястра:
– Віншую вас яшчэ раз – на гэты раз у вас дачушка!
Мая рэакцыя на гэтыя словы аказалася нечаканай. Прынамсі, для медсястры. Пачуўшы апошнюю навіну, я заплакаў амаль што наўзрыд.
– Ну што вы, містэр Кайрыс, – яна спрабавала мяне суцешыць.
– Дзеці – гэта такая радасць. Вы звыкнецеся з тым, што ў вас нарадзіліся адразу трое…
І зусім няўцям было медсястрычцы з радзілкі, што плачу я зусім па іншай прычыне – ад усведамлення, што, толькі што Бог вярнуў нашай сям’і загінуўшых дзяцей. Адразу ўсіх траіх: брацікаў Валянціна і Эдварда і сястрычку Лёдзю. Пакутлівыя малітвы маёй матулі нарэшце дастукаліся да раўнадушнага неба…
Імёны дзецям выбірала Рэйчал – Джэймс, Аляксандр і Вікторыя. Падчас іх рэгістрацыі ў мэрыі я папрасіў дадаць дачцэ яшчэ адно імя – у выніку нашу дачушку завуць Вікторыя-Лёдзя…

ВЯРТАННЕ ДА ВЫТОКАЎ


Расказвае Ян Кайрыс:
– Нашай троіцы – ужо па 20 гадоў. Дарослыя людзі… Джэймс і Аляксандр жывуць разам з намі, балазе пасля нараджэння трайнят мы з Рэйчал набылі вялікі, з чатырма спальнямі, дом. Джэймс працуе ў вялізнай фірме аўтазапчастак, Аляксандр – таксама ў аўтамабільным бізнесе. Вікторыя-Лёдзя выкладае англійскую мову ў Кітаі – дома бывае толькі наездамі.
У адзін з прыездаў яна паехала на нейкія курсы па спецыяльнасці ў Фінляндыю. А калі вярнулася адтуль, неўзабаве ёй на электронную пошту чамусьці менавіта з Фінляндыі прыйшоў мэйл. Дачушка раздрукавала яго і прынесла мне: “Глянь, тата, па-мойму, гэта шукаюць вас з дзядзькам Юркам”.
Чытаю: “…радня з Беларусі шукае Мар’яна, Янэка і Юрку Кайрысаў, якія пражываюць у Англіі”.
Мар’ян, Янэк і Юрэк… Памылкі быць не можа – прозвішча Кайрыс рэдкае ў Англіі. Але чаму нас шукае радня з Беларусі – тата ж і мама паходзяць з Польшчы?
Тут жа стэлефанаваўся з Юркам – той здзівіўся не менш, чым я. І перад відэакамерамі мы сказалі тое, што добра ведалі з маленства: карані нашай сям’і знаходзяцца ў Польшчы…
Напэўна, тут спрацавала ахоўная рэакцыя – бацькам лягчэй было прыняць той факт, што іх землі забралі чужынцы. І, як большасць вымушаных эмігрантаў, яны, відаць, спадзяваліся, што ўсё яшчэ зменіцца…
З якім пачуццем ляцеў на сустрэчу? О, іх было так шмат! Сапраўдная бура ў пачуццях. Хоць самым галоўным была радасць ад таго, што карані нашай сям’і ўрастаюць у планету, і ў яе гісторыю глыбей і шырэй.
Воляй лёсу мае бацькі былі пазбаўлены шчасця жыць сярод родных. У чужой краіне ім фактычна нанова давялося ствараць сваю сям’ю.
Канешне, у эканамічным сэнсе жыццё ў Англіі больш спрыяльнае, але далёка не ўсё можна купіць за грошы. І чаму існаванне чалавека не можа быць роўным – калі нешта знаходзіш, значыць, траціш нешта другое…
– Янэк, – ціха, амаль што шэптам гаворыць Яніна Зыгмундаўна. – Нам не дадзена змяніць мінулае, адзінае, што мы можам – гэта павучыцца на яго прыкладзе. Зразумець, як важна ў гэтым жыцці мець карані, галінкі… Як важны кожны лісточак на дрэве, якое завецца генеалагічным…


-------------------
Ганна ЧАКУР.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА
і з сямейнага архіва сем'яў
Змітровіч і Кайрыс.